Справа Міколы Дзядка. Хроніка

Справа Міколы Дзядка. Хроніка

Рэфарматарка ў балаклаве. (Штодзённае абнаўленне).

Увечары 11 лістапада быў затрыманы вядомы беларускі блогер, анархіст і палітычны аналітык Мікола Дзядок. Ён падазраваны ў крымінальнай справе.

Расказваем, што адбываецца.

У 2010 годзе Мікола Дзядок быў затрыманы па справе нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі, але сваёй віны не прызнаў. Ён адсядзеў амаль пяць гадоў, маючы статус палітвязня. Пазней жыў у Мінску, Вільні, Коўне. Скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Міжнародная палітыка і эканоміка”.  Працаваў журналістам, займаўся блогінгам, грамадскім актывізмам і палітычнай аналітыкай.


Мікола Дзядок падазраецца ў парушэнні артыкула №342 КК РБАб арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Яму пагражае да трох гадоў зняволення.


Адрас для лістоў:

220030

Беларусь

г.Мінск

СІЗА-1

вул. Валадарскага, 2

Дзядок Мікалай Аляксандравіч


Фінансавая дапамога:

Пералічыць грошы можна наступным чынам (з пазнакай Дзядок або напісаўшы на пошту АЧК Беларусь: belarus_abc@riseup.net)


Яшчэ 8 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ператрус у кватэры, дзе жылі Мікола з дзяўчынай, і завялі на яго крымінальную справу. У адрозненне ад іншых актывістаў з пагрозай тэрміну, анархіст вырашыў застацца ў Беларусі і больш за пяць месяцаў прабываў у падполлі (прадбачліва з чэрвеня, калі пачаліся затрыманні блогераў). Пры гэтым ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, прасоўваў беларускую павестку сярод унутраных і замежных СМІ і пісаў палітычную аналітыку.

11.11

Увечары 11 лістапада ён перастаў выходзіць на сувязь.


12.11

Тэлеграм-канал MIKOLA узламалі міліцыянты і апублікавалі пост са знявагай пратэстнага руху і самога блогера. Пазней Ютуб-канал МУС Беларусі апублікаваў відэа, на якім моцна збіты і, меркавана, атручаны пярцовым газам Мікола Дзядок прызнаецца ў адміністраванні анархічных тэлеграм-каналаў. Само відэа атрымала вялікі розгалас, бо на ім відавочна, што з мужчыны сілай выбівалі патрэбныя словы.

У той жа дзень стала вядома, што 32-гадовага актывіста затрымалі на канспіратыўнай кватэры ў Асіповіцкім раёне Мінскай вобласці. Там жа, згодна са словаў прэс-службы МУС, былі знойдзеныя замежныя банкаўскія карткі, пара тысячаў еўра, кактэйлі Молатава і пратэстная атрыбутыка. Прэс-служба сцвярджае, што падазраваны атрымліваў фінансаванне ад краінаў Еўразвязу для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, а атрыманымі грашыма плаціў беларусам за выхад на пратэст.

Таварышы Міколы стварылі новы канал замест узламанага працаўнікамі МУС.


13.11

Пасля затрымання мужчына быў вельмі збіты і знаходзіўся ў ІЧУ Акрэсціна. Ён прайшоў першы допыт з удзелам адвакаткі. Тая заявіла следчаму хадайніцтва наконт медыцынскага агляду Дзядка, а таксама аб правядзенні судова-следчай экспертызы. Стан грамадскага актывіста на відэа, апублікаваным МУС Беларусі, дае зразумець, што таго катавалі.

Наступныя незалежныя СМІ ужо асвяцілі справу Міколы Дзядка: TUT.BY, Новы Час, Радыё Свабода, Белсат, Настоящее время.


16.11

Анархіста плануюць перавесці ў СІЗА-1 на Валадарскага. Там ужо ўтрымліваюцца многія вядомыя беларускія палітвязні: блогеры Эдуард Пальчыс, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, палітык Павел Севярынец і іншыя.

Увесь дзень Мікола ўсё яшчэ быў у ІЧУ на Акрэсціна, яму ўдалося сустрэцца з адвакаткай. Ён перадаваў усім прывітанні, гаварыў, што пачуваецца лепей. Пакуль сядзіць у адзіночнай камеры без асабістых рэчаў.


17.11

Зранку родныя ўдакладнялі месцазнаходжанне Міколы, каб даведацца, куды можна перадаваць неабходныя рэчы. На момант 9:00 ён усё так жа знаходзіўся ў ІЧУ на Акрэчціна і перадачу перадаць не атрымалася (там іх прымаюць толькі чацверамі).

Яго этапавалі ў СІЗА-1 на Валадарскага ўвечары гэтага дня.


18.11

Родныя перадалі Міколу перадачу, аднак супрацоўнікі рэжымнай установы адукацыйную літаратуру прымаць адмовіліся (нягледзячы на тое, што яна ёсць у спісе дазволеных рэчаў).

Адвакатка Мікалая дала інтэрв'ю "Новаму часу": https://novychas.by/hramadstva/advakatka-dzjadka-mozna-zrabic-vysnovu-szto-kry.

Рэкамендацыі:

  • Калі вы жадаеце дапамагчы з перадачамі, найперш абавязкова парайцеся з роднымі.
  • Тут можна знайсці лайфхакі для напісання лістоў.


23.11

Міколу афіцыйна прад'яўлена абвінавачванне згодна з ч.1 арт.342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Сам блогер не прызнае сябе вінаватым.


24.11

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Міколу Дзядка палітычным вязнем.


25.11

На партале "Медиазона. Беларусь" выходзіць рэпартаж пра катаванні Міколы Дзядка.

«Пагражалі згвалтаваннем дручком, білі па руках, по пятках — электрашокерам; калі ён узнімаў галаву, на яе наступалі нагой — так працягвалася да пятай раніцы».

Пра гэта "Медыязоне" расказаў чалавек, з якім Міколе Дзядку атрымалася пагутарыць у ізалятары на Акрэсціна. Ён перадаў, што, згодна са словамі Дзядка, сілавікі прыйшлі ў яго здымную кватэру ў пасёлку Сасновы каля 23:00 11 лістапада. "Разбілі акно і ўварваліся семь чалавек САХР і АМАП".

"Адразу пачалі біць, каб даў пароль ад уваходу ў сістэму, потым пачалі душыць падушкай. Калі стаў задыхацца, даў пароль. Потым доўга білі, пакуль не ўзгадаў пароль ад тэлеграму".

Скончыўшы ператрус, карнікі сказалі, што цяпер будуць запісваць відэа. Яго заштурхнулі ў каморку і пусцілі туды слезацечны газ. "Затым вывелі на вуліцу і пярцоўкай залілі ў твар, проста ў вочы. Завялі ў дом, і пакуль не зняў відэа, умыцца не далі. Увесь час пагражалі згвалціць, памачыцца на яго", - працягвае крыніца.

Поўная версія артыкула (па-расійску): https://mediazona.by/article/2020/11/25/dedok.


08.11

З 8 снежня Міколу пасадзілі ў карцар за "міжкамерную сувязь" на семь дзён. Зрэшты ён не журыцца і гаворыць, што яго вельмі падбадзёрваюць паштоўкі і лісты.


18.12

Камера №14, у якой сядзеў Мікола, адпраўлена на каранцін да 27 снежня. Сустрэчы з адвакатамі спыненыя.


23.12

Ініцыятыва BY_POL вызначыла, хто ўдзельнічаў у затрыманнях і катаваннях Міколы Дзядка.

Іх непасрэднай распрацоўкай займаліся супрацоўнікі 3 упраўлення ГУБАЗіК: Алёкса Аляксандр Іванавіч і Тарасік Іван Аляксандравіч.

У кастрычніку ГУБАЗіК вызначыў знаёмую Дзядка, з якой той перыядычна сустракаўся. Супрацоўнікі арганізавалі назіранне за дзяўчынай, а таксама канфіскавалі запісы з камераў мінскага метро. Для выяўлення Міколы сярод пасажыраў выкарыстоўвалася праграма KiPod, распрацаваная кампаніяй «Сінэзіс». 


28.12

Каранцін працягнуты на невядомы тэрмін. Разам з тым блізкія даведваюцца пра пагрозы жыцця Міколу, праверыць якія немагчыма: адвакаты не могуць трапіць да яго з 18 снежня.


04.01

Абаронцаў дапусцілі да Міколы. Адвакатка Наталля Мацкевіч расказала парталу TUT.BY падрабязнасці сустрэчы:

"Стан здароўя у яго нармальны, настрой бадзёры. За апошні тыдзень яму аддалі больш за 100 лістоў. Ён ведае пра хвалю салідарнасці людзей з ім, уражаны і шчаслівы, ад душы ўдзячны тым, хто падтрымаў і перажывае за яго".

Зрэшты падчас прабывання ў СІЗА Мікола змяніў некалькі камераў праз канфлікты з сукамернікамі, а ўмовы сустрэчаў з адвакатам не спрыяюць аказанню эфектыўнай юрыдычнай дапамогі.

"Апошні месяц для гэтых сустрэчаў выдзяляецца толькі адмыслова абсталяваны кабінет, дзе Дзядка запіраюць ў металічную клетку, якая яшчэ і герметычна закрытая пластыкавымі панелямі. Гэта выключае мажлівасць перадаваць запісы і дакументы, а каб размаўляюць праз аргшкло, трэба павышаць голас. Гэта ставіць пад сумнеў умовы канфідэнцыяльнасці. Пры гэтым у СІЗА ёсць іншыя кабінеты. Але для размоваў з Дзядком яны адвакату не прадстаўляюцца".


Таксама праваабаронцы атрымалі адказ з пракуратуры Мінска з подпісам начальніка адзела назірання выканання заканадаўства ўпраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г.Мінску Андрэя Карабельнікава:

Пракуратура не будзе праводзіць праверку па катаваннях і пагрозе жыцця анархіста Мікалая Дзядка.


10.02

Увечары серады Мікола быў этапаваны ў следчую турму №8 у г.Жодзіна.


26.02

Мікола быў этапаваны ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага.

06.03

Міколу паставілі на прафілактычны ўлік як нібы схільнага да гвалту і экстрэмізму. Гэта значыць, што цяпер пры выхадзе з камеры (паходы да лекара, на прагулку ці ў баню), а таксама два разы на ранішняй і вячэрняй праверцы яму за спінай зашпільваюць рукі ў кайданкі.

Рашэнне было прынятае 4 сакавіка пад началам старшыні СІЗА-1 Цэдрыка А.М.
Таксама ўзнавіліся праблемы з карэспандэнцыяй.


11.03

Міколу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на адзін месяц, да 11 красавіка.


29.03

Міколу адправілі ў карцар на 9 дзён за выклік "Жыве Беларусь!". Рашэнне прыняў Ірчыц, які выконвае абавязкі старшыні.


31.03

Следчы камітэт скончыў расследванне справы Міколы Дзядка, яму прад'яўлена абвінавачванне па трох артыкулах:

  • арт.342: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак;
  • ч.3 арт.361: заклікі да дзеянняў, што скіраваныя на ўчыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі з дапамогаю сетцы Інтэрнэт;
  • ч.1 арт.295-3: незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, шкоднае дзеянне якіх грунтуецца на выкарыстанні запальных рэчываў.

Чытайце і пашырайце артыкул на розных мовах:


Report Page