Колер барока: Ружанскі зялёны

Колер барока: Ружанскі зялёны

Spadczyna
Рэканструкцыя таго, як можа выглядаць брама і прылеглыя карпусы Ружанскага палаца пасля таго, як іх перафарбуюць па прыкладзе тэатральнага корпуса, чый выгляд выклікаў непаразуменне ў звычайных абывацеляў і спецыялістаў. Альтэрнатыўныя варыянты рэканструкцыі глядзі ў канцы артыкула.

Каб атрымаць адказ, што робіцца з колерамі на Ружанскім палацы, спатрэбілася трохі менш за год. Зварот па пытанні адпаведнасці і абгрунтаванасці колеравых рашэнняў на фасадах Ружанскага палаца, дасланы яшчэ мінулым летам, быў 24 жніўня перанакіраваны Пружанскім райвыканкамам філіял «Брэстрэстаўрацыяпраект».

Смарагдавы тэатральны корпус Ружанскага палаца ў жніўні 2022. Гэты варыянт будзе ўзяты за аснову для перафарбоўкі ўсяго комплексу.
Халодны смарагдавы фасад з белым дэкорам...

Але адтуль ніякага адказу не прыйшло. Высвятляць прычыну Пружанскаму выканкаму было не цікава, давялося самому пісаць у канцы лістапада на емэйлы філіяла, які былі на ягоны сайце (а менавіта brest-restproekt@tut.by, brestrestproekt@gmail.com). Ізноў маўчанне. Даслаў у канцы студзеня 2023 года зварот у галоўную кампанію, «Белрэстаўрацыю», ізноў жа - на емэйл, які быў на іхнім сайце (pf.belrest@gmail.com). Ізноў маўчанне. Дагрукацца праз обращения.бел таксама не ўдалося - арганізацыі там яшчэ не зарэгістраваліся. Давялося пісаць у пракуратуру на невыкананне заканадаўства аб зваротах грамадзян. І вось у маі нарэшце 22 мая пракуратура горада Брэста даслала адказ, што мой зварот філіялам не рэгістраваўся і не разглядаўся, а ад райвыканкама яны нічога не атрымлівалі, як і ад сваёй матчыннай кампаніі. Філіял апраўдаўся, што не адказалі на мой зварот, бо не зразумелі фармулёўку праз неатрыманне арыгінальнага звароту з Пружанаў. 

Афарбоўка паўночна-ўсходняй аркады ў снежні 2022 года. Паводле адказа - тут дапушчана памылка, якая мусіць быць выпраўлена.


Лірыка, цяпер да важнага. У адказе было змешчана вытлумачэнне (прыводзім скрыны тлумачэння цалкам) навуковага кіраўніка Уладзіміра Нахімавіча Казакова, дырэктара “РэстаўрацыяІнвест”, датычна каларыстычнага рашэння Ружанскага палаца.

Барочныя колеры - насычаныя, цяжкія, цёмныя: бардова-чырвоны, цёмна-смарагдавы, гарчычна-бэжавы.
Гэта закранула і наш Ружанскі палац, улічваючы эпоху ягонага фарміравання і стыль, прыўнесены ў рэканструкцыю яго саксонскім архітэктарам Я. С. Бекерам. “Позняе барока”. Гэты стыль адрознівала вытанчанасць і вычварнасць у выкарыстанні элементаў дэкору, колеравага рашэння. Стала выкарыстоўвацца актыўная колеравая гама на фасадах і ў інтэр’ерах
Работы па даследаванні Ружанскага палаца пачаліся ў канцы 1970-х гадоў і працягнуліся ў 1990-я гады творчым калектывам Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута.
Вялікую працу па гістарычным пласце фарміравання, развіцця Ружанскага комплексу, яго ўладальніках і архітэктара, высілкамі якога быў створана “Беларускі Версаль”, Я. С. Бекера, правёў даследчык, архітэктар Валянцін Калнін.
Фрагмент фасада з захаваным зялёным колерам. Адсканаваны дакумент не дазваляе разгледзець дэталі і не дае карэтнай колеравай перадачы.
У раздзеле КНД (комплексныя навуковыя даследаванні, якія ўключаюць гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні) 1990 года па паўднёвым корпусе В. Калнін прыводзіць апісанне ўбачанага колеру на аб’екце як смарагдавы зялёны, што характэрна аднаму з барочных колераў.
"Пры абмерах 1978 г. адзначаны сляды афарбоўкі фасадаў у зялёны колер, блізкі да смарагдавага" - з комплексных навуковых даследванняў 1990 года, выкананых пад кіраўніцтвам В. Калніна
У кнізе “Архітэктура палацава-сядзібных ансамбляў Беларусі (другая палова XVIII - пачатак ХІХ ст.)» Анатоль Кулагін, так апісвае колеравую характарыстыку барочных будынкаў: 
“Кампазіцыйная будова і тэктоніка будынка прадвызначалі і яго афарбоўку. Выкарыстанне для гэтых мэтаў зялёнай і вохрыстай фарбаў з’яўлялася магчымасцю стварэння кантраснага фону для скульптурна-арнаментальных і архітэктурных форм, якія афарбоўваліся ў белы колер. Двухколернае рашэнне фасадных плоскасцей у спалучэнні з чырвоным чарапічным дахам надавала будынкам жывапісную маляўнічасць”
Аналіз першапачатковага колеру розначасовых пабудоў.
Яны паказалі, што эпохі XVII - сярэдзіны XVIII стагоддзя характэрны моцныя кантрасты адцення чырвонага, сіняга, жоўтага і зялёнага колераў; палітры класіцызму (канец XVIII).
Меркаваны першапачатковы насычаны колеры паўночна-ўсходняй аркады. Адсканаваны дакумент не дазваляе разгледзець дэталі і не дае карэтнай колеравай перадачы.

Тут варта спыніцца, каб зрабіць заўвагу, што гэта ўсяго толькі развагі. Калнін убачыў колер, але не супаставіў яго ні з якой колеравай палітрай, каб можна было цяпер меркаваць якое менавіта з сотняў адценняў смарагдавага зялёнага ён убачыў. Таксама не зразумела на падставе чаго (у 1981 годзе!) робіць свае высновы Анатоль Кулагін, калі мы летась у артыкуле «Колер барока» звярталі ўвагу на тое, што будынкаў на Беларусі, на якіх быў на навуковай падставе рэканструявана арыгінальнае каларыстычнае рашэнне, лічаныя адзінкі? 

Далей у адказе больш навукі і канкрэтыкі.

Пры правядзенні фізіка-хімічных даследаванняў на браме ў 2008 годзе было пацверджана каляровае рашэнне брамы блізкае да шчыльнага зялёнага колеру (Chromoxidgrün 28S1 паводле каталогу AmphiSilan-Fassadenfarbe Caparol).
Даследаванні па Ружанскіх палацавых аб'ектах з дапамогай фізіка-хімічных даследаванні выявілася заканамернасць прымянення актыўнага колеры. Лабараторныя фізіка-хімічныя даследаванні пацвердзілі каляровае рашэнне палаца ў зялёны колер.
Улічваючы, што выканаць фізіка-хімічныя даследаванні па каляроваму рашэнню ўсходняга корпуса было немагчыма, прынята рашэнне прымяніць каляровую характарыстыку паводле фізіка-хімічных даследаванняў на браму, бо ўсходні корпус і паўднёвы [прыбрамны] - належаць да ўсяго палацавага комплексу.
Вызначаючы праектнае колер у рашэнне ўсходняга корпуса (тэатральнага), каларыстыку прымалі па каталогу 3D Sistem Plus (Caparol). Выкарыстанне колераў Agave 150,140,100 блізка адпавядае раней вызначаным па браме (па іншым каталозе і для іншых фарбаў), якія таксама фрагментарна захаваліся на галоўным корпусе і левай аркадзе.
Гэтая каларыстыка будзе асноўнай і, разам з афарбаваным пры рамонце фасадаў паўднёвага корпуса ў гэты колер, пры ўстаноўцы не выкананых архітэктурных дэталяў на ім, створыць цэласнае ўспрыманне барочнага аб'екта XVIII ст.
Выкананая каляровая афарбоўка фасадаў паўднёвага корпуса з уязной брамай на сёння значна адрозніваюцца ад адноўленага ўсходняга корпуса і гэта сапраўды так.
Па-першае, калі праводзілася афарбоўка паўднёвага корпуса, то яна выконвалася ў парушэнне кліматычнага перыяду, то гэта адбілася на якасці колераперадачы. Гэта першае. Па-другое, і гэта бачна, што выкананы фізіка-хімічны аналіз выкананы без уліку больш як 200 гадоў уздзеяння атмасферных ападкаў і сонечнага ўльтрафіялету на дастаткова актыўны колер, які схільны да моцнага выцвітання.
Таму, выкананая каларыстыка ўсходняга корпуса больш адпавядае першапачатковай выгляду (смарагдава-зялёны колер), пра які напісана ў вопісах 1793 г. і які адлюстраваны ў запісцы В. Калніна.
Чарговая памылка выканана пры паўторным выкананні фізіка-хімічных даследаванняў для паўночна-ўсходняй аркады.
Улічваючы сітуацыю і тое, што афарбоўка паўднёвага корпуса выконвала ў 2012 годзе, то бок мінула ўжо 11 гадоў, надышоў час правесці бягучы рамонт па фасадах - пры правядзенні гэтых работ неабходна будзе падцягнуць каларыстыку паўднёвага (прыбрамнага) корпуса.

Па-першае, не зразумела па якой прычыне на ўсходнім (тэатральным) корпусе немагчыма было правесці фізіка-хімічныя даследаванні, калі ягоная скрыня дайшла да нашага часу з тынкам і фрагментамі дэкору - адламаў кавалачак і даследуй, замест таго каб гадаць і меркаваць. Калі даследаванні не праводзілі, то на якой паставе была распрацавана каляровая схема тэатральнага корпуса (то-бок, як вызначылі якую частку фасада ў які колер фарбаваць)?

Узнікае ўражанне, што раптоўнае з'яўленне штучнага белага колеру на архітэктурным дэкоры (гірляндах, трыгліфы) абгрунтавана адным радком разважанняў пра барочную каларыстыку з кнігі Кулагіна: «выкарыстанне для гэтых мэтаў зялёнай і вохрыстай фарбаў з’яўлялася магчымасцю стварэння кантраснага фону для скульптурна-арнаментальных і архітэктурных форм, якія афарбоўваліся ў белы колер». Але гэта няправільны падыход да аб'екта, які фізічна дайшоў да нашага часу і можа быць навукова даследаваны!

Насычаны, але цёплы і натуральны колер Chromoxidgrün 28S1 (ніжні) у каляроўніку AmphiSilan-Fassadenfarbe Caparol быў падабраны па выніку фізіка-хімічных даследаванняў брамы ў 2008 годзе.
Chromoxidgrün 28S1 (унізе) у параўнанні з колерамі Agave 150,140 і 100, які былі прыменены на ўсходнім (тэатральным) корпусе, дзе фізіка-хімічныя даследаванні чамусьці не праводзіліся. Як кажуць, знайдзі пяць адрозненняў.

Па-другое, мы адшукалі каляроўнік (каталог колераў) з тым самым колерам (Chromoxidgrün 28S1), што быў выяўлены ў выніку даследаванняў на браме. Ён сапраўды насычана зялёны, але пры параўнанні яго з праектнымі колерамі (Agave 150,140 і 100) цяжка знайсці нешта агульнае. Колер на браме насычаны, але натуральны, цёплы, яго можна было закалераваць прыроднымі пігментамі ў канцы XVIII стагоддзя, калі комплекс быў пабудаваны, а падабраныя праектныя колеры — штучныя і халодныя. Пра праблему зялёнага (смарагдавага) колеру ў канцы XVIII - XIX стагоддзя добра раскрытая ў артыкуле пра «зеляніну Шэеле» на Анлайнеры.

Кавалкі фасадаў з захаванай афарбоўкай, блізкай да колера Chromoxidgrün 28S1, які быў усталяваны фізіка-хімічнымі даследаваннямі, на фоне сцяны, афарбаванай згодна з праектам.

Вельмі дзіўным падаецца і тое, што абапіраюцца на візуальныя сведчанні пра колер, які пабачыў В. Калнін, але фізіка-хімічным даследаванням не давяраюць, бо “выгарала і выцвела”. Але ж і Калнін назіраў колер, калі ён ужо 200 гадоў як выцвеў. Chromoxidgrün 28S1, выяўлены пры даследаваннях, увогуле з'яўляецца даволі цёмным колерам, не падобна, што ён неяк павыгараў за такі працяглы час. Калі і так, то колер хутчэй будзе бліжэй да Chromoxidgrün 28S (гл. фотаздымак з каляроўнікам вышэй), чым да тых, што падабраны па праекце. Увогуле ў вапняных фарбаў выгарае арганічны пігмент і то толькі на паверхні.

Узор з руставанай часткі фасада. Пігменты афарбоўкі: зялёны на аснове аксідаз хрому, жоўтай вохры і невялікага дадатку арганічнага чорнага.

Увогуле, як бачна вышэй, колер не проста быў узмоцнены з улікам тэарэтычнага выгарання, але быў зменены ягоны тон, каб быў больш смарагдавым. Калі верыць даследаванням, то пігмент мае ў сваім складзе акрамя зялёнага на аснове аксідаў хрому яшчэ жоўтыя вохры і трохі арганічнага чорнага (відаць, вуглю), якія робяць адценне колеру цёплым.

Праект цэнтральнага корпуса (палаца) ў Ружанах. Ян Самуэль Бекер, 1784. Фасады быццам бы афарбаваны ў цёпла-зялёны колер, а не ў халодны.
Праект тэатральнага (усходняга) корпуса ў Ружанах. Ян Самуэль Бекер, 1784. Фасады быццам бы афарбаваны ў цёпла-зялёны колер, а не ў халодны.

Не вытрымлівае крытыкі і тое, што брама з прылеглымі карпусамі быццам бы стала такой светлай праз парушэнне тэхналогіі выканання работ. Відавочна, што т.зв. паўднёвы корпус быў ад пачатку пафарбаваны ў вельмі разбеленыя, пастэльныя тоны. І што за памылкі раптам з’явіліся пры даследаванні аркады, якая злучае палац з усходнім (тэатральным) корпусам? Мяркуючы па тым, што колеравае рашэнне аркады адрозніваецца ад ідэальна пафарбаванага, на думку навуковага кіраўніка, тэатральнага корпуса, гэтыя "памылковыя вынікі" даследавання былі рэалізаваны ў натуры. А вы дакладна рэстаўрацыяй займаецеся, а не арт-інсталяцыямі ці прэзентацыяй прадукцыі вытворцаў?

Праект брамы і прылеглых карпусоў (паўднёвага корпуса) у Ружанах. Ян Самуэль Бекер, 1784. Можна заўважыць, што выява другога паверха закладзена ўверх.
Выглядае так, што ў час работ на браме і прылеглых карпусах, па якіх меліся вынікі фізіка-хімічнага даследавання, што паказвалі насычаны зялёны колер, арыентаваліся на пастэльныя адценні з праекта Я. С. Бекера.

Падсумоўваючы: рашэнні на Ружанскім палацы не выглядаюць навукова абгрунтаванымі, выглядае так, што вынікі фізіка-хімічных даследаванняў ігнаруюцца, колеры падбіраюцца згодна з нейкімі аўтарскімі ўяўленнямі пра тое, як мусіць выглядаць палац. Цяпер пад гэтыя «фантазійныя» колеры будуць падганяцца іншыя карпусы, але каляровая цэласнасць не выправіць тых памылковых дапушчэнняў, што закладзены ў праекце.

Варта было б правесці яшчэ адно незалежнае фізіка-хімічнае даследаванне ўсіх частак ансамблю і на падставе гэтага ўжо карэктаваць выніковае каляровае рашэнне.

Меркаванне спецыяліста і спроба графічнай рэканструкцыі

Мы звярнуліся да аднаго з навуковых кіраўнікоў, Рамана Забелы з навукова-праектнага цэнтра «РЭСТАБІЛІС», з якім мы раней абмяркоўвалі барочную каларыстыку, па каментарый наконт афарбоўкі Ружанскага палацавага комплексу.

«Што я магу сказаць: прадстаўленых у лісце вынікаў фізіка-хімічных даследаванняў недастаткова для прыняцця рашэнняў па афарбоўцы якога-кольвек з карпусоў палацавага комплекса. Рэшткі колеру выяўлены толькі на дзвюх пробах — і гэта два зусім розныя колеры. На сёння мы ведаем, што ў архітэктуры барока кожны кампазіцыйны, тэктанічны элемент мог мець іншы тон ці адценне. 
Пры вывучэнні такіх вялікіх аб'ектаў таксама варта весці паралельна даследаванні каларыту на розных яго частках, бо за час будовы з розных прычын маглі праводзіцца перафарбоўкі. 
Цёпла-зялёны травяністы колер аксіду хрому, на аснове якога з дадаткам вохры і вуглю быў створаны першапачатковы пігмент для Ружанскага палаца.
Так, варта ўлічваць, што пігменты фарбаў могуць вымывацца, раскладацца і ўступаць у рэакцыю з наступнымі слаямі фарбы, але той самы час пры выбары колераў трэба зыходзіць з уласцівасцяў і колеру непасрэдна тых пігментаў, якія выкарыстоўваліся гістарычна на нашых тэрыторыях. Напрыклад, як у дадзеным выпадку: аксід хрому, вохра, вугаль, вапна. Аксід хрому мае канкрэтны цёпла-зялёны травяністы колер, і, як яго не змешвай з іншымі складнікамі, вельмі яркі колер не атрымаецца. Таксама на ўспрыманне аб'екта ўплывае оптыка фарбаў і тое, як фарба «старэе». Вапняная фарба пасля афарбоўкі нязначна змяняе свой колер (прычым толькі яе верхняя паверхня). Таксама фарба змяняе насычанасць пры рознай вільготнасці паветра: колер выглядае вельмі складаным, глыбокім (неаднародным). Сілікатныя і сіліконавыя сучасныя фарбы доўга тырмаюць яркі колер і маюць роўную («глухую») афарбаваную паверхню. Гэта ўсё варта ўлічваць пры ввызначэнні каларыта будынка. 
Зараз трэба даследаваць падрабязна ў першую чаргу тыя аўтэнтычныя часткі, якія не закранутыя рэстаўрацыяй, каб сабраць вычарпальныя звесткі для прыняцця рашэнняў без гіпотэз. Магчыма, варта параўнаць вынікі даследавання ў розных лабараторыях, а фінальнае рашэнне прымаць калегіяльна, каб выключыць магчымасць памылкі.
Колерная рэканструкцыя брамы і прылеглых карпусоў па аналогіі паводле Рамана Забелы.

Па нашай просьбе і на падставе скупых звестак папярэдняга фізіка-хімічнага даследавання Раман Забела таксама прапанаваў сваё бачанне каларыстычнага рашэння Ружанскага палаца на прыкладзе колернай рэканструкцыі брамы і прылеглых карпусоў (т.зв. паўднёвага корпуса). Сцены выкананы ў цёпла-зялёных адценнях, блізкіх да таго, што паказала хімія, архітэктурны дэкор - у светлай вохры (чысты белы з'явіўся толькі ў наш час), карніз вырашана зрабіць па-барочнаму больш цёмным за колер сцен. Апошняе - толькі здагадка, таму што не ўсе элементы былі ў свой час даследаваны, а колер увогуле вызначаны толькі ў адной з адабраных проб. Таму другі варыянт ужо са светлымі карнізамі, як яны адлюстраваны на праектах Бекера, але, вядома, на стадыі будаўніцтва схема магла быць зменена — патрэбныя дадатковыя даследаванні!

Другая колерная рэканструкцыя брамы і прылеглых карпусоў са светлым дэкорам і карнізамі, як яны адлюстраваны на праектах Бекера. Паводле Рамана Забелы

Адказ (без вынікаў фізіка-хімічных даследаванняў)



Report Page