Колер барока

Колер барока

Spadczyna

На вялікіх выхадных пабернардзінскі касцёл Святога Іосіфа ў Мінску, які быў ўзведзены ў XVII стагоддзі ў стылі барока, нечакана змяніў сваю звыклую светла-бэжаваю гаму фасадаў на насычана кантрасную. Мы распыталі навуковага кіраўніка Рамана Забелу з Навукова-праектнага цэнтра «Рэстабіліс» пра работы, якія былі праведзены на фасадзе касцёла.

Цяперашні выгляд касцёла


Вітаю, Раман! Вы навуковы кіраўнік работ на касцёле Святога Іосіфа ў Мінску, што гэта азначае і якія ў вас абавязкі?

У дадзеным выпадку навуковы кіраўнік адказны за тое, каб тыя рашэнні, якія прымаюцца на аб’екце былі навукова абгрунтаванымі і не вялі да страты адметных вартасцей аб’екта на стадыі распрацоўкі дакументацыі і вытворчасці работ.


За пару дзён фасад касцёла вельмі змяніўся, замест звыклага бэжу мінчукі атрымалі паліхромію. Адкуль гэтыя колеры?

Такія вынікі праведзеных даследаванняў, у першую чаргу, фізіка-хімічных. Гэта не наша фантазія, а навукова абгрунтаванае аднаўленне гістарычнага каларыту фасада.


Наколькі я разумею, рамонт на касцёле бягучы, а не капітальны, ці заўсёды пры гэтым робіцца фізіка-хімічнае даследаванне?

Не, не заўсёды. Склад работ, якія выконваюцца пры бягучым рамонце, не прадугледжвае выкананне будзь то якіх навуковых даследаванняў. Гэта проста падтрыманне тэхнічнага стану аб’екта. Фармальна тут дастаткова было выканаць рамонт тынкоўкі і пафарбаваць фасад у той самы колер, што і быў, на наступныя пяць гадоў.

Праўда, мы з калегамі заўсёды спрабуем максімальна эфектыўна выкарыстаць кожны наш падыход да помнікаў. Калі падчас правядзення работ у нас з’яўляецца дастаткова інфармацыі, каб аднавіць гістарычны каларыт фасадаў ці іншую страчаную вартасць аб’екта ў межах вылучаных рэсурсаў, то мы гэта спрабуем зрабіць. Як прыклад можна прыгадаць комплекс будынкаў па вул. Камуністычнай, 3, 5, 7, дзе падчас рамонту была расчышчаная керамічная плітка на фасадзе і вернутае першапачатковае колеравае рашэнне.

Калі распрацоўвалася праграма работ па бернардзінскім касцёле, то была ўлічана спецыфіка аб’екта і прадугледжана магчымасць наяўнасці на фасадзе роспісаў ці паліхромій. Роспісаў выяўлена не было. На жаль аддзелка фасада амаль не захавалася. Пры кожным наступным рамонце змываліся ці счышчаліся папярэднія афарбоўкі.

Пры аглядзе фасада былі выяўлены месцы, дзе засталася першапачатковая афарбоўка, а таксама багата напластаванняў наступных рамонтаў. Гэтыя слаі былі ў дрэнным стане і не вядома, ці не былі б яны цалкам страчаныя падчас гэтага ці наступнага рамонту, пакуль справа дойдзе да паўнавартаснай рэстаўрацыі.

Элементы дэкору пасля расчысткі фасадаў: заўважны цёмны колер сандрыка над нішай і тэракотавы колер карнізаў. Фота «Рэстабіліс»


Абмеркаваўшы з калегамі сітуацыю, прыйшлі да высновы, што наш абавязак як рэстаўратараў захаваць унікальную выяўленую інфармацыю для нашчадкаў. Было прынята рашэнне зрабіць даследаванні ўласнымі рэсурсамі. У структуры нашага прадпрыемства як раз ёсць фізіка-хімічная лабараторыя.

З фасада было адабрана і вывучана больш за 50 проб. Тут безумоўна каласальную працу зрабіла наша хімік, якая змагла прааналізаваць усю інфармацыю і разабрацца дзе першая афарбоўка сапраўды з’яўляецца першым слоем храналагічна, а дзе проста пазнейшы рамонтны слой, які лёг на цалкам расчышчаны фасад.

Па выніках даследавання стала зразумела, што мы маем дастатковую інфармацыю для аднаўлення першапачатковага каларыту фасада. Наша прапанова знайшла падтрымку заказчыка і была ўзгоднена Міністэрствам культуры.

Тэракотавы карніз пасля расчысткі. Шэры колер паўзверх тэракотавага — гэта цэментны тынк, які застаўся пасля рэстаўрацыі 1980-х гадоў. Фота «Рэстабіліс»


Як выглядае гэтае даследаванне, вы сколваеце кавалкі аўтэнтычнай аддзелкі і глядзіце пад мікраскопам?

Акуратна адбіраецца проба асновы са слаямі аддзелкі мінімальна патрэбнага памеру, каб не шкодзіць помніку. Вывучаецца склад матэрыялаў, глядзіцца папярочны спіл, выконваецца паслойная расчыстка.

Папярочны спіл, стрэлкай абазначаны аўтэнтычная чорная афарбоўка. Фота «Рэстабіліс»
Папярочны спіл, стрэлкай абазначана аўтэнтычная тэракотавая афарбоўка. Фота «Рэстабіліс»


Гэтыя пробы даволі дробныя, ці ёсць шанец памыліцца слоем і выбраць не той?

Так, не заўсёды першы афарбовачны слой з’яўляецца першым храналагічна. Таму тут мы адбіралі столькі проб, пакуль не сабралі дастатковую інфармацыю.


Франтон касцёла быў знішчаны так даўно, што нават не ўдалося адшукаць ніводнай выявы з ім. У час рэстаўрацыі 1980-х гадоў ён быў адноўлены, але, зразумела, што адабраць пробы для даследавання з яго немагчыма. Як вырашалася гэтая праблема?

Шчыт быў адноўлены вельмі прафесійна і ўлічвае ўсе архітэктурныя асаблівасці будынка. У класічнай архітэктуры заўсёды ёсць пэўныя правілы і логіка пабудовы фасада, таму каляровае рашэнне аўтэнтычнай часткі было па тым самым прынцыпе «перанесенае» на адноўленую частку. Таксама быў выкананы аналіз аналагаў таго самага перыяду і прататыпаў.

Рэшткі аўтэнтычнай чорнай афарбоўкі сандрыкаў над нішамі. Фота «Рэстабіліс»


На фасадах перад афарбоўкай былі заўважаны выфарбоўкі розных адценняў. Значыць фізіка-хімічнае даследаванне пакідае пэўную неадназначнасць? Калі так, то як выбраць «правільны» колер і чым кіравацца?

Калі сцісла, то фізіка-хімічнае даследаванне дазваляе вызначыць асноўны тон (жоўты ці чырвоны, халодны ці цёплы) і даць навуковаму кіраўніку патрэбную інфармацыю для далейшага прыняцця праектных рашэнняў. Каталогі, па якіх падбіраецца колер у лабараторыі, гэта друкарская прадукцыя, таму колер заўсёды трэба ўдакладняць непасрэдна на фасадзе (расчышчаць гістарычны слой, рабіць выфарбоўкі).

Успрыманне колеру мяняецца пры розным асвятленні, на розных паверхнях, пры розных хімічных і аптычных уласцівасцях новай фарбы, на рознай плошчы афарбоўкі. Таксама трэба ўлічваць як колеры спалучаюцца паміж сабой.

Выфарбоўкі на фасадзе для падбору колеру. Фота «Рэстабіліс»


Трохі раней быў адрэстаўраваны і пафарбаваны манастырскі комплекс пры касцёле: яго колеравае рашэнне блізкае да вашага, але нюансна адрозніваецца. Ці не варта было фарбаваць касцёл у тыя ж адценні, або вынікі даследаванняў тут перавешваюць аднастайнасць?

Мы прапрацоўвалі варыянт выкарыстання таго самага адцення, што і на кляштарным корпусе. Але гэта б запатрабавала падгонкі ўсіх чатырох колераў да аб’екта, вынікі даследавання якога мы праверыць зараз не можам. Тым больш на сёння кляштарны корпус ужо выгаралы і часткова перафарбаваны.

У масе касцёл і кляштар цяпер будуць глядзецца ансамблем. Нюансы асноўнага колеру не перашкодзяць гэтаму.

Параўнанне захаваных фрагментаў афарбоўкі з каляроўнікам. Фота «Рэстабіліс»


А навуковы кіраўнік у выбары колеравага рашэння падсправаздачны Мінкультуры? Калі так, то як атрымліваюцца сітуацыі, як з «зялёнкай» на Ружанскім палацы?

Канешне, навуковы кіраўнік павінен абгрунтаваць свае рашэнні і ўзгадніць іх у Міністэрстве культуры. На жаль я не бачыў Ружанскі палац у натуры пасля афарбоўкі і не ведаю аргументы навуковага кіраўніка. Аб’ект вельмі складаны. Галоўнае, каб былі аформленыя вынікі ўсіх даследаванняў, якія пасля можна будзе вывучаць, каб адказаць на гэтае пытанне.


Будзем шчырымі, цяперашні выгляд вельмі нязвыклы для вока. Нават мне спатрэбіцца час, каб звыкнуцца з ім. Ці няма апаскі, што грамадства не прыме «размаляваны» храм?

Некалі і ратуша была нязвыклай, не падабалася яе размяшчэнне. Агучваліся ўсур’ёз думкі, што яе трэба было развярнуць на 90 градусаў, каб лепей глядзелася. Адноўлены фасад сённяшняй музычнай гімназіі-каледжа таксама выклікаў багата абмеркаванняў. Больш за тое, у 1980-х адноўлены шчыт дадзенага касцёла быў успрыняты даволі крытычна. Мне здаецца, гэта нармальны працэс. Значна горш, калі б гараджанам было абыякава на тое, што робіцца з іх спадчынай.

Касцёл без барочнага франтона ў 1916 годзе. У такім выглядзе храм праіснаваў да 1980-х гг.


Наколькі ўвогуле такі выгляд характэрны для храмаў барока? Вось Сафія ў Полацку белая, праваслаўны сабор у Мінску белы, храмы ў Глыбокім — бэжавы (нядаўні рамонт!) і бела-блакітны, магілёўскія таксама белыя, віцебскія барочныя святыні аднавілі белымі. На старых фота таксама ўсе храмы аднатонна светлыя, без аніякага кантрасту. А тут насычаны тэракотавы і вугальна-чорны!

Архітэктура XVII-XVIII стст. у нас насамрэч мала даследаваная. На сённяшні дзень яе скажоны стэрэатыпны вобраз у нашай свядомасці сфарміраваны пазнейшымі рамонтамі і перабудовамі. Тэракотавы, вохрысты, цёмна-шэры – можна сказаць «стандартныя» колеры для такой архітэктуры. Афарбоўкай імітавалі колер прыродных каменных матэрыялаў першакрыніц. Пералічаныя вамі аб’екты пэўна таксама мелі іншы каларыт. Напрыклад, полацкая Сафія паводле даследаванняў дакладна мела поліхрамічнае вырашэнне фасадаў.

Для большасці храмаў змены былі звязаныя са зменай уладальніка ці нават функцыі самога аб’екта, як і ў нашым выпадку. Як вынік — разнастайны каларыт барока рабіўся «незразумелым», «празмерным» ці «непатрэбным». Не было неабходнасці ці фінансавай магчымасці яго падтрымліваць і паднаўляць. І тады пры першым рамонце фасады проста ўтылітарна бяліліся вапнай. Былі і аўтарскія перабудовы, калі мянялася барокавае аблічча аб’екта, як, напрыклад, са Станіславаўскім касцёлам у Магілёве, але гэта зусім іншы выпадак.

Але і нават тады, на мяжы стагоддзяў, фасады не маглі быць крыштальна белымі. Белага колеру ў архітэктуры не было. Чысты белы колер, які яшчэ і трывалы ў часе, з’явіўся з развіццём хімічнай прамысловасці і шырока стаў прымяняцца толькі ў другой палове XX ст. Натуральныя светлыя вапняныя фарбы не былі такімі яркімі, заўсёды мелі адценне (бэжавае, шэра-блакітнае, ружовае) і трошку цямнелі праз пэўны час пад уздзеяннем асяроддзя.

Касцёл у Сейнах да і пасля рэстаўрацыі фасадаў.


Ці павінны помнікі ўвогуле «падстройвацца» пад грамадства? «Нам гэтае вашае рознакаляровае барока незразумелае, давайце проста пафарбуем, каб было прыгожанька і камфортненька».

Пытанне вельмі шырокае. На яго можна адказаць і «так», і «не». Залежыць ад помніка і таго, што з’яўляецца «ахвярай» гэтага падстройвання. Атачэнне фармуе нашыя густы, а нашае гістарычнае атачэнне было моцна зменена, як праз мэтанакіраванае знішчэнне, так і праз несвядомую непісьменную ўніфікацыю. Пасля таго, як бальшыні аб’ектаў на праспекце Незалежнасці быў вернуты гістарычны насычаны каларыт і прынцып аднатоннасці (без расфарбоўкі кожнага элемента дэкору ў свой колер), то і пры рамонтах аб’ектаў, якія не маюць ахоўнага статусу, усё радзей выкарыстоўваюць «вясёлыя», моцна разбеленыя ружовыя і фіялетавыя колеры.

З іншага боку варта прыгадаць выпадак з «чырвоным дворыкам» [двор на рагу Камсамольскай і Рэвалюцыйнай], калі набытая вартасць каларыту апынулася па шматлікіх параметрах больш каштоўнай для горада за гістарычную. Дворык не далі перафарбаваць у ружовы і захавалі сучаснае каляровае рашэнне.

Рашэнні павінны прымацца спецыялістамі, якія могуць улічыць і ўзважыць усе акалічнасці, але ў любым выпадку патрэбная дыскусія. З аднаго боку, каб сабраць усе зыходныя дадзеныя для прыняцця рашэння, з іншага, каб помнік успрымаўся грамадствам і каб людзі яго лічылі «сваім».

У дадзеным выпадку мы маем не толькі вяртанне канкрэтнай вартасці будынку і атачэнню, але і добры адукацыйны рэсурс: як выглядалі барокавыя храмы, чаму зараз яны выглядаюць іначай, як можна рамантаваць помнікі і якія загадкі яны могуць хаваць.


Ці ўдалося ў час работ даведацца нешта цікавае пра храм? Бачна, што некаторыя дзвярныя праёмы закладзены, ці не было магчымасці іх раскрыць?

Падчас натурнага абследавання фасада атрымалася вылучыць, якія часткі адносяцца да апошняй рэканструкцыі фасада сярэдзіны XVIII ст. Напрыклад, на траціну былі закладзеныя нішы, дзе стаялі скульптуры, і прыбудаваны партал галоўнага ўвахода. Таксама зафіксаваныя сляды збітага дэкору. Як гіпотэза – капітэлі хутчэй за ўсё былі распісаныя, але слядоў роспісаў не захавалася. Але гэта толькі тая інфармацыя, якая ляжыць на паверхні і бачная без сур’ёзных даследчых інтэрвенцый.

След ад збітага дэкору. Фота «Рэстабіліс»


Зараз праводзіўся бягучы рамонт, якім не прадугледжваюцца грунтоўныя даследаванні, капітальныя аднаўленчыя ці рэстаўрацыйныя работы, як раскрыццё праёмаў, аднаўленне страчаных шчытоў бакавых нефаў і іншых дэкаратыўных элементаў.

Работа на помніку гэта несканчальны і расцягнуты ў часе працэс. Некалі, спадзяюся, будзе магчымасці працягнуць.

Скульптура манаха ў нішы на абмерным чарцяжы 1978 года. БДАНТД. Сучаснае месцазнаходжанне скульптуры нявысветлена.


Пакуль працы вядуцца толькі на галоўным фасадзе, што па астатніх?

Працы выконваюцца паступова. Наколькі мне вядома, іншыя фасады запланаваныя на наступны год-два.


Дзякую вам за адказы!

Дзякуй за пытанні і за цікавасць да тэмы )


Падзякаваць можна праз Патрэон

Report Page