Праект перабудовы інтэрната на Будзённага, 46 змянілі: аўтэнтычныя сцены захаваюць

Праект перабудовы інтэрната на Будзённага, 46 змянілі: аўтэнтычныя сцены захаваюць

Urban Hrodna

Пачаліся грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекта рэканструкцыі будынка на Будзённага, 46 (інтэрнат “Гроднаэнерга”). Папярэдняе апісанне праекта публікавалі ў снежні 2022, з таго часу праект істотна змяніўся.

Раней цяперашні простакутны ў плане будынак збіраліся цалкам разабраць, захаваўшы толькі падмурак знешняй сцяны. Замест яго мусіў з’явіцца новы будынак: Т-падобнай формы ў плане, вышынёй у 3 паверхі, са скатным дахам. Такі варыянт распрацоўшчыкі бачылі прыярытэтным.

З абноўленага апісання вынікае, што пры перабудове вырашылі захаваць:

  • фрагмент знешняй сцяны вышынёй 2 паверхі з боку вул. Будзёнага;
  • фрагмента тарца будынка з паўночна-ўсходняга боку.

Паводле раней публікаваных афіцыйных звестак, цяперашні трохпавярховы будынак з'явіўся ў 1957 г. Паводле гісторыка Мечыслава Супрона - гэта моцна перабудаваны дом Горчыка мяжы 19-20 стст. У міжваенны час тут быў інтэрнат Гродзенскай жаночай настаўніцкай семінарыі. У 1957 г. дом моцна змяніўся: надбудавалі 3 паверх, да часткі будынка сіметрычна дабудавалі новы аб’ём. У пач. 2000-х надбудавалі дэкаратыўны ацік і "тэрмафутра".

Будынак у 1915 г., Facebook Мечыслава Супрона

Ад першаснага будынка захаваліся арыгінальныя прапорцыі і рытм вокнаў на правым крыле.

Фрагмент вонкавай сцяны для захавання па вул. Будзёнага, справаздача па АУНА

Каб абазначыць фрагмент, які плануюць захаваць, у справаздачы па АУНА выкарысталі ілюстрацыю Мечыслава Супрона, дзе ён пазначаў межы аўтэнтычнай часткі.

У абгрунтаванні праектнага рашэння "Гроднаграмадзянпраекта" сцвярджаецца, што будынак "узведзены замест двух зблакаваных будынкаў" перыяда 1910-1945 гг. Пад ім чакаюць знайсці рэшткі падвалаў пач. 20 ст.

Апісанне праекта

Як і раней, праект мяркуе:

  • рэканструкцыю будынка інтэрната з павелічэннем плошчы для камфорту максімальна магчымай колькасці людзей. Будынак павялічаць за кошт змены яго ў плане на Т-падобны з паглыбленнем у дваравую частку. У інтэрнаце змогуць жыць 72 чалавекі (у прыярытэтным праектным рашэнні запланавана 7 двухпакаёвых блокаў і 22 аднапакаёвых);
  • адвядзенне часткі будынка на 1 і 2 паверхах пад разлікова-даведачны цэнтр філіяла "Гродзенскія электрычныя сеткі" РУП " Гроднаэнерга»;
  • рэканструкцыю і праектаванне вонкавых і ўнутраных інжынерных сетак (ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі, тэлефанізацыі, электразабеспячэння, асвятлення, лакальнай вылічальнай сеткі, ахоўнай сігналізацыі, сістэмы ўліку электраэнергіі, відэаназірання, дамафоннай сувязі і інш.);
  • добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі з арганізацыяй пад'езда.

Пад часткай будынка прадугледжаны склеп глыбінёй 2,7 м для інжынерна-тэхнічных памяшканняў. Убудаваныя памяшканні разлікова-даведачнага цэнтра размешчаны ў паўднёвай частцы будынка на першым і другім паверхах. 

Агульная плошча надзела - 2221,17 кв.м. Плошча тэрыторыі ў межах працаў - 3388 кв.м.

Каля будынка зробяць 1 паркавальнае месца для людзей з инваліднасцю і 3 агульнадаступныя. Недахоп плануюць кампенсаваць за кошт грамадскай паркоўкі насупраць. Праўда, з пачатку сакавіка частка яе занятая пад прыпынак міжгародніх маршрутак.

Будзе археалагічны нагляд

Інтэрнат размешчаны ў водаахоўнай зоне ракі Гараднічанка і на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці "Гістарычны цэнтр Гродна: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт".

Праект прадугледжвае правядзенне зямельных прац з археалагічным наглядам пры наяўнасці культурнага слоя.

Узгадненне праекта з Міністэрствам культуры не патрабуецца, бо будынак не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Навуковы кіраўнік праекта - Алег Шымбарэцкі, галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі Старога замка.

Грамадскія абмеркаванні і тэрміны будаўніцтва

Грамадскія абмеркаванні справаздачы АУНА праходзяць з 4 сакавіка па 4 красавіка. Раней іх разлічвалі завяршыць да 3 сакавіка.

З дакументацыяй па АУНА можна азнаёміцца:

1. На афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама grodno.gov.by. Кантактная асоба - начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Дзяніс Рамановіч Конан (62-69-93, e-mail: arhitektura@gorod.grodno.by).

2. У АУПП "Інстытут Гроднаграмадзянпраект" (пр. Дзяржынскага, 2/1, 230023, г. Гродна). Кантактная асоба - галоўны спецыяліст групы экалогіі Алена Казіміраўна Майсеня (39-87-78), e-mail: ecolog@ggp.by.

3. У філіяле "Гродзенскія цеплавыя сеткі "РУП "Гроднаэнерга". Кантактная асоба - інжынер па ахове навакольнага асяроддзя вытворча-тэхнічнага аддзела Святлана Міхайлаўна Белая (79-28-66, e-mail: gts@energo.grodno.by).

Заяву аб неабходнасці правядзення грамадскіх слуханняў (сходу) дасылаць у гарвыканкам (62-64-66, e-mail: info@gorod.grodno.by, grodno.gov.by), кантатная асоба - Д.Р. Конан. Заявы прымаюцца цягам 10 працоўных дзён лічачы ад 4 сакавіка.

Заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы прыме філіял "Гродзенскія цеплавыя сеткі" РУП "Гроднаэнерга", кантатная асоба - С.М.Белая. Заявы прымаюцца цягам 10 працоўных дзён лічачы ад 4 сакавіка.

Меркаваны тэрмін пачатку будаўніцтва - травень 2023 года.




Report Page