Інтэрнат "Электрасетак" на Будзёнага разбяруць і збудуюць новы будынак

Інтэрнат "Электрасетак" на Будзёнага разбяруць і збудуюць новы будынак

Urban Hrodna

Існуючы будынак інтэрната РУП "Гроднаэнерга" збіраюцца разабраць з захаваннем падмурка знешняй сцяны. Новы будынак будзе Т-падобнай формы ў плане. Вышыня - тры-чатыры паверхі, са скатным дахам.

Паводле афіцыйных звестак, цяперашні трохпавярховы будынак інтэрната збудаваны ў 1957 г. Паводле гісторыка Мечыслава Супрона - гэта моцна перабудаваны дом мяжы 19-20 стст. Ён мае прастакутную форму.

Яго памеры ў плане - 15х45 м. Убудаваныя памяшканні разлікова-даведачнага цэнтра філіяла "Гродзенскія электрычныя сеткі” размешчаны ў паўднёвай частцы будынка на першым і другім паверхах.

Размяшчэнне запланаванай дзейнасці

Паводле праекта, паўночная частка будынка, да якой немагчыма забяспечыць пад'езд пажарных машын, будзе трохпавярховай. 

Пад часткай будынка прадугледжаны склеп глыбінёй 2,7 м для інжынерна-тэхнічных памяшканняў. 

Убудаваныя памяшканні разлікова-даведачнага цэнтра размешчаны ў паўднёвай частцы будынка на першым і другім паверхах.

Паркоўкі

Генплан прадугледжвае ўладкаванне 1 парковачнага месца для людзей з інваліднасцю. Акрамя яго з прычыны сціснутых горадабудаўнічых умоў уладкуюць яшчэ ўсяго 3 месцы. Недахоп парковачных месцаў кампенсуюць за кошт грамадскай паркоўкі на супрацьлеглым баку вуліцы.

Велапаркоўку на 20 месцаў для жыхароў інтэрната прыбудуюць да сцяны будынка помпавай станцыі.

Добраўпарадкаванне і даступнасць

Ганак галоўнага ўваходу ў будынак абсталююць пад'ёмнікам для маламабільных групаў насельніцтва.

Паводле схемы генплана, на ўчастку будуць дзіцячая пляцоўка і пляцоўка для гаспадарчых мэтаў.

Сам участак выбрукуюць бетоннай ходнікавай пліткай з магчымасцю заезду аўтатранспарту.

Камунікацыі

Будынак падключаецца да цэнтральных гарадскіх сетак водазабеспячэння, каналізацыі, электразабеспячэння, цеплазабеспячэння. 

Цеплазабеспячэнне рэканструюемага інтэрната цэнтралізаванае ад ЦЭЦ-2. Праект прадугледжвае частковую перакладку вонкавай цепласеткі са зменай існуючай трасіроўкі. Да вонкавай цепласеткі сістэму ацяплення падключаць па незалежнай схеме праз блочны цеплавы пункт завадскога вырабу.

У жылых памяшканнях інтэрната прадугледжана натуральная вентыляцыя. У разлікова-даведачным цэнтры зробяць адзіную мультысістэму кандыцыянавання. Яе знешнія блокі ўсталююць звонку будынка на пляцоўцы.

Адвод дажджавых і талых водаў з даху арганізуюць праз сістэму вонкавых вадасцёкаў.

Якія варыянты рэканструкцыі распрацавалі

Мэтазгоднасць праекта складаецца ў стварэнні больш камфортных, бяспечных і сучасных умоў пражывання супрацоўнікаў «Гроднаэнерга» і ў падтрыманні будынка і інжынерных сетак у тэхнічна спраўным стане.

Перадпраектная дакументацыя прадугледжвала такія варыянты рэалізацыі:

  • будаўніцтва 4-х павярховага будынка, дзе 4-ы паверх мансардны (двухпакаёвых блокаў - 10, аднапакаёвых блокаў - 28, умяшчальнасць для пражывання - 96 чалавек).
  • будаўніцтва 3-х павярховага будынка (двухпакаёвых блокаў - 7, аднапакаёвых блокаў - 22, умяшчальнасць для пражывання - 72 чалавекі).
  • варыянт 3 - «нулявая альтэрнатыва», што азначае поўную адмову ад рэалізацыі праекта.

На працоўнай нарадзе 25 сакавіка 2022 замоўца прыняў прыярытэтным другі варыянт - будаўніцтва 3-х павярховага будынка.

Інтэрнат размешчаны на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці "Гістарычны цэнтр Гродна: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт“ і ў водаахоўнай зоне ракі Гараднічанка.

Мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка плошчай 0,2221 га (зямлі пад забудовай) зменяць на «для будаўніцтва і абслугоўвання будынка інтэрната з аб'ектамі абслугоўвання». Плошча забудовы інтэрната на наяўным зямельным участку павялічыцца.

Тэрміны грамадскага абмеркавання

Грамадскія абмеркаванні ацэнкі ўплыву будоўлі на навакольнае асяроддзе(АУНА) пройдуць у перыяд з 3 студзеня да 3 сакавіка 2023. 

Сход па абмеркаванні АУНА правядуць з 3 студзеня па 26 лютага 2023.

Рашэнне аб запланаванай дзейнасці прымуць да 3 красавіка 2023.

Report Page