Браніслава Баскіна – першая чэмпіёнка Беларусі па шашках
Віталь Аніська120 гадоў таму нарадзілася першая чэмпіёнка Беларусі бабруйчанка Браніслава Баскіна (дакладная дата пакуль не ўстаноўлена). Вядома было пра яе зусім няшмат. Сабраў у гэтым артыкуле ўсю інфармацыю пра Баскіну, якую знайшоў за апошнія два гады.
У ліпені 1934 года Браніслава Баскіна перамагае ў адборачным турніры у Бабруйску і ў пачатку жніўня едзе ў Мінск, каб прыняць удзел у першым жаночым чэмпіянаце Беларусі (і першым жаночым турніры па шашках такога ўзроўню ў СССР), які сабраў шэсць удзельніц. У першым туры яна прайграе мінчанцы Белкінай, але на фінішы даганяе яе. Прыйшлося гуляць дадатковы матч, у якім Браніслава Баскіна перамагае і становіцца першай чэмпіёнкай Беларусі.

Пасля чэмпіянату яна выйграе мужчынскае першынство саюза фінбанкаўскіх работнікаў БССР і прымае ўдзел ва ўсесаюзным фінале ў Маскве, дзе з’яўляецца адзінай жанчынай. Баскіна становіцца апошняй, згуляўшы ўнічыю толькі адну партыю. Адзначаецца, што прычынай стала адсутнасць вытрымкі.
Перамагае яна і ў двух наступных чэмпіянатах рэспублікі ў 1935 і 1936 гг.

Баскіну запрашаюць у першы жаночы чэмпіянат СССР, які прайшоў у красавіку 1936 года ў Ленінградзе. Бабруйчанка згуляла даволі ўпэўненна, набрала “плюс адзін” і стала 10-й.

У другім, апошнім даваенным, чэмпіянаце СССР (верасень 1937 года, Растоў-на-Доне) яна згуляла горш, заняўшы толькі 12-е месца з 15.

У снежні 1937 года Марыя Ярашонак перапыніла гегемонію Баскінай у чэмпіянатах Беларусі, работніца бабруйскай ашчадкасы засталася на другім месцы.
У адрозненне ад свайго земляка Якава Гордзіна Браніслава Баскіна перажыла Другую сусветную вайну. Па нейкай прычыне яна не ўдзельнічае ў першых пасляваенных чэмпіянатах Беларусі і гуляе толькі ў Кубку БССР 1950 і 1951 гг. за каманду Бабруйскай вобласці. У чэмпіянаце Беларусі Браніслава Баскіна бярэ ўдзел толькі ў 1952 годзе і атрымлівае ўпэўненную перамогу.


З заявак на гэтыя турніры вядома, што Баскіна нарадзілася ў 1902 годзе, працавала катралёрам-касірам у бабруйскім філіяле Дзяржбанка, жыла па адрасе вул. Маркса, 8а, прадстаўляла ДСТ “Бальшавік”. Яе імя па бацьку пачыналася на Э (праўда, калі-нікалі пісалі І. ці Я.).
У 1954 годзе, праз 20 гадоў пасля першага, Баскіна выйграе свой пяты і апошні тытул чэмпіёнкі Беларусі. У наступным годзе яна займае трэцяе месца. Перыяд пасля 1955 года яшчэ патрабуе вывучэння.

На сайце арганізацыі “Міцват Эмет”, якая займаецца доглядам за яўрэйскімі пахаваннямі, знайшоў фота з бабруйскіх могілак. Супадаюць год нараджэння, прозвішча, імя і першая літара імені па бацьку. З вялікай верагоднасцю гэта помнік на магіле першай чэмпіёнкі Беларусі па шашках Браніславы Баскінай.
