Гульня ў асацыяцыі, або Групавы партрэт белліту на фоне вясновага абвастрэння

Гульня ў асацыяцыі, або Групавы партрэт белліту на фоне вясновага абвастрэння

Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Агляд беларускае літаратуры і кніжнае справы (студзень – сакавік 2024) 

Галоўнаю метафараю свайго наратыву аўтар абвяшчае вясновае абвастрэнне. Яно сёлета дзякуючы надвор’ю наступіла раней як звычайна і, што важна, наступіла сінхронна як у Беларусі, гэтак і па яе блізкім і далёкім перыметры. Важная геаграфічная розніца Беларусі з Паўночнаю Карэяй – палітычныя працэсы ў нашым рэгіёне пакуль не ўплываюць на кліматычныя. Сінявокая па-ранейшаму інтэграваная ў працэсы міграцыі птушак, руху цыклонаў з антыцыклонамі, зменаў фазаў Месяца і рэакцыі насельніцтва на паніжэнне атмасфернага ціску і магнітныя буры.

Для гэтага тэксту аўтар абраў метад адвольнай асацыяцыі, а прынцып храналогіі і любая дэдукцыя адмятаюцца да больш стабільнага ўва ўсіх сэнсах часу.

Міжведамасны пінг-понг у кніжнай сферы 

Пачнём разблытваць клубок літаратурных навінаў з канца. Міністр культуры Анатоль Маркевіч выступіў у Свята-Лізавецінскім (sic!) манастыры. Менавіта гэтая адыёзная лакацыя, сумнавядомая адкрытым падтрыманнем ваеннай агрэсіі Расеі ва Украіне, прыняла 29 сакавіка “Общественно-государственное партнерство в сохранении духовно-нравственных ценностей современного общества” (неперакладальная гульня словаў).

Міністр культуры паведаміў пра адбітую “духоўную пагрозу”, якую параўнаў з радыяцыяй, абвінаваціўшы незалежныя арт-прасторы Беларусі мінулых гадоў у тым, што падмянілі сапраўдныя, традыцыйныя каштоўнасці нізкімі – “пад соўсам ліберальных каштоўнасцяў і дэмакратычных свабодаў”. Ён адрапартаваў пра чысткі ў культурніцкім асяроддзі і зазначыў, што стаўка зробленая на працу з моладдзю. Кожны школьнік Беларусі цяпер будзе атрымліваць культуру дазавана і пад кантролем ідэолагаў, раз на месяц наведваючы за кошт дзяржавы “Урок у музеі”.

Вы спытаецеся: пры чым тут літаратура? У тым і рэч, што, здаецца, ні прычым. З кантэксту прамовы вынікае, што культура для Міністэрства культуры, як у той показцы пра Леніна – “кіно і цырк”. А менавіта ў разлік бяруцца толькі відовішчныя формы прыўкраснага: музыка, тэатр, “Беларусьфільм”, “Харошкі”.

Гэта ў цэлым супадае з бачаннем айчыннымі чыноўнікамі літаратурнага працэсу, кіраванне якім у Беларусі прыкладна пароўну падзеленае паміж міністэрствамі культуры і адукацыі, але ў цэлым аддадзенае на водкуп прадзяржаўнаму Саюзу пісьменнікаў. Паводле Кодэксу культуры Беларусі, што дзеіць з лютага 2017 года, літаратура, кніга і бібліятэчная справа – гэта інтэгральная частка культуры, але ў дакуменце цалкам ігнаруецца такая форма існавання кнігі як выдавецкі працэс, не акрэслены статус выдавецтваў, няма ніводнай згадкі пра пераклад як від літаратурнае творчасці.

У кантэксце няспынных чыстак, яно, магчыма, і да лепшага. На перыферыі ўвагі дзяржаўнага апарату шанец выжыць значна большы, чымся ў эпіцэнтры. Але ўсё інакш, калі заходзіць гаворка пра развіццё, прагрэс, датацыі. Можна з пэўнасцю канстатаваць: быць сёння праўладным літаратарам нявесела.

Рапарт пра ўвагу да працы з моладдзю гучыць вельмі дзіўна ў святле таго, што ў апошнія дні сакавіка абвясцілі ў сваіх сацыяльных сетках пра ліквідацыю адразу два дзяржаўныя выдавецтвы – “Вышэйшая школа” (існавала з 60 гадоў) і “Народная асвета” (існавала з 1951-га, у дзень закрыцця адзначыла 73-ія народзіны). Найхутчэй, ідзецца пра іх зліццё з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”. Каб рэарганізацыя адбылася, раней Мінінфарм перадаў выдавецтвы Мінадукацыі. Яшчэ раней, пагуляўшы ў гэтакі міжведамасны пінг-понг, чыноўнікі ад інфармацыі пазбыліся выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” (у 2021 годзе злілося з выдавецтвам “Беларусь”).

Цяжка меркаваць пра дакладныя прычыны такое рэарганізацыі, пагатоў у час, калі трэба гэтак пільна адукоўваць моладзь, дбаць пра духоўную бяспеку, перапісваць падручнікі па літаратуры і гісторыі, выкрэсліваючы адтуль сумнеўныя цені мінулага. Здавалася б, дзяржаўная замова на прапаганду для школаў і ВНУ мае толькі павялічыцца. Тут бы новыя структуры адкрываць, а не вынішчаць існыя. Але можна высунуць версію, што ўлады істотна скарачаюць бюджэт на адукацыю ды культуру – і чыноўнікі пераразмяркоўваюць сціплыя датацыі, якія засталіся, вырульваючы гэтыя сумы “на сябе”.

Выдаўцам у “Рамонку” цесна? 

Пра гэтыя змены зусім нічога не было чуваць з дынамікаў ХХХІ Мінскага кніжнага кірмашу 14–17 сакавіка ў “БелЭкспа”. Цэнтральным экспанентам міжнароднага свята кнігі выступаў Іран, а сярод важных тэмаў фігуравала 30-годдзе з дня першых прэзідэнцкіх выбараў у гісторыі Беларусі.

Аб’ядноўваць дзяржаўныя выдавецтвы не варта было хоць бы таму, што налета, выглядае, ужо не будзе каму ствараць ілюзію масавасці айчыннае выдавецкае справы. Працягваюцца скасаванні або прыпыненні ліцэнзіяў незалежных выдаўцоў: выбылі з шыхту часопіс “Arche”, “Зміцер Колас” і “Цымбераў”, у мінулым – актыўныя ўдзельнікі кірмашу. На гэтым фоне выклікае недавер заява Міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, маўляў, упершыню кнігарам у “Рамонку” было… цесна.


Падчас ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Крыніца: belta.by.


На адчуванні аўтара гэтых радкоў, які здзейсніў адважны выхад у космас дазволенае друкаванае прадукцыі, стэнды і кнігі былі размазаныя па вялізнай плошчы “БелЭкспа” як чырвоная ікра па кавалку багета ў небагатай гаспадыні, якая спрабуе імітаваць раскошу. У якасці скрыліка лімона выступаў стэнд Расіі, лісток пятрушкі сімвалізаваў стэнд Кітаю.

Месца было гэтак “мала”, што давялося рабіць экспазіцыю барокавых касцюмаў з фондаў “Беларусьфільму” ў фае выставачнага цэнтру.

На сёлетнім кірмашы публікі было візуальна няшмат, але затое ў першыя дні Інстытут сацыялогіі НАН РБ зладзіў яе апытанне. Па спасылцы можна самастойна азнаёміцца з вынікамі, але нельга не адзначыць пранкерскага таленту даследнікаў: “Наиболее интересными для себя авторами участники выставки назвали А. Пушкина, М. Булгакова, а также Ф. Достоевского. (...) Стоит отметить, что книг А.С. Пушкина посетители мероприятия сходу вспомнить не смогли”.

Ёсць і лічбы, якія падаюцца аўтару гэтага агляду карыснымі. Запомнім іх: папулярнасць папяровых кніг у мінскага чытача складае 87 %, электронных – 6,8 %, аўдыякніг – 2,8 %.

У праграму кірмашу інтэгравалі форум лаяльных дзяржаве аўтараў “Пісьменнік і час”, які запомніўся публічным пасланнем Андрэя Мукавозчыка. Фармальна ён даў адлуп калегам з прапаганды, якія прасоўваюць у Беларусі ідэі “русского мира”. Працытаваны публіцыст выпусціў ажно дзве кнігі “пад кірмаш” і шырокімі крокамі выходзіць у лідары дазволенае літаратуры. Выглядае, гэта ён, а не Алесь Карлюкевіч – адыёзны пераемнік вельмі старога ўжо Мікалая Чаргінца ў сервільным сектары белліту.

У цэлым пры вонкавым аглядзе і зборы анамнезу з адкрытых і не вельмі крыніцаў можна дыягнаставаць дыстрафію магчымасцяў для літаратараў у краіне, нават калі ўнутраныя аўтары цалкам “чыстыя” ў вачах тых, хто ладзіць чысткі. Наперадзе не жыццё, а выжыванне.

Літпрацэс за мяжою: канфлікт сістэмаў?

Звонку сітуацыя насамрэч пакуль не надта іншая. Выжыванне – тое слова, якім можна апісаць і літаратурны працэс у эміграцыі. Проста перспектывы ў пацыента лепшыя і дынаміка ў цэлым станоўчая. Літаратары, якія не могуць вярнуцца дадому, атрымліваюць базавае падтрыманне ад калегаў у краінах, дзе апынуліся, у выглядзе стыпендыяў і супольных праектаў. Выдаўцы балансуюць на канатах, туга нацягнутых паміж грантамі на культуру і ахвяраваннямі/перадзамовамі ад чытачоў. Фармат, што яднае першых і другіх, – кніжныя кірмашы Еўропы.

Аб’яднаныя стэнды беларускае кнігі, на якіх выдавецтвы “Пфляўмбаўм”, “Янушкевіч”, Gutenberg Publisher, Skarynapress, Kamunikat ды іншыя працавалі на кніжных кірмашах у Вільні (22–25 лютага), Ляйпцыгу (21–24 сакавіка), Саша Філіпенка атрымаў прэмію ў Францыі, а кнігі Евы Вежнавец і Альгерда Бахарэвіча былі прэзентаваныя або анансаваныя ў перакладах на розныя мовы. Здаецца, менавіта гэтую тройцу можна назваць на сёння тварам беларускае літаратуры ў свеце.


Падчас кніжнага кірмашу ў Ляйпцыгу Томас Вайлер і Альгерд Бахарэвіч прэзентуюць раман “Сабакі Эўропы” у нямецкім перакладзе. Фота — Юля Цімафеева. Крыніца: bellit.info.


Узаемадзеянне літаратурных структураў і персаналіяў унутры і звонку мае складаную структуру. З аднаго боку, адбываецца канфлікт сістэмаў. Прынамсі два з іх мелі месца ў справаздачны перыяд. У пачатку студзеня Прэмія Цёткі за найлепшую дзіцячую кнігу, якая шчасліва адрадзілася ў экзылі, залучыла ў свае спісы кнігі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выклікаўшы абурэнне ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі. А Саша Філіпенка нібыта трапіў у змрочныя таталітарныя сусветы сваёй прозы. 19 лютага пісьменнік расказаў у інтэрв’ю DW, як у Беларусі на яго завялі крымінальную справу па даносе ўласнага дзеда.

З другога боку, на ўзроўні асабістага паміж пісьменнікамі ўнутры і звонку творчыя кантакты не перапыняюцца. Супольнасць ніяк не раздзеленая паводле месца фізічнага перабывання, пра што сведчыць, напрыклад, вал кніг аўтараў з Беларусі, што апошнімі месяцамі пабачылі свет у замежных выдавецкіх праектах. Паэтычнае супольніцтва выразна прасочваецца на прыкладзе праграмы Паэтычнага фестывалю Стральцова 16–18 лютага ў Вільні. У якасці ілюстрацыі згадаем парад навінак выдавецкага праекту hochroth minsk, які стварае Дзмітры Строцаў у Берліне. Тут змяшаліся мовы і адрасы, гендары і пакаленні (самы мілы сэрцу аўтара факт – публікацыя вершаў Фелікса Баторына на ідышы).

Супольныя высілкі айчыннага пісьменства задакументаваў у канцы снежня 2023 сайт Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў Bellit.info ў матэрыяле, які ўдала спалучыў у сабе такія любімыя чытачом жанры, як выніковы кніжны рэйтынг і рэкамендаваны спіс літаратуры. У загалоўку выдатна ўсё: “100 найлепшых кніг 2023 года: выбар Bellit.info”.

То бок з назвы мы дазнаемся, што беларусы цягам няпростага для грамадскае супольнасці года выдалі агулам БОЛЬШ за 100 кніг (у складальнікаў рэйтынгу нават быў выбар). Да таго ж гэты выбар даецца чытачу, яго забяспечвае трохзначная колькасць “найлепшых кніг” (страшна падумаць, што ў МСБП зафіксавалі яшчэ пэўную колькасць кніг горшых).

Для параўнання.

Нацыянальная кніжная палата Беларусі падвяла друкарскія вынікі 2023 года: былі апублікаваныя 965 кніг і брашураў па-беларуску, што склала 12,3 % ад усяго кніжнага патоку. Аб’ём жа беларускамоўных кніг і іх наклад на фоне 2022 года павялічыліся.

Свой традыцыйны рэйтынг кніг года склала, апытаўшы экспертаў, радыё “Свабода”. Найлепшымі прызналі ажно 5 кніг у розных жанрах (супраць 1–3 пазіцыяў, што ачольвалі рэйтынгі РС у мінулым).

Закрануўшы тэму рэйтынгаў, не магу не спаслацца на яшчэ два адметныя спісы, складзеныя экспертавымі арганізацыямі ў галіне літаратуры. Найперш гэта пералік міжнародных кніжных кірмашоў, рэкамендаваных Кніжнай палатай у першым паўгоддзі 2023 года. Яго разынкаю, безумоўна, ёсць згадка пра Гаванскі кірмаш дазволенай уладамі Кубы кнігі ў лютым (варты ўвагі ён хіба таму, што адбываецца з перапынкамі гадоў на 5–10, а ўладальнікі і ўладальніцы беларускіх пашпартоў могуць трапіць на Кубу без візы). Але ў цэлым спіс цікавы тым, што здольны вярнуць арыентаванага на Захад кнігалюба на цвёрдую зямлю. У ім згадваюцца найбуйнейшыя падзеі арабскай (Каірскі кірмаш) або кітайскай, індыйскай культурных прастораў. Што называецца, не Ляйпцыгам адзіным… Ці не махнуць, скажам, у Астану?..

Паразважаем пра верлібр і дэкаланізацыю

І зноў пераключаемся на старонку інфармацыі пра белліт, якая ў студзені скаланула супольнасць яшчэ адным рэйтынгам – гэтым разам больш ультыматыўным: 10 маладых паэтак і паэтаў, якіх варта ведаць. Публікацыя новых імёнаў і прыкладаў творчасці спарадзіла ў беларускіх сацыяльных сетках шэраг змястоўных дыскусійных допісаў, якія нарэшце падзялілі супольнасці аўтараў і чытачоў на лагеры не паводле палітычнага, а эстэтычнага прынцыпу: на адэптаў рыфмаванай і нерыфмаванай паэзіі. Паводле аналогіі са стоп-словам, што існуе ў некаторых, найперш сексуальных, гульнях, стала вядомае старт-слова беларускіх ср… Вой, прабачце, дыспутаў пра паэзію: ВЕРЛІБР!!!

Хоць нейкае вяртанне да нармальнасці на фоне змрочнага часу – не мог не адзначыць аўтар гэтых радкоў, назіраючы за спрэчкай умоўнага Сяргея Шупы з умоўным Юрасём Пацюпам.

Арыентацыя роднае Кніжнае палаты на свет цэлы – гэта, безумоўна, адлюстраванне шматвектарнае палітыкі, мода на якую раз-пораз выбухае ва ўладных вярхах. У Беларусі яна можа выклікаць хіба пазяханне, але ўсё робіцца жывейшым, калі мы кажам пра стратэгіі асобаў, вызваленых ад унутрыбеларускіх умоўнасцяў. 23 сакавіка аўтар меў магчымасць праслухаць онлайн прэзентацыю зборніку “Карані / Лісце”, які пабачыў свет па выніках творчае лабараторыі “Расцяжэнне”, і быў станоўча ўражаны тым, як фасілітатар:кі і аўтар:кі наладзілі супрацу ў феміністычнай лабараторыі творчага пісьма, вынікам якой і стаўся зборнік тэкстаў.


Зборнік “Карані / Лісце”. Фота: Alexdandra Wells. Крыніца: reform.news


Лабараторыя адбылася ў 2023 годзе ўжо другі раз, яе тэмаю выступіла дэкаланізацыя. Удзельні:цы лабараторыі мелі адукацыйныя Zoom-сустрэчы не толькі з беларускімі літаратаркамі, але найперш з актывісткамі і публіцысткамі з постсавецкіх краінаў Сярэдняй Азіі і Грузіі (Сакартвэла). Гэтак, паводле арганізатар:кі Тоні Ладшэн, адбывалася перадача каштоўнага досведу, пра які міленіялкам і зумеркам з Беларусі абсалютна нічога не вядома. Тут заўважым: упершыню на памяці аўтара гэтых радкоў, якая сягае прыкладна сярэдзіны нулявых, пра посткаланіялізм у беларускім літаратурным кантэксце вядзецца без удзелу заходніх ці суседніх славянскіх ментараў, а досвед пераймаецца ад людзей, якія жывуць у іншай геапалітычнай і культурнай сітуацыі, маючы пры гэтым (пост)савецкі бэкграўнд.

Самым эфектыўным удзельніцы творчае супрацы палічылі курс Дзінары Расулевай – надзвычай адоранай паэткі з Татарстану, якая жыве ў Берліне і прасоўвае ідэю пісьма на страчаных мовах. Прыклад Дзінары быў для адной з удзельніц стымулам стварыць эсэ на палескай мікрамове, якую яна чула ад бабулі.

Вось жа, Палессе: у справаздачным перыядзе зафіксаванае вяртанне старога добрага краўдфандынгу. Аўтарка Голя з Новае Зеландыі выпускае кнігу “Мое баба – діректор морга” на мове вёскі Опаль Янаўскага раёну, адкуль ейныя карані. Гэта яшчэ адзін гімн паляшуцкасці, які стваральнікі падаюць у сучасным прывабным стылі. Адразу згадваецца журналіст Аляксей Дзікавіцкі, вядомы апошнім часам як пісьменнік палескае мікрамовы, які пазіцыянуе мову сваёй творчасці як мову роднае вёскі на Піншчыне.

Гэткая “салідарнасць разнастайнасці” вельмі кранае. Але нельга не пабачыць тут зародак чарговага палітычнага скандалу. Найлепшыя памкненні стваральніц і стваральнікаў новага паляшуцкага дыскурсу ў літаратуры відавочныя. Ды культываванне адметнасці беларускага Палесся і польскага Падляшша – тэма, якую лічаць небяспечнаю некаторыя адэпты правых поглядаў з Украіны. Існуе перакананне, што палеская ідэнтычнасць – гэта ўкід расійскіх спецслужбаў для дэстабілізацыі межаў былога СССР.

На жаль, гэта не гучыць як абсурдная тэорыя змовы ў святле даволі сур’ёзнага скандалу з ліцвінізмам, які апошнімі месяцамі разгортваўся ў Літве. Нагадаем, што ўжо паўгода як праварадыкальныя палітыкі і блогеры абвінавачваюць нацыянальна свядомых беларусаў ва ўзурпацыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага як чыста беларускае. Нягледзячы на тое, што нават службы бяспекі Літвы не пабачылі ў поглядах беларусаў нацыянальнае пагрозы ды расцанілі ўкід з ліцвінізмам як дэстабілізацыйныя дзеянні вонкавых сілаў, адбылася прыкрая спроба сарваць турнэ пісьменніка і гісторыка Уладзіміра Арлова па беларускіх дыяспарах Клайпеды, Коўна, Вільні. Тры прэзентацыі ўсё-ткі адбыліся ў сакавіку, але з пэўнымі праблемамі: напрыклад, у Вільні імпрэзу перанеслі на іншую пляцоўку, а прэзентацыя ператварылася фактычна ў двубой Арлова і літоўскага блогера Жыльвінаса Світоюса, які на сваёй старонцы ў Facebook назваў беларускага жывога класіка “ідэолагам ліцвінізіму”. Цяжка ацэньваць гэтае супрацьстаянне толькі паводле справаздачаў незалежных медыяў, але адметна тое, што гэтыя справаздачы былі, і з іх вынікае, што Арлоў атрымаў маральную перамогу. Беларускі пісьменнік прадэманстраваў зычлівае стаўленне да Літвы і літоўскага народу, даволі дыпламатычна выкладаў спрэчныя пытанні, заручыўшыся падтрыманнем прафесара гісторыі з Ковенскага ўніверсітэту Русціса Камунтавічуса.

Хочацца выказаць спадзяванне, што фантом ліцвінізму, які пасяліўся ў галовах некаторых радыкалаў Літвы, – з’ява часовая, і ён сам рассмокчацца да лета разам з іншымі абвастрэннямі вясны.


Чытайце агляды падзей у беларускай літаратуры 2022 - 2023 гадоў тут, тут і тут.



Report Page