ДЭСАВЕТЫЗАЦЫЯ
ZUBR.inЯк адзначае філосаф Уладзімір Мацкевіч, стаўленне да савецкага на прасторы былога СССР рознае. “Так ці інакш, большасць палітычных сістэм, якія ўсталяваліся ў постсавецкіх краінах, спрабуе сыйсці ад савецкага мінулага. Хтосьці сыходзіць у архаіку, аднаўляючы больш старажытныя інстытуты і формы грамадскага жыцця. Напрыклад, калі не ўдавацца у дэталі, менавіта так можна зразумець дзеянні палітычных рэжымаў у Туркменістане і Узбекістане. Хтосьці імкнецца зрабіць выгляд, што нічога савецкага ў іх краіне ўжо не захавалася, напрыклад, Грузія, Украіна, Малдова”.
Такім чынам, у большасці постсавецкіх краін тым ці іншым чынам адбываецца павольная мадэрнізацыя, якая ўключае і працэсы дэсаветызацыі, хоць яны не заўсёды акцэнтуюцца і ці высоўваюцца на першы план.

Советская Белоруссія
Па словах Мацкевіча, “ёсць толькі два прыклады на постсавецкай прасторы, дзе дэсаветыцыя не толькі не праводзіцца, але захаванне ўсяго савецкага зрабілася ядром дзяржаўнай палітыкі. Гэта Рэспубліка Беларусь пасля рэферэндуму 1995 года і дзяржаўнага перавароту 1996 года і самаабвешчаная Прыднястроўская Рэспубліка”.
Прыкметаў таму любы з нас, беларусаў, узгадае дастаткова – ад шыльдаў з назвамі вуліц Леніна, Кірава, Энгельса, Маркса і інш., помнікаў Дзяржынскаму ў цэнтры Менску і Леніну ў большасці беларускіх гарадоў да падатку "на тунеядства" ды рэкамендацый “раздевайся и работай” ад Лукашэнкі і “рожать побольше” ад Качанавай.
Да 2020 году гэта здавалася беларусам збольшага не такім істотным. Усё гэта, і хамаваты дыктатар у тым ліку, выглядала нейкай тутэйшай цікавосткай, такой адметнай “выспачкай савецкай рэальнасці” для турыстаў. Аднак гэтая старанна захаваная рэжымам савецкасць аказала вельмі негатыўны ўплыў на свядомасць беларусаў. Таму частка з іх працягвае існаваць у прапагандыскай парадыгме з блазнотай пра “варожы Захад” і “квітнеючую Беларусь”, пагаджаецца, што “часамі не да законаў”, а пра палітвязняў выказваецца ў розных варыянтах – ад рэзкага “здраднікі ад лялькаводаў” да спачувальнага “ну, яны самі абралі такі шлях, ніхто не цягнуў, няхай каюцца і працуюць на радзіму”.
Аднак радзіма па-савецку – гэта найперш дзяржава, “вялікая і магутная”. А чалавек у ёй – вінцік ці расходны матэрыял. Калі не такі, як машыне трэба – на сметніцу. Калі такі, як трэба – можна ў любы момант выкарыстаць, а зламаецца – замяніць.
Відавочна, што беларуская грамадзянская нацыя з такім станам рэчаў мірыцца болей не гатовая, і працэс дэсаветызацыі Беларусі непазбежна адбудзецца. А каб пазбегнуць як мага больш вострых кутоў, варта разабрацца, як яго накіроўваць і здзяйсняць.

Дэсаветызацыя для Беларусі
Згодна праграме культурнай палітыкі міжнароднага кансорцыуму ЕўраБеларусь, пра якую ўжо ўзгадвалася падчас гаворкі пра беларусізацыю, дэсаветызацыя – адзін з трох складнікаў якаснай і мэтанакіраванай трансфармацыі Беларусі ў незалежную, самастойную, заможную краіну з высокім узроўнем нацыянальнай свядомасці і развітой грамадзянскай супольнасцю.
Дэсаветызацыя – гэта і працэсс, што разгортваецца паралельна і сукупна з беларусізацыяй і еўрапеізацыяй, і неабходны падрыхтоўчы этап для беларусізацыі і еўрапеізацыі. Словамі метадолага Андрэя Ягорава, “калі дэсаветызацыя прадугледжвае неабходным этапам ачышчэнне культурнай прасторы ад архаічных нормаў савецкай арганізацыі жыцця і дзейнасці ў Беларусі, то беларусізацыя і еўрапеізацыя ёсць этапамі запаўнення гэтага “расчышчанага” (вольнага) месца”.
Разам з тым дэсаветызацыя сама па сабе месціць шмат нюансаў, пра якія варта памятаць.
Да прыкладу, як беларусізацыю зусім не варта ўспрымаць як нешта выключна “пра мову”, так і адносна дэсаветызацыі трэба памятаць, што ў БССР беларуская мова была як раз вельмі зручным і эфектыўным сродкам саветызацыі насельніцтва. Саму беларускую мову неабходна ўважліва дэсаветызаваць, іначай сыход савецкага будзе затрымлівацца і прыпыняцца, нягледзячы на свядомае пашырэнне карыстання роднай мовай беларусамі ў апошнія гады.

Улада – не Саветам
Напрамкі дэсаветызацыі фактычна супадаюць са сферамі жыцця грамадства.
Адзначым, што адно з найбольш устойлівых і частых словаспалучэнняў са словам “савецкі” – “савецкая ўлада”. Сутнасныя прыкметы такой улады – дзяржава важнейшая за чалавека, дыктатура класа ці культ асобы, валюнтарызм, аўтарытарнасць і дырэктыўнасць. Словамі Мацкевіча, “савецкая ўлада – гэта і ёсць распаўсюд да масштабаў нацыі ці імперыі норм і звычаяў бандыцкага аб’яднання.”
Фундаментальным напрамкам для дэсаветызацыі бачыцца тое, што сацыёлагі называюць складаным і доўгім словам – дэінстытуцыялізацыя. Гаворка ідзе найперш пра інстытуты ўлады савецкага часу і (ці) тыпу (кшталту КДБ, БРСМ і Усеагульнага народнага сходу Лукашэнкі), якія належыць дэканструяваць, ліквідаваць і замяніць на інстытуты ўлады, найлепшым прыкладам якіх на сёння ёсць інстытуты дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Савок у галовах
Феномен “савецкага”ці “саўка” даволі складаны. Пасля дзесяцігоддяў савецкага часу, цягам якога савецкія прынцыпы ўкараніліся і прараслі ў калектыўнай свядомасці, мы мусім казаць не проста пра рэформы, а пра паступовую і мэтанакіраваную працу па змяненню мыслення, ці, па Мацкевічу, “змяненне чалавечых стасункаў і чалавечых якасцяў”.
Менавіта людзі, а не нехта іншы, пазбаўляюцца цягам усяго перыяду ўлады Лукашэнкі ад “варожых”, “іншародных” элементаў ва ўсіх сферах жыцця ад палітычных актывістаў да “няправільных” настаўнікаў сярэдняй школы і нават святароў. Менавіта людзі на прапагандысцкім тэлебачанні ствараюць вобразы “ворагаў народу” і праплачаных Захадам агентаў ўздзеяння з-за мяжы. Менавіта людзі ў войску дазволілі ракетам паляцець з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Украіны і адчынілі шлагбаум на мяжы з Украінай для праходу расейскай вайсковай тэхнікі.
Гэтыя людзі – шмат хто з гэтых людзей – лічаць, што любяць сваю краіну і свой народ. Яны нярэдка сапраўды вераць у тое, што робяць слушна, сыходзячы з савецкага ці постсавецкага мыслення, нацкаваныя і заангажаваныя праз жахі ад ідэёлагаў і прапаганды.

Ідзе перазагрузка
Салідарнасць і прынцып “беларус беларусу беларус”, якія мы адчулі і пабачылі ў 20-м годзе – тое залатое сячэнне нацыі, з якога мы мусім перабудоўваць яе мысленне і светапогляд, выкідваючы праявы і рэшткі савецкага мораку з ўсіх сфер – палітыкі, адміністратыўнага кіравання, навукі, эканомікі, прадпрымальніцтва, адукацыі, войска, міжнародных адносін і г.д.
Таму на карысць дэсаветызацыі найперш у адносінах да мыслення беларусаў працуюць і працэсы беларусізацыі, накіраваныя на вылучэнне правоў і магчымасцяў для нацыі, і еўрапеізацыі з арыентырам на дэмакратычныя прынцыпы дзяржавы і правы чалавека. Усе тры працэсы арганічна спалучаюцца адно з другім і дапаўняюць адзін другога.
Сённяшнія грамадскія, сацыяльныя, палітычныя, асветніцкія, культурніцкія, тактычна-мілітарныя імпрэзы, ініцыятывы і праекты, якія ладзіць і ў якіх бярэ ўдзел дэмакратычная супольнасць ад імя беларускай грамадзянскай нацыі (няхай яна пераважна пакуль і базуецца ў замежжы) ужо працуюць на гэтую мэту.
Атрыманыя і назапашаныя такім чынам беларусамі досвед і навыкі ў дэмакратычна арыентаваных накірунках працы на карысць нацыі і кіравання імі паслужаць у свой час вялікай падмогай новай Беларусі, якую мы ўжо робім цяпер і зробім разам.