БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ

БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ

ZUBR.in

Беларусізацыя агулам разглядаецца як частка трыяды, у якой яна спалучаецца з дэсаветызацыяй і еўрапеізацыяй.

Разам з тым і дэсаветызацыя, беларусізацыя і еўрапеізацыя як этапы агульнага працэсу — гэта адносна самастойныя ўстаноўкі пра культурную, сацыяльную, эканамічную і палітычную рэальнасць, гістарычныя падзеі, праекты і праграмы.

Маецца на ўвазе, што гэтыя тры працэсы-складнікі адзінай якаснай і грунтоўнай трансфармацыі для Беларусі мусяць разгортвацца паралельна: дапаўняць адно адное, далучацца адно да аднаго, працягваць адно адное. Да прыкладу, дэсаветызацыя, якая адбываецца ў тым ліку праз мову – гэта пэўны падрыхтоўчы этап да беларусізацыі, а еўрапеізацыя – па логіцы этап завяршальны, калі цягам дэсаветызацыі і беларусізацыі наша нацыя ператвараецца ў саспелую, грунтоўную, роўную па самасвядомасці і ўзроўню развіцця іншым еўрапейскім нацыям дэмакратычную грамадзянскую супольнасць. 

Беларусізацыя – гэта пра мову?

Адносна беларусізацыі філосафы, сацыёлагі, метадолагі стварылі цэлы пласт напрацовак, у якіх бачаць яе мэтанакіраваным комплексным працэсам фарміравання сучаснай нацыі, у тым ліку яе грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў.  Адным з адметных прыкладаў такіх напрацовак ёсць праграма культурнай палітыкі аўтарства беларускага філосафа Уладзіміра Мацкевіча. 

Любая N-зацыя адбываецца масштабна і ў самых розных сферах – ад палітычных і рэлігійных да побытавых запазычанняў і штодзеннай моды. І славянізацыя, і паланізацыя, і русіфікацыя, на нашых землях закраналі і царкву, і дынастычнае права, і грамадзянскае права, і тэхнічныя інавацыі, і вайсковую справу, і школу, і мастацтва ад архітэктуры да фальклору, і кулінарыю, і штодзенную і святочную вопратку. 

Беларусізацыя як працэс выходзіць далёка за межы пытанняў мовы і развіцця нацыянальнай культуры і традыцыі. Яна мае запускаць змены ва ўсіх сферах  – эканоміцы, палітыцы, асвеце, навуковай і даследчай працы, архітэктуры і дызайне, прававой сістэме і г.д 

Нацыянальная ж традыцыя ў рамках беларусізацыі мусіць стала рэфлексавацца і развівацца, пераносіцца ў жыццё і рэалізавацца ў новых, мадэрнізаваных, сучасных формах. А там, дзе абапірацца на традыцыю немагчыма, трэба беларусізаваць, надаваць новым, сучасным практыкам беларускі каларыт, беларускае адценне, беларускі дух.

Такім чынам, беларусізацыя – гэта пра будучыню Беларусі з апірышчам на нацыянальную традыцыю. 

У працэса беларусізацыі вельмі шырокая панарама і кантэкст. Як папярэджвае Мацкевіч у артыкуле “Беларусізацыя: рамкі і змястоўнае напаўненне. Гістарычная дэтэрмінацыя”, сутнасць беларусізацыі нельга звужаць да моўнага пытання.

Калі казаць пра ўласна мову, то, як адзначае філосаф, “на беларускай мове можна рабіць антыбеларускія выказванні. Мову можа вывучыць кожны, але не кожны, які размаўляе на беларускай мове, з'яўляецца беларусам, не кожны беларус размаўляе на беларускай мове. Звядзенне зместу беларусізацыі да сферы функцыянавання мовы з'яўляецца не толькі спрашчэннем, але і перашкодай да рэальнай беларусізацыі”

Болей за тое, саветы, асабліва напачатку, актыўна выкарыстоўвалі беларускую мову як сродак саветызацыі грамадства, таму мову варта і трэба разглядаць найперш як сродак, а не галоўную мэту.  

Сумныя ж вынікі спробаў ствараць моўныя ці культурныя “выспачкі свабоды” у Беларусі мы бачым і на вузкіх прыкладах кшталту сітуацыі з “Таварыствам беларускай мовы”, пра апалітычнасць якога крытычна выказваецца Мацкевіч, і па бягучай сітуацыі ў краіне, калі любая спрадвечная нацыянальная праява ці класічны твор рызыкуе атрымаць і ўсё часцей атрымлівае кляймо "экстрэмісцкай", бо не адпавядае кастрыраванай рэжымнай псеўданацыянальнай ідэялагічнай базе. 

Дастаткова узгадаць пра бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", за выявы якіх на тэлефоне ці машыне беларусам шыюць крымінальныя справы, ці прызнаныя ў Беларусі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" творы не толькі Альгерда Бахарэвіча, які адлюстроўвае ў сваіх кнігах беларускую рэчаіснасць, і сучаснага паэта Уладзіміра Няклаева, што наважыўся ў 2010 годзе зрабіцца апазіцыйным кандыдатам ў прэзідэнты, але ўжо і прызнаных класікаў – Лідзіі Арабей, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, нават Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча... Чарга за Купалам, Коласам і Багдановічам?

Народ і нацыя 

Перад намі як перад нацыяй, якая трапіла ў складанейшую сітуацыю з рызыкай страціць дзяржаўнасць і суверэнітэт,  стаіць задача пеаасэнсаваць мінулае, цяперашняе і будучыню.

Калі казаць пра мінулае, то беларусізацыя не азначае “перапісванне гісторыі” на карысць нейкай ідэялогіі ці палітычнай мэты. Яна прадугледжвае пераасэнсаванне, перагляд уласнага гістарычнага лёсу, супольную і як мага больш аб’ектыўную ацэнку таго, што было ў нашай гісторыі і выпрацоўку ўзгодненай пазіцыі нацыі па супярэчлівых, невядомых ці нявызначаных дагэтуль пытаннях і тэмах.

Уладзімір Мацкевіч прыводзіць прыкладам захаванне спадчыны СССР у музеі і архівах, бо гэты перыяд немагчыма выкрэсліць з гісторыі Беларусі. І не трэба, каб сапраўды "ніколі зноў"!. Яшчэ адзін прыклад – пытанне з рускай мовай у Беларусі. У яго вырашэнні мусіць браць удзел весь беларускі народ – і выключна самастойна, з улікам сваіх актуальных нацыянальных інтарэсаў. 

Варта, аднак, адзначыць, што тэрмін “народ” разглядаецца як сукупнасць усіх людзей у дзяржаве. Як сведчыць гісторыя, народу як вялікай масе людзей бывае складана рэалізаваць свой суверэнітэт праз дзяржаўныя інстытуты. Апошнія могуць дзейнічаць не так якасна, як належыць, ці, як здарылася ў Беларусі, адкрыта і нахабна дзейнічаць супраць інтарэсаў народу – і тады ён, абураны, можа ператварыцца ў натоўп на вуліцах. Гэта часцей прыносіць дэструктыўныя вынікі. Праўда, у Беларусі у час мірных пратэстаў да гвалту звярнуўся не натоўп, які паводзіў сябе як мага больш карэктна і інтэлігентна, а сілавікі "ва ўладзе".  

"Нацыя" – болей дасканалы і канкрэтны тэрмін. Ён таксама азначае “народ”, але народ з асэнсаваным і структурным механізмам у форме суверэнітэту, які абараняецца грамадзянскай супольнасцю. 

Словамі Мацкевіча, нацыя – гэта “грамадзянская супольнасць у максімальным выражэнні”. І менавіта ёй, як суб’екту канстытуцыйнага права і міжнароднага права, належаць паўнамоцтвы на самавызначэнне і ўсталяванне ўласнай дзяржаўнасці.

Таму беларусізацыя ўключае ў сябе здабыванне самастойнасці, суверэнітэту дзяржавы праз грамадзянскую супольнасць. Калі суверэнітэт грамадзянскай нацыі распаўсюджваецца на ўсе аспекты, галіны і сферы жыцця і дзейнасці, нацыя ўсведамляе і нясе адказнасць за мінулае, сучаснае і будучыню культуры, мовы, гаспадаркі, ладу жыцця і ўласна самога жыцця.

Дом, мілы дом

Фарміраванне такой утульнай прасторы, каб адчуваць сябе ў сваёй краіне як дома на печцы – яшчэ адзін аспект беларусізацыі. І тут складана сфармуляваць лепей за Мацкевіча: “... гэтае пачуццё, цалкам суб'ектыўнае, нават інтымнае, абапіраецца на ўмовы побыту, колеры дамоў і мэблі, кулінарныя густы, варыянты гендэрных і сэксуальных узаемаадносін і шмат што іншае. Беларусь – гэта прастора нашага жыцця, гэта месца, дзе нам зручна і камфортна жыць, дзе мы жадаем жыць. Зрэшты, пакуль гэта не зусім так, але беларусізацыя немагчымая без уліку такога кшталту пачуццяў і перажыванняў. Мы не можам паўплываць на гэтыя пачуцці і перажыванні, але мы абавязаныя на іх арыентавацца. Таму што, рана ці позна, у гістарычнай перспектыве, у нас і з намі застанецца сваё роднае і адпадзе, ці мы страцім, усё не сваё, чужое”. 

Гэтага пачуцця на сённяшні дзень, на жаль, вельмі не хапае ў Беларусі ўсім, хто адсочвае падзеі з пазіцыі грамадзяніна сваёй нацыі. Вяртанне самім сабе краіны як месца, дзе мы пачуваемся дома, а цяпер яшчэ і вяртанне дадому тых, хто вымушаны быў пакінуць яе – адна з найбольш істотных і актуальных мэтаў беларусаў. Такая ж істотная,  як і неабходнасць памятаць, што кожны беларус і кожная беларуска, дзе б яны ні былі сёння, штодня ствараюць гісторыю сваёй нацыі і дзяржавы ўласнымі рукамі і ўчынкамі. Беларусяць, адным словам.  

Прафесійныя гісторыкі ўсё часцей зважаюць на гісторыю паўсядзённасці, на вусную гісторыю простых людзей. І ў гэтым падыходзе кожны можа стаць гістарычным дзеячам: і мастак, і кулінар, і прэзідэнт, які прыносіць прысягу на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і выхавальнік дзіцячага садку, які развучвае з дзецьмі песенькі пра нашу Радзіму-Беларусь. Беларусізацыя Беларусі гэта тое, што не пад сілу нікому індывідуальна. Гэта тое, што складаецца з цаглінак, якімі валодае кожны з нас, якія робяць гісторыю".



Report Page