Блогер і «дырэктар дастаўкі» Андрэй Касцюк – пра тое, колькі можа зарабіць кур'ер у Варшаве 

Блогер і «дырэктар дастаўкі» Андрэй Касцюк – пра тое, колькі можа зарабіць кур'ер у Варшаве 

«Белсат»

Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк ужо больш за год працуе кур'ерам. Называе сябе «галоўным кур'ерам Варшавы» і «дырэктарам дастаўкі» ды лічыць, што роварная «кур'ерка» – найлепшая праца для тых, хто пакуль не знайшоў сябе ў новых умовах і новай краіне. Сваім кур'ерскім досведам дзеліцца на ютуб-канале «Direktor Polska». Паразмаўлялі з Андрэем пра заробкі, «напіўкі» (чаявыя) і сучасныя электраровары. 

Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

«Дырэктар карагодаў»

У сваім родным Берасці Андрэй Касцюк займаўся таргетынгавай рэкламай і арганізацыяй вечарынак. Жыў літаральна насупраць будынку ўпраўлення СК па Берасцейскай вобласці. Кажа, што ў горадзе яго добра ведалі, а «са «следакамі» нават разам гуляў у футбол». 15 верасня 2020 года, праз два дні пасля пратэставага карагоду ў Берасці, адзін з супрацоўнікаў СК папярэдзіў Андрэя, каб той «выдаляў усё з гэтага дня» са свайго «Інстаграму». 

«Выдаляць? Мне што, няма чаго рабіць?» – адпісаў берасцеец следчаму. І праз два месяцы быў затрыманы ў «карагоднай справе» («А то ж, дырэктар карагодаў!» – смяецца Андрэй). У жніўні 2021 года яму прысудзілі тры гады «хіміі» (арт. 342 КК). Сваёй віны Касцюк не прызнаў. За некалькі дзён да пачатку адбывання «хіміі» мужчына з'ехаў ва Украіну, а пасля – у Польшчу.

«Калі няма замоваў, еду дамоў і мантую ролікі» 

У новай краіне Андрэй адпрацаваў некалькі месяцаў на складах, а потым вырашыў падацца ў кур'еры. Ужо сваю першую паездку па Варшаве з кур'ерскай сумкай за плячыма фіксаваў на відэакамеру, даўшы старт youtube-каналу «Direktor Polska».

«Не, ну слухай, я насамрэч вельмі сціплы чалавек. А «дырэктар» і «галоўны кур'ер» – больш такі рэкламны ход, ну каб у вочы больш кідалася і каб людзі запаміналі», – пасміхаецца Андрэй Касцюк. 

Ягоны блакітны кур'ерскі заплечнік упрыгожвае налепка з беларускай Пагоняй. За дзень праязджае 50-60 кіламетраў, але бывае, што і 120.

Заплечнік Андрэя Касцюка з Пагоняй. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

Андрэй тлумачыць, што працаваць у дастаўцы яго падахвоціла шмат рэчаў. У нейкі момант зразумеў, што пачаў губляць у эміграцыі фізічную форму («Нейкім друзлым пачаў рабіцца»), якую ў Беларусі падтрымліваў рэгулярнымі трэнінгамі. Але ездзіць на ровары без якой-кольвек мэты не любіў. «А тут калі падумаў, што мне за гэта яшчэ і грошы будуць плаціць, – дык зусім прыкольна», – кажа. Па-другое, даўно хацеў стварыць свой ўласны ютуб-канал, тэма дастаўкі ежы «павінна была пракаціць». 

Па-трэцяе, кур'ерка пагружае чалавека ў соцыум і дае магчымасць удасканаліць польскую мову. І, нарэшце, адзін з галоўных фактараў – свабода. Калі абіраеш працу на мабільных дадатках без загадзя выбранага графіку (Андрэй працуе на «Uber» і «Wolt»), то толькі сам вырашаеш, калі і колькі табе працаваць. 

«Калі цягам 20-30 хвілін не маю замоваў, проста еду дамоў і мантую ролікі», – тлумачыць наш суразмоўца.
Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

«Хто ж будзе піцу на абед замаўляць?»

Андрэй пачынаў працаваць на звычайным ровары, бо найперш хацелася падцягнуць сябе фізічна. Але з часам зразумеў, што на электраровары можна працаваць хутчэй і эфектыўней («Я доўга супраціўляўся «электрыкам», але калі зразумеў, што і там ёсць нагрузка, пачаў дастаўляць на іх»). Спрабуе працаваць на розных. Ровары арандуе ва ўжо праверанай фірме (кошт арэнды вагаецца ад 150 да 300 злотых на тыдзень). 

На «веліку» з батарэяй 50 ампер амаль не трэба круціць педалі, таму на такіх змаглі б працаваць нават сталыя людзі, якім цяжка бывае знайсці добрую працу ў Варшаве, сцвярджае беларус.

«Іншая справа, колькі яны змогуць зарабіць, але тут усё залежыць ад іх. Проста трэба троху кеміць ва ўсім гэтым, а не проста стаяць у абед каля піцэрыі ў натоўпе іншых кур'ераў і чакаць замоваў. Хто ж будзе піцу на абед замаўляць? Трэба шукаць, дзе рыс з «курчакем» [курыцай] гатуюць», – смяецца «галоўны кур'ер Варшавы».

Усіх сваіх прафесійных сакрэтаў Андрэй не выдае. Магчыма, галоўны з іх – выдатная зрокавая памяць і назіральнасць. Сцвярджае, што ў сваім Макатове (раён Варшавы) на памяць ведае «ўсе аб'езды, праезды і дзіркі», а таксама – коды ад зачыненых жылых кварталаў і тое, як працуюць макатоўскія святлафоры.

Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

Ці кур'ер зарабляе 6000 злотых у Варшаве  

Цяпер, напэўна, пра галоўнае. Заробкі і грошы. Усё залежыць ад сезону, запэўнівае Андрэй. 

Больш за ўсё атрымліваецца зарабляць у другой палове восені, троху менш замоваў – зімой і вясной. А вось лета – не кур'ерскі час для Варшавы. Хаця ўсё адносна – бываюць розныя дні. Свой рэкорд заробкаў за гадзіну працы беларус устанавіў якраз улетку – 87 злотых за гадзіну (троху больш за 20 еўраў) нэта. Пры мінімальным заробку ў Польшчы – 24,25 злотых за гадзіну чыстымі.  

«Увогуле, паставіў сабе ніжнюю планку – 40 злотых за гадзіну. Гэта сярэдняе. Усё матэматычна заўсёды разлічваю. Можа, каму падасца складаным, але такі я чалавек. Увосень, калі шмат акцыяў і вялікія каэфіцыенты, зарабляў у асноўным 50-70 зл / гадз. Працую ў дзень па 5-6 гадзін. Восенню было такое, што за дзень зарабіў больш як 500 злотых (120 еўраў), але там я каля 10 гадзін, напэўна, катаўся», – распавядае Андрэй, але колькі дакладна зарабляе за месяц, не гаворыць («Ну я на месяц не гляджу…»). 
«Летам? Летам складана было б. А калі браць восень – то лёгка. Проста ўвогуле лёгка. Так, менавіта 6000 чыстымі», – сцвярджае кур'ер.
Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

У Варшаве ён працуе цалкам легальна, паводле дамовы, якую заключыў з фірмай-партнёрам. Плаціць падатак у памеры 8,5 % і мае на гэтай падставе дзяржаўную медычную страхоўку ад польскага ZUS (упраўленне сацыяльнага страхавання) для сябе i сям'i. 

Андрэй мяркуе, што праца кур'ерам у Польшчы – адзін з самых простых для беларусаў-эмігрантаў шляхоў, каб зарабляць і працаваць легальна. Навічкам ён раіць звяртацца з любымі пытаннямі ў тэлеграм-чат «Кур'еры Варшавы», які стварыў для камунікацыі з калегамі (каля 200 удзельнікаў, у асноўным – беларусы і ўкраінцы). Але, у кожным разе, формула старту такая:

  • знайсці фірму-партнёра, якая афармляе дамову і праз якую павінны аплочвацца падаткі (за паслугі партнёра таксама трэба будзе плаціць, Андрэй штомесяц аддае 135 злотых);
  • зарэгістравацца на кур'ерскіх мабільных дадатках, а лепш – на некалькіх (штотыдзень бяруць плату за карыстанне, Андрэй плаціць агулам 35 злотых за два дадаткі);
  • дачакацца ўхвалення пасля рэгістрацыі, арандаваць ровар ці электраровар, калі няма свайго, і пачаць зарабляць.

Колькі трэба чакаць, каб кандыдатура была ўхваленая, залежыць яшчэ ад таго, ці трывае у гэты момант набор у кур'еры. Восенню ўладкавацца лягчэй, зазначае Андрэй. Згадвае, што пасля рэгістрацыі ў партнёра і на мабільным прыкладанні «Uber» восенню 2023 года мог выехаць на працу ўжо на наступны дзень. 

Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

«Каб любіў стабільнасць – сядзеў бы ў Беларусі»

«На якой «апцы» [скарочана ад польскага «aplikacja», мабільны дадатак – рэд. «Белсат»] катаць, кожны выбірае сабе сам. Я катаю на «Wolt» і «Uber». Калі хочаш працаваць па зарэзерваваных графіках – ёсць «Glovo». Ёсць таксама дастаўнікі, якія плацяць кур'ерам фіксаваныя стабільныя стаўкі, як у «Stuart», «Pyszne.pl» ці «Żabka Jush». Але я не люблю стабільнасці. Які сэнс зарабляць стабільна, але ў два разы менш, чым я зарабляю зараз? Каб я любіў такую стабільнасць – сядзеў бы зараз у Беларусі», – смяецца Андрэй Касцюк.

Ён прызнаецца, што за год працы не страціў імпэту і кайфу, які яму дае «кур'ерка». 

«Не, прыкольна. Жаданне працаваць увесь час падсцёбваецца. Абломвае, канечне, калі сядзіш, і табе на двух дадатках хвілін 20 не даюць замоваў. Але я не марную часу. Сядаю і проста на тэлефоне мантую «шорты» на «Ютуб» ці на «Тыкток», сяджу на сонейку, загараю і мантую паціху», – апавядае Андрэй.

Свае ролікі «дырэктар дастаўкі» прыпраўляе жартамі, гісторыямі і разважаннямі пра жыццё, хуткасць (на адным з ровараў можа разганяцца да 50 км / гадз) ды людзях.  Напрыклад, пра тое, ці палякі п'юць больш за беларусаў і расейцаў (мяркуе, што так), хто часцей і ахвотней дае кур'ерам «напіўкі» (старэйшае пакаленне, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці) і ці варта ў Варшаве ездзіць на чырвонае святло (тут глядзіце ролікі). 

Ці не ў самым першым відэа распавядае, як з полькі, якая прымае замову, «выпадкова» спадае ручнік, якім абкруцілася пасля лазенкі… А нам, больш падрабязна, пра тое, як аднойчы на звычайным ровары з тонкімі коламі ледзь не ўрэзаўся на скрыжаванні ў бус, які не паказаў паварот.

«Я па тармазах, але было слізка пасля дажджу і мяне павяло, прычым так, што паляцеў наперад галавой пад колы гэтага буса. Ужо рукі выставіў, каб неяк змякчыць. Але ён таксама паспеў прытармазіць, сантыметраў 10 заставалася…» – апавядае кур'ер. 
Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

Эміграцыя як магчымасць рабіць новае

Андрэй прызнаецца, што ў Польшчы яго яшчэ ніводнага разу не штрафавалі, хоць некаторыя парушэнні падчас працы здараюцца. Заўважае, што, напэўна, у Беларусі, прынамсі ў Берасці, людзі больш прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху. 

Роварную інфраструктуру ў Варшаве ацэньвае як добрую. Хоць на самым пачатку быў проста ў захапленні ад таго, колькі шмат веладарожак у горадзе. Але потым прызвычаіўся («Цяпер вышукаваеш мінусы»).

Апрача «кур'еркі» Андрэй Касцюк ужо спрабуе ладзіць у Варшаве вечарынкі і працягвае дыджэіць з «Дай Дарогу!». З лідарам гурту Юрыем Стыльскім сябруе аддаўна. Стыльскі прысутнічаў амаль на ўсіх судовых паседжаннях у Берасці, на якіх разбіралі справу Андрэя. Падтрымліваюць стасункі і на эміграцыі. Але ці будзе дыджэіць на канцэрце «Дай Дарогу!» ў Варшаве 17 жніўня, Андрэй пакуль не ведае.

Андрэй Касцюк ўпэўнены, што эміграцыя і выгнанне – гэта не толькі выпрабаванне, але таксама магчымасць і шанец для многіх беларусаў паспрабаваць у жыцці нешта новае. І не трэба баяцца гэта рабіць. Андрэй развітваецца з намі, заскоквае на ровар і рушыць наперад. Беларуская Пагоня на сумцы кур'ера знікае за паваротам…  

Зміцер Міраш, «Белсат»

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page