Беларускія сцежкі Барыса Міроціна
Віталь АніськаСёлета споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння вядомага спартсмена і трэнера Барыса Абрамавіча Міроціна (1903 – 1983). Званне шашачнага майстра ён атрымаў па выніках першага чэмпіянату СССР у 1924 годзе. Шмат гадоў Міроцін быў адным з мацнейшых савецкіх ігракоў. У 1935 годзе ён пачаў весці шашкі ў спартыўнай школе стадыёна Юных піянераў у Маскве і за гады працы трэнерам дасягнуў выдатных вынікаў. Міроцін – першы настаўнік чэмпіёна свету Шчогалева, гросмайстра Агафонава і многіх маскоўскіх майстроў. У 1960 годзе ён першым з шашыстаў стаў заслужаным трэнерам СССР. Але мала хто ведае, што нарадзіўся Барыс Міроцін у Гомелі, жыў у Харкаве, праходзіў вайсковую службу ў Мінску, некалькі разоў вяртаўся ў родны горад, дзе ўдзельнічаў у развіцці шашак. Пра малавывучаны перыяд жыцця Міроціна да яго пераезду ў Маскву ў 1929 годзе распавяду ў гэтым артыкуле.
Нарадзіўся Барыс Міроцін у лютым, але дакладная дата невядомая. З шашкамі хлопчык пазнаёміўся ў восем гадоў. Гульню ён вывучаў самастойна, па дадатках да часопіса «Ніва». З Гомеля Міроцін пераехаў у Харкаў, дзе ў 1921 годзе закончыў працоўную школу. Пазней у аўтабіяграфіі пра перыяд да 1929 года ён пісаў толькі, што ў 1922-25 гадах быў бяззменным чэмпіёнам Харкава. Пра Гомель ён не ўзгадваў, але вядома, што не пазней за сярэдзіну 1924 года ён вярнуўся ў родны горад, які прадстаўляў у першым чэмпіянаце СССР па шашках, які пачаўся 26 жніўня ў Маскве. Трэба нагадаць, што ў той час Гомель уваходзіў у склад РСФСР і быў перададзены Беларусі падчас другога ўзбуйнення рэспублікі, якое адбылося ў снежні 1926 года. У саюзным першынстве малады Міроцін выступіў даволі ўдала – набраў 50% ачкоў і заняў 10 месца з 20 удзельнікаў. Ён атрымаў спецпрыз за найлепшы вынік з прызёрамі, а таксама стаў адным з дзесяці першых савецкіх майстроў спорту. Вось што пазней Міроцін успамінаў пра гэты чэмпіянат.
Летом 1924 года я прочитал в газете о предстоящем Всесоюзном турнире (по шашкам). Речь шла о первом после революции чемпионате страны, о событии, значение которого трудно переоценить. В списке приглашенных (именно приглашенных!) было два харьковчанина – С.Додинов и я. Но мой соперник по городским турнирам поехать в Москву не смог. Вскоре в Гомеле, где я временно находился, я получил по почте мандат участника и 50 рублей на дорогу. В конце августа приехал в Москву. С представителями оргкомитета встретился в одном из помещений Дома союзов, возвышавшемся над ветхими лавками Охотного ряда.
Шел мне тогда 22-й год, но, вероятно, небольшой рост делал меня еще моложе. Может быть, поэтому я был встречен словами: «А вы к кому, мальчик?». Пришлось предъявить мандат участника турнира, но и это не убедило организаторов. Решили меня проэкзаменовать за доской: как бы не произошло конфуза, все же чемпионат страны! Среди экзаменаторов оказались случайно А.Воронцов (однофамилец знаменитого Сергея Андреевича Воронцова), С.Буланов, С.Коврев. Двое последних были участниками предстоящего турнира. Испытание я выдержал. Кстати, в итоговой таблице турнира экзаменаторы оказались ниже меня. С.Коврев выступал в соревновании под фамилией С. Черный, боясь насмешек сослуживцев и служебного начальства: он занимал тогда ответственную должность. Время еще не избавило многих от пренебрежительного взгляда на шашки. Список участников чемпионата был утвержден в количестве двадцати человек, игра шла по двухкруговой системе. На турнир было отведено две недели, и приходилось играть по четыре партии в день в помещении б. Охотничьего клуба на Воздвиженке (ныне проспект Калинина).
В первом туре судьба свела меня с одним из сильнейших шашистов страны Николаем Александровичем Кукуевым. В одной из двух сыгранных с ним партий мне удалось устоять. Я был безмерно рад этому. Уже первые партии показали, что я не совсем беспомощен в тактике, слабоват в теории. Б.Круталевич, с которым мы впоследствии дружили, укоризненно качал головой, глядя на мои дебютные новинки. И все же я набрал заветные 50% и занял десятое место, то есть попал в число тех первых советских шашистов, которым было присвоено звание мастера. Кроме того, мне вручили специальный приз за лучший результат с призерами. Но мастером, по существу, я все же еще не стал. Понадобился год кропотливой работы, прежде чем я смог во II чемпионате по-настоящему подтвердить свое звание.
У канцы 1924 года Міроцін зноў пераехаў у Харкаў, які тады быў сталіцай Украінскай ССР, дзе стаў працаваць інструктарам-метадыстам шахматна-шашачнай секцыі Дома Чырвонай арміі, а ў мясцовай газеце «Пламя» пачаў рэдагаваць шашачны аддзел.
Міроцін працягваў гуляць і сам. У 1925 годзе ён стаў чэмпіёнам Харкава, бронзавым прызёрам першага чэмпіянату Украіны, а таксама заняў сёмае месца ў першынстве СССР.
Восенню 1925 года для праходжання вайсковай службы Міроцін прыехаў у Мінск, дзе адразу ўключыўся ў шашачнае жыццё. У пачатку лістапада ён даў сеанс адначасовай гульні ўсляпую на пяці дошках (+4 –1). Затым упэўненна (+6 –1) перамог у матчы чэмпіёна Беларусі Іллю Гардона, які за некалькі месяцаў да гэтага стаў майстрам спорту. У 1926 годзе Міроцін часта гуляў з малодшым Гардонам – Самуілам, які прыязджаў на радзіму з Ленінграда, дзе вучыўся.
Таксама ён гуляў у аднадзённых турнірах, у якіх удзельнічалі мацнейшыя беларускія ігракі. Адпусцілі Міроціна нават на турнір у Чачэрск, які ён выйграў. А вось згуляць у сур’ёзных спаборніцтвах падчас знаходжання ў Мінску яму так і не ўдалося. У канцы 1925 года думалі над арганізацыяй першынства горада, у якім упершыню прынялі б удзел адразу тры майстры спорту – Барыс Круталевіч, Ілля Гардон і Барыс Міроцін, але ж турнір не адбыўся.
А ў жніўні 1926 года меўся прайсці другі чэмпіянат Беларусі. Міроцін быў сярод запрошаных персанальна, але за тры тыдні да пачатку турнір быў адменены па прычыне ўведзенага ў Савецкім Саюзе рэжыма эканоміі.
У пачатку 1927 года Міроцін зноў вярнуўся ў Гомель, дзе на гэты раз пражыў каля двух гадоў. У той час шашачны рух там быў на пад’ёме. Якраз з вялікім размахам арганізоўваўся першы масавы гарадскі турнір рабочай моладзі, куды дапускаліся члены прафсаюза ад 16 да 24 гадоў. Ён сабраў 80 ігракоў, лепшыя з якіх пасля групавых турніраў сыйшліся ў фінале. Пасля адкрыця турніру 28 лютага Міроцін даў сеанс для яго ўдзельнікаў на 40 дошках.
У пачатку сакавіка была створана Гомельская акруговая шахматна-шашачная секцыя. Міроцін увайшоў у склад яе бюро. А 15 красавіка на старонках газеты «Палеская праўда» выйшаў першы выпуск шашачнага аддзела пад рэдакцыяй Барыса Міроціна і Якава Эвентава. Апошні – шахматыст, ён, верагодна, займаўся толькі тэхнічнай падрыхтоўкай, а за напаўненне адказваў Міроцін. Аддзелу газета адвяла шмат месца, сярод бачаных мной у беларускіх газетах 1920-х гадоў, ён быў самым вялікім. Падрабязней прачытаць пра аддзел, а таксама паглядзець 59 яго выпускаў можна па спасылцы.
На старонках «Палескай праўды» Міроцін падрабязна асвятляў шашачнае жыццё Гомеля, прыводзіў партыі і табліцы гарадскіх турніраў, публікаваў задачы і эцюды мясцовых складальнікаў. Адным з іх быў Уладзімір Мышкоўскі, які потым стаў вядомым шашачным кампазітарам, міжнародным арбітрам, быў намеснікам старшыні федэрацыі шашак СССР. Рэдагаваў аддзел Міроцін да ліпеня 1928 года.
Не пакідаў Міроцін і практычнай гульні. Ён перамог у чэмпіянаце Гомеля 1927 года. А ў гарадскім першынстве наступнага года нечакана заняў толькі другое месца, саступіўшы маладому Рудзіну, пераможцу першага масавага гарадскога турніру. Акруговай шахматна-шашачнай секцыяй было прынята рашэнне аб правядзенні матчу Міроцін – Рудзін, які майстар упэўнена выйграў у ліпені з лікам +8 =4, і званне чэмпіёна горада на 1928 год перайшло да яго.
Але з удзелам у буйных спаборніцтвах у Міроціна зноў не складвалася. Па нейкай прычыне ён не згуляў у трэцім першынстве СССР, хаця быў запрошаны персанальна і за дзень да яго пачатку, 12 кастрычніка 1927 года, знаходзіўся ў Маскве. Ён нават выйграў лёгкую партыю ў будучага чэмпіёна харкаўчаніна Бакуменкі, якую прывёў пасля заканчэння чэмпіянату ў «Палескай праўдзе» (аддзел № 27). А ў кастрычніку 1928 года Міроцін не згуляў у першынстве Беларусі, бо ў мясцовага спорткамітэта не знайшлося грошай, каб адправіць гомельскіх шашыстаў у Мінск.
У снежні ў «Палескай праўдзе» выйшаў ананімны артыкул з крытыкай членаў акруговай шахматна-шашачнай секцыі Маневіча, Ноткіна, Малеца і Міроціна, якія па меркаванні аўтара туды «пролезли ловко, хитро, незаметно». А шашачны майстар быў названы «буржуазным выходцем».
У наступным годзе Міроцін пераехаў у Маскву. У ліпені ён даваў сеанс адначасовай гульні ў сталічным парку культуры і адпачынку.
У 1933 годзе Міроціну ўсё-такі ўдалося згуляць у першынстве Беларусі. Праўда, ён удзельнічаў па-за конкурсам, як запрошаны майстар, была тады такая практыка. Так што, нават заняўшы першае месца, чэмпіёнам рэспублікі не стаў.
Прывяду яшчэ малавядомую інфармацыю з маскоўскага перыяду жыцця Міроціна. 20 мая 1937 года на першай паласе шахматна-шашачнай газеты «64» выйшаў артыкул «Важнейшая задача» за аўтарствам шахматыста Нагліса і шашыста Торчынскага. Прывяду вытрымкі з яго (поўнасцю можна прачытаць тут).
Не секрет, что среди мастеров и первокатегорников есть люди, политически безграмотные, не работающие над повышением своего политического и культурного уровня. Между тем, эти люди при своем желании и помощи со стороны руководящих шахорганизаций могли бы быть всесторонне развитыми и политически грамотными людьми.
Мастер Миротин руководит шашечной школой на стадионе юных пионеров (Москва). Он большой знаток шашечной игры, но политически безграмотен и в культурном отношении оставляет желать много лучшего. На проверке инструкторов мастер Миротин не мог ответить на самые элементарные политические вопросы. Он заявил: «Я мастер шашечного дела и не обязан ничего больше знать». Спрашивается, можно ли такому человеку доверить воспитание детей?
Подобных фактов можно привести больше, но и приведенный достаточно красноречиво говорит о том, что в нашей организации не все благополучно.
Погоня за «длинным рублем», самоизолирование от окружающей жизни, политическая безграмотность, невысокий культурный уровень – вот отличительные черты некоторых наших мастеров и части первокатегорников.
Зразумела, чым у тыя часы магло гэта закончыцца для Міроціна. Але абыйшлося. Праз месяц разам з Торчынскім яны гулялі за зборную Масквы супраць Ленінграда.
Дзякую за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула майстру спорта Сяргею Гарбачову (Масква).