Шашачны аддзел у газеце «Палеская праўда» ў 1927-1928 гадах
Віталь Аніська15 красавіка на старонках гомельскай газеты «Палеская праўда» выйшаў першы выпуск шашачнага аддзела пад рэдакцыяй майстра Барыса Міроціна і Якава Эвентава. Апошні – шахматыст, ён, верагодна, займаўся толькі тэхнічнай падрыхтоўкай, а за напаўненне адказваў Міроцін. Аддзелу газета адвяла шмат месца, сярод бачаных мной у беларускіх газетах 1920-х гадоў, ён быў самым вялікім.
Міроцін у першую чаргу асвятляў шашачнае жыццё Гомеля, якое тады ў асноўным працякала ў рабочых клубах і школах: даваў вынікі матчаў і сеансаў, публікаваў табліцы і партыі гарадскіх турніраў. Былі таксама навіны з Рэчыцы, Хойнікаў, Навабеліцы, Чачэрска. Хаця, канешне, не заставаліся па-за ўвагай і падзеі, якія адбываліся ў Беларусі і СССР, прыводзіліся партыі лепшых савецкіх ігракоў.
У аддзеле публікавалася шмат задач і эцюдаў мясцовых складальнікаў: братоў Мышкоўскіх, С.Пеўзнера, І.Эпельбаўма, І.Азарха, З.Мар’ямава і іншых. Адным з іх быў Уладзімір Мышкоўскі, які потым стаў вядомым шашачным кампазітарам, міжнародным арбітрам, быў намеснікам старшыні федэрацыі шашак СССР.
Рэдакцыя надавала шмат увагі шашачнаму і шахматнаму (ён пачаў выходзіць 13 красавіка) аддзелам, нават правяла апытанне чытачоў у канцы мая.
Яго вынікі не публікаваліся, але тое, што аб’ём аддзелаў не зменшыўся, сведчыла пра іх запатрабаванасць. Пазней адзін з чытачоў даслаў у рэдакцыю ліст з прапановамі па паляпшэнню аддзелаў.
У пачатку верасня 1927 года ў аддзеле быў апублікаваны спіс гомельскіх шашыстаў-катэгорнікаў. Адкрыццём для мяне стала, што адзін з мацнейшых беларускіх шахматыстаў тых часоў Абрам Маневіч меў першую катэгорыю па шашках. У аддзеле было апублікавана некалькі яго партый. Адну з іх, супраць Эрэнбурга, Маневіч нават грунтоўна прааналізаваў (выпуск № 14). У шашачным чэмпіянаце Гомеля 1927 года ён прайграў толькі адну партыю і стаў прызёрам.
У чэрвені 1928 года Я.Эвентаў з’ехаў з Гомеля, і дапамаць Міроціну з выпускам аддзела сталі шахматысты Маневіч і Сраговіч. А праз паўтара месяца рэдактарам замест Міроціна стаў адзін з мацнейшых гомельскіх шашыстаў Г.Рудзін разам з тым жа Абрамам Маневічам.
Фактычна аддзел закрыўся ў канцы лістапада 1928 года. Пасля гэтага выйшаў яшчэ толькі адзін выпуск – 15 студзеня 1929 года. Аддзел – вельмі каштоўная крыніца па гісторыі гомельскіх шашак. Усяго выйшла 65 яго выпускаў: 1927 год – 34, 1928 год – 30, 1929 год – 1. Па спасылцы можна азнаёміцца з 59 з іх (не хапае №№ 16, 35-37, 39, 51).
22 кастрычніка 1929 года выхад шашачнага аддзела на старонках «Палескай праўды» ўзнавіўся пад рэдакцыяй Рудзіна і Эм.Левіна. Але гэта ўжо іншая гісторыя, бо яны не атаясамлялі свой аддзел з папярэднім і пачалі нумерацыю выпускаў з пачатку.