Барыс Круталевіч: кароткае жыццё 

Барыс Круталевіч: кароткае жыццё 

Віталь Аніська

Першым беларускім майстрам па шашках стаў у 1924 годзе Барыс Прохаравіч Круталевіч. Захаваліся яго партыі, канцоўкі, эцюды, вынікі выступлення ў турнірах. Але што мы ведалі пра яго кароткае жыццё? Зусім нямнога з публікацый у газетах і часопісах 1920-х гадоў і кніг Аркадзя Ракітніцкага, які ведаў Круталевіча асабіста: нарадзіўся ў Мінску, нейкі час жыў у Маскве, у 1921 годзе вярнуўся з братам Аляксандрам у Мінск, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, памёр у 27 гадоў ад сухотаў лёгкіх і горла, на якія захварэў у 1918 годзе. Вось бадай што і ўсё. Ды, як аказалася, і ў гэтай невялікай інфармацыі ёсць недакладнасці.

Дзякуючы працы ў архівах удалося ў значнай ступені ўзнавіць біяграфію Барыса Круталевіча, хаця белыя плямы яшчэ застаюцца. Таксама знайшліся дзве яго фатаграфіі. Пра бацькоў стала вядома са знаходак гісторыка Ігара Барынава.

У гэтым артыкуле распавяду пра біяграфію першага беларускага майстра, не кранаючы яго шашачнай спадчыны. Яна стала тэмай асобнай публікацыі.

Нарадзіўся Барыс Круталевіч 9 (22) красавіка 1900 года ў Варшаве. Там у гарадской паліцыі працаваў бацька Прохар Рыгоравіч (нар. 28.07.1867), які паходзіў з сялян Ігуменскага павета. Ён скончыў 4-класную Мар’інагорскую сельскагаспадарчую школу, потым тры гады адслужыў у арміі. Пасля нейкі час працаваў на радзіме. 6 лістапада 1893 года Прохар Круталевіч быў залічаны акалодачным наглядчыкам у Варшаўскую гарадскую паліцыю. 2 (14) красавіка 1894 года ў сям’і нарадзіўся старэйшы сын – Аляксандр. Маці братоў Круталевічаў – Маразоўская Алена Якаўлеўна (нар. 22.08.1871).

У 1908 годзе бацька па службе пераехаў у Лодзь, летам 1911-га – у Каліш, дзе Барыс пайшоў у першы клас гімназіі. Вядома, што ў трэцім класе ён вучыўся на чацвёркі і тройкі, выдатна меў толькі па паводзінах.

Летам 1914 года, з пачаткам Першай сусветнай вайны, сям’я пераехала ў Мінск. Спачатку Круталевічы спыніліся ў доме Юркевіча на Маркаўскім завулку (цяпер – раён вуліцы Бядулі), потым сталі жыць непадалёку – на 2-й Даўгабродскай вуліцы (цяпер – вул. Чапаева), д. 6, кв. 1. Барыс быў прыняты ў чацвёрты клас Мінскай мужчынскай гімназіі. Вучыцца ён стаў горш: адзіная чацвёрка па Закону Божаму, астатнія – тройкі. Ну і звыклая пяцёрка па паводзінах, але цяпер з мінусам. Аднак нават з такімі адзнакамі Барыс займаў 18 месца па паспяваемасці ў класе, дзе вучыўся 51 юнак.

Мінская мужчынская гімназія

У верасні 1915 года гімназія была эвакуявана ў Маскву. Пераехаў туды і Круталевіч, але ў спісах вучняў установы яго ўжо няма. Сам ён пазней пры запаўненні дакументаў пісаў, што ў 1918 годзе закончыў маскоўскую гімназію № 16, пасля служыў у Сіманаўскім камісарыяце. Менавіта ў Маскве ў 1915 годзе Барыс стаў сур’ёзна займацца шашкамі. З 1914 года жыў там і старэйшы брат Аляксандр, які паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.

Тут трэба зрабіць агаворку, што пра перыяд жыцця Барыса Круталевіча з канца 1915-га да сярэдзіны 1920 года пакуль вядома толькі з анкет, якія ён запаўняў пазней у розных арганізацыях. І адносіцца да гэтых звестак трэба з вядомай доляй крытычнасці. Ён мог дадаць сабе вопыту працы па нейкай спецыяльнасці, ці праслуханы курс статыстыкі ва ўніверсітэце. Канешне, не раскрываў Барыс і тое, кім былі да рэвалюцыі яго бацькі. Пісаў, што паходзіў з сялян. Гэтак жа рабіў і Аляксандр.

Усё паказвала на тое, што браты планавалі застацца ў Маскве: у ліпені 1918 года Аляксандр аднавіўся ва ўніверсітэце (вясной 1916 года з другога курса ён быў накіраваны ў ваеннае вучылішча, пасля служыў у запасных палках, а потым – на Румынскім фронце Першай сусветнай вайны), туды ж паступіў Барыс – таксама на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак, ужо ў верасні Аляксандр забраў дакументы з ўніверсітэта, і браты вярнуліся ў акупаваны немцамі Мінск. Што было прычынай гэтага раптоўнага рашэння?

У Мінску Барыс паступіў у апошні клас мужчынскай гімназіі, якая з дазволу нямецкіх уладаў вярнулася ў горад у жніўні 1918 года. Верагодна, яму быў патрэбен атэстат сталасці. Закончыў ён гімназію 1 лютага наступнага года, праз месяц пасля абвяшчэння ССРБ. Пасля працаваў загадчыкам гаспадаркі ў нацыяналізаваным маёнтку Іахімава Мінскага павета, а таксама статыстыкам у Камісарыяце асветы. У маёнтак Барыса мог уладкаваць бацька, які з канца студзеня 1919 года працаваў на пасадзе фактычнага кантралёра па прыёме і ўліку нацыяналізаваных маёнткаў Мінскага павета Камісарыята земляробства.

З 8 жніўня 1919 года па 11 ліпеня 1920-га Мінск быў заняты палякамі. Пазней Круталевіч пры прыёме на працу пазначаў, што ў гэты час нідзе не працаваў.

22 ліпеня 1920 года Барыс Круталевіч напісаў заяву ў нарыхтоўчы аддзел Мінскай губернскай харчовай камісіі (неўзабаве яна была пераўтворана ў Камісарыят харчавання БССР, пазней – у Народны камісарыят) з просьбай прадаставіць якую-небудзь працу. Ён быў прыняты на пасаду справавода з двухтыднёвым выпрабавальным тэрмінам, пасля чаго афіцыйна аформлены агентам сувязі ў малочна-яйкавы пададдзел, але выконваў абавязкі рахункавода.

З анкеты відаць, што на той час бацька ўжо памёр, а маці была хворая і займалася хатняй гаспадаркай. У яе ўласнасці было 200 сажняў зямлі з летняй пабудовай. Сам Барыс тады жыў разам з сям’ёю брата ў доме 105 па вуліцы Захар’еўскай (пасля – Савецкая, цяпер – праспект Незалежнасці), у другой кватэры. Дом належаў сваячцы жонкі Аляксандра Круталевіча Надзеі Пракаповіч.

Мінск, вул. Савецкая. Злева – дом 105, у якім жылі браты Круталевічы

1 верасня 1920 года Барыс Круталевіч быў звольнены, імаверна, у сувязі са скарачэннем штатаў. У кастрычніку польскія войскі зноў занялі Мінск, але цяпер толькі на тры дні – з 15-га па 17-га. Дачакаўшыся вяртання эвакуяваных устаноў, 20 лістапада Круталевіч напісаў заяву ў Камісарыят харчавання з просьбай ізноў прыняць яго на працу – на гэты раз статыстыкам у аддзяленне планаў і норм размеркавальнага аддзела. На гэтай пасадзе ён прарабіў да 1 мая 1921 года, калі быў павышаны да загадчыка аддзялення. Аднак прабыў ім Круталевіч нядоўга. 5 ліпеня Цэнтральнае статыстычнае бюро Беларусі напісала ліст у Наркамхарч, дзе, спасылаючыся на дэкрэты аб мабілізацыі статыстычных сіл, папрасіла неадкладна адкамандзіраваць Круталевіча ў яго распараджэнне, што і было зроблена 15 ліпеня. Верагодна, не абыйшлося без брата, які тады быў у Цэнтрстатбюро другім чалавекам – памочнікам яго загадчыка Міхаіла Шкубера. Так Барыс працягнуў працаваць статыстыкам, але ўжо ў іншай установе.

Нягледзячы на паніжэнне ў пасадзе, яго заробак стаў вышэй за кошт большай колькасці надбавак. На новай працы была магчымасць браць абеды па 50 рублёў, якой Барыс, у адрозненне ад брата, карыстаўся. Таксама калі-нікалі можна было ў лік зарплаты набыць муку і бульбу. У гэты час Круталевіч жыў ужо па іншым адрасе – Нізкі завулак, д. 12, кв. 1. Ён ішоў за цяперашняй філармоніяй паралельна Барысаўскаму тракту (цяпер – праспект Незалежнасці).

Са стварэннем у 1921 годзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Барыс Круталевіч напісаў заяву з просьбай аб залічэнні туды студэнтам медыцынскага факультэта. Ён стаў адным з усяго шасці прынятых, трымаўшых калоквіум. Астатнія паступілі на факультэт па спрошчанай працэдуры. Да 21 снежня Круталевіч сумяшчаў заняткі з працай у Цэнтрстатбюро.

Вучоба яму не вельмі давалася. Круталевіч спачатку быў пакінуты на другі год на другім курсе (як і яшчэ 35 чалавек), а потым стаў ахвярай акадэмічнай «чысткі», рашэнне аб правядзенні якой было прынята Палітбюро РКП(б) вясной 1924 года з мэтай скарачэння колькасці студэнтаў. 3 мая Прэзідыум медыцынскага факультэта БДУ пастанавіў усталяваць норму для 2-4 курсаў па 200 студэнтаў, а для 1-га і 5-га – па 150, фармальна – з-за нізкай прапускной здольнасці навучальна-дапаможных устаноў. У чэрвені была ўтворана камісія па якаснай праверцы студэнтаў медфака, па выніках працы якой з 239 студэнтаў другога курса было адлічана 57, а працэнт не прайшоўшых праверку для ўсіх курсаў факультэта склаў 23-23,5. 12 ліпеня 1924 года згодна з рашэннем гэтай камісіі Барыс Круталевіч быў выключаны з універсітэта.

Трэба адзначыць, што не магло не паўплываць на вучобу і дрэннае здароўе. Цяжка захварэў Круталевіч яшчэ ў 1918 годзе. У 1921 годзе ў Наркамхарчы ён па стане здароўя браў два тыдні адпачынку, каб правесці іх у вёсцы. У сакавіку 1923 года Круталевіч пісаў, што хварэе на нефрыт і вострае малакроўе, і праз два месяцы прасіў адпусціць яго ў Маскву для кансультацыі з урачом-спецыялістам па яго хваробе. З 5 ліпеня па 15 верасня таго ж года яго адправілі ў адпачынак у Муляраўку Мазырскага павета. Магчыма, там знаходзіўся санаторый. З часам Круталевіч захварэў і на сухоты. Восенню 1925 года ён два месяцы лячыўся ў Крыме.

Яшчэ адной праблемай Барыса Круталевіча падчас вучобы ў БДУ была немагчымасць плаціць за навучанне. Сумяшчаць вучобу з працай па стане здароўя ён не мог, таму знаходзіўся на ўтрыманні брата. У красавіку 1922 года Барысу назначылі плату ў памеры мільён рублёў у месяц. Аляксандр Круталевіч, мінуючы камісію БДУ, з просьбай вызваліць брата ад платы звярнуўся наўпрост да камісара асветы Усевалада Ігнатоўскага, якога добра ведаў асабіста. Рэзалюцыю той наклаў станоўчую. Наступны раз гэтае пытанне ўзнікла ў чэрвені 1924 года, калі Барыс з-за хваробы прапусціў тэрмін падачы анкеты ў камісію па прызначэнню платы. Да заявы ён прыклаў спраўкі аб заробках брата, на ўтрыманні якога ён па-ранейшаму знаходзіўся, у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Інстытуце беларускай культуры. Ад платы Барыса зноў вызвалілі, але ўжо праз месяц адлічылі.

Праз паўтара месяца пасля выключэння з універсітэта Барыс Круталевіч прыняў удзел у першым чэмпіянаце СССР, заняў пятае месца і стаў першым беларускім шашачным майстрам. Праз год ён зноў стаў пятым у другім саюзным першынстве, але гэты турнір стаў для яго апошнім у жыцці – больш згуляць не дазволіла хвароба.

Невядома, ці працаваў дзе-небудзь Круталевіч пасля адлічэння з ўніверсітэта. Верагодна, час ад часу ён вёў шашачныя гурткі ў рабочых клубах горада. Так, у пачатку 1926 года ён стаў кіраўніком гуртка ў клубе «Чырвоны будаўнік».

21 лютага 1928 года Барыс Круталевіч памёр у Мінску пасля вялікіх пакутаў ад сухотаў лёгкіх і горла ва ўзросце 27 гадоў. Па ўспамінах мінскага шашыста Барыса Абрамава сваяк братоў Круталевічаў Аркадзь Ракітніцкі казаў, што Барыс пахаваны на могілках каля касцёла на Залатой Горцы, і шукаў там яго магілу, але не знайшоў.

Па спасылцы можна знайсці сканы 37 дакументаў з Нацыянальнага і Нацыянальнага гістарычнага архіваў Рэспублікі Беларусь, што тычацца вучобы Барыса Круталевіча ў Калішскай і Мінскай гімназіях, Беларускім дзяржаўным універсітэце, а таксама працы ў Народным камісарыяце харчавання і Цэнтральным статыстычным бюро БССР. Многія з дакументаў напісаны рукой самога Круталевіча.

Report Page