100 гадоў таму ў газеце "Савецкая Беларусь" адкрыўся першы беларускі шашачны аддзел

100 гадоў таму ў газеце "Савецкая Беларусь" адкрыўся першы беларускі шашачны аддзел

Віталь Аніська

У студзені 1923 года ў газеце "Савецкая Беларусь" адкрыўся першы беларускі шашачны аддзел. Верагодна, адбылося гэта ў нядзелю 14 студзеня. На жаль, знайсці першы выпуск аддзела пакуль не ўдалося. А здагадка пра дату асноўваецца на тым, што выпускі №№ 2 і 3 выйшлі таксама ў нядзелю – 21 і 28 студзеня адпаведна. За іх шчыры дзякуй Наталлі Пугачовай, якая ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу сфатаграфавала 14 аддзелаў 1923 года. Тут трэба адзначыць, што нумерацыю выпускаў 1923 года я прыводжу ўмоўную (вядучы аддзела пачаў рабіць гэта толькі з наступнага года), зыходзячы з парадку апублікаваных твораў, якіх друкавалася па два ў выпуску.

Выпуск аддзела № 2, "Савецкая Беларусь" 1923 год № 15

Рэдагаваў аддзел Аляксандр Круталевіч – адзін з мацнейшых на той час беларускіх ігракоў, пазней удзельнік двух першых чэмпіянатаў СССР і член беларускай шахматна-шашачнай секцыі.

ЦНА НАН Беларусі

У 1923 годзе ў БССР выдаваліся дзве штодзённыя рэспубліканскія газеты – “Звезда” і “Савецкая Беларусь”. У першай выходзіў шахматны аддзел Радзівона Шукевіча-Траццякова, друкаваліся ў ім і шашачныя навіны, але асобнага аддзела не было. У тым, што шашачны аддзел адкрыўся менавіта ў “Савецкай Беларусі” (не блытаць з “Советской Белоруссией”, якая пачала выходзіць у 1927 годзе і называлася тады “Рабочий”, а СБ стала з 1937 года), няма нічога дзіўнага – многіх з рэдакцыі Аляксандр Прохаравіч ведаў асабіста.

У кожным выпуску Круталевіч даваў некалькі пазіцый для рашэння – задач, эцюдаў ці канцовак. Публікаваліся і навіны шашачнага жыцця, з якіх мы ведаем шмат цікавага пра беларускія турніры і ігракоў таго часу.

Вось, напрыклад, вынікі першага чэмпіянату Мінска ў аддзеле № 12.

"Савецкая Беларусь" 1923 год № 88

З выпуску № 23 даведваемся, што спроба арганізаваць першы шашачны чэмпіянат Беларусі была зроблена Аляксандрам Круталевічам яшчэ восенню 1924 года, па вяртанні з Усесаюзнага першынства. Але правясці яго ўдалося толькі летам наступнага года.

"Савецкая Беларусь" 1924 год № 231

Таксама друкаваліся партыі, тэарэтычныя варыянты, курс нармальных канчаткаў, агляды аддзелаў у іншых выданнях, рэцэнзіі на кнігі. Аляксандр Круталевіч імкнуўся даваць больш беларускага матэрыялу, прасіў чытачоў дасылаць яго. І з цягам часу пачалі публікавацца партыі і творы не толькі братоў Круталевічаў і мацнейшых савецкіх шашыстаў, а і эцюды, задачы і канцоўкі братоў Іллі і Самуіла Гардонаў (Мінск), С.Вольвіча (Рагачоў), Г.Ханіна (Віцебск), Б.Шклярэвіча (Слуцк), партыі з Гомеля.

Першапачаткова аддзел выходзіў без дыяграм, яны з’явіліся ў выпуску № 19 (кастрычнік 1923 года), але з ужываннем шахматных фігур. Шашкі ж на дыяграмах упершыню выкарыстоўваюцца ў аддзеле № 44.

"Савецкая Беларусь" 1925 год № 265

Аддзел пад рэдакцыяй Аляксандра Круталевіча ў “Савецкай Беларусі” выходзіў са студзеня 1923 па люты 1926 гг. Друкаваўся нерэгулярна, здараліся і вялікія перапынкі. Верагодна прычынай была вялікая загружанасць Круталевіча. Ён працаваў выкладчыкам у Белпедтэхнікуме, быў сакратаром педагагічнай секцыі Інбелкульта, займаўся распрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі, перакладам і напісаннем падручнікаў і шмат чым іншым. Восенню 1925 года Аляксандр Прохаравіч перайшоў на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе ў студзені наступнага года стаў асістэнтам пры кафедры матэматыкі. Мяркую, што ўзросшая нагрузка на працы і стала прычынай адыходу Круталевіча ад рэдагавання аддзела.

Усяго на сёняшні час вядомы 54 выпускі аддзела: у 1923 годзе выйшла 20, у 1924 – 14, у 1925 – 14, у 1926 – 6. У розных крыніцах пакуль знайшоў 42 з іх. Акрамя Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, гэта “Беларуская палічка”, архіў Уладзіміра Садоўскага, Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Скачаць выпускі можна тут.

Шмат шашачных навін давалася і ў шахматным аддзеле “Савецкай Беларусі”, які пачаў выходзіць восенню 1924 года пад рэдакцыяй Антона Касперскага. Няблага гуляў ён і ў шашкі, таму нядзіўна, што ў снежні 1926 года выхад шашачнага аддзела ў “Савецкай Беларусі” узнавіўся пад рэдакцыяй Касперскага, але гэта ўжо іншая гісторыя.

"Савецкая Беларусь" 1926 год № 289


Report Page