Што такое Legalize Belarus

Што такое Legalize Belarus

Грамадзкі рух "Дзея"
Зьлева направа: Максім Кавалёў, Міхась Варанцоў, Станіслаў Шашок, Ксенія Тарасевіч, Пётр Маркелаў, Ягор Віняцкі. Фота — Караліна Палякова

Сёньня больш за 15 тысячаў беларусаў пазбаўленыя волі за парушэньні заканадаўства, зьвязаныя з абаротам «наркотыкаў». Большасьць з гэтых людзей — гэта маладыя спажыўцы псыхаактыўных прэпаратаў, у якіх знайшлі невялікую колькасьць кантраляваных рэчываў. У сярэднім іх пазбаўляюць волі на 8 год. У турмах з нечалавечымі ўмовамі іх прыніжаюць ня толькі ахоўнікі, але і іншыя зьняволеныя. Іх вымушаюць працаваць на дзяржаву, а плоцяць меньш $1 ў месяц. Ім апранаюць спэцыяльныя нашыўкі, як ў нацысцкіх лягерах сьмерці. І гэта ўсё — за злачынствы без ахвяраў.

Беларускі закон не адрозьнівае пакараньні ў залежнасьці ад тыпу і колькасьці знойдзенага кантраляванага рэчыва. Ня важна, знайшлі грам траўкі ці тысячу марак з ЛСД: судзьдзя дае аднолькава вялікія тэрміны. Больш за тое, часта спажыўцоў асуджаюць за распаўсюд нават без доказаў. Дастаткова, каб судзьдзя вызначыў, што ў падсуднага быў намер да распаўсюду. Апэратыўнікі зацікаўленыя ў тым, каб фабрыкаваць больш справаў, нават калі дзеля гэтага прыйдзецца самім адкрыць інтэрнэт-краму «спайсаў». Бо ад эфэктыўнасьці працы залежыць іх кар'ера і заробак.

Такі падыход называецца вайной з наркотыкамі. Вялікі ўплыў на сытуацыю ў Беларусі аказаў зьнешні сьвет. У 1961 годзе ААН падпісала «Адзінае пагадненьне аб наркатычных сродках». У ім марыхуана адносілася да «Сьпісу IV» — сьпісу рэчываў, для якіх не апраўдваецца нават мэдыцынскае выкарыстаньне з-за іх «высокай верагоднасьці злоўжываньняў і нэгатыўнага ўплыву на здароўе». У 1971 годзе Кангрэс ЗША прыняў «Акт аб кантраляваных рэчывах» (Controlled Substances Act). Згодна зь ім, марыхуана адносілася да «Сьпісу кантраляваных рэчываў I» (Schedule I), куды зьмяшчаліся рэчывы, якія маюць вялікі патэнцыял для злоўжываньня і ня маюць мэдыцынскага прымяненьня. У гэтым жа годзе ў межах ААН была прынятая «Канвэнцыя аб псыхатропных рэчывах», дзе да адпаведнага сьпісу аднеслі ЛСД і МДМА. Важнымі этапамі ў беларускай «вайне з наркотыкамі» сталі падпісаньні дэкрэтаў №1 «Аб некаторых пытаньнях дзяржаўнага рэгуляваньня абароту насеньня маку» і №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньню незаконнаму абароту наркотыкаў» у 2014 годзе. 

«Вайна з наркотыкамі» наносіць грамадзтву толькі шкоду. Гэта прызнаюць ААН, СААЗ і іншыя міжнародныя арганізацыі. Рэпрэсыўныя меры ня ўздзейнічаюць на прапанову рэчываў, якія выклікаюць залежнасьць, бо вытворчасьць стымулюецца высокім коштам выніковага прадукту. З'яўляецца ўсё больш новых малавывучаных сынтэтычных лёгкадаступных субстытутаў. Такая палітыка прыводзіць да разьвіцьця чорнага рынку, карупцыі і палітычнай дэстабілізацыі. Яна не дапамагае людзям з залежніцкімі разладамі здабыць здаровыя сувязі ў навакольным асяродзьдзі, а толькі яшчэ больш маргіналізуе хворых і іх блізкіх.

Зараз каля паловы ўсіх зьняволеных у Беларусі — гэта асуджаныя па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу. Дзяржава выдаткоўвае вялізарныя сродкі на ўтрыманьне міліцыянтаў, сьледчых, судовай і пэнітэнцыярнай сыстэмаў. Гэтыя грошы майглі б пайсьці на дапамогу тым, хто пакутуе ад залежнасьцяў і рэінтэграцыю іх у грамадзтва. У той жа час Беларусь стабільна займае першыя месцы ў Эўропе па спажываньні легальных тытуню і алкаголю, якія навука адносіць да больш шкодных за марыхуану, МДМА ці ЛСД.

Пакуль грамадзтва ЗША паступова прызнае памылку і пачынае з вялікім паскарэньнем атрымоўваць карысьць ад канабісу, мы ў ірацыянальным страху працягваем паўтараць, што «наркотыкі гэта зло». Фразу, якая прыводзіць да парушэньняў базавых правоў і масавага гвалту беларусаў у непараўнальных маштабах. «Вайну з наркотыкамі» трэба спыніць: на ўзроўні грамадзтва і на ўзроўні дзяржавы.

Legalize Belarus — гэта грамадзкая кампанія, якая падтрымліваецца актывістамі Грамадзкага руху «Дзея» і Students For Liberty Belarus. Кампанія ставіць за мэты:

  • шляхам адукацыі і асьветы прасоўваць навуковую інфармацыю і спрыяць адказнаму стаўленьню грамадзтва да псыхаактыўных рэчываў, якія кантралююцца дзяржавай, а таксама іх спажыўцоў
  • праводзіць адвакатаваньне ўдакладненьня дыфэрэнцыяцыі пакараньняў за парушэньні закону, зьвязаныя з абаротам кантраляваных рэчываў у Беларусі, а таксама адмены крымінальнага пакараньня за захоўваньне кантраляваных рэчываў у малых колькасьцях.

Зварот Legalize Belarus за рэформу заканадаўства: bit.ly/lb_zvarot

Падпісаць пэтыцыю: petitions.by/petitions/1401

Памятка пра мову варожасьці ў дачыненьні да спажыўцоў псыхаактыўных рэчываў і людзей з залежніцкімі разладамі: bit.ly/lb_pamiatka

7 матыватараў пра тое як жыць так, каб не чыніць боль іншым: Беларуская / Русский / English

Ахвяраваць кампаніі Legalize Belarus: bit.ly/Achviaravac ці на Bitcoin-гаманец 3FYR8mjHn68mdEQQzDSrMHXRFaDonfhXUb

Больш інфармацыі пра кампанію (на ангельскай мове): legalize.by



Report Page