7 матыватараў пра тое як жыць так, каб не чыніць боль іншым

7 матыватараў пра тое як жыць так, каб не чыніць боль іншым

Грамадзкі рух "Дзея"

Русский / English

Актывісты асьветніцка-адвакацыйнай грамадзкай кампаніі Legalize Belarus расказалі пра пэрсанальныя матыватары, якія імі рухаюць. Натхняйцеся!

Зьлева направа: Максім Кавалёў, Міхась Варанцоў, Стас Шашок, Ксенія Тарасевіч, Пётр Маркелаў, Ягор Віняцкі

Фота — Караліна Палякова.

Ня бойся гаварыць!

Стас Шашок

Большасьць асуджаных не наносілі шкоды іншым. Тысячы маладых людзей пазбаўленыя волі за злачынства без ахвяры. Пакуль мы маўчым, адварочваемся і называем асуджаных «наркаманамі», маладыя людзі у калёніях задаюцца пытаньнем: «За што мяне пасадзілі?». З-за нашага маўчаньня пакутуюць іншыя.

Ня спрошчвай!

Пётр Маркелаў

Вельмі проста сказаць: «Я супраць наркотыкаў». Але большасьць нават не разумее, пра што ідзе гаворка. Такое спрошчаваньне прыводзіць да масавага гвалту ў грамадзтве. Каб гэта спыніць, неабходна даносіць інфармацыю пра псыхаактыўныя рэчывы да людзей і пераконваць у каштоўнасьці свабоды выбару. Патрабаваць павагі ад дзяржавы можна толькі тады, калі самі навучымся паважаць іншых.

Будзь адказнай!

Ксенія Тарасевіч

Адна з самых важных каштоўнасьцяў у жыцьці чалавека — гэта свабода. Свабода самой вырашаць, што рабіць са сваім целам, жыцьцём і розумам. У рэальнасьці, свабода немагчымая без адказнасьці. Каб быць адказнай, трэба валодаць інфармацыяй і ўсьведамляць усе плюсы і мінусы. Толькі тады чалавек можа быць сапраўды свабодным.

Палюбі бліжняга свайго!

Максім Кавалёў

Нам не патрэбныя рэчывы, каб адчуваць сябе шчасьлівымі. Я хачу, каб людзі любілі адно аднаго, а не рабілі больна. Пацыентам адмаўляюць у бясьпечным лекаваньні. Дзяцей, якія ня ўчынілі шкоды ні сабе, ні навакольным, садзяць у турму. Зьмена адносінаў грамадзтва і дзяржавы да псыхаактыўных рэчываў  ня зробіць мір ідэальным. Але гэта зробіць яго больш чалавечным.

Ня бойся абпекчыся!

Міхась Варанцоў

Аб агонь можна абпекчыся, але гэта не азначае, што ён зло. Нашая цывілізацыя не дасягнула б цяпершняга ўзроўню, калі б першабытныя людзі забаранілі агонь. З рэчывамі, што здольныя зьмяняць стан сьвядомасьці, падобная сытуацыя. Мы павінныя перастаць баяцца гэтага полымя, авалодаць ім, і пачаць атрымоўваць ад яго карысьць.

Будзь моцным!

Ягор Віняцкі

Плякаты на вуліцах Менску гавораць нам: «Не спакушайся!». Калі ў людзей не хапае ўласных сілаў, каб супрацьстаяць сваім жаданьням, яны перадаюць гэтую ролю дзяржаве. Свабода патрабуе быць моцным, слабасьць прыводзіць да гвалту.

Будзь справядлівай!

Караліна Палякова

Група людзей забараняе некаму выкарыстоўваць тое, што расьце з зямлі. Нават калі для раслабленьня, для супакаеньня болю, для лекаваньня дэпрэсыі. Лепей шукаць моц для пашырэньня сьвядомасьці ўнутры сябе без ужываньня рэчываў. Але калі нехта вырашыць экспэрыментаваць з уласным здароўем, гэта не падстава, каб выдаляць чалавека з грамадзтва. Несправядліва, надоўга і праз зман.

Ахвяраваць кампаніі Legalize Belarus: bit.ly/Achviaravac ці на Bitcoin-гаманец 3FYR8mjHn68mdEQQzDSrMHXRFaDonfhXUb

Больш інфармацыі пра кампанію: http://bit.ly/lb_about ці на сайце legalize.by (па-ангельску).

Report Page