Ініцыятыва «MALDZIS»: ад міфаў пра страчаную спадчыну да ілюзіі вяртання
Radzivon A. KolasПраўда ў гісторыі — функцыя адназначная, з яе робяць урокі.
З хлусні ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні.
Васіль Быкаў
Праца па захаванні, папулярызацыі і вяртанні элементаў беларускай культурнай спадчыны заслугоўвае самай пільнай увагі і падтрымкі. Умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і фарміраванне вобраза Беларусі як еўрапейскай краіны — гэта мэты, якія аб’ядноўваюць грамадства і з’яўляюцца падмуркам для культурнага развіцця.
Нядаўна створаная «культурна-асветніцкая ініцыятыва MALDZIS» заявіла пра сябе менавіта ў гэтым кантэксце, дэкларуючы садзейнічанне вяртанню культурнай спадчыны. Грамадская цікавасць да такіх ініцыятыў заўсёды высокая, што, у сваю чаргу, спараджае неабходнасць у прафесійным і аб’ектыўным аналізе. Калі гаворка ідзе пра значныя сродкі і публічныя акцыі, важна разгледзець не толькі заяўленыя мэты, але і фактычныя вынікі, а таксама ўнікальнасць набытых артэфактаў. Гэты матэрыял закліканы ініцыяваць дыскусію і прааналізаваць эфектыўнасць і празрыстасць падыходаў, выкарыстаных ініцыятывай «MALDZIS» у іх працы.
Ініцыятыва «MALDZIS» пазіцыянуе сябе ў якасці праекта, які спрыяе вяртанню культурнай спадчыны Беларусі, а таксама ставіць на мэце «пабудаваць кансалідаванае грамадства з моцнай ідэнтычнасцю і ўмацаваць вобраз Беларусі як еўрапейскай краіны» [1]. Гэты год для дадзенай ініцыятывы быў адзначаны набыццём шэрагу «каштоўнасцяў» і іх «вяртаннем»: Радзівілаўская мапа ВКЛ 1613 г. [2], Мапа ВКЛ Яна Няпрэцкага 1790-х гг. [3], «Жазло кіравання» 1667 г. [4], «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча 1651 г. [5], Мапа Беларусі Аркадзя Смоліча 1919 г. [6] і інш.
Створаны вакол гэтых акцый інфармацыйны шум досыць пазітыўна быў успрыняты з боку беларускага грамадства ў эміграцыі, дзякуючы чаму «MALDZIS» здолеў замацаваць за сабою поле дзейнасці ў галіне «культурнай дыпламатыі» і «вяртання страчаных культурных каштоўнасцяў» [7] у асяроддзі эмігрантскай супольнасці. Разам з гэтым, у чалавека прафесійна адукаванага ў галіне гісторыі і асвечанага ў справах культурных каштоўнасцяў, узнікае шэраг пытанняў і непаразуменняў, звязаных як з выкарыстанымі з боку ініцыятывы «MALDZIS» фармулёўкамі так і з быццам бы «вернутымі артэфактамі»
(Не)вядомая мапа Беларусі: невядомая для каго?
Адным з найноўшых здабыткаў «MALDZIS» стала мапа вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча і савецкага навукоўца-географа Аркадзя Смоліча, надрукаваная ў Вільні ў 1919 г. Варта адзначыць, што мапа ішла ў дадатак да выдадзенай там жа Смолічам «Геаграфіі Беларусі». Заўважым, у 1922 г. Смоліч па ўласным жаданні вяртаецца ў Савецкую Беларусь, пачынае працаваць у Інстытуце беларускай культуры (будучай Беларускай акадэміі навук), атрымлівае прафесарскае званне ў 1927 г., праз год абіраецца ў «Русское географическое общество». У гэты перыяд ён актыўна публікуецца ў савецкай акадэмічнай навуцы, атрымлівае ўзнагароды ад савецкай улады, але як і большасць савецкай інтэлігенцыі застаў рэпрэсаваны ў 1938 г.
Кніга Аркадзя Смоліча «Геаграфія Беларусі» пасля перапрацоўкі ў 1922 г. стала падручнікам для школ у БССР і друкавалася разам з «невядомай мапай Беларусі», якая таксама была перавыдадзена ў 1993 г. у выдавецтве «Беларусь», з якой вольна можна азнаёміцца і сёння, наўпрост узяўшы кнігу ў рукі, альбо загугліўшы: https://www.facebook.com/photo/?fbid=3005552776125999&set=%D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0-%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D1%96-%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%8F-%D1%81%D0%BC%D0%BE%D0%BB%D1%96%D1%87%D0%B0-1919-%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B0-%D0%BA%D0%BE%D0%BF%D1%96%D1%8F-%D0%B7-%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D1%8B%D1%96-dzmitry-mura%C5%A1ka.
«Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча: містычны беларускі след
Бадай адным з найбольш моцных эфектаў, аказаных на інфармацыйную прастору Беларусі, стала набыццё «MALDZIS» выдання «Вялікага майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча, аднак і тут ёсць шэраг акалічнасцяў.
Па-першае, набыты экзэмпляр уяўляе сабой не арыгінальнае выданне, а французскі пераклад 1651 г., такі ж самы, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі [8], а таксама ў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі [9].
Па-другое, папулісцкія заявы з боку прадстаўнікоў «MALDZIS», што ідэі Семяновіча — гэта «вяршыня нацыянальнай беларускай інжынернай думкі» абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці. Пра адсутнасць унікальных ідэй у працы Семяновіча існуе шэраг навуковых прац і артыкулаў [10], не вытрымліваюць крытыкі і заявы пра «беларускае» паходжанне Казіміра Семяновіча [11], улічваючы таксама і катэгорыі яго ўласнага самаакрэсленя [12, 13].
Па-трэцяе, сёння ў Беларусі знаходзіцца два арыгінальныя лацінамоўныя асобніка «Вялікага мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча ў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі [14] (тут жа захоўваюцца і нямецкамоўны пераклад 1676 г. [15], і англійскае выданне 1729 г. [16], і вышэй узгаданае французскае перавыданне 1651 г., а таксама два нямецка-лацінскіх выдання 1676 г. [17, 18]) і ў Парку гісторыі «Вялікае княства Сула». Таксама яшчэ адзін англамоўны асобнік «The Great Art of Artillery» захоўваецца ва ўжо ўзгаданай ЦНБ НАН Беларусі [19]. Усе пералічаныя кнігі публічна выстаўляюцца і дэманструюцца як на мэтанакіраваных выставах у Беларусі, так і музейных экспазіцыях у прадстаўленых установах.
Па-чацвёртае, адсканаваны ў добрай якасці арыгінал «Artis magnae artilleriae» Казіміра Семяновіча 1650 г. можна знайсці ў вольным доступе пры наяўным жаданні: https://dbc.wroc.pl/dlibra/publication/152066/edition/109720/content
«Жазло кіравання» Сімяона Полацкага ці «навіна года»
Адзінай арыгінальнай кнігай набытай у межах ініцыятывы «MALDZIS» стала маскоўскае выданне 1667 г. адыёзна вядомага ў беларускай гісторыі Сімяона Полацкага, якая ў пяці асобніках таксама захоўваецца ў Беларусі. Два экзэмпляры 1667 г. [20] і 1753 г. [21] суадносна захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Такія ж тры асобнікі захоўваюцца і ў ЦНБ НАН [22, 23, 24].
Варта таксама узгадаць і тое, што ў 2013 г. пад кіраўніцтвам кандыдата культуралогіі Алеся Сушы было выдадзена факсімільнае выданне 1667 г. з фондаў НББ, адметны шэрагам маргінальных запісаў, што робіць яго ўнікальным экзэмплярам, даступнае сёння ў вольна ў сецеве [25]: https://kamunikat.org/zhezl-pravleniya-polotskiy-simeon.
Трэці Статут Вялікага княства Літоўскага: польскамоўнае езуіцкае выданне
Таксама вялікую ўвагу з боку грамадства выклікала набыццё Трэцяга Статута ВКЛ, шырока вядомага ўсім беларусам пачынаючы са школы. Разам з гэтым, варта заўважыць, што ў Беларусі захоўваецца цэлы шэраг розных Статутаў Вялікага княства Літоўскага ў розных рэдакцыях. Два такіх жа самых выдання Статута ВКЛ 1693 г. сёння захоўваюцца і ў ЦНБ НАН, але беларускія экземпляры з’яўляюцца больш цікавымі і каштоўнымі, паколькі адзін з іх належыў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў [26], а другі паходзіць з прыватнай бібліятэкі графа С. Д. Шэрамецьева [27]. Там жа захоўваецца і асобнік з віленскай друкарні Мамонічаў 1619 г. [28]. Тое самае выданне Статуту захоўваецца і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі [29]. Варта заўважыць, што ў НББ захоўваецца больш за некалькі дзясяткаў розных рэдакцый Статуту, надрукаваных з 1616 г. па 1699 г. [30].
Па сённяшні дзень у Беларусі захоўваецца толькі адзін арыгінальны асобнік Трэцяга Статуту ВКЛ 1588 г. у прыватным уладанні, які патрапіў сюды пасля Вялікай Айчынай вайны.
Мапы Вялікага княства Літоўскага, якія ніхто не губляў і пра якія ніхто не забываў
Як і папярэднія здабыткі, набыццё шэрагу мапаў геаграфіі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай выклікала вялікую цікавасць і не меншы інфармацыйны шум. Улічваючы папярэдні «background вернутых каштоўнасцяў» у справе мапаў таксама варта заўважыць некалькі момантаў.
Набытая мапа Яна Няпрэцкага ўяўляе сабой не арыгінальнае першае выданне 1749 г., а познюю копію 1790-х гг., калі ані Няпрэцкага, ані Вялікага княства Літоўскага ўжо не было. Больш за тое, арыгінал мапы шырока вядомы ў гістарычным асяроддзі і неаднаразова выдаваўся, як напрыклад у добра падрыхтаваным «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» [31].
Таксама ў сецеве можна спампаваць у вольным доступе арыгінальную выяву дадзенай мапы: https://www.facebook.com/photo?fbid=4373792262635370&set=pcb.4373823165965613.
Тая ж гісторыя паўтараецца і з Радзівілаўскай мапай 1613 г., аўтарам якой быў Тамаш Макоўскі. Ініцыятыва «MALDZIS» выкупіла адную з копій 1630–1670-х гг., якая таксама шырока вядомая, шмат разоў выдаваная і таксама даступная ў высокай якасці ў сецеве [32]: https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/1/14/1613_M.K.Radvila_1613_LDK_%C5%BEem%C4%97lapis_%28Perleidinys_i%C5%A1_Blaeu_atlaso_1631m.%29.jpg.
Несумнеўна, справа з мапамі значна складаней. Варта ўлічваць, што яны заўсёды друкаваліся ў атласах і мелі вялікі тыражны памер, што робіць іх каштоўнасць ніжэй, няўжо некаторых кніг. Актыўна гэтыя мапы на працягу апошніх дзесяцігоддзяў выдаюцца і «Белкартаграфіяй», што робіць іх таннае набыццё магчымым амаль у кожнай кніжнай краме Беларусі.
Міф пра страчанасць і міф пра вяртанне
Вельмі часта каманда «MALDZIS» аперуе да так званай «страчанай спадчыны», але дэталёвае вывучэнне кантэксту яскрава дэманструе нам, што нічога з «вернутых» каштоўнасцяў ніколі не знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, альбо ў калекцыях гэтай краіны. Большасць «артэфактаў» першапачаткова была створана па-за межамі Беларусі і не для насельніцтва Вялікага княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай, і ніколі не знаходзіліся на яе тэрыторыі.
Вельмі цяжка вярнуць у Беларусь тое, што ў Беларусі ёсць і так. Вельмі цяжка страціць тое, што цябе і не належыла.
Справядліва хочацца задаць пытанне: колькі з «вернутых» гісторыка-культурных каштоўнасцяў патрапілі ў Беларусь? Ці ўсе яны па сённяшні дзень застаюцца ў калекцыі «MALDZIS»? «Вяртанне» на словах так і не стала вяртаннем на справе.
Але гэта не перашкаджае камандзе «MALDZIS» прадаваць сумесна з партнерамі гэтыя «ўнікальныя вернутыя артэфакты», якія бескаштоўна даступныя беларусам і так, з якімі кожны маючы жаданне можа азнаёміцца ў музеях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе гэтыя выданні захоўваюцца ў адпаведных умовах і выстаўляюцца з адпаведнымі крытэрыямі.
На жаль, але беларусы па сённяшні дзень мусяць працягваць «адкрываць» па-за межамі сваёй краіны сваю гісторыю, якую яны не шанавалі, да якой не звярталі ўвагі.
Можа, калі б гэта было ім сапраўды цікава, дык людзі больш ахвотна наведвалі б музеі, выставы, каб бачыць сваю спадчыну.
Як паказвае практыка, толькі страціўшы Радзіму, беларусы задумаліся пра сваё мінулае, якое ўвесь час было разам з імі ў Беларусі.
Варта заўважыць, што ў Беларусі, як і па-за яе межамі, працуе шмат прафесійных навукоўцаў, акадэмічных супрацоўнікаў, якія свае жыцці прысвяцілі шуканню і сапраўднаму адкрыванню гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Сённяшні стан «вернутых артэфактаў» і наступны за імі інфармацыйны шум яскрава дэманструе крызіс сістэмнага навуковага ведання і даверу да прафесійных ацэнак у беларускай грамадзянскай супольнасці. І прыклад ініцыятывы «MALDZIS» яскрава дэманструе, што бывае, калі непрафесіяналы бяруцца за не сваю справу, дыскрэдытуючы сапраўдных навукоўцаў, а таксама сродкамі папулізма маніпулююць са свядомасцю беларусаў. Ці было гэта зроблена наўмысна, альбо адсутнасць экспертнай ацэнкі аказала такі кепскі ўплыў — гэта пытанне да чальцоў ініцыятывы. Адзінае, што застаецца нам — быць больш уважлівымі да чарговых спробаў сыграць на нашым «абрабаванні», на хвілінку спыніцца і задумацца: «А можа я чагосьці ня ведаю? Можа мне варта нешта прачытаць?», няўжо радавацца знаходкам нязгубленага і вяртанню маючагася.
Некалькі добрых слоў для справядлівасці
Нягледзячы на вострую крытыку адносна празрыстасці працэдур набыцця, кваліфікацыі чальцоў ініцыятывы і спрэчнасці наконт унікальнасці набытых артэфактаў, немагчыма ігнараваць адзін важны, безумоўна станоўчы эфект дзейнасці ініцыятывы «MALDZIS»: яны прыцягнулі шырокую ўвагу грамадскасці да праблемы захавання і вяртання каштоўнасцяў, якія прама ці ўскосна звязаны з гісторыяй беларускіх зямель. Варта адзначыць, што «MALDZIS» здолеў вывесці пытанне захавання спадчыны з вузкага асяроддзя навукоўцаў у публічную і медыйную плоскасць. Гэтая грамадская актывізацыя, сама па сабе, з’яўляецца каштоўным вынікам. Дзякуючы гучным «вяртанням» і публікацыям, тысячы беларусаў, якія раней маглі ігнараваць пытанні ўласнай культуры, даведаліся пра існаванне карты Аркадзя Смоліча, трактата Казіміра Семяновіча і мапаў Вялікага княства Літоўскага. Нават калі гэтыя веды былі пададзены ў папулісцкім ключы, яны сталі кропкай адліку для зацікаўленасці і, што яшчэ важней, выклікалі неабходную, хоць і жорсткую, дыскусію ў прафесійным асяроддзі. Такім чынам, дзейнасць «MALDZIS» патрабуе больш высокага ўзроўню празрыстасці і навуковай дакладнасці, але несумнеўна, іх галоўная заслуга палягае на стварэнні грамадскага рэзанансу. Яны сфармавалі грамадскі попыт на культурнае вяртанне і дэманстрацыю нацыянальных скарбаў, што, у канчатковым выніку, можа падштурхнуць як дзяржаўныя, так і іншыя грамадскія структуры да больш актыўнай, сістэмнай і, галоўнае, прафесійнай працы ў гэтым кірунку. Гэта той выпадак, калі няправільныя метады могуць прывесці да правільнага і неабходнага для нацыі выніку.
Нацыянальная сымболіка — атрыбут нацыі. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі — злачынцамі перад нацыяй. Нават калі яны спрабуюць падмяніць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі як да сьвятыні. Гэта ўжо падвоенае злачынства.
Васіль Быкаў
Радзівон А. Колас
Варшаўскі ўніверсітэт,
Інстытут інтэркультурных даследаванняў Сярэдня-Усходняй Еўропы
Крыніцы і Спасылкі:
1. Сайт праекта «MALDZIS». «Пра нас». Спасылка: https://maldzis.world/about-us/; Дата доступу: 31.10.2025.
2. Сайт праекта «MALDZIS». «MALDZIS вяртае Радзівілаўскую карту ВКЛ». 31 студзеня 2025 г. Спасылка: https://maldzis.world/maldzis-vjartae-radzivila-skuju-kartu-vkl/; Дата доступу: 31.10.2025.
3. Сайт праекта «MALDZIS». «MALDZIS вяртае карту ВКЛ Яна Няпрэцкага». 4 чэрвеня 2025 г. Спасылка: https://maldzis.world/maldzis-vjartae-kartu-vkl-jana-njaprjeckaga/; Дата доступу: 31.10.2025.
4. Сайт праекта «MALDZIS». «MALDZIS вяртае старадрук Сімяона Полацкага». 14 чэрвеня 2025 г. Спасылка: https://maldzis.world/maldzis-vjartae-staradruk-simjaona-polackaga/; Дата доступу: 31.10.2025.
5. Сайт праекта «MALDZIS». «MALDZIS вяртае “Вялікае майстэрства артылерыі” Казіміра Семяновіча». 27 жніўня 2025 г. Спасылка: https://maldzis.world/maldzis-vjartae-vjalikae-majstjerstva-artyleryi-kazimira-semjanovicha/; Дата доступу: 31.10.2025.
6. Сайт праекта «MALDZIS». «MALDZIS вяртае карту Беларусі Аркадзя Смоліча». 28 кастрычніка 2025 г. Спасылка: https://maldzis.world/maldzis-vjartae-kartu-belarusi-arkadzja-smolicha-i-vy-mozhace-nabyc-sabe-ko piju/; Дата доступу: 31.10.2025.
7. Сайт газеты «Наша Ніва». Тэматычная падборка артыкулаў «Ініцыятыва “MALDZIS”». Спасылка: https://nashaniva.com/ru/tag/%D0%98%D0%BD%D0%B8%D1%86%D0%B8%D0%B0%D1%82 %D0%B8%D0%B2%D0%B0_Maldzis/; Дата доступу: 31.10.2025.
8. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Casimir Siemienowicz. Grand Art D’Artillerie. Amsterodami : apud Ioannem Ianssonium, 1651, 410 р. 12Н//478К(026).
9. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Casimir Siemienowicz. Grand Art D’Artillerie. Amsterodami : apud Ioannem Ianssonium, 1651, 410 р. Д16–18/СР407. ИОРкК2068.
10. Падбярозкін, Ф. Д. «Вялікае мастацтва артылерыі» як інтэлектуальны прадукт: рэпрэзентацыя працы Казіміра Семяновіча ў кантэксце навукі эпохі барока / Ф. Д. Падбярозкін // Берковские чтения-2023. Книжная культура в контексте международных контактов: Материалы VII Международной научной конференции (Брест, 24–25 мая 2023 г.) Сост.: Л.А. Авгуль, Н.В. Вдовина: в 2т. — Москва: ФГБУН НИЦ «Наука» РАН, Минск : ЦНБ НАН Беларуси; 2023. Т.2. — С. 144—153.
11. Вялікае мастацтва артылерыі Казіміра Семяновіча = The great art of artillery of Casimir Simienowicz / [Казімір Семяновіч ; уступныя артыкулы, навукова-даследчы апарат, укладанне: П. Д. Падбярозкін, В. В. Урублеўскі ; рэдкалегія: У. Р. Гусакоў (галоўны рэдактар) і інш.] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа. Мінcк : Беларуская навука, 2024. — 575 с.
12. Подберёзкин, Ф. Д. Казимир Семенович: уровни самоопределения артиллериста Речи Посполитой XVII в. / Ф. Д. Подберёзкин // История: факты и символы. № 3 (44). 2025. — С. 110–128.
13. Падбярозкін, Ф. Д. Кім сябе лічыў Казімір Семяновіч? Наяўныя даныя і спроба прасапаграфічнага аналізу / Ф. Д. Падбярозкін // Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: вопыт міждысцыплінарных даследаванняў: зб. навук. арт. / Нац. акад. навук Беларусі; Цэнтр. навук. б-ка імя Я. Коласа; уклад. В.В. Урублеўскі; рэдкал.: С.С. Юрэцкі (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2025. — С. 111–126.
14. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Casimiro Siemienowicz. Artis magnae artilleriae pars prima. Amsterodami : apud Ioannem Ianssonium, 1650, 284 p.12Н//477К(026).
15. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Casimiri Simienowicz. Außführliche Beschreibung der großen Feuerwercks- oder Artillerie-Kunst.Franckfurt am Mayn : Bey Johann David Zünnern, Im Jahr 1676, 410 s. 12Н//722К(026).
16. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Casimir Simienowicz. The great art of artillery. London : printed for J. Tonson at Shakespear's Head in the Strand, 1729, 404 p. 12Н//565К(026).
17. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Casimiro Simienowicz. Vollkommene Geschütz- Feuerwerck- Und Büchsenmeisterey-Kunst. Franckfurt am Mayn : in Verlegung Johann David Zunnern, 1676, 232 s. 12Н//515К(026).
18. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Casimiro Simienowicz. Vollkommene Geschütz- Feuerwerck- Und Büchsenmeisterey-Kunst. Franckfurt am Mayn : in Verlegung Johann David Zunnern, 1676, 116 s. 12Н//515К(026).
19. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Casimir Siemienowicz. The Great Art of Artillery : Illustrated with twenty three copper plates, London : Printed for J. Tonson at Shakespear’s Head in the Strand, 1729, 404 р. Д16–18/СР408. ИОРкК2069.
20. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Сімяон Полацкі. Жазло кіравання. Масква : Друкарскі Дом, 1667, 151 арк. 12Н//894(026).
21. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Сімяон Полацкі. Жазло кіравання. Масква : Сінадальная тыпаграфія, 1753, 123 арк. 094/31К.
22. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Сімяон Полацкі. Жазло кіравання. Масква : Друкарскі Дом, 1667, 154 арк. К16-18/Ср19 ср116.
23. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Сімяон Полацкі. Жазло кіравання. Масква : Друкарскі Дом, 1667, 154 арк. К16-18/Ср225 ср2089.
24. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Сімяон Полацкі. Жазло кіравання. Масква : Сінадальная тыпаграфія, 1753, 127 арк. К16-18/Ср121 ср1372.
25. Симеон Полоцкий. Жезл Правления. Факсимильное воспроизведение издания 1667 г. Ответственный за выпуск А. А. Суша — Минск, 2013. — 320 с.
26. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Statut Wielkiego Xięstwa Litewskiego, naprzod, zá Náiáśnieyszego Hospodara krola iego mosci Zygmunta III, W Wilnie : W Drukarni Akademiey Societatis Iesu, 1693, 421 s. ОБ16-18/СР20 СР1965.
27. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Statut Wielkiego Xięstwa Litewskiego, naprzod, zá Náiáśnieyszego Hospodara krola iego mosci Zygmunta III, W Wilnie : W Drukarni Akademiey Societatis Iesu, 1693, 421 s. ОБ16-18/Ср-93 ор3588.
28. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аддзел даследавання рэдкай кнігі. Statut Wielkiego Xiestwa Litewskiego od krola I. M. Zygmunta III na koronacyi w Krakowie roku 1588 wydany, a teraz drugi raz polskim iezykiem do druku podany z pokazaniem w czym Statuta Korony Polskiey z Statutem W. X. L. sa zgodne, w czym zas rozne, tekstu samego Statutu niczym nie odmieniaiac, Wilnio : cum gratia et privilegio S. R. M. w druk. Leona Mamonicza Typ. Krola J. M., 1619, 391 s. ОБ16-18/Ср-23 Ср1967.
29. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Statut Wielkiego Xięstwa Litewskiego: naprzód za naiaśnieyszego hospodara króla iego mości Zygmunta III w Krakówie w roku 1588, W Wilnie : w Drukarni Akademiey Societatis Iesu, 1693, 421 s. 094/3025К.
30. Электроны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Спасылка: https://e-catalog.nlb.by/Search/Results?lookfor=Statut&type=AllFields&sort=year+asc; Дата доступу: 31.10.2025.
31. Ян Няпрэцкі. Вялікае Княства Літоўскае з яго падзелам на ваяводствы і паветы. Нюрнберг, 1749. / Вялікі гістарычны атлас Беларусі : У 4 тамах. – Т. 2. – Мінск, 2013. – С. 156–157.
32. Томаш Макоўскі. Magni Ducatus Lithuaniae caeterumque regionum illi adiaciencium exacta descriptio, 1613. Спасылка: https://www.raremaps.com/gallery/detail/74017/magni-ducatus-lithuaniae-caeterarumque-regionum-i lli-adjacen-blaeu-gerritsz; Дата доступу: 31.10.2025.