Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц

Жанчынам слова не давалі. Чаму ў школьнай праграме па літаратуры так мала пісьменніц

Тётя Ира

Беларускую літаратуру вывучаюць у школе цягам васьмі гадоў, ад пятага да адзінаццатага класа. За гэты час вучні знаёмяцца з творчасццю больш як 200 аўтараў. Жанчын сярод іх толькі 11. Такі ўзровень шкляной столі ўсталяваны ў беларускай літаратуры. Меркаваннем гендарнага даследчыка Удладзіслава Гарбацкага школьныя праграмы па літаратуры не адлюстроўваюць змены ў сучасным свеце: "Яны нібыта застыглі ў часе”. Пісьменніца Ганна Янкута кажа, што нават вяртанне ў праграму пісьменніц не вырашыць цалкам праблему школьных праграм: "Варта цалкам перагледзець падыход да навучання літаратуры".

Чаму складальнікі школьнай праграмы не хочуць заўважаць жанчын-аўтарак і што варта змяніць у вывучэннні літаратуры, Уладзь Гарбацкі і Ганна Янкута расказалі для канала “Тётя Ира Разрешила” .

Калаж з імёнаў аўтараў і аўтарак, якіх вывучаюць у школе на ўроках беларускай літаратуры. Чым большыя літары ў калажы, тым часцей творы аўтара вывучаюць дзяці

“Сыстэма адукацыі Беларусі застаецца гендарна сляпой”

Адукацыю і, у прыватнасці, літаратуру варта разглядаць як частку публічнай прасторы, лічыць Уладзіслаў Гарбацкі. У недэмакратычных культурах гэтыя сферы знаходзяцца пад моцным уплывам традыцыйных, патрыярхальных установак. 

Разглядаючы другі чыннік, пісьменніца прыводзіць у прыклад выключэнне са школьнай праграмы па рускай літаратуры твораў набелісткі Святланы Алексіевіч. Пра літаратурны канон яна тлумачыць больш падрабязна.

Жанчына-аўтарка - канон ці не канон?

 “У літаратуразнаўстве «канон», – гэта сукупнасць твораў, якія лічацца важнымі для пэўнай нацыянальнай літаратуры. Іх вывучаюць у школе, даследуюць, перавыдаюць, па іх здымаецца кіно і г.д, - кажа Ганна Янкута. -  Калі зусім спрашчаць, то раней у каноне былі ў асноўным творы аўтараў-мужчын, бо навукай, у тым ліку літаратуразнаўствам, займаліся пераважна мужчыны. Праз гэта творы, што пісалі жанчыны, часта здавалася ім нецікавым, другасным”.

Пазней у  навуку і грамадскае жыццё прыйшлі жанчыны і прадстаўнікі/прадстаўніцы іншых груп. Гэта змяніла ўяўленні пра канон. У ім з'явіліся творы жанчын, аўтараў з карэнных народаў і г.д. Паняцце канону пачало размывацца.

“У беларускай літаратуры падобныя працэсы таксама ідуць: ёсць даследаванні жаночай літаратуры, з'яўляюцца анталогіі жаночых твораў, адкрываюцца новыя імёны. Варта згадаць зборнік казак прабабулі Максіма Багдановіча Рузалі Асьмак, якія сабраў і падрыхтаваў Антон Францішак Брыль. То бок ствараецца нешта накшталт новага канону жаночай літаратуры. Але гэтыя жывыя працэсы, на жаль, ніякім чынам не закранаюць школьную праграму, не адлюстроўваюцца ў ёй ... бо ёсць згаданы вышэй другі чыннік. Таму праграма, хоць і зазнае касметычныя змены, па сутнасці застаецца такой жа, якой была ў савецкія часы”.

“Адсутнасьць афіцыйнай крытычнасьці не дазваляе ставіць пад сумнеў існыя падручнікі і спісы класікаў, асабліва савецкага пэрыяду, - адзначыў Уладзіслаў Гарбацкі. - А там, вядома, дамінуць мужчыны  - Лынькоў, Лужанін, Танк, Шамякін, Брыль, Меляж, Навуменка і др.” 

Яшчэ адной прычынаю таго, што творы жанчын не ўключаюць у літаратурны канон і навучальныя праграмы, Гарбацкі называе стэрэатып пра “нібыта неўніверсальнасьць, вузасць жаноцкай тэмы ў творчасьці”.

ІлюстратыўнаКарціна "Пісьменніца". Крыніца: hgmotart.co
“У Беларусі, - кажа даследчык, - пытаньне дасюль не ўспрымаецца, як праблема. Улады, міністэрства, дзяржаўныя выдавецтвы працягваюць ігнараваць як гендарныя прапановы ў адукацыйнай педагагічнай дзейнасьці, так і рэальныя чаканьні моладзі, новых пакаленьняў беларусаў/ак.

“Ад жанчын чакаюць іншага”

Вобраз “геройскага пісьменніка” ў савецкім каноне - перавожна мужчынскі, зазначае Уладзіслаў Гарбацкі: “Толькі зрэдчас [гэта вобраз] патрыётак і рэвалюцыянэрак, як Цётка. Яна – хутчэй выключэньне”.

Алаіза Пашкевіч, Цётка. Крыніца: nlb.by

Яшчэ адной праяву савецкага маскуліннага канону ён бачыць у надзвычайнай ідэалягічнасьці ў выбары класікаў: “Той ці тая, хто ідэйна не пасуе, у падручнікі не трапляе. Так сталася з Ларысай Геніюш, Натальляй Арсеньневай, Сьвятланай Алексіевіч і др. Канечне, прыгэтым і многія мужчыны іншай ідэалёгіі таксама не трапляюць у сьпіс, каго можна чытаць шкалярам: Ф. Аляхновіч, В. Быкаў, А. Адамовіч, А. Бахарэвіч і г.д.”

“Гендарная сьляпата часта выкліканыя патрыярхальнай ўстаноўкай, стэрэатыпам, што жанчыны створаныя для іншага: сям’і, дзяцей, прыватнай сфэры. Вельмі часта ад жанчынаў чакаюць іншага ў кансэрватыўных грамадзтвах – не пісьма, ня твораў, а так бы мовіць “абслугоўваньня мужчынаў”. І часта многія жанчыны даюць веры ў гэта, адмаўляюцца ад сваіх мараў і амбіцыяў”.

На філфаку - адны дзяўчаты, у сярод аўтараў - большасць мужчын

Беларускія літаратуразнаўцы спрабуюць рэабілітаваць і вярнуць з нябыту забытых пісьменьніц і паэтак. Напрыклад, складзена анталогія беларускай жаночанй паэзіі міжваеннага пэрыяду “Бліскавіцы”.  Але часта вернутыя імёны застаюцца вядомымі толькі ў вузкіх колах спецыялістаў/так. У школьныя і нават унівэрсытэцкія праграмы яны не трапляюць.

Такая нягнуткасць, на думку Уладзіслава Гарбацкага, ігнаруе змены часу ды інтарэсы моладзі.

“Сярод студэнцтва [філалагічных факультэтаў] ўсё больш дзяўчатаў, ці нават іх абсалютная большасьць. А ім цікава і важна чытаць ня толькі досьвед мужчынаў-аўтараў, але і аўтарак-жанчынаў, якіх проста няма ў падручніках і хрэстаматыях. Ня варта забываць, што мастацкая літаратура зьяўляецца моцнай і важнай крыніцай ідэнтыфікацыі для маладых, важым арыентырам. А беларуская школьная праграма па літаратуры проста не дае арыентыраў нашым дзяўчатам, якія мусяць арыентавацца на мужчынаў”.

Ці былі ў нас пісьменніцы да Ажэшкі і Цёткі?

Пісьменьніцы, аўтаркі, паэткі, літаратаркі заўсёды былі і ёсць у беларускай літаратуры. Колькасць жанчын у літаратуры павялічваецца, але ў школьныя праграмы іх творы не трапляюць. “Рэдкія жанчыны ў падручніках - Цётка, Алена Васілевіч, Еўдакія Лось, Яўгенія Янішчыц і некаторыя іншыя дазваляюцца толькі таму, што яны лічацца ідэйна і ідэалягічна нейтральнымі і аўтарытэтнымі”, - кажа Уладзіслаў Гарбацкі.

Даследчык кажа, што ў мінулым, акрамя Ажэшкі і Цёткі, і нават да іх, існавала цэлая кагорта іншых дасюль малавядомых шырокаму колу літаратарак ХІХ - першай паловы ХХ стст. Сярод іх - Пузына Альбіна Габрыеля, Эма Дмахоўская, Зоф’я  Тжашчкоўская, Марыя Косіч, Алена Цэпрынская, Ванда Лявіцкая, Вольга Сахавара ды іншыя.

Таксама ігнаруецца сістэмай адукацыі літаратурная спадчына дыяспары. “Беларускія дыяспарныя пісьменніцы, ад Ніны Абрамчык, Аляксандры Саковіч, Зоры Кіпель да Міра Лукшы, Ірыны Варабей ды іншых, цалкам адсутнічаюць у школьных праграмах”.

Вяртанне жанчын у праграму - пытанне часу. Ці гэтага дастаткова?

Меркаваннем Гарбацкага, разьвіццё літаратуразнаўства змяняе сітуацыю. Колькасць жанчын-літаратарак павялічваецца. Гісторыкі літаратуры вяртаюць нам імёны звбтых аўтарак.

“У будучыні гэтыя працэсы прывядуць да таго, што школьная праграма па літаратуры будзе абавязкова рэвізаваная, у тым ліку з гендарнага пункту гледжаньня. Усё толькі пытаньне часу”.
Дзяўчына ў бібліятэцы. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay

На думку Ганны Янкута, пераглядзець трэба ўвогуле падыход да складання школьнай праграмы па літаратуры:

“Мне здаецца, што недастаткова проста дадаць у школьную праграму па літаратуры больш пісьменніц ці кагосьці яшчэ. Варта цалкам перагледзець падыход да навучання літаратуры, зрабіць яго гнуткім і сучасным, зразумець, як і чаму мы хочам вучыць дзяцей у школе. Тады ўжо можна будзе складаць новую праграму, у якой будуць нароўні прадстаўленыя творцы-жанчыны і мужчыны, пісьменнікі/пісьменніцы, якіх заўсёды памяталі і чыталі, і тыя, чыя галасы былі заглушаныя, аўтары і аўтаркі, якія пісалі на мове ідыш, творцы, якім давялося пісаць за мяжой, – усё багацце літаратуры, якая стваралася ў Беларусі”.


 


Report Page