Беларускі дэмакратычны праект і радыкальная дэмакратыя
нінавоштаУ сваім нядаўнім артыкуле для ЦНІ Канстанцін Несьцяровіч выдатна прааналізаваў падзел беларускага грамадзтва пасьля палітычнага крызысу 2020-га года з пункту гледжаньня канцэпцыі транснацыянальнага расколу. Зь яго вынікае, што раскол нашага грамадзтва ўкладаецца ў рамкі расколу іншых грамадзтваў Эўропы нядаўняга часу: адносна забясьпечаныя і адукаваныя жыхары вялікіх гарадоў, што працуюць у масе сваёй на прыватных прадпрыемствах, падтрымліваюць прагрэсыўныя і лібэральныя палітычныя сілы (зялёныя, альтэрнатыўныя, лібэртарныя — GAL-партыі), у той час як маючыя патрэбу ў сацыяльным забесьпячэньні і пратэкцыянісцкіх мерах дзяржавы жыхары пераважна невялікіх гарадоў і мястэчак з малой сацыяльнай мабільнасьцю выказваюць падтрымку правым папулістычным рухам (традыцыяналісцкія, аўтарытарныя, нацыяналістычныя — TAN-партыі), бо тыя здатныя аказаць неабходную ім сацыяльную падтрымку. У нашым выпадку гэта выліваецца ў раскол між тымі, хто падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі і тымі, хто знаходзіцца ў апазыцыі да яго.
Несьцяровіч сьцьвярджае, што рэччу, якая бы магла спыніць раскол у беларускім грамадзтве ёсьць вяртаньне дэмсілаў да канцэпцыі ўсеагульнага дабрабыту, прыўнясеньне сацыяльных пытаньняў у палітычную павестку і ўключэньне ў праект дэмакратычнай Беларусі і той часткі грамадзтва, якой сьхільная падтрымка Аляксандра Лукашэнкі.
Я лічу, што гэта абсалютна ключавое пытаньне, над якім нам, прыхільнікам дэмакратычнага праекту Беларусі, неабходна размаўляць, канцэптуалізаваць і ўключаць у палітычнае дзеяньне. У пэўным сэнсе, мой эсэй — заклік да плюралізацыі і радыкалізацыі дэмакратычнасьці нашага праекту, звароту да папулістычнай палітыкі і канструяваньня цэласнасьці беларускага народу ды працы на яго.
******
Усталяваньне ў Беларусі і Расеі аўтарытарных рэжымаў у 1990-я ёсьць выдатнай глебай для развагі на гэты конт. Сацыялягічныя зьвесткі даюць зразумець, што напачатку 1990-х гадоў большасьць жыхароў былога СССР прытрымлівалася сацыял-дэмакратычных і дэмакратычных сацыялістычных поглядаў, лічыла неабходным адначасова і дзяржаўны патэрналізм ды сацыяльную абарону грамадзтва, і дэмакратызацыю дзяржавы, частковы пераход да рыначнай эканомікі. Такія погляды ў масе сваёй захоўваліся да пачатку 2010-х, напрыклад, у 2014-м траціна расейцаў лічыла сябе сацыялістамі або сацыял-дэмакратамі.
Заўважна, аднак, на прыкладзе Беларусі і Расеі, што адказу на запыт грамадзтва і яснай ягонай палітычнай фармулёўкі не пасьледавала. У Расеі да ўлады прыйшлі «дэмакраты-рэфарматары» якія правялі рабаўніцкую прыватызацыю і не змаглі ўсталяваць у прынцыпе аніякіх дэмакратычных інстытутаў, а адзіным левым палітыкам, які быў здатны выйграць на прэзыдэнцкіх выбарах 1996-га быў аўтарытарны марксыст-ленініст Зюганаў. Выбары тыя, так ці йначай, адбыліся з падтасоўкамі, пры фактычнай уладзе вузкага кола алігархаў, т.з. «семібанкіршчыне» і, па сутнасьці, былі скрадзеныя.
У Беларусі жа сытуацыя адрозьнівалася тым, што палітычнае супрацьстаяньне палягала ня між фактычна палітычнымі сіламі алігархату і камуністамі, а між старой савецкай наменклатурай і папулістам Лукашэнкам. І зноў, дэмакратычныя папулістычныя сілы, якія сапраўды мелі бы магчымасьць атрымаць значную падтрымку грамадзтва, прадстаўленыя не былі. Як выразіўся, па-мойму, сацыёляг Коршунаў, перамогу Лукашэнкі варта ўспрымаць хутчэй як паразу Кебіча. Сапраўды, толькі з адным важлівым дадаткам: перамогу Лукашэнкі варта ўспрымаць хутчэй як тагачасную немажлівасьць астатніх палітычных сілаў быць папулістычнымі.
То-бок можна адзначыць, што лібэральна-дэмакратычная візыя ў Беларусі і Расеі сыстэматычна ігнаравала інтарэсы найменш сацыяльна мабільнага, заможнага і найбольш патрабуючага дзяржаўнай падтрымкі пласта грамадзтва. У Беларусі адзінай палітычнай сілаю якая надавала ім значэньне быў аўтарытарны папуліст Лукашэнка — так што абіраць, па сутнасьці, не даводзілася. У Расеі пасьля Ельцына гісторыя склалася йнакш — з прызначэньнем Пуціна пераемнікам, войнамі ў Чачні і г.д. але існасьць таго, што я сьцьвярджаю зусім не зьмяняецца: што ў Беларусі, што ў Расеі лібэральна-дэмакратычны праект ігнараваў вырашальную частку грамадзтва і менавіта гэта, я лічу, і паслужыла прычынай ягонай паразы.
(Добрым прыкладам пасьпяховай левай дэмакратычнай палітыкі ў посткамуністычнай краіне можа быць дзесяцігадовае прэзыдэнцтва ў Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага. Той быў выхадцам з пануючай у ПНР партыі PZPR, а пасьля краху камуністычнага рэжыму — Саюзу дэмакратычных левых.)
******
У эсэі «Глобальное потепление после холодной войны» 2017-га году Уладзімір Мацкевіч умоўна падзяліў беларускае грамадзтва на тры «сьветы»: першы, які ў катэгорыях артыкулу Несьцяровіча можна назваць сьветам «перамоглых» ад інфармацыйнай рэвалюцыі — беларусы, што жывуць у гарадах, вядуць эўрапейскі лад жыцьця, які не залежыць ад рэжыму Лукашэнкі і палітычных абставін вакол іх, валодаюць высокім узроўнем адукацыі і сацыяльнай мабільнасьці — гэты «сьвет» судаказны частцы эўрапейскага грамадзтва, што падтрымлівае GAL-партыі; другі «сьвет» — беларусы, галоўнымі каштоўнасьцямі якіх ёсьць суверэнітэт і незалежнасьць беларускай нацыі, выкарастаньне беларускай мовы і разьвіцьцё беларускай культуры; трэці — беларусы, прывязаныя да лякальных ідэнтычнасьцяў, што пражываюць у рэгіёнах, залежныя ад дзяржавы і валодаючыя нізкім узроўнем адукацыі і сацыяльнай мабільнасьці — яны ў нашай канцэптуальнай схэме суадказныя эўрапейцам, што падтрымліваюць TAN-партыі. У тэксьце Мацкевіч сьцьвердзіў, што перамены ў Беларусі магчымыя пры аб'яднаньні ў палітычным дзеяньні першага і другога сьветаў — то-бок фармаваньні кулаку прыхільнікаў прагрэсыўных і лібэральных палітычных сілаў, мысьленчая канструкцыя цалкам сабе суадказная эўрапейскаму падзелу на выбарцаў GAL-партыяў і TAN-партыяў.
Але пару тыдняў таму на «Прадмове» ў Вільні Ўладзімір, сярод іншага, канстатаваў, што эмпірыка абвергла ягоную тэзу — рэвалюцыя 2020-га аб'яднала ў сабе беларусаў першага і трэцяга сьветаў, то-бок, парадаксальна, і «перамоглых» і «прайгралых» ад інфармацыйнай рэвалюцыі, бакі, якія самі па сабе, меркавана, мусяць знаходзіцца ў пэрманэнтнай канфрантацыі. Гэта, я лічу, і ёсьць найадметнейшае ў нашай рэвалюцыі — поўны злом шаблёнаў палітычнай канфрантацыі.
Карыстаючыся катэгорыямі бельгійскай палітычнай філёзафкі Шанталь Муф, мне падаецца, што зьяднаць два палітычных полюсы ў папулістычны момант 2020-га года дапамагла менавіта радыкалізацыя дэмакратычнасьці нашага палітычнага праекта і выкарастаньне канцэпцыі дэмакратычнага грамадзянства на практыцы — зьяднаньне ў ланцугу эквіваленцыі шматлікіх дэмакратычных змаганьняў і стварэньне сярод суб'ектаў дэмакратычных змаганьняў агульнай палітычнай ідэнтычнасьці. То-бок у праект дэмакратычнай Беларусі упершыню за столькі гадоў было ўключанае ўсё беларускае грамадзтва, а ня толькі, скажам, беларускамоўныя нацыяналісты, або толькі забясьпечаныя жыхары гарадоў, і палітычная апазыцыя мы/яны стала ясьней чым некалі раней. Мы — беларускі народ ува ўсёй сваёй разнастайнасьці, яны — рэжым Лукашэнкі. Падчас Плошчы 2006, напрыклад, я так думаю, наўрад ці нават самы заўзяты рэвалюцыянер бы сказаў, што ягонае змаганьне ўключае ў сябе ўсіх беларусаў, або што ён дакладна ведае супраць каго змагаецца. Супраць рэжыму Лукашэнкі? а што наконт тых беларусаў, якія яго падтрымліваюць або маўчаць? што наконт «зрасейшчаных» беларусаў? і гэтак далей.
Пры чым беларуская рэвалюцыя ў агульнаэўрапейскім кантэксьце абсалютна sui generis. Менавіта аб такім аб'яднаньні грамадзтва ў змаганьні за плюральную дэмакратыю супраць палітычных элітаў — у нашым выпадку рэжыму Лукашэнкі — пісала Муф у For a Left Populism, менавіта такога роду аб'яднаньне «першага» і «трэцяга» сьвету цяпер патрабуе эўрапейскае змаганьне супраць састарэлага нэалібэральнага палітычнага кансэнсусу і ўзыходзячага правага папулізму — якому як раз такі ўдаецца аб'яднаць у сабе грамадзтва, маламабільныя і пакінутыя мэйнстрымнымі лібэральнымі партыямі яго часткі.
Цяпер жа, беларускае грамадзтва разьяднанае як ніколі раней. У нас, прыхільнікаў дэмакратычнага праекта Беларусі, адсутнічае ўсялякае ўяўленьне аб тым, хто мы, а хто яны, супраць каго мы змагаемся; адсутнічае ўяўленьне аб тым, чым зьяўляецца наш дэмакратычны праект і для каго ён. Гэтая праблема стаяла перад намі заўжды: гэта паказалі 1990-я — перамога аўтарытарызму ў Беларусі ёсьць усяго толькі паразай праекта лібэральнай дэмакратыі і немажлівасьці ўключыць у яго значнейшую частку грамадзтва, і гэта паказаў 2020-ты, які стаў магчымы толькі дзякуючы радыкальнай дэмакратычнай палітыцы. Цяпер і заўжды адказ на яе палягае толькі ў плюралізацыі дэмакратычнага праекта, уключэньня ў яго ўсіх беларусаў і левай папулістычнай палітыцы. Вяртаючыся да Мацкевіча — мы адзін народ, і мы мусім працаваць на гэты народ і дзеля гэтага народу.