«Супрацоўнікі адбіраюць грошы, а потым прыходзяць з чэкамі». Відавочца распавяла пра тое, што адбываецца ў ЦІПе на Акрэсціна 

«Супрацоўнікі адбіраюць грошы, а потым прыходзяць з чэкамі». Відавочца распавяла пра тое, што адбываецца ў ЦІПе на Акрэсціна 

"Вясна назірае"

У пачатку ліпеня дзяўчына, імя якой не называецца ў мэтах бяспекі, атбывала свой 14-сутачны арышт у ЦІПе на Акрэсціна. Акрамя жудасных умоваў для «палітычных», яна распавяла “Вясне назірае” пра новыя правілы "выкрадання" грошай у арыштантаў, сукамерніцу, якая трымае галадоўку ужо шэсць дзён, вентыляцыю ў камеры і прапановы ад лекарак у ЦІПе.


«Супрацоўнікі ЦІПа адбіраюць у арыштаваных наяўныя грошы, а потым прыходзяць з чэкамі на тую суму»

«З некаторых часоў у ЦІПе на Акрэсціна супрацоўнікі адбіраюць з асабістых рэчаў арыштаваных наяўныя беларускія грошы без дазволу іх уладальнікаў. Праз пару дзён у камеру прыходзіць супрацоўнік з чэкамі на тую суму, якую яны канфіскавалі, і кажа, што «гэта за харчаванне». Пры вызваленні чалавеку выдаюць рахунак на аплату за харчаванне ўжо за вылікам канфіскаванай сумы. Але згодна з заканадаўствам, арыштаваны ў праве ў добраахвотным парадку аплаціць харчаванне на працягу месяца», - гаворыць дзяўчына.

На яе думку, адміністрацыя Акрэсціна такім чынам хоча закрыць «дзіркі ў бюджэце» з-за тых, хто не можа аплачваць харчаванне.


З тэмпературай 38-39 °С дзяўчына сядзела чатыры дні ў карцары на кафлянай падлозе 

«Праблемы са "стулам" — вельмі частая праблема ў арыштаваных: ежа, абстаноўка і стрэс прыводзяць да таго, што некаторыя за ўвесь тэрмін могуць так і не схадзіць у туалет. Тое, што мясцовыя лекаркі прапануюць — ненармальна. Адной дзяўчынцы прапаноўвалі дзесяць разоў папрысядаць і выпіць шклянку вады з-пад крана (ўсё і так п'юць гэтую ваду, хоць па законе нам павінны прыносіць кіпячоную штодня). Іншай дзяўчынцы прапанавалі пасядзець прыціснуўшы калені да жывата (зноў такі, усе і так сядзяць такім чынам, бо месца ў камэры не хапае). Але самая дзікая гісторыя адбылася з дзяўчынкай, якая захварэла на прастуду. Пры яе тэмпературы 38-39°С мясцовы градуснік паказваў каля 36,6 °С. У выніку, што зрабілі адміністрацыя і лекарка? Перавялі хворую дзяўчыну ў карцэр на чатыры дні. Яна была адна на кафлянай падлозе, "нары" там не апускаліся, бо "яны зламаныя". Яна чатыры дні ў дрымоце ад хваробы правяла на крэсле, пры гэтым, лекарка бачыла гэтыя ўмовы», — успамінае дзяўчына.

«Акрамя кругласутачнага святла, амаль увесь час гула і вентыляцыя»

«У нашай камеры акно было трошкі адкрыта, таму калі нам ахоўнікі пакідалі адкрытую "кармушку", стваралася хоць мінімальнае праветрыванне камеры. Вельмі гучна працавала вентыляцыя, гучна, але эфекту ад яе было мала. Акрамя кругласутачнага святла, амаль увесь час гула і вентыляцыя. З-за таго, што перадачы не аддаюць, у многіх дзяўчынак не было цёплых рэчаў, таму ноччу пры адкрытым акне і вентыляцыі станавілася вельмі холадна, і з-за гэтага многія захварэлі. На нашу просьбу выключыць на ноч вентыляцыю, некаторыя ахоўнікі адказвалі, што большасць камер просіць пакінуць яе на ноч (уключаецца і выключаецца вентыляцыя адразу на ўсім паверсе). Гэта і зразумела: у большасці там ёсць і коўдры, і матрацы, таму ў прахалодзе ім спаць камфортна. За ўвесь тэрмін свайго арышта, я была ў двух камерах: двухмесная, дзе было 9-12 чалавек, і чатырохмесная — на 10-13 чалавек. Прагулкі і душ — вельмі рэдка, і залежыць гэта ад настрою адміністрацыі ці знешніх фактараў: невыноснай спякоты, напрыклад, або прыезду начальства. Пракладкі, мыла, туалетную паперу і хлорку нам выдавалі. Перадачы, кнігі, ручкі, сшыткі не перадавалі. Яўген Урублеўскі (сяржант ЦІП Акрэсціна), якога ў чэрвені ўключылі ў чацвёрты санкцыйны спіс, усё яшчэ дазваляе сабе крычаць, жэсціць і выдаваць зневажальныя жарты».

49-гадовая жанчына абвясціла галадоўку ў пратэст супраць новага пратаколу і чарговых сутак

«Асабліва свавольныя міліцыянты пакуль арыштаваны ўжо сядзіць на Акрэсціна, "малююць" новыя пратаколы за пікеты або непадпарадкаванне міліцыі. Адна арыштаваная за непадпарадкаванне (а па факце яе проста каля суда забралі) пасля сваіх сутак выйшла атрымліваць свае рэчы, але ў выніку рэчы атрымлівала не яна, а супрацоўнік РУУСа, які пасля гэтага з ёй і яе рэчамі паехаў у РУУС, дзе зноў прадубляваў пратакол. І зноў суткі. Цяпер у камеры сядзіць 49-гадовая жанчына, якая абвясціла галадоўку праз падобную сітуацыю. Яна сядзела за пікет 14 сутак. У дзень, калі яе павінны былі выпускаць, да яе прыехаў супрацоўнік РУУСа з новым пратаколам, і на заўтра яе арыштавалі яшчэ на 15 сутак».

Гаворка ідзе пра 49-гадовую Іну Драніцу, якую затрымалі яшчэ 1 ліпеня па арт. 24.23 КаАП. На наступны дзень — 2 чэрвеня— яе справу разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна. Падставай для затрымання і складання пратакола стала несанкцыянаванае пікетаванне ўвечары 1 чэрвеня каля дарогі на праспекце Пушкіна. Іна пацвердзіла суддзі, што стаяла з БЧБ-сцягам на плячах. Суддзю таксама цікавіла, як рэагавалі на гэта звычайныя мінакі. У выніку, Ярохіна прызнала жанчыну вінаватай і арыштавала яе на 14 сутак.

15 чэрвеня па заканчэнні тэрміну Іна на волю так і не выйшла. Па словах яе сукамерніцы, супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа на жанчыну склалі новы пратакол за тое ж «правапарушэнне», якое было і ў першым, але нібыта здзейсніла яна яго на 30 хвілін раней. 16 чэрвеня падчас судовага працэса суддзя Дзмітрый Лукашэвіч не звярнуў увагу на гэта і арыштаваў жанчыну яшчэ на 15 сутак. Агулам Іна Драніца будзе ўтрымлівацца за кратамі 29 дзён. Іна трымае галадоўку ўжо на працягу шасці дзён. Сукамерніцы паведаляюць, што «ў Іны праблемы з ціскам, моцны кашаль і галаўныя болі, і з-за абыякавасці з боку мясцовых лекарак, яны ўсе вельмі хвалююцца за яе здароўе».


Report Page