“Кусь-бусь” і “ўсё норм”. Аўтарка сцікер-пака з беларускамоўнымі жывёлкамі расказала, адкуль яны ўзяліся

“Кусь-бусь” і “ўсё норм”. Аўтарка сцікер-пака з беларускамоўнымі жывёлкамі расказала, адкуль яны ўзяліся

Тётя Ира

Прыручыць ваўка? Злавіць шчупака? Дамовіцца з мышкай? Даць з гэтым рады ўдалося гродзенцы Рыме Ушкевіч, аўтарцы сцікерпака “Лямантар”. У яго ўвайшлі дзевяць жывёлкаў, што жывуць у Беларусі. Кожны з герояў кажа па беларуску сваё выслоўе, якое хочацца паўтараць і адпраўляць сябрам – ад “дабраначкі” да “ты коцік”.

Для канала “Тётя Ира разрешила” Рыма расказала пра сябе і пра сваіх персанажаў.

Рыма Ушкевіч - летуценніца і мастачка з Гродна, аўтарка сцікерпака "Лемантар". Фота Лена Сапега

“Больш за ўсё люблю марыць”

“У мяне двое дзяцей, адзін грамадзянскі шлюб і ніводнай мастацкай адукацыі”, - кажа Рыма Ушкевіч. Сярод улюбёнага баўлення часу яна называе быць сам-насам з сабой і марыць. У Гродне Рыму ведаюць як адну з арганізатарак дзіцячай эка-студыі “Ветка”.

Маляванне стала часткай жыцця Рымы два гады таму. Малявала ў асноўным для сябе ў інстаграм ці для сяброў – афішкі для экастудыі, партрэты, назіранні з жыцця. “Вось так, без спецыяльнай адукацыі і нават без мастацкай школы. Прачнулася нешта ўнутры», - расказвае яна пра гэта.

Рыма: "Мой любімы матэрыял - каляровыя алоўкі. Проста адчуваю усім сваім нутром іх зямную, цвёрдую, зразумелую прыроду і мне з імі добра"

У гэты ж час праходзіла навучальны курс па персанажнай ілюстрацыі на адной з платформаў дыстанцыйнага навучання. Там адным з заданняў было распрацаваць сцікерпак.

“Я шмат думала пра сцікеры - усё упіралася ў героя, які мне самой быў бы цікавы. І чамусьці не было натхнення -  я тармазіла з выкананнем і амаль на год закінула свае навучанне. Але не толькі з-за сцікераў, а ў цэлым з-за прыгнечанага стану і стрэсу, праблем са здароўем».

Дапамагалі ў гэты час пошукі прыгажосці: «Для мяне абавязковай умовай жыцця з'яўляецца прыгажосць, хоць якая - прыгожы кубачак, талерка, прыгожыя дываночкі дома, прыгожая вокладка для кнігі... Шукаю яе, гэту прыгажосць, паўсюль. Мне важна, каб было прыгожа і прыцягвала ўвагу».

Як вырасці ад хрушча да зубра

«Мая мара, яна ж мэта - ілюстраваць дзіцячую і дарослую літаратуру», - расказвае Рыма. А сцікеры сталі адным з крокаў да яе.

«Насамрэч, атрымалася такое комба: супала нагода і маё жаданне. Я шмат чаго малюю для свайго партфоліа - гэта такі «трюк» ілюстратараў-навічкоў. Калі ў цябе няма рэальных замоваў - ты іх сабе прыдумляеш, каб патэнцыйны кліент убачыў, што менавіта ты умееш, які у цябе стыль, як ты працуеш з тэмай».

«Замову» прыдумаць герояў даў Рыме «дарагі муж і сябра ў адной асобе», Жэня. Ён стварае дадатак для дзяцей па вывучэнню мовы - Lemantar. Гэта інтэрактыўная гульня дзе трэба па малюнках адгадваць беларускія словы.

Героі сцікерпака "Лемантар"

«Жэня прапанаваў мне (ўсё роўна замоваў няма) пачаць маляваць аўтарскія малюнкі для дадатка. І я пачала маляваць. Першай задачай было намаляваць заставачкі для праходжання ўзроўняў. Прынцып такі - ты добра праходзіш, і на экране высвечваецца колькасць балаў і нейкі забаўляльны малюначак, які дэманструе твой ўзровень - ад маленькага да вялікага. Гэта я і спрабавала перадаць жывёламі. Самы маленькі, першы ўзровень - гэта хрушч. Потым - мышка, шчупак, і гэтак далей, да зубра. Тобок ты расцеш - і я як гулец, і як жывёла».


Для Лемантара Рыма намалявала 11 жывёлаў. Тыя 9, што ўвайшлі ў сцікерпак і яшчэ слана і кіта.

«Калі гэтая серыя была ўжо намаляваная, я вырашыла паспрабаваць зрабіць сцікеры. Паколькі тут няма адзінага героя, прыйшлося шукаць агульную тэму. Я засяродзілася менавіта на тых, хто жыве ў Беларусі. Слон і кіт засталіся "не пры справах". Але можа і іх час настане»

Спампаваць сцікерпак можна тут

Для шырокага кола карыстальнікаў

Характар сцікерпака Рыма называе «іранічна-пяшчотным. І крышачку суворым».

«Уяўляю такога, ведаеце, падлетачка альбо перадпадлетачка, які гэтымі сцікерамі элегантна адмахваецца ад маміных і татавых паведамленняў, не хочучы пакрыўдзіць, але ж і паказваючы свай гонар і годнасць».

Але ўзроставых абмежаванняў сцікерпак, безумоўна, не мае – налепачкі аўтарка адрасуе ўсім, хто любіць мову і проста любіць”. 

У першы ж дзень пасля публікацыі сцікераў Рыма атрымала шмат водгукаў на іх.

«Я нават не магла ўявіць, што мае сцікеры знойдуць такі водгук у сяброў і знаёмых. Гэта так кранальна і крута! Проста ваў!»

І што далей?

«Зараз я цалкам змяніла сваё жыццё і займаюся ілюстрацыяй», - расказала Рыма. Што тычыцца натхнення, яна кажа, пра сябе “ўнутры я вогненны чалавек» І каб натхніцца, ёй шмат не трэба:

«Гэта, напэўна, каўказская частка ва мне абуджаецца - я напалову абхазка, а можа і проста - таму што я знайшла сваю любоў і свой шлях. Але пажывем – паглядзім». 

Report Page