Як жыве бяздомны з Мінску, якога арыштавалі па "народным артыкуле" амаль на 100 сутак

Як жыве бяздомны з Мінску, якога арыштавалі па "народным артыкуле" амаль на 100 сутак

"Вясна" назірае
Фота: KYKY.ORG

Бяздомны з Мінску Аляксандр Кутас ужо адбыў па "народнаму артыкулу" каля 80 сутак. 25 траўня яго арыштавалі яшчэ на 20 за БЧБ-плакат. У мінулы раз яго затрымалі каля метро "Малінаўка" за тое, што ён прадаваў труса з БЧБ-аброжкам. Яму прысудзілі 25 сутак арышту. Праз пяць сутак пасля вызвалення яго зноў затрымалі за БЧБ-плакат з надпісам "Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагера і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь". За гэта Аляксандра арыштавалі яшчэ на 20 сутак.

У 2016 годзе KYKY.ORG паразмаўлялі з Аляксандрам Кутасам пра яго лёс, судзімасці і аб жаданні змяніць сваё жыццё. "Вясна назірае" даведалася ў яго сукамерніка па "сутках па народным артыкуле", як цяпер змянілася жыццё мужчыны, які стаў "БЧБ-пагрозай" для мінскіх міліцыянтаў.


Дзень Аляксандра пачынаецца на станцыі метро "Магілёўская", дзе ён праводзіць большую частку свайго часу – там яго месца "заробку". Цэлы дзень ён сядзіць з ламініраванымі таблічкамі, дзякуючы якім і "зарабляе" сабе на жыццё. Аляксандра часам можна сустрэць з трусам. Але падчас "сутак" гэтых трусаў забірае міліцыя і не вяртае пасля вызвалення. Што супрацоўнікі міліцыі робяць з жывёламі – невядома.

Заробак Аляксандра, за вылікам ежы для сябе і трусаў, дазваляе яму ні ў чым сабе не адказваць. Аляксандр ходзіць за ежай у сталовыя і ў краму. Сваім сукамернікам Аляксандр распавядаў, што на ежы ён не эканоміць і імкнецца жыць паўнавартасным жыццём. 

Каля 23:00 кладзецца спаць: Аляксандр едзе на вакзал і садзіцца ў электрычку. Звычайна дарога да Баранавічаў складае каля чатырох гадзін, пасля чаго на ёй жа вяртаецца назад у Мінск. Калі спаць хочацца мацней звычайнага, то замест Баранавічаў Аляксандр едзе ў Жабінку.  

Кутас падзяліўся з сукамернікамі, што нарэшце збіраўся зрабіць у траўні рэгістрацыю, але пасля затрымання ягоны пашпарт разам з тэлефонам і радыёпрымачом арыштавалі, ён дагэтуль іх не забраў.

Сёлета Кутас паспеў адсядзець па "народным артыкуле" 24.23 КаАП ужо каля 80 сутак, а цяпер да іх дадалі яшчэ 20. 

Фота: KYKY.ORG

Аляксандр Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі. Каб яго ў чарговы раз не затрымлівалі і не садзілі за краты, пры сустрэчы міліцыянтаў Аляксандр ускрывае сабе вены. Яго рукі ў шнарах ад неаднаразовых парэзаў. Працуе гэта так: ён бярэ лязо, рэжа вены, а супрацоўнікі міліцыі выклікаюць хуткую, якая яго забірае ад іх. Але хуткая вельмі часта не давозіць яго да падстанцыі, а проста адпускае яго, перавязваючы рукі.

Мінулы досвед Кутаса ў зняволенні дапамагае яму адбываць суткі. Па словах яго сукамерніка, супрацоўнікі ізалятара да Аляксандра ставяцца добра. Мужчына ведае правілы і розныя "хітрыкі", якія дапамагаюць вырашаць бытавыя праблемы ў "хаце". Таксама Аляксандр піша вершы, якія потым чытае сукамернікам.

Зараз Аляксандр зноў за кратамі і выйдзе толькі 12 чэрвеня – у свой Дзень Народзінаў. Яму спаўняецца 59 гадоў.


Report Page