Паштоўка
Калісьці паштальёна чакалі ў кожным двары і пры любым надвор’і. Асабліва ў вёсках. Пехам, на кані, на веласіпедзе, пазней на аўтобусе ад вёскі да вёскі “несліся навіны”. Паштовая сумка праз плячо была запоўнена газетамі, часопісамі, тэлеграмамі, лістамі і, канечне ж, віншавальнымі паштоўкамі (адкрыткамі).
Гэты маленькі прамавугольнічак памерам 9 х14 см (устаноўлены стандарт з 1874 года) прыносіў шмат радасці, шчымлівага трапятання ў сэрцы, хвалюючай неспадзяванкі, удзячнасці за памяць. Словы падбіраліся з асаблівай адказнасцю – пасланне даступнае для людскога вока (калі не ў канверце). Змест адкрытага пісьма быў кароткі. Па гэтай прычыне, у большасці, карысталіся стандартнымі выразамі: зварот да дарагіх родных, пажадане здароўя і шчасця, просьба не забываць, перадаваць прывітанне…
Вялікай папулярнасцю карысталіся яркія, разнастайна сюжэтныя (у залежнасці ад часу і падзей) паштоўкі, у тым ліку, і велікодныя. Быў час, калі велікодная паштоўка “прыпыняла сваё жыццё”, але затым зноў адраджалася нанова.
Галоўным упрыгожаннем адкрытага велікоднага пісьма былі фарбаваныя яйкі – на святочным стале, у кошыку, у дзіцячых руках, на ўлонні прыроды, у велікодных гульнях. Адпаведна тэматыцы стваралі і надпісы. На тэрыторыі Беларусі з ХІХ і да пачатку ХХ ст. былі распаўсюджаны паштоўкі з надпісамі на польскай і рускай мове. Свая ж паштоўка на тэму Вялікадня з’явілася ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст..
Сёння паштоўка не згубіла сваёй важнасці. Аднак ўсё ж такі часцей выкарыстоўваецца магчымасць сацыяльных сетак. Такі час! Супрацоўнікі музея віншуюць усіх праваслаўных вернікаў з надыходзячым святам Вялікадня і выказваюць шчырае пажаданне моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнай утульнасці.
Атмасферна-этнаграфічная гасцёўня “Час. Традыцыі. Вобразы” запрашае 4 мая (субота) правесці свой вольны час на інтэрактыўнай пляцоўцы ля музея – “Вялікдзень”.
Будзем вельмі ўдзячны магчымасці наведвальнікаў зрабіць падарунак для гасцёўні з сямейнага архіва – велікодную паштоўку.