непадзельная вуліца

непадзельная вуліца

akvieduk

нашыя гарады адзіныя там, дзе мусяць быць адрознымі - і адрозныя там, дзе мусяць быць адзінымі. сёння akvieduk на прыкладзе Вільні пакажа невялічкую дэталь, якая можа цалкам змяніць успрыяцце вуліцы.

вуліца Замкавая (Pilies) і вуліца Татарская (Totorių)

Замкавая і Татарская ідэнтычныя па геалакацыі адносна асноўных важных месцаў горада, ідэнтычныя па функцыянале, падобныя па архітэктуры і інфраструктуры.

тое, што збірае тусы на Замкавай і адганяе іх ад Татарскай, тое, што спрыяе бізнэсу на Замкавай і перашкаджае на Татарскай, тое, што робіць гэтыя вуліцы насамрэч адрознымі - не кідаецца ў вочы, бо яно - пад нагамі. гэтая загадкавая рэч - фізічная мяжа.

калі прыглядзецца да брукоўкі Замкавай вуліцы, то можна заўважыць, што на ёй няма бардзюраў. але гэтая вуліца - не выключна пешаходная! машыны тут сустракаюцца амаль так жа часта, як на Татарскай, проста на Замкавай тэхніку і людзей забяспечылі аднолькавымі правамі і памясцілі на адну і тую ж тэрыторыю.

цяпер давайце хвіліначку паныем пра той час, калі па брукаваных вулачках ездзілі коні. тады вуліца таксама была непадзельнай, і транспарт добра ўжываўся з пешаходамі.

немагчыма вярнуць гэтую сістэму ва ўмовах магістраляў, трасаў, забітых машынамі праспектаў і іншых дарог, дзе абмежаванні рацыянальна неабходны. таму akvieduk і паказвае прыклады старой часткі горада, дзе вуліцы вузкія, рух машын ускладнены і няхуткасны - у адрозненне ад руху пешаходаў, якія пастаянна перамяшчаюцца між кропкамі гарадскога прыцягнення.

ва ўмовах такіх вузкіх вуліц любыя фізічныя падзелы выглядаюць смешна

па-хамску пакідаць пешаходу метр прасторы збоку вуліцы і, разам з тым, пакідаць прастору для праезду толькі адной машыны - вялікі касяк, і тут, думаю, з akviedukaм пагадзяцца як кіроўцы аўтамабіляў, так і гарадскія фланёры. тут прыходзіцца альбо выкарыстоўваць ускладненыя правілы аўтамабільнага руху, або апынацца ў тупіковых сітуацыях. адсутнасць бардзюра тут бы дапамагла і транспарту, і пешаходам, якія б адчулі вуліцу сваёй.

старому гораду, як пэўнаму гістарычнаму масіву ў ядры нашых гарадоў, нельга пераймаць тыя ж правілы фарматавання вуліцы, якія выкарыстоўваюцца на шырокіх магістралях. насуперак, варта прыдумаць такія правілы руху па старым горадзе, пры якіх у выйгрышы былі б і машыны, і людзі. і адна з важных умоваў для гэтага - адсутнасць бардзюраў і жорсткага размежавання між пешаходнай і аўтамабільнай зонай на нешырокіх вуліцах.

вуліца Маставая (Tilto)

вуліца Маставая мае вялізны патэнцыял. яна знаходзіцца ў кроку ад галоўнага праспекта і мае цікавую структуру і забудову. ці квітнеюць тут лаўкі, кавярні, тэатры і галерэі? ніяк не.

яшчэ больш дзіўная мяжа. дайце ж маладым камфортна прайсці!

калі прыбраць ганебныя абмежаванні для пешаходаў, можна чакаць ажыўлення вуліцы. па ўскраінах можна пасадзіць пару дрэў, і зрабіць гэта так, каб яны не заміналі рухацца людзям, але заміналі разганяцца машынам. тады б аўтамабіль мог праехаць без праблем, але не рызыкаваў бы наехаць на пешахода.

і такіх вуліц у еўрапейскіх гарадах вельмі шмат! akvieduk лічыць, што, па прыкладзе Замкавай вуліцы, іх вызваленне - непазбежнае.

распаўсюджавайце гэтыя ідэі і падпісвайцеся на канал:


Report Page