навошта фланёры сучаснаму Мінску?

навошта фланёры сучаснаму Мінску?

akvieduk

фланёр - той, хто без мэты бадзяецца па горадзе. ён нікуды не спяшаецца, у яго няма канкрэтных пунтаў А і Б. горад для фланёра - не дарога, а пясочніца. дык давайце разбярэмся, навошта быць фланёрам у сённяшнім Мінску?

1. гэта незвычайна

у беларускіх гарадах адначасова адбываюцца глабалізацыя, лакалізацыя, разбурэнне, джэнтрыфікацыя, ушчыльненне і безліч іншых працэсаў. і на фоне ўсяго гэтага па вуліцы ідзе - не бяжыць - фланёр.

яшчэ пару гадзін таму ён бёг на сустрэчу, а заўтра пабяжыць на працу - але канкрэтна ў гэты вечар ён можа дазволіць сабе павольна, бязмэтава прайсці вядомыя і невядомыя вуліцы, пабачыць знаёмых і незнаёмых людзей, папіць кавы ў Цэнтральным, гледзячы, як горад у акне ператвараецца ў адно вялікае ззянне.

такая, хай і нячастая, змена тэмпу дапамагае паглядзець на горад зусім па-іншаму, разняволіцца і бесклапотна правесці некалькі гадзін.


2. гэта карысна для сябе

карысна ведаць свой горад, яго вуліцы, праходы і шляхі. фланёр, не зацыкліваючыся на пабудове правільнага маршруту, несвядома пачынае знаходзіць вуліцы, пра якія не ведаў, крамы, якія хацеў бы наведаць, і горад у яго складаецца ў больш цэльную карцінку. можна, напрыклад, знайсці праходы між вуліцамі, якіх не знойдзеш ні на мапе, ні ў маршрутах грамадскага транспарту.

бадзяючыся па горадзе, фланёр - хоць сам не разумее гэтага - шукае сябе. гараджанін даўно адчужаны і згублены ў гігантаманскай сістэме вуліц ды нечалавечых маштабах. не, фланёр не знойдзе сябе ні ў якіх адлюстраваннях і вітрынах - але, робячы гэта, ён можа атрымаць усведамленне, спакой і задавальненне.


3. гэта добра для горада

фланёры неверагодна важныя для Мінска сёння - бо супярэчаць цэнтралізацыі, універсалізацыі і ананімізацыі. калі горад згубіць разнастайнасць, то фланёр знікне, бо яму не будзе на што глядзець. менавіта таму фланёры часта ператвараюцца ў гарадскіх актывістаў, аўтараў петыцый і артыкулаў. знос гістарычнай квартальнай забудовы для ператварэння яе ў мікрараён? фланёр супраць. экспансія сеткавага бізнэсу і замяшчэнне ім малога? фланёр супраць.

менавіта зараз, у такі памежны для Мінска час, калі яшчэ не ўсё паспела заблішчэць бляскам мегамолаў - фланёр можа быць вызначальным.

кожны з нас і фланёр штодзень - у інтэрнэце. мы без мэты ходзім між сайтамі і парталамі, шпацыруем па сацыяльных сетках, і гэта часта называюць інтэрнэт-сёрфінгам. але калі мы будзем фланёрамі і на нашых вуліцах, мы зможам быць лепшымі гараджанамі і жыць у больш цікавым, адкрытым і незвычайным горадзе.






распаўсюджвайце гэтыя ідэі і падпісвайцеся на канал


Report Page