“Калі перакладала, плакала кожны дзень”. Ванда Марцінш - пра кнігу “Літоўцы ля Мора Лапцевых”

“Калі перакладала, плакала кожны дзень”. Ванда Марцінш - пра кнігу “Літоўцы ля Мора Лапцевых”

Тётя Ира

Дзяўчынкаю 14-ці гадоў Даля Грынкявічутэ патрапіла на мора. Толькі мора было не цёплым і не лагодным. Да мора Лапцевых вывезлі у 1941 годзе літоўцаў, якіх палічылі ворагамі савецкай улады. На пачатку 50-х Даля Грынкявічутэ запісала свае ўспаміны. У незалежнай Літве іх выдалі кнігай. Пераклад “Літоўцаў ля мора Лапцёвых” на беларускую мову зрабіла ў 2022 годзе паэтка і перакладчыца Ванда Марцінш душ Рэйш.  Для тэлеграм-канала “Тётя Ира разрешила”, яна расказала, чаму зараз гэта кніга стала такой важнай для беларускай аўдыторыі.

Перакладчыца кнігі Далі Грынкявічутэ "Літоўцы ля мора Лапцевых" на беларускую мову Ванда Марцінш душ Рэйш
“Калі перекладала, плакала кожны дзень, - прызнаецца аўтарка беларускага перакладу. Апісаныя ў кнізе выпрабаванні, праз якія давялося прайсці дзяўчынцы-падлетку, выглядаюць ці не больш жорсткімі, чым апісаныя Аляксандрам Салжаніцыным ці Францішкам Аляхновічам. – Але калі перакладала другую частку [пра паваенны час у Літве], плакала не менш. Бо псіхалагічны здзек ў дачыненні да людзей, якія мелі хоць кроплю гонару, хоць кроплю павагі да сябе, хоць якія-небудзь ідэалы - здзек быў неймаверны”.

Беларусама чытаць зараз

На думку перакладчыцы, кніга пра савецкія рэпрэсіі супраць літоўцаў зараз вельмі актуальная для беларусаў: “Яна адгортвае тыя старонкі, пра якія мы, беларусы, забыліся. Нават не тое, што забыліся - цяпер гэта ўсё бачыцца на фоне зусім іншага кантэксту”.

Урывак з кнігі "Літоўцы ля мора Лапцевых"

Аўтарка расказвае пра падзеі свайго жыцця ў ссылцы, нібы гэта дзённік. “Кніга напісана зусім проста. З боку мовы ніякіх праблемаў не было”, - каментуе перакладчыца. Складаным да разумення і прынняцця была сама апісаная сітуацыя: “Тое, што адвезлі ў Сібір людзей цэлымі вагонамі і не было дзе ўсю дарогу ні сесці, ні легчы – гэта адно. Другое, што іх завезлі за 800 кіламетраў за Палярны круг, у вусце ракі Лены. Там шмат бязлюдных выспаў. І вось на такую выспу, на пустынны астравок іх перад самай палярнаю зімою высадзілі. І там нічога – ні кусціка, ні дрэўца, каб спаліць і пагрэцца. І хат аніякіх не было. Канечне - ні яды, нічога. Цынга потым пачалася і іх большая частка памерла”.

Урывак з кнігі "Літоўцы ля мора Лапцевых"

Мужчын там амаль не было

Перакладчыца адзначае, што кніга атрымалася вельмі жаночая. І не толькі таму, што пісалася ад імя дзяўчынкі-падлетка: “Яна піша больш пра жанчын, бо яна працавала побач з імі. Мужчын амаль не было, толькі хлопчыкі-падлеткі. Мужчын адразу на вакзале аддзялілі. Зманілі, казалі, што гэта толькі на дарогу. Але адправілі ў лагер. Потым Даля даведалася, што яе бацька там памёр ад голаду”.

Ванда Марцінш расказвае, што кніга напісана “з юнацкім максімалізмам”. Паміж радкоў нібы ўвесь вісіць пытанне “ну як жа так?”.

“Яна падлетак, яшчэ ўспрымае па-дзіцячаму, але бачыць такія [жорсткія] рэчы.  Ёй давялося пасталець і працаваць нароўні з дарослымі. Яна піша – як бачыць. Не проста падзеі адлюстроўвае. Яна піша, што яна адчувала, што думала.”

“Нават у тых умовах былі магчымасці выратаваць людзей, - кажа перакладчыца. - Каб дазволілі іх выратаваць. Але - не дазволілі. Напрыклад, у кнізе апісана сітуацыя, як прыязджалі эвенкі і прапаноўвалі забраць да сябе ў юрты хаця б хворых і дзяцей. Начальства не дазволіла. Восенню пачыналі ўжо лавіць рыбу. Каб далі гэту рыбу есці, шмат хто выжыў бы. Але - не далі. Пазней яе проста выкінулі, бо згніла. Наогул, нібы спецыяльна гэтых людзей вынішчалі”.

На роднай зямлі - не лягчэй

Пасля вайны Даля Грынкявічутэ пакінула выспу – разам з маці яны ўцяклі, дабраліся да Коўна і хаваліся ў горадзе. У 1956 годзе былым ссыльным дазволілі легальна вярнуцца ў Літву. Але і на роднай зямлі  яе не пакінулі ў спакоі.

Даля Грынкявічутэ і як кніга "Літоўцы ля мора Лапцевых" у беларускім перакладзе
“Яна была выдатным урачом, мела ўзнагароды і адзнакі, у яе была лепшая бальніца. Але яе цкавалі, выгналі з работы “таварышчанскім судом”, нават у газетах пра гэта пісалі. Яе выгналі з кватэры, бо гэта было службовае жытло. Цкавалі нават тых, хто проста падтрымліваў з ёй нейкія стасункі. Карацей кажучы, давялі жанчыну. Яна захварэла на рак і заўчасна памерла”.

"Баюся, што кніг на ўсіх не хопіць"

Кніга, напісаная Даляй Грынкявічутэ, жыве, перамагаючы цяжкасці лёсу аўтаркі. Беларускі пераклад ужо прэзентавалі на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне, у амбасадзе Літвы ў Даніі ў Капенгагене, хутка чакаецца прэзентацыя ў Вільні. “Планаў шмат, запрашэнняў шмат, - кажа перакладчыца. – Гданьск, Варшава, Беласток. Баюся што кніг не хопіць”.

Ванда Марцінш душ Рэйш з кнігай "Літоўцы ля мора Лапцевых"

Ванда Марцінш душ Рэйш – беларуская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў Беларусі, недалёка ад мяжы з Літвой. Па адукацыі - выкладчыца пачатковай школы. Доўгі час жыла ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі.
“Паэткай я стала зусім нядаўна”, - кажа яна пра сябе. Першая кніга вершаў Ванды Марцінш душ Рэйш “Плод авакада” выйшла ў год 60-годдзя паэткі, у 2019-м. На наступны год выйшаў зборнік “Мора мары”. Падборкі вершаў літоўскіх паэтаў, перакладзеныя Вандай, публікаваліся ў часопісе “Дзеяслоў”.

“Літоўцы ля мора Лапцевых” – яе першы празаічны пераклад. 

Report Page