Як у Беларусі папаўняюць дзяржаўны бюджэт праз штрафы матулям па «пратэстным» артыкуле 24.23 КаАП  

Як у Беларусі папаўняюць дзяржаўны бюджэт праз штрафы матулям па «пратэстным» артыкуле 24.23 КаАП  

"Вясна" назірае
Фота: TUT.BY

«Дзяржава заўсёды будзе аказваць падтрымку вашым сем'ям, ствараць лепшыя ўмовы для жанчын, якія гадуюць дзяцей і актыўна рэалізуюць сябе ў сацыяльнай і прафесійнай сферах», – так Лукашэнка павіншаваў беларусак з Днём маці 14 кастрычніка 2020 года.

З 1 сакавіка гэтага года ўзмацнілі адміністрацыйную адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, значна павялічыўшы памеры штрафаў. Так, максімальны памер штрафу па абноўленым артыкуле 24.23 КаАП павялічылі з 30 да 100 базавых велічынь (з 870 да 2900 рублёў). Пры прыцягненні па гэтым артыкуле паўторна змогуць аштрафаваць на суму да 200 базавых велічынь, або 5800 рублёў.

Пры гэтым, згодна з новымі зменамі ў ПВКаАП маці непаўнагадовых дзяцей не могуць затрымліваць больш за тры гадзіны. За гэтыя месяцы практыка склалася так, што на затрыманых жанчын, у якіх ёсць дзеці, у РУУСах цягам трох гадзін складаюць пратаколы і адпускаюць да суда, дзе потым іх штрафуюць на велізарныя штрафы.

З 1 сакавіка суды аштрафавалі 55 маці агулам на 116 290 рублёў

За 10 тыдняў па новых артыкулах за ўдзел у мірных акцыях пратэсту затрымалі больш за 250 жанчын. Штрафы прысудзілі мінімум 114 жанчынам, у 55 з каторых ёсць непаўнагадовыя дзеці. Памер штрафаваў склаў ад 25 да 200 базавых велічыняў (725 – 5800 рублёў):

Дзвюх жанчын пакаралі "самым маленькім" штрафам у памеры 25 базавых (725 рублёў);

Восем жанчын аштрафавалі на 30 базавых (870 рублёў);

Тры жанчыны – на 40 базавых (1160 рублёў);

Дзесяць – на 50 базавых (1450 рублёў);

Чатырох – на 60 базавых (1740 рублёў);

Пяцерых – на 70 базавых (2030 рублёў);

Дзвюх – на 80 базавых (2320 рублёў);

Шэсцярых – на 90 базавых (2610 рублёў);

Адзінаццаць – на 100 базавых (2900 рублёў) – гэта самае распаўсюджанае пакаранне для маладых маці; 

Адну жанчыну пакаралі штрафам у памеры 150 базавых (4350 рублёў);

Дзвюх жанчын аштрафавалі на 180 базавых (5220 рублёў);

Адну жанчыну – на 200 базавых (5800 рублёў).

Агулам суддзі папоўнілі такім чынам дзяржаўны бюджэт на 116 290 рублёў.


Як у беларускіх судах судзяць маці 

Абсалютнай рэкардсменкай па штрафу за «пратэст» стала Іна Дабратвор. Маці пяці дзяцей аштрафавалі на 200 базавых за партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі ды герб Пагоня на акне. З-за непамернага штрафа ў 5800 рублёў і пераследу жанчына была вымушаная з’ехаць у Польшчу.


Каб ацаніць вялізарнасць штрафаў, прапануем параўнаць з памерам пасобій, якія дзяржава выплачвае маці пасля нараджэння дзяцей. Напрыклад, пасля нараджэння першага дзіцяці, дзяржава мусіць выплаціць маладой сям’і 2732,70 рублёў. Але можа здарыцца так, што жанчына выйдзе ў краму «не ў той час» і «не ў тым месцы» і яе аштрафуюць на вялізную суму. Так, напрыклад, здарылася з Верай Андрыеўскай, якую затрымалі ўвечары 10 сакавіка падчас «хапуна» у Лебядзіным. Жанчыну затрымалі непадалёк ад дому і незаконна трымалі ўсю ноч у ІЧУ да суда. На наступны дзень суддзя Цэнтральнага раёну Дзмітрый Карсюк стаў першым, хто пакараў па новым артыкуле 24.23 КаАП вялізарным штрафам. Маці трохгадовага дзіцяці аштрафавалі на 5220 рублёў (180 базавых). Веру павінны былі вызваліць праз тры гадзіны, але яе суткі пратрымалі да суда ў ізалятары. Выходзіць, што новы кодэкс выконваецца толькі ў частцы пакарання.


А можа здарыцца так, што ўчастковы РУУСа выклікае маці чатырох дзяцей для гутаркі, але затрымае яе і адвязе ў суд. 18 сакавіка ўчастковы Першамайскага РУУСа прыйшоў дадому да Дар'і Пажытных і паведаміў, што на яе складзены пратакол за «пікетаванне, шляхам размяшчэння на шкле выявы герба Пагоня ў бел-чырвона-белай расфарбоўцы». Праз некалькі дзён Дар’ю выклікалі ў РУУС да ўчастковага, дзе яе затрымалі і адразу павезлі ў суд Першамайскага раёна. Справу жанчыны разглядзеў суддзя Максім Трусевіч. Дар'я нагадала, што КаАП не забараняе ўпрыгожваць сваю кватэру, тым больш сімволікай, якая афіцыйна зарэгістравана ў краіне. Але вось на думку суддзі Трусевіча, герб Пагоня – гэта і ёсць БЧБ-сімволіка. У выніку, суд палічыў, што віна Дар'і Пажытных даказаная і аштрафаваў яе на 2900 рублёў (100 базавых).


49-гадовую Алу Галай таксама незаконна пратрымалі ўсю ноч у ІЧУ. У Алы ёсць непаўнагадовы сын і, акрамя гэтага, у яе дыягнаставаны рак першай ступені. Але гэта не перашкодзіла супрацоўнікам ІЧУ змясціць яе ў камеру на пяць месцаў, дзе акрамя яе былі яшчэ 12 жанчын. Галай затрымалі 25 сакавіка каля цырка за тое, што яна проста ішла па праспекце Незалежнасці. Суддзя Макарэвіч расцаніў шпацыр як пікетаванне і аштрафаваў Алу па арт. 24.23 КаАП на 2030 рублёў (70 базавых).


Ціск на матуль працягваецца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Так, напрыклад, Ірыну Сурыгіну, якая выхоўвае траіх непаўнагадовых дзяцей, затрымлівалі ўжо некалькі разоў. Апошні раз за 25 сакавіка яе аштрафавалі на 5220 рублёў (180 базавых). Таксама Ірыну затрымаль амаль на трое сутак падчас мясцовага «хапуна» 22 студзеня. У яе дома прайшоў ператрус, падставай для якога стала нібыта абраза двух супрацоўнікаў міліцыі ў тэлеграме. 25 студзеня Ірыну аштрафавалі па арт. 23.34 КаАП на 580 рублёў (20 базавых).


Report Page