Ад “Дзікага палявання...” да “Чарнобыльскай малітвы”. Перакладчыца Альма Лапінскене - пра “смак” беларускай літаратуры на літоўскай мове
Тётя ИраДзякуючы працы Альмы Лапінскене літоўцы ведаюць пра рамантычны партрыятызм Караткевіча, смеласць спалучэння сапраўднасці з белетрыстыкай Алексіевіч, глыбіню словаў і філафофскую пранікнёнасць паэзіі Разанава.
Дзяцінства Альма Лапінскене прайшло ў Сібіры, куды саслалі яе разам з бацькамі. Вывучаць беларускую літаратуру яна пачынала ў супрацы з Адамам Мальдзісам. Пазней Альма 20 гадоў узначальвала Асацыяцыю беларусістаў Літвы. У яе асабістай бібліяграфіі пераклады з беларускай на літоўскую больш дзясятка кніг. Для Telegram-канала "Тётя Ира разрешила" Альма расказала пра шлях да перакладаў і "шлях ў свет праз суседскі двор".

«Смак» той працы — і горкі, і прыемны
Знаёмства з беларускай літаратурай пачалося для Альмы Лапінскене на пачатку 1980-х. У той час яна збірала матэрыялы аб літоўска-беларускіх сувязях для сваёй дысертацыі.
“Я даволі часта ездзіла y Мінск, працавала у бібліятэках, удзельнічала у пісьменніцкіх сходах і, вядома ж, пазнаёмілася з многімі тагачаснымі беларускімі творцамі. Асабліва хацелася пазнаёміцца з тымі пісьменнікамі, творчасць якіх мне найбольш спадабалася”, - расказае яна пра. У той час Альма пазнаёмілася з прафесарам Адамам Мальдзісам, а праз яго - з Уладзімірам Караткевічам.
“Мы некалькі разоў сустракаліся, гаварылі пра літаратуру, гісторыю нашых народаў, нават спрачаліся наконт трактоўкі некаторых момантаў нашай агульнай гісторыі ў яго творчасці, - расказала Альма пра Караткевічаю - Мяне захапляў рамантычны дух яго творчасці, глыбокі патрыятызм. Можа таму першым творам беларускай літаратуры, які я пераклала, было яго апавяданне «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў». Перакладаючы я адчула «смак» той працы — і горкі, і прыемны”.
Ад сацрэалізму да свабоды выбару
”Перакласці мяне падштурхнула выдатны рэдактар, мая сяброўка, аднакурсніца Бронэ Балчэне. - кажа Альма аб працы, што пачалася як спроба, а стала заняткам на цэлае жыццё. - Дзякуючы ёй, я адкрыла для сябе гэтую цікавую і важную сферу творчасці”.
Альма пераклала на літоўскую зборнік беларускіх апавяданняў „Langas į žalią sodą“ («Акно ў зялёны сад», Vyturys, 1988), у які ўвайшла і навэла Уладзіміра Караткевіча «Кніганошы».

Сітуацыя з творамі для перакладу змянілася пасля 1990-х. Стала магчыма свабодна выбіраць, што перакладаць, а выдавецтвы арыентаваліся на забароненую падчас савецкай улады, у асноўным, заходнюю, літаратуру.
“Суседзі, асабліва постсавецкая прастора, апынуліся ў баку, прынамсі, на некаторы час. Нешта, вядома, перакладалася i друкавалася, але не сістэматычна. Я была рада, калі выйшаў мой пераклад аповесці Уладзіміра Караткевіча „Šiurpioji karaliaus Stacho medžioklė“ («Дзікае паляванне караля Стаха», Vyturys, 1994) і раманa Валянціны Коўтун „Gailestingumo kryžius“ («Крыж міласэрнасці», Alma littera, 1997).

Алексіевіч і Разанаў - любімыя аўтары перакладчыцы
"Дзякуючы Валянціне Коўтун я пераклала кнігу Святланы Алексіевіч „Černobylio malda“ («Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999). У той час я зацікавілася творчасцю Алеся Разанава, пачала публікаваць пераклады яго вершаў ў літоўскім літаратурным друку.
Святлана Алексіевіч і Алесь Разанаў — асноўныя аўтары, якіх я перакладала. У сціплым спісе маіх перакладаў тры кнігі С. Алексіевіч („Černobylio malda“ / «Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999, 2015, „Karo veidas nemoteriškas“ / «У вайны нежаночае аблічча», Alma littera, 2017, „Paskutinieji liudytojai“ / «Апошнія сведкі», Alma littera, 2020) i тры кнігі А. Разанава („Medžioklė rojaus slėnyje“ / «Паляванне ў райскай даліне», Homo liber, 2008, „Krikšto motinos dovana“ / «Падарунак хроснай маці», Homo liber, 2013 і да 75-годдзя з дня нараджэння паэта „Žodžiai nutilo: tylon beldžiasi širdis“ / «Словы аціхлі: у немату стукае сэрца», Hieronymus, 2022).

Падобныя і - розныя
“Больш за ўсё прыцягвае і цікавіць мастацкая выразнасць, арыгінальнасць, значнасць ідэі твора, - апісвае Альма творы беларускіх аўтараў. - Мяне захапляюць рамантызм і патрыятызм У. Караткевіча, працавітасць і смеласць С. Алексіевіч пісаць на нязручныя для савецкай сістэмы тэмы, сугестыйнасць яе кніг, якая вынікае з спалучэння сапраўднасці і белетрыстыкі, любоў А. Разанава да мовы, увага да слова, глыбіня яго паэзіі, яго філасофскія пранікненні”
Што па падабенства і адрознасці беларускай і літоўскай мастацкай літаратуры, то перакладчыца мяркуе - яны падобныя і - розныя.
Менавіта так называлася і яе сумеснае з Адамам Мальдзісам даследванне «Перазовы сяброўскіх галасоў», апублікаванае ў часопісе “Навука і тэхніка” ў 1988 годзе.
“Кожная літаратура, гаворачы пра светапогляд, этнагенез, гісторыю свайго народа, уздымае і агульначалавечыя праблемы, таму кожная непаўторная, цікавая і ў той жа час блізкая і зразумелая”.

Шлях у свет ідзе праз суседскі двор
Перакладаць і чытаць літаратуру суседніх краінаў “не толькі варта, але і неабходна”, лічыць Альма Лапінскене.
“Бо шлях у свет ідзе праз суседскі двор. Усё ж, добрасуседства грунтуецца на ўзаемным пазнанні адзін аднаго. Радуе, што нарэшце мацнее тэндэнцыя звяртацца да літаратуры нашых суседзяў і як мага лепш яе пазнаваць".
Саюз літоўскіх літаратурных перакладчыкаў абвясціў гэты год Годам латышскай літаратуры, а 2022 год быў прысвечаны беларускай літаратуры. Год пачаўся з вечара беларускай паэзіі ў Доме сігнатараў 25 сакавіка, прымеркаванага да Дня Незалежнасці Беларусі, і завяршыўся 12 снежня у Клубе пісьменнікаў – адзначылі 75-годдзе з дня нараджэння А. Разанава новай дзьвюхмоўнай кнігай яго пункціраў.

Гэта быў год інтэнсіўных перакладаў беларускай літаратуры на літоўскую мову. Акрамя названай анталогіі і кнігі А. Разанава, выйшла кніга нарысаў І. Плескачэўскай пра Францыска Скарыну, а 8-9 нумар літаратурнага часопіса «Мetai» быў прысвечаны беларускай літаратуры.
"Таксама мне прыемна, што маладое пакаленне (Марюс Бурокас, Вітас Дэкшніс і інш.) падтрымлівае сувязь з беларускімі пісьменнікамі і перакладае адзін аднаго. Летась намаганнямі маладых у выдавецтве “Bazilisko ambasada” на літоўскай мове выйшла анталогія сучаснай беларускай паэзіі „Baltai raudonai baltai“ (“Белае Чырвонае Белае”)”.

Што з беларускага падабаецца літоўскім чытачам?
Па словах перакладчыцы, аўдыторыя добра прымала творы Уладзіміра Караткевіча: “Памятаю не адзін добры водгук на яго апавяданнi i аповесць”. Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, то адразу ўзрасла цікавасць і да яе кніг: “Вялікую папулярнасць набыла «Чарнобыльская малітва». У 2020 годзе «Апошнія сведкі» занялі першае месца ў намінацыі «Перакладны нон-фікшн» на партале «15 хвілін». Мы з Алесем Разанавым неаднойчы ўдзельнічалі ў чытаннях фестывалю „Poezijas pavasaris“, яго паэзія заўсёды выклікала вялікую цікавасць у слухачоў”.
Шанец зрабіць нешта ўпершыню
“Вялікіх планаў не будую, жыццё заўсёды прапануе нешта цікавае, трэба толькі гэтага жадаць і спадзявацца, - кажа Альма пра далейшае. Але - адзначае, што зараз з’яўляюцца кнігі, якімі хочацца падзяліцца з літоўскімі чытачамі: “Адна з кніг, якія я прачытала у мінулы год – Евы Вежнавец "Пашто ідзеш, воўча?" Моцная кніга, адназначна вартая перакладу.
Нядаўна сяброўка з Кіева прыслала выдатны раман украінскага пісьменніка Володимира Лиса «Століття Якова» з настойлівай прапановай перакласці яго на літоўскую. Такім чынам, мая наступная праца зразумелая — упершыню буду перакладаць з украінскай”.