Салерна (чарнавік)

Салерна (чарнавік)

Андрэй Дзмітранок

Чарговы горад, чарговае захапленне, як там прыгожа? Не. Салерна – то музыка. Малых і вялікіх пляцовак, дзе дзяўчынкі гуляюць у забытыя беларускамі скокі «у рызыначку». Па костачку, па шчыкалатку, гумка паступова ўздымаецца, мая Сашка не тут, яна ў дзяцінстве, у Гомлі, дзе дрэвы высокія. Італія вяртае страчаную асалоду жыцця. Так кажуць. Смакі, водары, слых. Мой маленькі прынц, мядзведзь мядзведзем, танчыць унутры пад скрыпку гораду векіо. Прачнуўся. Гэта ўсё аркестр, што выконвае папуры, гэта дзённая спёка б’е па струнах танінам маладога віна. Таннага. Трэба спяшацца. Piano-павольна. Пакуль вакацыі ёсць, пакуль мора гартае хвалі, як маладая дзяўчына старонкі любімай паэзіі. Пяшчотная. Ноч дрыжыць бітам. Рэп-фестываль. Суседняя плошча. Марыі, Хуаны. Лета вось-вось хутка alles, мы ідзем далей, там пары танцуюць эстраднае. Спадніцы кружацца, Салерна прыгожае ў танцы. Лёгкае, ненапружнае, а мне бы ўсё толькі спяшацца, сюды трэба калі-небудзь вярнуцца. Ноччу, перад тым як прачнецца Везувій.