хвост імперыі

хвост імперыі

akvieduk

апошнія стагоддзі сярод еўрапейскіх сталіцаў назіраецца любоў да татальнай перабудовы. Лондан, Берлін, Вена, Парыж, Масква, Бухарэст, Менск - гарады перабудоўваліся з розных прычынаў. кожная перабудова стварыла новыя вобразы, якія перавызначылі адчуванне горада.

часта лічаць, што стварэнне новага Менска ў пасляваенныя гады назаўсёды дала гораду чорную метку таталітарызма - сталінская эпоха цалкам змяніла Менск, з усёй пампезнасцю і неакласіцызмам. але akvieduk нязгодны, што Менску наканавана жыць з рэпутацыяй горада савецкага і постімперскага. давайце разбярэм, як горад можа стварыць новы міф пра сябе.

цалкам перабудаваны Менск на карціне Анатоля Тычыны. 50-я

у свеце хапае прыкладаў таго, як вобраз сцюдзёнага і таталітарнага гораду змяняўся да непазнавальнасці ўсяго за пару дзясяткаў гадоў. адзін з такіх прыкладаў - Парыж.

але калі зірнуць у гісторыю, ён быў імперскім горадам і так успрымаўся, калі пачытаць артыкулы і эсэ . той Парыж, які мы ведаем сёння, з ягонымі шызымі мансардамі, каванымі балконамі, бульварамі і авэню, склаўся ў час ІІ-й Імперыі.

Напалеон ІІІ-і прагнуў перакраіць горад, зменшыць барыкадны патэнцыял, павялічыць парадны патэнцыял, знішчыць антысанітарыю ў цэнтры і зрабіць Парыж вялікім, ззяючым і ўражвальным. для гэтага ён дваццаць гадоў супрацоўнічаў з Жоржам-Эжэнам Османам. Ён і спраўдзіў мары імператара аб татальнай перабудове горада. вынік быў наступным:

  1. знішчана ўся забудова старога гораду (акрамя пары кварталаў)
  2. 60% усяго Парыжу забудавана новымі тыпавымі і пампезнымі па тым часе будынкамі, па якіх мы цяпер і пазнаем гэты горад. гэта адзін з ранніх прыкладаў таго, як вялізныя тэрыторыі забудоўваюцца тыпавымі праектамі. але замест тыпавых мікрараёнаў другой паловы дваццатага стагоддзя, з якімі мы так знаёмыя, Парыж не пазбавіўся квартальнай сістэмы, а значыць, і жывых вуліцаў.
  3. распаўсюдзілася каналізацыя і паменьшылася антысанітарыя
  4. пракладзеныя асноўныя магістралі і осі гораду
асманізаваны Парыж канца XIX стагоддзя, намаляваны Камілем Пісара

як толькі другая імперыя пала і аднавіўся дэмакратычны рэжым, на Османа палілася няспынная лаянка. ягоны Парыж быў прызнаны прыціскальным, кітчавым, бязлітасным і жахлівым. пэўны час увесь асманізаваны горад нагадваў жыхарам новай рэспублікі пра імперыю, у якой яны паспелі расчаравацца. людзі былі адначасова ўражаныя і прыгнечаныя маштабамі гэтай перабудовы, якая заняла дваццаць гадоў. перад тым, як мы пярыйдзем да таго, як Парыж ператварыўся з гораду імперскіх успамінаў у той горад свабоды, любові і мастацтва, які мы ведаем сёння - вернемся ў нашыя шыроты.

стварэнне новага Менска ў сярэдзіне XX стагоддзя

зірніце зноўку на вышэйпрыведзеныя чатыры пункты і замяніце "Парыж" на "Менск". усе 4 пункты будуць цалкам справядлівыя ў дачыненні да Менска сярэдзіны дваццатага стагоддзя. менавіта ў гэты час беларуская сталіца атрымала той нэакласічны выгляд з цэльным ансамблем, чым Менск і адрозніваецца сёння ад іншых еўрапейскіх сталіцаў. але і сёння ў нас засталася цвёрдая асацыяцыя гэтай архітэктуры са сталінскай эпохай, у той час як аналагічна перабудаваны ў часы Напалеона ІІІ-га даўным даўно не асацыюецца ні з ім, ні з ягоным выканаўцам Османам. але як Парыж пазбавіўся цяжкіх успамінаў і пабудаваў над сеткай сваіх вуліц новы міф пра сябе?

карціна Гюстава Кайбота "Парыжская вуліца ў дажджлівае надвор'е"

з большага, гэтым Парыж абавязаны культуры, як элітарнай, так і масавай. у постімперскі час (які цяпер прынята называць "прыўкрасная эпоха") горад, і галоўным чынам ягонае неасманізаванае прадмесце Манмартр, запоўнілі мастакі, пісьменнікі і творцы ўсіх кшталтаў, бо ў Парыжы для іх было шмат магчымасцяў і свабодаў. яны былі аднымі з тых, хто замацаваў вобраз новага гараджаніна. вобраз фланёра, які без мэты блукае ўвечары па бульварах. вобраз буржуа, які сядзіць на тэрасе кавярні з кубачкам і газетай. вобраз дамы, якая спяшаецца на чарговы свецкі раўт.

новая культура гарадскога жыцця, якая стваралася ў той час, была ўжо ўпісаная ў горад, які стварылі Осман і Напалеон ІІІ. мастацкія творы, якія ўсхвалялі новага гараджаніна як персанажа, былі таксама ўпісаныя ў новы Парыж.

мастак у сваёй студыі. карціна Джона Сінгера Сарджэнта

культурнае жыццё віравала, палітычнае не адставала ад яго, а імператар сыходзіў з памяці парыжан. ствараліся новыя мегаламанскія і неадназначныя праекты кшталту Эйфілевай вежы. іншыя еўрапейскія сталіцы, у якіх панавала манархія, спрабавалі паўтарыць твор Османа (Мадрыд, Вена). у Францыі ж квітнела рэспубліка, а Парыж яшчэ не перадаў свой лаўровы вянок Нью-Ёрку.

а што можа зрабіць Менск сёння, праз 30 гадоў пасля падзення імперыі і праз 70 гадоў пасля падзення Сталіна, каб замясціць вобраз савецкага манументальнага горада чымсьці больш прыемным і чалавечым?

пачатак пяцідзесятых. Палац Прафсаюзаў будуецца, а помнік Сталіну - ужо на месцы

1. адмовіцца ад тэрміна "сталінскі ампір"

ён адразу ж выклікае асацыяцыі з гулагамі, растрэламі і таталітарызмам. нэакласічная эстэтыка пасляваеннага Менска можа пазбавіцца налёта таталітарызму, і ад гэтага будзе лепей і гараджанам, і гораду. пры гэтым, свая назва гэтай даволі ўнікальнай з'яве ў Менску патрэбная, і было б крута знайсці іншыя варыянты назвы.

у Парыжы, Берліне і Кіеве адны ўспаміны і асацыяцыі перакрыліся іншымі, і тое ж самае па-добраму мусіць адбыцца і з беларускай сталіцай. успаміны пра адзін з самых крывавых перыядаў Менску не павінны перакрываць усё астатняе, і над гэтым варта працаваць.

карціна Адама Глобуса

2. стварыць свой гарадскі міф

не сярэднявечны міф, а паўнавартасны вобраз горада, у якім ёсць месца кожнай частцы ягонай гісторыі. у гарадскім міфе Менска сумясіцца памяць пра падземную Нямігу, пра магістрат і магдэбурскае права, пра паўстанні і рэвалюцыі, пра падпольшчыкаў 40-х і нацыянальнае адраджэнне 90-х. гэта будзе неверагодны кампот, які будзе адначасова аднолькавым і розным для розных людзей.

магчыма, з часам сфарміруецца і больш сталы вобраз менчука. фраза "увесь горад" будзе паказваць на культурную супольнасць, Цэнтральны працягне збіраць у сабе ўсё новыя і новыя пакаленні, а Кастрычніцкая навучыць Зыбіцкую быць больш густоўнай і душэўнай. гарадскія актывісты будуць збіраць не толькі петыцыі ў інтэрнэце, а і мноствы гараджан у афлайне. вобраз Менска будуць культываваць не толькі Макс Корж з Ластэндам, а і мноства іншых менскіх творцаў.

як і малыя міфы і гісторыі ўнутры горада, яго вобраз і гарадскі міф могуць быць неадназначнымі, але яны робяць горад больш жывым і напаўняюць яго новымі дэталямі, дасяжнымі для ўсіх.

Менск у беларускай гульні World of Tanks

3. змяніць правілы гульні

у пэўных колах ёсць стэрэатып, быццам Менск - горад айцішнікаў. стэрэатып неблагі, і такі імідж (па-сутнасці, яшчэ адзін міф) можа няблага пасаваць гораду. нешта падобнае ёсць у Таліна, які за апошняе дзесяцігоддзе зрабіўся горадам высокіх тэхналогій - з электроннай бюракратыяй, мноствам офісаў айці-кампаніяў і спрыяльным асяродкам.

праграма максімум - змяніць правілы тэхналагічнай гульні ў якой-небудзь (хай і малой) сферы. ці пайсці з іншага боку і па-ціхаму зладзіць мастацкую рэвалюцыю. вопыт іншых гарадоў падказвае, што гэта моцна дапамагае стварэнню міфа пра горад.

мапа Кастрычніцкай ад 34mag

4. захапляцца сабой

гараджанам можа многае не падабацца ў іх горадзе. але калі ў горадзе будуць рэчы, якімі ўніверсальна захапляюцца амаль усе - гэта дапаможа стварэнню гарадской супольнасці і пабудове новых слаёў гарадской памяці, як і гарадской міфалогіі. адчуванне гараджанамі сувязі са сваім раёнам і са сваім горадам мае вялізнае значэнне ў жывасці горада і тым, што ў ім адбываецца.

галоўны праспект Менска на здымку сярэдзіны мінулага стагоддзя

гісторыя паказвае, што імперыі імкнуцца падкрэсліць сваю веліч і ў гарадах, якія яны ствараюць. але пасля падзення імперый гараджане могуць зрабіць многае дзеля таго, каб скарыстацца імперскімі дасягненнямі на сваю карысць. і ў Менчукоў для гэтага ёсць усё.

распаўсюджвайце гэтыя ідэі і падпісвайцеся на канал


Report Page