Уратаваць шэрагоўца Эрыка. Як Пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску

Уратаваць шэрагоўца Эрыка. Як Пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску

Тётя Ира

Эрык – вялікі сабака, чыстакроўны дварняга, трохі падобны да аўчаркі. Раней ён жыў у прытулку. Аднойчы яго ўжо  забіралі, але  вярнулі абратна. Так цягнулася да той пары, пакуль за Эрыкам не прыйшла Наста Лойка. З ёй Эрык застаўся больш чым на пяць гадоў. І не раставаўся б  надалей. Але аднойчы прыйшлі за Настай. 

Зараз Эрык жыве ў Чэхіі. А што адбывалася, пакуль ён туды патрапіў, для тэлеграм канала “Тётя Іра разрешіла” расказалі людзі, што шукалі (і знайшлі) гадаванцу Насты Лойкі новы дом.

Эрык зашыфраваўся і стаў “ходскі пес”

Мясцовасць, дзе зараз жыве Эрык, называецца Ходско і знаходзіцца на памежжы з Баварыяй. Для тутэйшых жыхароў найважнейшаю справаю была абарона межаў. Праз тое сімвалам рэгіёна стаў сабака мясцовага паходжання -  ходскі пес.

“Выглядае ён як нямецкая аўчарка на кароткіх лапках. Карацей – выліты Эрык”, - расказала Ганка Барадзіна, новая сяброўка сабакі Насты Лойка. - Ужо некалькі разоў нам казалі на вуліцы, што Эрык красаўчык і сапраўдны ходскі пес”.  

Правы сабакі – інструкцыя ад Насты Лойка

Найбольш “перажывалі” пра адаптацыю Эрыка чэшскія сваякі Ганкі. Бо раптам ён не навучыцца гаўкаць па-чэшску і не паразумеецца з мясцовымі людзьмі і сабакамі. “Насамрэч, добра ўсе паразумеліся. Дапамагае пагладзіць, пакарміць і не парушаць правілаў сабачай ветлівасці”, - кажа Ганка Барадзіна.  

Наста Лойка пакінула для новых сяброў сабакі інструкцыю з пералікам карысных кніг і кантактаў спецыялістаў, што працавалі з Эрыкам. Найбольш уразіла Ганку тое, што ў інструкцыі быў раздзел “Правы сабакі”. 

“Там не напісана, якія ён каманды ведае, гэта не важна. Важна, што ў яго ёсць правы: права на сон, на адпачынак, на ежу, на дапамогу, на кумунікацыю са сваімі сародзічамі, на справядлівы догляд – такі вось падыход. У гэтым уся Наста”.

Сабака з праваабарончай “радаслоўнай”

Наста Лойка – праваабаронца. То і сяброўкі ў яе такія ж. Адна з іх – Марфа Рабкова. Менавіта яна і стала “хроснай” Эрыка, бо валанцёрыла ў прытулку, куды патрапіў пёс. Марфа часта публікавала на ўласных старонках у сацсетках здымкі сабак з прытулку. На адным з іх Наста Лойка пабачыла Эрыка і адразу вырашыла забраць.

“Прыязджаем мы ў прытулак, а там процьма сабачак, - расказвае сяброўка Насты, Ірына Арахоўская. - Яны ўсе такія мілыя - скачуць, прыгаюць. І толькі Эр сядзіць і глядзіць на нас з-пад броваў. Думаю: “Ну, яўна яна возьме каго заўгодна, але не гэтага пса. Але Наста ўзяла менавіта яго. Агромнага такога”. 

Валанцёры ў прытулку расказалі дзяўчатам гісторыю Эрыка. Яго знайшлі кінутым ля дарогі. Некалькі разоў спрабавалі прыстроіць у добрыя рукі, але новыя гаспадары кожны раз вярталі сабаку. Больш ніхто не хацеў яго браць. “Карацей, Эрык - супертраўмаваны сабачка. Невядома, што з ім рабілі ў дзяцінстве, ці калі забіралі, бо ён вельмі баіцца людзей”, - расказала Ірына. 

План “А”, які рухнуў

“Наста з Эрыкам вельмі шмат займалася, - кажа Ірына Арахоўская. – Шмат кніжак прачытала, працавалі разам з кіналагіняй. Вельмі сур’ёзна падыйшла да справы”.

У Ірыны таксама ёсць сабака, забраны з прытулку. Наладзіць з ім стасункі таксама дапамагала Наста. “Яна казала, што праблемы з сабакамі не таму, што сабакі злыя, а таму, што ў нас няправільны падыход”. 

Летась Ірына мусіла пакінуць краіну. Клопат пра яе сабаку ўзяла на сябе Наста. “Яна зрабіла ўсе прышчэпкі, знайшла перавозчыка і сябра, які ехаў у Польшчу - ўсё арганізавала”. Пакінуць без увагі сабаку Насты пасля такога было б немагчыма. 

Да таго ж, Наста падрыхтавала для сяброў інструкцыі, як быць у выпадку, калі яе затрымаюць. “Там была і частка пра Эрыка”, - расказала Ірына Арахоўская. - Мы загадзя абмеркавалі, калі і як трэба перавозіць Эрыка, у каго ён можа жыць. Але калі стала зразумела, што Наста не выйдзе і магчыма доўга, то увесь план абрушыўся. У многіх людзей на той час таксама змяніліся абставіны і ўсё трэба было рабіць спачатку”.

“Пашкадавала, што я не Эрык”

 Самай вялікай праблемай было знайсці для Эрыка новае месца жыхарства. Аб’яву, што сабака шукае новых гаспадароў, Ірына размясціла ў сацсетках. “Не пісала, чый гэта сабака, але напэўна, многія здагадаліся”. Інфармацыю актыўна рэпосцілі, але прапанаваць патрэбную дапамогу амаль ніхто не мог. Бо ў асноўным пісалі тыя, хто самі нядаўна з’ехалі і пакуль не мелі ўмоваў, каб трымаць вялікага сабаку. Часцей адгуказываліся проста на эмоцыях, каб хоць цёплымі словамі падтрымаць”. Пакуль аднаго для не прыйшло паведамленне з Чэхіі.

“Калі гэтыя людзі напісалі мне пра ўмовы, у якіх будзе жыць Эрык, я пашкадавала, што я не Эрык”, - прызнавалася Ірына. - Там прыватны дом, побач ёсць лес, рэчка і поле. Я вельмі баялася, што яны адмовяцца ці нешта пойдзе не так, бо яны выглядалі найлепшымі кандыдатамі. І вельмі шчаслівая, што ўсё склалася”. 

Беларусь - Польшча - Чэхія

У Мінску Эрыку зрабілі ўсе патрэбныя прышчэпкі і знайшлі перавозку. Але – толькі ў Польшчу. Каб Эрык змог даехаць да Чэхіі, новая сяброўка пса, Ганка Барадзіна, сама прыехала па яго ў Варшаву.

“Эрык не быў джэнтэльменам, - расказвае Ірына Арахоўская пра першую сустрэчу Ганкі з сабакам. - На першым сумесным шпацыры ён цапнуў Ганку за руку. Яна вельмі адважны чалавек – не спужалася і ўзяла сітуацыю ў свае рукі. Праз гадзіну Эрык ужо пайшоў да яе ў машыну, лёг на калені і ўсё было добра. Я проста здзівілася, як так атрымалася”. 

“Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку” 

Ганка расказала, што пост пра Эрыка яны з Янкам пабачылі ў сацсетках і спачатку прапанавалі сваю дапамогу, як план “Б” – спадзяваліся, што знойдзецца нехта бліжэй. “Але доўга ніхто не знаходзіўся і мы вырашылі: калі можам быць планам “Б”, то справімся і стаць планам “А”. 

Пра сабаку яны думалі ад таго часу, як  некалькі гадоў таму Ганка пераехала ў Чэхію з Гродна. У Гродне ў яе таксама была агульная з сяброўкай Вольгай Галецкай сабачка – Коска, каторую таксама забралі з прытулку.

Пазней дзяўчаты раз’е’халіся з Гродна і Коска выправілася з Воляй у Польшчу, а Ганка засталася без сабакі. Эрык стаў нагодай зноў жыць ззаймець псомса.

“Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку. Гэта выпадак, калі рэальна можам дапамагчы. У нас тут проста санаторый дамашні для пса. Куды ні пайдзі – лес, возера, прырода - ідэальнае месца.”

У любой незразумелай сітуацыі – чашы сабаку

Ужо з практыкі Ганка і Ян зразумелі, што Эрык вельмі любіць гуляць з тэніснымі мячыкамі і гатовы бегаць за імі хоць гадзіну запар. Яшчэ адзін улюбёны занатак – плаваць. Тое, што побач ёсць возера стала для сабакі падарункам. Ян любіць хадзіць у пешыя паходы і ўжо будуе планы, як яны з Эрыкам будуць падарожнічаць. 

Знаходзіць агульную мову з сабакам дапамагае і досвед з гродзенскай Коскай: “Гэта – зусім іншы досвед, чым узяць шчанюка ад пачатку. Ведаю, якія памылкі мы рабілі, што можна было б не рабіць. І бачу, колькі сілаў, любові, партнерства Наста уклала ў адносіны з Эрыкам”, - расказвае Ганка. -

Мы пазнаеміліся з ім у стрэсавай для яго сітуацыі. Але за той кароткі час, што мы адно аднаго ведаем, ужо ўусталяваўся давер. Сабачка такі мілы, часта прыходзіць абдымацца. А яшчэ ён проста абажае часацца. З ім перадалі тры шчоткі і я вырашыла паспрабаваць. Гэта былі такія танцы! То цяпер у любой незразумелай сітуацыі – чашы сабаку”. 


 




Report Page