што не так з дызайн-кодам?

што не так з дызайн-кодам?

akvieduk

урбаністы часта кажуць пра дызайн-код і настойваюць на яго выкананні, але рэдка спрабуюць палепшыць гэтую ідэю. пры гэтым, у дызайн-кода ёсць недахопы і патэнцыял для развіцця.

напачатку, што ж такое дызайн-код? гэта пэўныя правілы афармлення рэкламы, шыльдаў і іншага абрамлення вулічных бізнэсаў. яго галоўная мэта - пазбавіць горад візуальнага шуму, хаатычнай рэкламы, "безгустоўных" шыльдаў і гэтак далей. многія ўрбаністы небеспрычынна сцвярджаюць, што візуальная перанасычанасць замінае і робіць вулічныя прасторы менш папулярнымі. рашэнне, у іх вачах - усталяваць пэўныя памеры і прапорцыі рэкламных шчытоў і шыльдаў. у многіх выпадках гэта і праўда ператварае візуальна перанасычаныя вуліцы ў амаль мінімалістычны рай.


але ў падпарадкавання дызайну ў горадзе (ці яго цэнтры) адзінаму стандарту ёсць шмат мінусаў. найперш, ён моцна б'е па кішэнях малых бізнэсаў, якіх зараз часцей і часцей выцясняюць буйныя сеткі. праектаванне і замена шыльдаў ды рэкламы - простая справа для буйнога бізнэсу, але вельмі адчувальная для малога. асабліва калі ўлічваць, што незамененыя шыльды часта дэмантуюцца гарадскімі ўладамі. акрамя таго, адзіны гарадскі дызайн-код робіць мноства вуліц вельмі падобнымі ў плане афармлення, і, здымаючы частку візуальнага шуму, здымае і частку іх індывідуальнасці, бо індывідуальнасць вуліцы, відавочна, складаецца не толькі з архітэктуры. установы на вуліцах робяцца малазаўважнымі, малаіндывідуальнымі і малапазнавальнымі. але важна не толькі гэта. маючы ў сваіх руках дызайн-код, гарадскія ўлады могуць маніпуляваць прыватнымі ўстановамі як заўгодна ў плане пазіцыянавання на вуліцы. улады і іх прферэнцыі могуць змяняцца, а з імі і патрабаванні. часта гэта накладаецца на карумпаванасць і немадэрнізаванасць адпаведных камітэтаў, і тады тое, што мусіла стварыць эстэтычны і прыгожы гарадскі асяродак, ператвараецца ў жахлівую мегамашыну.  


але ці значыць гэта, што дызайн-код - дрэнная ідэя? не, але яна павінна быць у руках не цэнтральных уладаў, а лакальнага бізнэсу і лакальных стэйкхолдэраў.

калі асобна ўзяты раён, частка раёна, вуліца ці квартал сваёй супольнасцю будзе распрацоўваць свае правілы афармлення канкрэнта для сваёй тэрыторыі, не будзе гарадской аднастайнасці. павальнай незадаволенасці лакальнага бізнэсу. каментароў пра армейскую падгонку. да таго ж, гэта дапаможа індывідуальнасці месца і лакальнай супольнасці. 


P.S. дарэчы, вы ведалі, што ў Мінску дызайн-код дэ-факта ёсць, але на практыцы мае характар рэкамендацыяў? глядзіце, тут усё падрабязна распісана



дзяліцеся гэтымі ідэямі і падпісвайцеся на канал



Report Page