ажывіць плошчу
akvieduk
пасярод Менска ляжыць выкладзеная пліткай пустэльня, якую па баках амінаюць гараджане. у яе строгіх межах не адбываецца нічога, акрамя рэдкіх парадаў міліцыі-пажарнікаў ды неперыядычных акцый пратэсту. узімку там з'яўляецца высокі зялёны конус з катком навокал. астатні час можна смела ставіць сонечныя батарэі - хоць нейкая карысць.
за год было мінімум 2 планы ўдасканалення плошчы. абодва канцэнтраваліся не на прасторы, а на будынках. нядаўняя прапанова архітэктаркі Аляксандры Баярынай увогуле знішчае плошчу, цалкам забудоўваючы яе гандлёвым цэнтрам, аналагічным ГУМ'у (толькі больш, больш!)

akvieduk падумаў пару дзён, абышоў мёртвую плошчу і накрэмзаў падрабязны графічны план яе ажыўлення. але перад тым, як перайсці да яго, варта закінуць пару простых тэзісаў:
1. плошча патрэбная
мы робім паўзы ў словах. мы ставім прабелы, калі пішам. мы ствараем плошчы сярод праспектаў. калі забудаваць Кастрычніцкую цалкам, праспект Незалежнасці ад паштамту да цырку будзе здавацца бясконцым калідорам.
плошчы тысячагоддзямі былі важнымі элементамі гарадской прасторы. у Кастрычніцкай плошчы маецца і функцыя прасторы перад ідэалагічным храмам-палацам, і функцыя месца народных сходаў. але рэдкасць і незвычайнасць і таго, і іншага (роўна як і адсутнасць любых актыўнасцяў) робіць немагчымым гарадское жыццё на плошчы.
2. асцярожна з эклектыкай
будаваць з нуля будынкі "ў гістарычным стылі" - справа сумнеўная і часцей за ўсё дае жахлівы рэзультат. у выпадку Кастрычніцкай плошчы любая новая пабудова "пад сталінскі ампір" рызыкуе разбурыць увесь ансамбль, тым болей калі рабіць такі будынак маштабным. калі і рабіць нешта эклетычна-падражальнае, то грунтавацца на максімальна простым стылі.
3. але глядзець у гісторыю трэба
на месцы плошчы яшчэ ў 30х- напачатку 40х была шчыльная забудова. наўпрост за палацам Рэспублікі з боку старога гораду захаваліся падмуркі знесенага пасля вайны касцёла Тамаша Аквінскага, і патэнцыял для яго хуткага аднаўлення ёсць.

у адрозненне ад сталінскага ампіру, простую архітэктуру пачатку дваццатага стагоддзя магчыма нетрэшова зрабіць амаль з нуля на аснове гістарычных здымкаў.

толькі вось забудоўваць цалкам плошчу не варта. і тут пярыйдзем да новага плану.
калі намаляваць яго ў самым простым графічным рэдактары, то ён выглядае так:

азеляненне - самае простае, што можна зрабіць. у гэтай імклівай частцы горада яно здольнае само па сабе хоць крыху ажывіць плошчу. да таго ж, дрэвы прыбяруць пачуццё пустэчы і ціску.
але азеляняць усю плошчу не варта. добра было б зрабіць гэта з усходняга боку палаца рэспублікі па баках фантана, а таксама часткова перад палацам. гэта дапаможа аддзяліць вельмі спрэчны палац Рэспублікі ад ансамблю праспекта, і, разам з тым, падрыхтаваць да парталу ў Верхні горад, пра які пагутарым пазней.
у гэтым праекце няма імкнення захаваць сіметрыю, бо яна знікла разам са зносам музея ВАВ, а новы будынак ад Dana Holdings толькі ўнясе дысгармонію ў ансамбль. таму ратаваць трэба сам праспект і плошчу як прастору, а не комплекс плошчы і праспекта, як гэта было б некалькі дзесяцігоддзяў таму.
прастора перад палацам дзеліцца ў раёне нулявога кіламетру на дзве часткі, якія паступова пераходзяць адна ў адну. частка на захадзе - прыклад азелянёнай плошчы, частка на ўсходзе адаптавана для сацыяльных і гарадскіх актыўнасцяў. абедве часткі маюць месцы для сядзення, месцы прыцягнення пешаходаў і разнастайныя малыя цікавосткі. арт-аб'екты замест вострава камсамольцаў таксама можна звазіць сюды, адкуль ужо размяркоўваць па горадзе.

такім чынам захоўваюцца і асноўныя функцыі плошчы, і ствараюцца месцы прыцягнення, і прыкрываецца палац Рэспублікі.
за палацам аднаўляецца стары касцёл, які робіцца дамінантай-канкурэнтам палаца Рэспублікі. да таго ж,ён будзе ўказваць на пачатак Верхняга гораду.
унікальная функцыя Кастрычніцкай плошчы яшчэ ў тым, што яна знаходзіцца на мяжы гістарычнага гораду і гораду савецкага, складзенага з мноства кварталаў новаампіраўскай забудовы. заходні бок плошчы можна забудаваць так, каб гэты пераход двух менскіх іпастасяў быў больш арганічным і паступовым. забудаваць не чымсьці складаным і выцягнутым з пальца, а простай архітэктурай 20х-30х, як паказана на чорна-белым здымку вышэй побач з Аляксандраўскім скверам.
палац Рэспублікі знаходзіцца на каменных блоках, якія могуць быць неблагімі месцамі для таго, каб бавіць час. зрабіць побач інфраструктуру і абкласці краі вялікай бетоннай "лесвіцы" дрэвам - новае месца прыцягнення створана.
між новымі будынкамі з боку вуліцы Энгельса і палацам будзе вузкая тэрыторыя, у якой можна зрабіць Юр'еўскі завулак, у памяць пра вуліцу Юр'еўскую, што доўгі час ішла пасярэдзіне плошчы. адкрыўшы новыя будынкі для малога бізнэсу і, разам з тым, для гараджан (пакінуць адзін з будынкаў выключна для сацыяльных актыўнасцяў, напрыклад), можна стварыць новае месца прыцягнення для менчукоў. да таго ж, там знаходзяцца ўваходы і ў кінатэатр, і ў мастацкую галерэю, што зараз месцяцца на ніжніх узроўнях самога палацу.
пры гэтым, на плошчы застаецца і месца для елкі, і месца для катку, і месца для святкаванняў, і месца для пратэстаў. пры гэтым на плошчы дадаюцца месцы адпачынку, гандлю, харчавання і культурнага развіцця. усё гэта - магчымыя кампаненты будучай "народнасці" гэтай прасторы.

Кастрычніцкая плошча не можа вечна заставацца пустой. гэта глупа і некамфортна. палац Рэспублікі не будзе пастаянным манапалістам плошчы, і гэта бачна ўжо цяпер, калі паглядзець на праект будынка на месцы музея ВАВ. і да таго, як у сярэдзіне плошчы паспрабуюць паставіць якую-небудзь бязглуздзіцу, трэба паспець зрабіць яе камфортным месцам, якое палюбяць менчукі. план вышэй - спроба вынайсці такое месца.
будзе крута, калі вы ўключыцеся ў абмеркаванне вакол Кастрычніцкай плошчы, будзеце крытыкаваць, прапаноўваць і выказваць свае ідэі. на плошчу трэба звяртаць увагу горадабудаўнікоў, і мы, грамадская супольнасць, здольныя зрабіць гэта.
