Gemini робіць цуды з гістарычная спадчынай

Gemini робіць цуды з гістарычная спадчынай

Тэлеграм-канал «Спадчына»
Гэта не фота з паралельнага сусвету, дзе Мінск не быў знішчаны ў Другую сусветную вайну, гэта праца нейрасеткі Gemini, якая здольная зрабіць сучасную гіперрэалістычную выяву нават з вельмі благога гістарычнага фота.

У канцы жніўня ў тэлеграм-суполцы Беларускі ШІ заўважыў прыклад таго, як можа апрацоўваць фота новая мадэль Nano Banana (Gemini 2.5 Flash Image) ад Google. Выглядала надзвычай эфектна, таму я вырашыў паспрабаваць паўтарыць тое ж самае з гістарычнымі фотаздымкамі.

Першым быў выбраны фотаздымак плошчы Свабоды ў Мінску, зроблены ў пачатку з гатэля "Еўропа". Здымак мякка кажучы благой якасці — вельмі зярністы і невыразны, таму я не спадзяваўся на большае, чым звычайную каларызацыю, якую робяць іншыя нейрасеткі.

Але тое, што атрымалася, выклікала пачуццё, якое навукоўцы адчулі, калі атрымалі моцны радыёсігнал з глыбокага космасу — кароткае Wow! Вынік сапраўды ўражвае. Нейрасетка не проста каларызавала фота, яно ў мешаніне чорна-белых пікселаў змагла зразумець, дзе на фота ліштвы, дзе балконы, а дзе - мінарэт і купал Саборнай мячэці ў Татарскім канцы, ледзь бачныя на фота. Вядома, калі пачаць шукаць, то можна знайсці недакладнасці, але вынік пераўзыходзіць усё, што мы бачылі раней і што мы чакалі б пабачыць сёння.

Арыгінальнае фота мае нізкую якасць: шмат шуму і невялікае разрозненне. Але для Gemini гэта не праблема.

Апрацаванае фота выглядае так, быццам нехта з акна гатэлю сфатаграфаваў плошчу на свой смартфон літаральна ўчора. Магчыма, праз нейкі час мы звыкнемся з такой якасцю, як звыкліся з камп'ютарнай графікай, якая ў фільмах 90-х выглядала сапраўдным цудам. Але сёння тое, што можа рабіць з гістарычнай спадчынай Gemini — сапраўдны цуд, якія адкрывае новыя магчымасці.

Галоўны плюс мадэлі - яна даступна бясплатна абсалютна ўсім, хто мае акаўнт у Google, проста пераходзьце ў AI Studio, выбірайце Try Nano Banana, закідайце фотку і пішыце на любой мове, што вы хочаце атрымаць. Далей пачынаецца магія. Паспрабуйце з самага проста промта: "палепшы гэтае фота" — вельмі часта нічога больш не трэба.

Колькасць запытаў за дзень абмежаваная, але вельмі вялікая. Зрэшты ў першы вечар яны былі вычарпаны пад нуль у жаданні пабачыць на свае вочы тыя помнікі архітэктуры Беларусі, якіх больш не існуе. Уражвае не толькі тое, што робіць Gemini, але і наколькі пазбаўленымі жыцця і плоскімі выглядаюць чорна-белыя гістарычныя фотаздымкі. Яны нясуць мала інфармацыі для нас, сучасных людзей. Асабліва гэта адчуваецца на інтэр'ерных фотаздымках, якія ў колеры набываюць аб'ём і даюць разуменне, які ж па праўдзе дух стаяў у палацах беларускай шляхты.

Цёмныя Крамы ў Мінску на фотаздымку 1941 года
Фота Цёмных Крамаў, апрацаванае нейрасеткай Gemini.

Магчымасці нейрасеткі часам падаюцца бязмежнымі. Яна можа дабудаваць інтэр'ер там, дзе бракавала якасці тагачасным фотаапаратам, пры гэтым ножкі крэслаў не зліваюцца ў пачварнага монстра, а адпавядаюць канкрэтнаму прадмету гарнітура. Nano Banana можа пабачыць тое, што не бачыць нашае вока, як прыцененая разьба на цёмным дрэве - спачатку ты думаеш, што нейрасетка проста выдумала гэта, але пасля пачынаеш прыглядацца да цёмнай плямы на такім жа цёмным фоне і бачыш, што там сапраўды нешта такое ёсць.

Нейрасетка можа распазнаць і аднавіць выявы па выразках з нізкаякасных міжваенных газет, ці прыбраць вельмі моцную пікселяцыю фота, быццам нехта сфатаграфаваў экран тэлевізара.

Вежа езуіцкага калегіума ў Мінску. Фота апрацаванае нейрасеткай Gemini.

Яна здольная выдумляць, але робіць гэта вельмі далікатна, упісваючыся ў існыя межы, а не пачынаючы чудзіць, як нейрасеткі-папярэдніцы.

Мы нарэшце можам пабачыць гістарычныя гарады і мястэчкі Беларусі такімі, якімі б яны мусілі быць сёння - ва ўсім харастве барока і з суровымі мурамі старажытных камяніц. Гэта вельмі добры і вельмі зразумелы, навочны спосаб паказаць беларусам, што яны насамрэч страцілі, і даць зразумець, што калі гэта можа аднавіць нейрасетка, то здолеем аднавіць і мы ў натуры.

Nano Banana дазваляе не толькі палепшыць фота, але і адрамантаваць помнікі на фота: адрамантаваць дзіры ў тынкоўцы, вярнуць вокны ў закладзеныя праёмы, абразы - ў алтары. Можна загадаць яму дадаць антуражу - лавы для парафіян, алтар з царкоўным начыннем, свечкі і карункавыя абрусы, уласна саміх людзей — на што хопіць вашай фантазіі.

Койданаўская вуліца (цяпер Рэвалюцыйная) ў Мінску на фотаздымку пачатку XX стагоддзя
Фота Койданаўскай вуліцы, апрацаванае нейрасеткай Gemini.

Можа накласці на сучаснае фота чарцёж недабудаванай часткі ці элемента — і Gemini у стане намаляваць яе так, быццам яна заўсёды там была. Нейрасетка здольная адмаляваць in situ помнік, якога нікога не было, або цэлую мясцовасць па малюнках XVIII-XIX стагоддзя, вельмі далёкіх па дакладнасці ад любога фота — гэта значна пашырае іканаграфію помнікаў. Мы нарэшце можам пабачыць, напрыклад, знішчанае Берасце, якім яго маглі бачыць да будаўніцтва крэпасці.

Гэта не кажучы, што тая ж нейрасетка можа стылізаваць выяву для дзіцячай кнігі, ці пад канкрэтны дызайн блога. Спадчына становіцца больш бачнай і даступнай.

Думаеце фота касцёла ў Таракані Драгічынскага раёна зроблена ў наш час? Нічога падобнага, гэта праца нейрасеткі.

Але гэта інструмент не толькі для забаў, у нейрасеткі ёсць моцны навуковы патэнцыял, бо яна можа бачыць і выяўляць тое, што можа не заўважыць чалавечае вока, яна можа дапамагчы даследчыкам праверыць свае гіпотэзы, рэстаўратарам - падабраць найлепшы варыянт аднаўлення страчанага яшчэ на стадыі эскіза. Поле выкарыстання надзвычай шырокае.

Захвальваючы Nano Banana не варта забываць і пра цёмныя яе бакі. Нейрасетка працуе рандомна, па прынцыпе прыліваў і адліваў з невядомым графікам: у адзін час яна можа выдаць ідэальны вынік з першай спробы, у іншы - ведаючы, як насамрэч яна можа, ты гадзінамі можаш дамагацца зрабіць ад яе хоць нешта, што з'ядае шмат часу і маральных сіл. Сама Gemini не самая разумная, калі параўноўваць з тым жа ChatGPT, хутка забывае, блытаецца ў паказаннях і не заўсёды разумее, што ад яе хочуць — але для бясплатнага доступу гэта дробязі. Калі вам не спадабаецца вынік, не бойцеся паставіць дызлайк, націснуць на кнопку Return ці проста паспрабаваць тое ж самае ў іншым чаце.

Проста спрабуйце і дзяліцеся вынікам - у нас засталося так шмат фота і так мала помнікаў, можа Gemini верне нам спачатку памяць, а пасля і тое, што мы страцілі, але яшчэ можам вярнуць!

Забелены ракакошны дэкор Сафійскага сабора ў Полацку
Дэкор Сафійскага сабора ў Полацку, каларызаваны ў стылістыцы барока нейрасеткай Gemini.
Тэатральная плошча ў Магілёве з былым касцёлам езуітаў у пачатку XX стагоддзя. Усе будынкі на фота знішчаны
Фота Тэатральнай плошчы ў Магілёве, апрацаванае нейрасеткай Gemini.
Богаяўленскі манастыр у Магілёве ў пачатку XX стагоддзя. Усе будынкі на фота знішчаны
Фота Богаяўленскага манастыра ў Магілёве, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Звярніце ўвагу, што нейрасетка разумее сцэну як трохмерную і змяняе крыніцу святла на больш выразную
Кальвінскі збор XVI стагоддзя ў Асташыне. Фота пачатку XX стагоддзя. Разбураны мясцовымі ўладамі ў 1950-я гг.
Фота Асташынскага збора, апрацаванае нейрасеткай Gemini.
Гродна ў час нямецкай акупацыі
Фота Гродна 1940-х, апрацаванае нейрасеткай Gemini.
Інтэр'еры Жыліцкага палаца ў пачатку XX стагоддзя. Фота Яна Булгака.
Інтэр'еры Жыліцкага палаца, апрацаваныя нейрасеткай Gemini
Інтэр'ер палацава-паркавы комплексу Радзівілаў у Манькавічах. Фота ў вельмі нізкім разрозненні
Фота інтэр'ера палацава-паркавы комплексу Радзівілаў у Манькавічах, апрацаванае нейрасеткай Gemini
Мастак Фердынанд Рушчыц у сваёй сядзібе ў Багданаве. Фота зроблена яго сябрам Янам Булгакам у 1911 годзе
Тое ж фота, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Нейрасетка не імкнецца здзіўляць, яна проста робіць сваю працу добра.
Фрагмент арыгінальнага фота
Фрагмент фота, апрацаванага нейрасеткай Gemini.
Фрагмент фота інтэр'ера шляхецкай сядзібы
Фрагмент фота інтэр'ера шляхецкай сядзібы, апрацаваны нейрасеткай Gemini. Звярніце ўвагу на разьбу на спінцы канапы на абодвух фота
Цыстэрыянскі кляштар у Кімбараўцы (Мазыр) на фота 1916 года.
Фота Цыстэрыянскага кляштараў Кімбараўцы (Мазыр), апрацаванае нейрасеткай Gemini
Палац на тэрыторыі Любчанскага замка ў пачатку XX стагоддзя
Фота палаца на тэрыторыі Любчанскага замка, апрацаванае нейрасеткай Gemini
Першапачатковы праект Опернага тэатра ў Мінску, прапанаваны Іосіфам Лангбардам
Gemini паказавае, як бы гэты праект выглядаў, калі б ён быў рэалізаваны. Неверагодна праўдападобна!
Піксельны фотаздымак старога Траецкага прадмесця.
Выпраўлены фотаздымак Траецкага прадмесця. Некаторыя дэталі не зусім дакладныя, але дзіўна ўвогуле, што нейрасетка змагла хоць нешта зрабіць з гэтым фота.
Барочны інтэр'ер знішчанага саветамі касцёла ў Стоўбцах.
Інтэр'ер знішчанага саветамі касцёла ў Стоўбцах, якому Gemini вярнула барочны каларыт, абразы і лавы для вернікаў.
Рэдкае каляровае фота разрабаванага касцёл езуітаў у Магілёве.
Нейрасетка Gemini не толькі змагла правесці рамонт касцёла і часткова аднавіць каларыт, але і змяніла ракурс на больш сіметрычны.
Касцёл у Каралішчавічах у пачатку XX стагоддзя. Будынак захаваўся да нашага часу, але ў вельмі знявечаным стане. Фота нізкай якасці.
Палепшанае Gemini фота дакладна аднаўляе ўсе дэталі гістарычнай аб'ёмы, робіць помнік сакавітым і аб'ёмным

Не ведаю, у чым рабілі свае выявы наступныя аўтары, падазраю, што ў тым жа Gemini, але прыводжу іх тут для разумення магчымасцей нейрасетак сёння.

Касцёл Святой Соф'і пры кляштары дамініканаў у знішчаным Берасці. Абмерны чарцёж 1830 года
Выява касцёла Святой Соф'і пры кляштары дамініканаў у Берасці, створаная нейрасеткай. Viktor Baikovski
Берасце на гравюры Эрыка Дальберга 1657 года
Краявід Бярэсця, створаны нейрасеткай па гравюры Эрыка Дальберга ў 1657 годзе. Viktor Baikovski
Бернардзінскія касцёлы і манастыры ў Брэст-Літоўску: мужчынскі і жаночы. Viktor Baikovski
Высокае-Літоўскае. Па матывах літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Viktor Baikovski
Манастыр картэзіянцаў у Бярозе-Картузскай. Па матывах літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Viktor Baikovski
Мерачоўшчына і Косаўскі замак на літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Звярніце ўвагу, што на малюнку лета
Мерачоўшчына і Косаўскі замак на аснове літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Звярніце ўвагу, што нейрасетка ператварыла малюнак у зімовы. Viktor Baikovski
Навагрудак. Па літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Viktor Baikovski

Янаў. Па літаграфіі з малюнка Напалеона Орды

Фара Вітаўта 1860-я гады
Фота Фары Вітаўта 1860-х, апрацаванае нейрасеткай. grodno_one_minute_of_history
Фота Фары Вітаўта 1923 года, апрацаванае нейрасеткай. grodno_one_minute_of_history
Фота Фары Вітаўта 1930-х, апрацаванае нейрасеткай. grodno_one_minute_of_history
Фота касцёла і пажарнай часці ў гістарычным цэнтры Гомеля, знішчаных за савецкім часам, апрацаваныя нейрасеткай Gemini. lets_cook_for_fun_1


















































Report Page