Зоя Доля «Час пасля Саюза» («Медысонт», 2018 г.), 3/5.

Зоя Доля «Час пасля Саюза» («Медысонт», 2018 г.), 3/5.


Ёсць пісьменнікі, якія моцна стараюцца быць пісьменнікамі. Пішуць паводле ўсіх правіл, акуратна расстаўляючы эпітэты і метафары па тэксце. Калі апісанне (прыроды, чалавека і г.д.) — дык абавязкова разгорнутае, каб у вас зусім не заставалася прасторы для фантазіі. Разжаваць і пакласці перад чытачом на талерачку. Як настойліва дзьмуў вецер у час перад навальніцай, калі чорныя хмары ссунуліся на небе, нібы бровы на твары засяроджанага чалавека. Чытаю ўжо другую кнігу Зоі Долі, і зноў яна нагадвае мне школьнае сачыненне.

У зборніку “Час пасля Саюза” (зацаніце дызайн вокладкі) змешчаныя аповесць “Гамарджоба, Грузія!”, фельетон “Крапіўніцкі ў судзе” і апавяданні “На курсах нямецкай з праграмістамі” і “Эмацыйная закрытасць”.

“Гамарджоба, Грузія!” — аповесць пра тое, як муж з жонкай, Павел і Надзя, рабілі ў кватэры рамонт, ды вырашылі купіць камін. Па-багатаму, чо. Дапамог ім у гэтым майстар-грузін, які пераехаў у Беларусь пасля ўзброенага канфлікту ў Паўднёвай Асеціі. Стасункі Расіі і Грузіі абвастрыліся, дыпламатычныя стасункі былі разарваныя, і Рэзо перабраўся ў спакойную Беларусь. У другой частцы сям’я, натхнёная аповедамі Рэзо, едзе ў Грузію адпачываць. Усё. Дзве часткі, два сюжэты, з падрабязным апісаннем побыту Надзеі і Паўла. Ужо даўно Грузія стала для беларусаў модным турыстычным напрамкам. Відаць, аўтарка наведала гэтую краіну і вырашыла замацаваць свае ўражанні ў творы. Аповесць не чапляе ні з краязнаўчага пункту гледжання, ні цікавым свежым сюжэтам. 

Фельетон “Крапіўніцкі ў судзе” расказвае гісторыю Івана, які падае ў суд на прадпрыемства, якое ўжо некалькі месяцаў затрымлівае яму зарплату. Твор апісвае бязлітасную бюракратычную машыну і марныя змаганні з ёй простага чалавека. Зразумела, што тут не варта чакаць ніякага хэпі-энду. Мараль? Не траціць сілы на змаганне з ветракамі і ўсё само выправіцца да лепшага? Спрэчна.

Ну і два апошнія апавяданні нагадваюць проста караценькія жыццёвыя замалёвачкі з разраду “што бачу, пра тое і пішу”. У творы “На курсах нямецкай з праграмістамі” адна назва чаго вартая😁 Увогуле так можна ўсе творы называць, напрыклад, не “Обломов”, а “На диване с Захаром”. Як вы думаеце, пра што гэтае апавяданне? Вы нават не здагадваецеся, але яно пра тое, як галоўная гераіня хадзіла вучыць нямецкую мову на курсах з праграмістамі. Нечакана, праўда?

Калі вы грамар-нацы, то рыхтуйцеся. Рэдактар з карэктарам (а ў кнізе гэта адзін чалавек) нібы не чыталі кнігу зусім, бо памылак — процьма. Нават на вокладцы ззаду, дзе анатацыя і інфармацыя пра аўтарку. Хаця, здавалася б, гэты тэкст можна было перачытаць пару разоў.

У цэлым мне не шкада патрачанага на кнігу часу, але астатніх засцерагчы магу. Чаго чакаць ад кнігі? Звычайных побытавых твораў без глыбокай псіхалогіі і высноў.


P. S. Калі ўсё ж такі плануеце купіць, то ў нас у кнігарні «Кніжная Шафа» ёсць за 10 р. Для прыкладу: на oz.by за 18,50 р.

Report Page