Зорны хлопчык

Зорны хлопчык

—А я кажу, што не можа гэтага быць!

—Можа!

—А я кажу, што не можа! Ты што, зусім маленькая? Ну зразумела ж, што гэта — казка. Скажы яшчэ, што месяц гэта кавалачак сыра, — хлопчык з недаверам глядзеў на малую зверху ўніз.

—А мабыць і кавалачак. Ты ніколі не даведаешся! Ты што, там быў? —было бачна, што слёзы падступаюць да вачэй дзяўчынкі.— А пра хлопчыка мне тата расказаў, а тата ніколі не хлусіць!

— Гэта добрыя таты не хлусяць, а твой — хлус! — хлопец крычаў, а дзяўчынка не вытрымала і пачала плакаць — гучна, на ўсю вуліцу.

— Мой тата ніколі не хлусіць, — словы выйшлі ціхія, але вельмі ўпэўненыя. Яе плач набіраў абароты і здавалася, што больш ніколі ў жыцці яна не будзе пасмяхацца.

Хлопец разгубіўся. Ён не хацеў крыўдзіць сяброўку, але і пагадзіцца не мог. Чаму ён павінен пагаджацца, калі праўда яго?

 Не вядома адкуль прыбег той самы тата, падхапіў дзяўчынку на рукі, падкінуў высока-высока ўгору, спаймаў, а пасля сам сеў на лавачку і дачушку пасадзіў на калені:

— І чаго ж мы плачам?

 А дзяўчынка толькі весела смяялася, быццам і не было таго суму хвіліну назад.

— Тата! — яна хутка супакоілася, але адразу стала сур'ёзнай, быццам бы ўспомніла нешта важнае, і з даверам заглянула бацьку ў вочы. — Раскажы яму пра таго хлопчыка, аб якім ты расказваў мне. Ён не верыць і кажа, што гэта дзіцячая казка, — яна надула вусны і зрабіла выгляд, што моцна пакрыўджаная.

— О, казка кажаш? — здзівіўся тата і паглядзеў на хлопчыка, які стаў нявольным глядачом усёй гэтай сцэны. — Сядай, калі ласка, і слухай уважліва. Зараз ты даведаешся пра магічнага хлопчыка, які жыве на месяцы...


 ...Аднойчы, у адной далёкай-далёкай краіне жыў маленькі хлопчык. Нічым ён не адрозніваўся ад іншых, такіх жа самых хлопчыкаў у школе, у класе. Такі звычайны і нічым не прыкметны, такога можна сустрэць у кожным двары. Вучыўся ён не вельмі добра, але быў выдатным сябрам! Тыя, хто сябраваў з ім ведалі, што ён ніколі не аставіць сябра ў цяжкую хвіліну, ніколі не скажа чагосьці крыўднага і заўсёды дапаможа ўсім, чым толькі зможа. За гэта яго і любілі.

 Разам з ім вучылася дзяўчынка, з якой ніхто не хацеў сябраваць, акрамя яе малодшага брата. Дзяўчынка была жорсткай, ніколі не пасмяхалася і ні за што не гатовая была дапамагаць іншым. Усе гэта разумелі і таму не хацелі мець з ёй нічога агульнага. А яна вельмі хацела знайсці сабе сапраўдных сяброў, але не ведала як і вельмі зайздросціла хлопчыку, з якім сябравалі ўсе. Ён быў заўсёды добрым да яе, а яна яшчэ больш з-за гэтага злавалася, бо не ўмела быць прыязнай.

 І аднойчы яна прыдумала хітры план. Дзяўчынка, разам са сваім братам, паклікалі хлопчыка пагуляць у хованкі. Ён пагадзіўся, бо вельмі любіў гэтую гульню. Дзяўчынка пачала лічыць, а яе брат і хлопчык — хавацца. Але калі дзяўчынка скончыла, то яна не пайшла шукаць добрага хлопчыка. Яна ціхенька забрала брата і пайшла дадому. Хлопчык сядзеў і чакаў, ён схаваўся пад дрэвам на паплаўку каля школы. Спачатку хлопчык узрадаваўся, што ён так добра схаваўся, што яго ўжо так доўга не могуць знайсці — чэмпіён у хованках! Але калі яго не нахадзілі ўжо больш за гадзіну, ён пачаў хвалявацца. А пайсці дадому ён не мог, бо баяўся пакрыўдзіць дзяўчынку — яна будзе намагацца яго знайсці, а яго няма. Таму ён сумленна чакаў. Ужо пачало цямнець, а хлопчык чакаў. Яму стала так адзінока, бо нікога побач не было, страшна, бо ўжо сцямнела, і сумна, бо яго ніхто не находзіць, што ён заплакаў. Пакуль хлопчык плакаў, ён і сам не заўважыў, як заснуў прама на зямлі, пад дрэвам.

 А калі ён прачнуўся, то ахнуў. Вакол яго былі шматлікія зоркі, а сам ён сядзеў на месяцы. Аглянуўшыся, ён пабачыў каля сябе торбачку. Канешне ж ён заглянуў ва ўнутар, і знайшоў там маленькія баначкі і запіску. У запісцы было напісана:

"Зорны хлопчык! Дзяўчынка паступіла з табой дрэнна, але ты не трымай на яе зла. За тваё добрае сэрца зоры вырашалі ўзнагародзіць цябе! Ад гэтага часу ты будзеш выконваць вялікую, складаную, але карысную працу. Ты павінен збіраць слёзы ўсіх, хто плача, у гэтыя слоікі. Збіраць і ператвараць іх у зоркі. Калі ты пабачыш, што на зямлі нехта плача, то адкаркуй корак і слёзы самі зальюцца ў слоік, закрый яго і адпраў на небасхіл — так нараджаюцца зоры! А калі нагода слёз знікне, то зорка стане знічкай, каб нехта, хто глядзіць на неба, мог загадаць жаданне. Гэта вельмі адказная праца і давяраем мы яе табе, бо твае сэрца заставалася добрым да ўсіх.

                                          Твае зоры"

Хлопчык вельмі здзівіўся, але і ўзрадаваўся такой прапанове. Ён адчуваў, што тое, што ён робіць, важна і патрэбна чалавецтву.

 І тут ён пачуў як маленькая дзяўчынка на Зямлі плача — хлопцы пачалі крыўдзіць яе ў двары. Зорны хлопец схапіў слоік, адкаркаваў яе і празрыстыя слёзы маленькімі кропелькамі пачалі напаўняць сасуд. Як гэта было прыгожа! Пакуль хлопчык любаваўся гэтым цудам, шкляначка ўся напоўнілася і трэба было яе закаркоўваць. Зорны хлопчык узяў корак, шчыльна закрыў слоік і ён сам выляцеў з яго рук і паляцеў да астатніх зор. Але не паспеў ён там знайсці сабе месца, як да дзяўчынкі на Зямлі падбеглі яе сяброўкі, прагналі хлопцаў і пачалі супакойваць пакрыўджаную. Не доўга цягнулася туга і ў зусім хуткім часе дзяўчынка зноў пасмяхалася. А хлопцы зразумелі сваю памылку і папрасілі ў яе прабачэнне. Слоік-зорка пачала трусіцца і мігацець. Хлопчык спужаўся, што нешта ідзе не так, але знічка ўжо ляцела да зямлі. У гэты момант, у зусім іншай краіне маленькі хлопчык глядзеў на неба і думаў. Яго сястра моцна хварэла, а ён ніяк не мог дапамагчы. І тут ён пабачыў знічку! Як ён узрадаваўся і хуценька загадаў жаданне, каб сястрычка паправілася. Ён шчыра верыў, што знічка дапаможа яму. Так яно і сталася. Сястра больш ніколі не хварэла.

Зорны хлопчык бачыў усё гэта і адчуваў адказнасць сваёй працы, але і гонар, што ён робіць такую патрэбную справу.

 Вось і зараз, калі нехта плача, то зорны хлопчык збірае слёзы і ператварае іх у знічку, каб потым нехта абавязкова змог загадаць жаданне. І не хвалюйцеся, яшчэ не адзіная зорка так і не засталася на небе. Кожная ператворваецца ў знічку і ляціць да Зямлі, каб шчасця станавілася болей!...

— Вось такая гісторыя, — скончыў свой аповед тата. На вуліцы ўжо паспела сцямнець, але страшна не было, бо бацька побач. Гэта быў цеплы летні вечар, адзін з такіх, калі не хочацца вяртацца дадому, бо на вуліцы ўтульна, пахне травой, недзе жабы збіраюцца ў хор і даюць канцэрты.

— Тата! Глядзі! Глядзі! Знічка! Гэта знічка зорнага хлопчыка? — пачала крычаць дзяўчынка і скакаць на бацькавых каленях. Усю гісторыю яна маўчала і слухала вельмі ўважліва, таму зараз хацелася парухацца і пакрычаць.

— Канешне, зорачка мая, трэба загадаць жаданне, — бацька пасміхнуўся і таксама паглядзеў на знічку.

А хлопец, які раней не верыў у зорнага хлопчыка, моўчкі глядзеў на месяц. Ён гатовы паклясціся ўсімі сваімі цацкамі, што бачыў, як седзячы верхам на месяцы, зорны хлопчык адкрыў сваю торбачку і пачаў даставаць слоік. Гэта значыць, што зараз хтосьці плача, але хутка сум пройдзе і нехта іншы зможа загадаць жаданне. Хлопчык абавязкова папросіць прабачэнне ў сяброўкі за тое, што не верыў ёй, але крыху пазней, пасля таго як загадае знічцы свае жаданне.



Report Page