Заява з нагоды 105-годдзя заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі

Заява з нагоды 105-годдзя заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі 


Ушаноўваючы памяць пра слаўную старонку беларускай гісторыі, заяўляючы пра гістарычную пераемнасць волі да заснавання ўласнай беларускай дзяржаўнасці і ўсталявання нацыянальнай краіны за часамі паўстання Беларускай Народнай Рэспублікі і цяперашніх волі і інтарэсаў беларускага народа, Аб’яднаны Пераходны Кабінет віншуе ўсіх беларусаў з іх святам нацыянальнай годнасці - Днём Волі, 25 сакавіка. Днём, калі 105 гадоў таму ў тэксце Трэцяй Устаўной Граматы, прынятай Радай БНР, была абвешчана незалежнасць новай беларускай дзяржавы. 


Гэты акт замацаваў імкненне да самастойнага жыцця і вызначэння ўласнай нацыянальнай аўтаноміі народа Беларусі. Апошні праз сваіх прадстаўнікоў, якія былі абраныя дэлегатамі Першага Ўсебеларускага з’езда і ўключаныя ў выканкам яго Рады, 9 сакавіка 1918 г. абвясціў у Другой Устаўной Грамаце пра стварэнне першай беларускай нацыянальнай дзяржавы і пра правы і свабоды яе грамадзян. Нягледзячы на складаны лёс першай беларускай дзяржавы, які не даў замацавацца яе прынцыпам на тэрыторыі Беларусі, імпульс да нацыянальнага самавызначэння і нацыянальна-культурнага развіцця, закладзены ў тых драматычных падзеях пачатку 1918 г., аказаўся дастатковым для таго, каб назаўсёды запэўніць будучыню беларускага народа як незалежнай еўрапейскай нацыі.


Але сёння Беларусь, як і сто гадоў таму, пражывае новы трагічны этап сваёй гісторыі. Беларуссю не кіруе, але яе кантралюе ўлада, што лічыць сябе спадкаеміцай альтэрнатыўнага дзяржаўнага праекта - Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, утворанай па ўказцы Масквы ў студзені 1919 г.. Гэты рэжым не мае легітымнасці ані ў вачах беларускага народа, ані ў вачах усяго цывілізаванага свету. Фактычна, як і сто пяць гадоў таму, Беларусь сёння знаходзіцца пад акупацыяй, на яе зямлі бескантрольна для беларускага грамадства знаходзяцца замежныя войскі, а рэжым кіруецца воляй і рашэннямі чужой улады, дапамагаючы ў вядзенні цалкам неапраўданай і крывавай вайны супраць украінскага народа. Падкрэслена антынацыянальная палітыка, якую дэманструе сённяшні акупацыйны рэжым, паказвае яго чужасць інтарэсам беларускай дзяржавы і нацыянальна-культурным памкненням саміх беларусаў. 


Разумеючы ролю і значэнне Беларускай Народнай Рэспублікі як першай самастойнай беларускай дзяржавы, аддаючы даніну павагі яе кіраўніцтву, што ўвесь гэты час працуе ў выгнанні, і ўсведамляючы пагрозу для існавання Беларусі ў нашыя дні, Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртаецца да народу Беларусі, а таксама да прадстаўнікоў усіх замежных краін з пасланнем пра найвышэйшую і вечную каштоўнасць незалежнасці Беларусі, неабходнасць яе вяртання да дэмакратычнага жыцця ў адпаведнасці з нормамі права і гарантыямі выканання правоў і свабодаў чалавека, абяцаных беларусам яшчэ 105 год таму. Рашуча асуджаючы ваенную агрэсію супраць Украіны і звяртаючы ўвагу на неабходнасць захавання норм міжнароднага права, Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртаецца да сусветнай супольнасці з заклікам усімі спосабамі падтрымаць дзеянні па абароне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы як самастойнага суб’екта міжнародных адносінаў і чальца еўрапейскай сям’і, краіны-заснавальніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.


25 сакавіка 2023 года

Report Page