Заява да законапраекта Сейма Літвы, які тычыцца міграцыйных умоў для грамадзян Беларусі

Заява да законапраекта Сейма Літвы, які тычыцца міграцыйных умоў для грамадзян Беларусі

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі ў поўнай меры ўсведамляе, што ва ўмовах напружанай геапалітычнай сітуацыі, звязанай з вайной ва Украіне, Літоўская Рэспубліка вымушана прымаць меры па забеспячэнні сваёй нацыянальнай бяспекі.

Разам з тым, адзначаем, што законапраект № XIVP-2496(2) "Аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны" патэнцыйна закранае інтарэсы дзясяткаў тысяч беларусаў, якія пражываюць у Літве і сваёй штодзённай працай робяць важкі ўнёсак у нацыянальную эканоміку.

У прыватнасці, законапраект прадугледжвае часовае спыненне прыёму заяў аб атрыманні грамадзянства Літоўскай Рэспублікі, прыпыненне афармлення е-рэзідэнцтва і шэраг абмежаванняў, звязаных з атрыманнем віз і відаў на жыхарства грамадзянамі Беларусі.

Ад пачатку расійскай поўнамаштабнай агрэсіі народ Беларусі выступае супраць яе, аб чым сведчаць антываенныя пратэсты, дыверсіі партызан, інфармаванне аб дзеяннях расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі, гуманітарная дапамога і ўдзел беларусаў у валанцёрскім руху. Беларускія добраахвотніцкія фарміраванні актыўна дзейнічаюць у складзе Узброеных Сіл Украіны на полі бою.

Фактычнае раўнаванне грамадзян Беларусі і Расіі не мае пад сабой падстаў. Большасць беларусаў не падтрымлівае агрэсію супраць Украіны. Відавочна і тое, што рашэнне нелегітымнага дыктатарскага рэжыму падтрымаць расійскую агрэсію супярэчыць волі беларускага народа, які з 2020 года аказвае супраціў рэжыму, дамагаецца спынення ўдзелу ў ваеннай агрэсіі і аднаўлення дэмакратыі.

Адзначаем, што прыпыненне магчымасці падачы хадайніцтваў аб атрыманні грамадзянства Літоўскай Рэспублікі датычыцца грамадзян Беларусі, якія пераехалі ў Літву не пазней за 2012 год, г.зн. да анэксіі Крыма і акупацыі частак Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Гэтыя грамадзяне Беларусі больш за 10 гадоў легальна пражываюць у Літве, плацяць падаткі, ствараюць бізнесы і працоўныя месцы, і яны ў дастатковай меры інтэграваныя ў літоўскае грамадства.

Акрамя таго, Літоўскай Рэспублікай ужо ўведзены дадатковыя меры па выяўленні грамадзян Беларусі, якія патэнцыйна могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы (абавязковыя дадатковыя анкеты пры выдачы віз і відаў на жыхарства, а таксама пры ўездзе ў Літву). У гэтых умовах прапанаваныя ў законапраекце абмежавальныя візавыя захады будуць дзейнічаць супраць беларусаў, не звязаных з рэжымам.

Намі вітаецца адсутнасць у законапраекце абмежаванняў для ўезду на тэрыторыю Літвы грамадзян Беларусі, а таксама набыцця імі аб'ектаў нерухомай маёмасці ў Літоўскай Рэспубліцы.

Разам з тым, у цэлым законапраект не закранае рэжым Лукашэнкі, але стварае значныя цяжкасці для законапаслухмяных і лаяльных Літве грамадзян Беларусі, у тым ліку тых, якія доўгі час пражываюць у Літоўскай Рэспубліцы.

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі будзе актыўна працаваць з заканадаўчай і выканаўчай уладай Літоўскай Рэспублікі з тым, каб дамагчыся справядлівага стаўлення да законных правоў грамадзян Беларусі, і разлічвае на канструктыўнае ўзаемадзеянне.


Report Page