Заява да гадавіны пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны
Аб’яднаны Пераходны Кабінет БеларусіАб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі лічыць агрэсію супраць Украіны міжнародным злачынствам з боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі і выказвае сваю салідарнасць з народам Украіны ў яго барацьбе за незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць сваёй краіны.
Дэмакратычная Беларусь далучаецца да рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН ад 23 лютага 2023 года аб неабходнасці найхутчэйшага дасягнення ўсеабдымнага, справядлівага і ўстойлівага міру ва Украіне згодна са Статутам ААН. Заклікаем урады ўсіх краін перадаваць Украіне усю неабходную дапамогу для абароны ад расійскіх захопнікаў, уключна з узбраеннямі.
Ад пачатку ўварвання народ Беларусі выступае супраць расійскай агрэсіі, пра што сведчаць антываенныя пратэсты, дыверсіі рэйкавых партызан, інфармаванне пра дзеянні расійскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі, ахвяраванні, аказанне гуманітарнай дапамогі і ўдзел беларусаў у валанцёрскім руху, у тым ліку ў самой Украіне. Мы аддаем даніну павагі ўсім беларусам, якія дапамагаюць Украіне.
Беларускі народ ганарыцца беларусамі і беларускамі, якія змагаюцца супраць акупантаў у складзе Узброеных сіл Украіны, і ўшаноўвае памяць тых ваяроў, хто ахвяраваў сваім жыццём у гэтай барацьбе.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі лічыць падтрымку Украіны на шляху да рашучай перамогі над агрэсарам сваім стратэгічным прыярытэтам і заяўляе аб гатоўнасці выбудоўваць з украінскім урадам сумесную стратэгію дзеянняў па супрацьстаянні расійскай агрэсіі.
У змаганні за інтарэсы свабоднай Беларусі мы дбаем і пра інтарэс незалежнай Украіны. Толькі дэмакратычная і незалежная Беларусь зможа надаць гарантыі бяспекі суседнім краінам і стаць галоўным складнікам устойлівай і эфектыўнай сістэмы рэгіянальнай бяспекі. Гістарычная сувязь нашых народаў стварае аснову для моцнай кааліцыі, здольнай спыніць рэалізацыю расійскіх імперскіх амбіцый.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!
24 лютага 2023 г. Варшава, Вільня