Заява аб умовах турэмнага ўтрымання і стане здароўя Віктара Бабарыкі

Заява аб умовах турэмнага ўтрымання і стане здароўя Віктара Бабарыкі

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Віктар Бабарыка, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі

Мінулай ноччу стала вядома, што Віктар Бабарыка трапіў у бальніцу са слядамі збіцця. Да яго не дапускаюць адвакатаў і сваякоў, яго блізкія і грамадскасць не маюць магчымасці ўвачавідкі пераканацца, што яго стан з’яўляецца “здавальняючым”, як гэта паведамляюць супрацоўнікі бальніцы, дзе ён знаходзіцца.

Рэжым працягвае парушаць усе магчымыя міжнародныя стандарты абыходжання з вязнямі ў турмах. Само па сабе зняволенне Віктара Бабарыкі, экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта, не мае прававога абгрунтавання і з’яўляецца палітычна матываваным пераследам. Для цывілізаванага свету гэта чарговая дэманстрацыя злачыннасці Лукашэнкі і яго памагатых. У сувязі з гэтым мы заклікаем да працягу рашучых дзеянняў уладаў суседніх дэмакратычных краін – найперш Літвы і Польшчы, якія дамагаюцца ад рэжыму Лукашэнкі вызвалення палітвязняў праз закрыццё таварных пагранпераходаў і іншыя меры санкцыйнага характару.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет заяўляе, што лічыць недапушчальным і немагчымым весці перамоўны працэс з рэжымам аб зняцці санкцый у сітуацыі, калі беларускія палітзняволеныя падвяргаюцца ў турмах катаванням, псіхалагічнаму ціску, рознабаковым неабгрунтаваным абмежаванням. Мы падкрэсліваем, што пачатак перамоў аб паслабленні санкцый магчымы выключна пасля спынення рэжымам рэпрэсій і вызвалення ў першую чаргу палітычных зняволеных, якія не павінны знаходзіцца за кратамі па меркаваннях гуманнасці: людзей з інваліднасцю, цяжкімі захворваннямі, пенсіянераў, непаўналетніх, шматдзетных бацькоў, жанчын.

Мы патрабуем дапусціць да Віктара Бабарыкі яго адвакатаў і сваякоў, даць магчымасць грамадскасці ўвачавідкі пераканацца ў тым, што стан Віктара Бабарыкі з’яўляецца “здавальняючым” і яму аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць напоўніцу выкарыстоўваць інструмент санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі як самы адэкватны цывілізаваны спосаб прыцягнення злачынцы да адказнасці за бесперапынна здзяйсняемыя ім злачынствы супраць чалавечнасці.

27 красавіка 2023 г.



Report Page