Заява Міжнароднай НДА «ЕўраБеларусь» што да вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі

Заява Міжнароднай НДА «ЕўраБеларусь» што да вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі

Міжнародная НДА «ЕўраБеларусь»

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «ЕўраБеларусь» канстатуе, што Беларусь знаходзіцца ў стане палітычнага крызісу.

Мы бачым, што рашэнні і дзеянні, якія прымаюць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, парушаюць правы грамадзян і вядуць да росту беззаконня і гвалту ў краіне.

Мы прызнаем адзіным прыймальным і цывілізаваным спосабам разрашэння сітуацыі перамовы паміж двума бакамі: прадстаўнікамі грамадства, якое пратэстуе, і прадстаўнікамі ўладных палітычных і сілавых структур.

Мы прызнаем у якасці адзінага легітымнага прадстаўніка пратэстуючага боку Каардынацыйную раду па вырашэнні палітычнага крызісу, якая створаная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай.

Мы выказваем Каардынацыйнай радзе поўны давер і дэлегуем права прадстаўляць нашыя інтарэсы ў перамовах з беларускімі ўладамі па выкананні патрабаванняў, якія замацаваныя ў Рэзалюцыі Каардынацыйнай рады ад 19 жніўня 2020 года:

  1. Спыненне гвалту, спыненне палітычнага пераследу з боку ўладаў і правядзенне расследавання таго, што адбылося, у адпаведнасці з заканадаўствам.
  2. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, адмена незаконных судовых пастановаў, выплата кампенсацый усім пацярпелым.
  3. Прызнанне прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года несапраўднымі. Правядзенне новых выбараў паводле міжнародных стандартаў з новым складам усіх камісій па выбарах, уключаючы Цэнтральную камісію.

Мы падтрымліваем рэзалюцыю Каардынацыйнай рады, якая сцвярджае, што адзіным спосабам пераадолення палітычнага крызісу з’яўляецца неадкладны пачатак перамоваў і выпрацоўка механізмаў для аднаўлення законнасці і правядзення новых выбараў. Ухіленне ад гэтых перамоваў ускладае на дзейную ўладу адказнасць за паглыбленне палітычнага і эканамічнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь.


9 верасня 2020 года

Report Page