«Затрымалі за 2 кіламетры ад украінскай мяжы». Хто такі Вадзім Гулевіч — чарговы фігурант справы аб «тэракце пад Вілейкай»

«Затрымалі за 2 кіламетры ад украінскай мяжы». Хто такі Вадзім Гулевіч — чарговы фігурант справы аб «тэракце пад Вілейкай»

Наша Ніва

Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра шэраг тэрактаў, якія прадухілілі беларускія сілавікі: маўляў, планавалася пакушэнне на Азаронка, дыверсія ў лясгасе і выбух на расійскім ваенным вузле сувязі пад Вілейкай. Дзяржаўныя СМІ пазней паказалі кадры затрымання некаторых людзей, усе яны нібыта з чатаў так званых «Атрадаў грамадзянскай самааброны». «Наша Ніва» сабрала інфармацыю пра яшчэ аднаго з затрыманых — Вадзіма Гулевіча. Ён таксама праходзіць па справе аб тэракце, які нібыта планавалі здзейсніць на расейскай ваеннай базе.

Пра Гулевіча “Нашай Ніве” распавяла яго мама Святлана. 

Вадзім Гулевіч

«Вадзім родам з Вілейкі, але жыве ў Мінску. Яму 33 гады, скончыў БДУ, цяпер — праграміст, працуе з хаты на нейкую чэскую кампанію, —  расказвае маці. — Вадзім у мяне адзіны сын, з мужам я даўно развялася. Сама я — звычайны прадавец. Сын мне вельмі дапамагаў, я фактычна жыла за яго грошы, бо мая зарплата — 450 рублёў. Вадзім спартыўны хлопец, не п’е, не курыць. Цікавіцца музыкай, нават сам пісаў песні.

Музычны праект Гулевіча

Я перажыла вельмі цяжкі развод. Праз гэта ў нас з сынам вельмі блізкія адносіны, амаль сяброўскія. 

Летась Вадзіма два разы затрымлівалі. Першы раз быў затрыманы 9 жніўня, пасля адпусцілі праз пару дзён. Другі раз трапіў на суткі у кастрычніку: клеіў нейкія налепкі, сядзеў пасля ў Жодзіне. Ён сядзеў у нейкі чатах, штосьці там «А Гэ»? «А Гэ Пэ»? Не памятаю. Мне казаў: падпішыся таксама. Я адказвала: навошта мне гэта трэба. Але я на 100 працэнтаў упэўненая: цяпер ён нічога не планаваў, ниі пра якія «такія» свае планы Вадзім не казаў, не было нават намёка.

25 чэрвеня ён прыязджаў у Вілейку — святкавалі мой юбілей, 55 гадоў. І ў суботу, 26 чэрвеня, вярнуўся ў Мінск. З’ехаў з Вілейкі ўдзень каля 11 гадзін, але толькі ўвечары адказаў мне, што даехаў нармальна. А пасля знік. Уначы з суботы на нядзелю яго бачылі, Вадзім нібыта выйшаў з хаты з чорнай торбай. Пасля, па нашай інфармацыі, сын паехаў на машыне ў Гомель. Там пакінуў аўто. Праз дзень ці два яго затрымалі.

Наколькі нам вядома, Вадзім спыніўся ў нейкім хостэле ў 2 кіламетрах ад украінскай мяжы. Дзе канкрэтна ён знаходзіўся — не скажу, бо не ведаю. Туды каля 7 раніцы ўварваліся сілавікі.

Але пра гэта мы даведаліся пазней.

2 ліпеня я паехала ў Мінск шукаць сына, аб’ехала Акрэсціна, Валадарку, званіла ў РАУС, нідзе яго не было. Увечары, калі Лукашэнка называў прозвішчы затрыманых, гэта ўбачыла па ТБ мая сястра. Распавяла мне. На наступны дзень мне пазваніў адвакат — так я даведалася, што сын затрыманы». 

Па словах маці, цяпер Вадзім Гулевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Гулевіч ужо паспеў даслаць блізкім ліст з-за кратаў. Кажа, што ўмовы ў СІЗА прымальныя, шкадуе, што нарабіў памылак і спадзяецца, што ў яго будзе магчымасць гэтыя памылкі выправіць.




Report Page