Застанься

Застанься


Есць незразумелая з’ява — чараўнікі жывуць сярод звычайных людзей. І ніхто нават не ведае, што яны маюць магічныя здольнасці пакуль не адбудзецца нешта такое магічна-загадкавае. Мабыць яны і ходзяць сярод нас, а мы і ўявіць сабе не можам, што раптам твой сябар можа апынуцца чараўніком. Можа кожны дзень мы сустракаем людзей з надзвычайнымі здольнасцямі, а можа і кожны чалавек у нейкай ступені чараўнік.

Хтосьці ходзіць у лес па грыбы ды ягады, а штосьці па лекавыя ды магічныя травы. Звычайны чалавек ведаць не будзе, што гэтая трава магічная, але не лекар-чараўнік. Такія людзі ведаюць кожную раслінку, маюць пэўны досвед пра яе ўласцівасці і ўмеюць іх правільна ўжываць. Але ёсць на гэтым свеце і шмат звычайных людзей-шарлатанаў, якія выдаюць сябе за, як яны самі сябе клічуць, экстрасэнсаў. Робяць яны гэта, канечне, дзеля грошай. Але трэба ведаць, што сапраўднаму чараўніку грошы твае не патрэбны. Сапраўдны чараўнік ніколі не пакажа свае здольнасці дзеля заробку, сапраўды чараўнік будзе дапамагаць толькі калі будзе ведаць, што дапамога насамрэч патрэбна.

Чараўнікі жывуць нашмат больш за звычайных людзей, яны значна павольней старэюць і могуць выглядаць (у свае дзвесце з гакам гадоў), як маладыя хлопцы або дзяўчаты. Дарыне дзвесце дзевятнаццаць — па чалавечым меркам яна ўжо даўно патрэбна была памерці, але па меркам чараўнікоў яна яшчэ зусім маладзенькая. Чараўнікам цяжка, амаль немагчыма знайсці каханне і стасункі, бо абсалютная большасць людзей — звычайныя, а значыць — памруць, калі чараўнік не пражыве яшчэ й дзясятай часткі свайго веку. Але ёсць магчымасць падоўжыць жыццё свайго каханага, але для гэтага трэба нешта ахвяраваць. Нешта вельмі важнае ў жыцці чараўніка. Зусім невялікая колькасць з іх усё ж такі адважыца на такі крок. Мала хто ўвогуле можа расказаць каханцу пра свае магічныя здольнасці, так і жывуць, пакуль каханы не памрэ. Яшчэ адна цяжкасць — чараўнікі звычайна ўсё сваё жыццё кахаюць аднаго і таму ўсё астатняе жыццё пасля смерці каханага жывуць у адзіноце.

За сваё доўгае двухсотдзевятнаццігадовае жыццё Дарына кахала аднойчы, але каханец яе загінуў падчас вайны. Шмат войн яна бачыла на сваім вяку, як чалавечых, так і магічных. Не разумела яна сэнсу іх і марыла жыць у мірным свеце. Яна ўжо і не думала, што калі-небудзь сустрэне каго-небудзь, дзеля каго будзе гатова ахвяраваць усё, што ў яе ёсць. А было ў яе няшмат — магічныя здольнасці ды шчырае сэрца. Пару тысячагадовых пярсцёнкаў яшчэ было, але гэта ўжо дробязі. Яна гатовая была пражыць адмераную ёй тысячу год, як жыў яе дзед, маці, настаўнікі — словам усе, каму давялося закахацца ў чалавека. Гатовая была пражыць усё жыццё адной, калі б не адбылося адно здарэнне.

У той дзень Дарына выйшла ў лес, каб назбіраць зёлак на гарбату, на іншае яны ёй патрэбны не былі — у яе быў іншы дар. Яна жыла ў вялікім горадзе, нават вучылася ва ўніверсітэце, як звычайнае людское дзіця. Шмат адукацый яна набыла за сваё жыццё, але ніколі ёй не сумна было вучыцца. Яна была прагрэсіўнай — хутка асвоіла ўсе тэхналогіі людскога міру і паспяхова імі карысталася, але гарбату крамяную цярпець не магла. Зёлкі збірала ў лесе, сушыла на балконе на адкрытым паветры, піла яе і гасцей таксама частавала. І кожны, хто спрабаваў гэтую цудадзейную гарбату больш не мог піць звычайную — яна была менш смачнай. І Дарына вучыла сваіх сяброў, якіх на самай справе было няшмат, збіраць і сушыць травы, каб гатаваць найлепшую ў гэтым сусвеце гарбату.

Але вернемся да падзей таго самага дня, калі прыгатаваныя раней зёлкі скончыліся. Усім сэрцам Дарына любіла лес, магла гадзінамі збіраць цудадзейныя травы, каб потым развесіць іх на балконе і чакаць, пакуль яны высахнуць і іх можна будзе перарабіць у гарбату, якая знешне нічым не будзе адрознівацца ад звычайнай крамяной. Але ў той дзень нешта было не так. Той лес знаходзіўся недалёка ад універсітэта, дзе вучылася Дарына. Шмат у ім было факультэтаў і напрамкаў. Але летам заставаліся толькі біёлагі — праходзілі практыку. Яны шукалі жывёл і расліны, збіралі іх, потым распазнавалі і рабілі справаздачу кіраўніку. У той дзень у лесе было шматлюдна, але глыбока ў гушчар ніхто не заходзіў, і Дарына магла насалоджвацца спевамі птушак і ціхім хрумстаннем галінак пад нагамі. Хрум-хрум.

І крочыла яна па невялічкай сцяжынцы ўсё глыбей і глыбей, пакуль не стамілася і не вырашыла прысесці пад велічэзны дуб, які быў старэйшы за яе саму удвая ці нават утрая. Яна сядзела прама на зямлі і назірала за тым, як дзесьці ўдалечыні ходзяць студэнты па тым жа сцежкам, дзе яшчэ пару хвілін таму хадзіла яна сама. А крокі станавіліся ўсё бліжэй і бліжэй. Чыста механічна яна кранула сваю торбачку з зёлкамі і ўзнялася з зямлі. Насустрач ёй крочыла дзяўчына. Крочыла неяк странна, нібы кульгаючы, ці яшчэ нешта з яе паходкай было не так. Дарына падышла бліжэй і паглядзела больш уважліва — па ўсім целе дзяўчыны былі невялічкія апёкі, нават на твары.

— Дзе ты ішла? — спыталася Дарына, а дзяўчына паказала на зараснікі дурбалоззя. Чараўніца толькі неадабральна кіўнула галавой.

— Спадзяюся, ты не з біёлагаў, што там праходзяць практыку, бо тады, скажу адразу, біёлаг з цябе такі сабе. Трава гэтая ядавітая, — Дарына глядзела на дзяўчыну з нейкай усмешкай, хоць і разумела, наколькі ёй зараз балюча — сама аднойчы так апяклася, што зараз за кіламетр абыходзіла гэтую жудасную траву.

— Не, — ціха адказала дзяўчына, — я проста гуляла.

— Пойдзем са мной, я табе дапамагу, — чараўніца ўзяла дзяўчыну за руку, але хутка зразумела, што такім чынам далёка яны не змогуць адысці — тая няшчасная ледзь крочыла. А варажыць прама тут было нельга: акрамя магчымасці быць кімсьці заўважанымі, яшчэ існавала магічная забарона. У пэўных месцах варажба проста не працавала. Гэты лес быў адным з такіх месцаў.

Чараўнікі нават фізічна былі значна больш моцнымі за звычайных людзей, таму Дарына з лёгкасцю ўзяла дзяўчыну на рукі асцярожна панесла да дому. Але не думала чараўніца, што ёй прыйдзецца несці дзяўчыну яшчэ і па горадзе — гэта выглядала крыху незразумела для іншых. Надышоў час упершыню выкарыстаць дзедаў падарунак. Дарына выцягнула з торбы нешта напаўпразрыстае і накінула на плечы — для ўсіх, акрамя іншых чараўнікоў, дзяўчыны перасталі быць бачнымі і чутным.

— Дзякуй, дзеду, — прашаптала чараўніца, на што лес крыху загудзеў. Яе дзед быў лясным чараўніком, пражыў амаль тысячу год, але роўна на тысячны дзень народзінаў ператварыўся ў лясны дух. Здаецца, застаўся жывым, але фізічнай формы яго больш не існавала. Дарына паважала дзеда і ягоныя просьбы, таму не карысталася шалікам нябачнасці, калі яно трэба не было.

— Ты чаму такая худзенькая? — спыталася чараўніца, несучы дзяўчыну на руках. — Ты ж амаль не важыш нічога. Пушыначка.

Дзяўчына не адказала, толькі прыкрыла вочы. Тады Дарына зразумела, што трэба паскорыцца. Яна амаль бегла да сваёй кватэры, спешна адчыніла дзверы і ўсадзіла дзяўчыну на пуфік каля ўваходу. Потым зняла абутак з сябе, а пасля кеды з дзяўчыны і заўважыла шкарпэткі з кацянятамі. Звычайна ёй не было справы да такіх дробязяў, але чамусьці зараз чараўніца ўсміхнулася і прысела каля яшчэ не выратаванай дзяўчыны. Дарына зноў асцярожна яе падняла і панесла на ложак.

— Прачынайся, мне трэба, каб ты была ў прытомнасці, іначай нічога не атрымаецца, — вядзьмарка ціхенька кранула далонню непараненае месца на твары, каб разбудзіць дзяўчыну. Тая расплюшчыла вочы і здзіўлена паглядзела на выратавальніцу. — Мабыць будзе крыху балюча, але прыйдзецца пацярпець.

І Дарына асцярожна кранае пальцамі апёкі спачатку на твары, тыя хутка гояцца, літаральна на вачах, потым яна бярэ дзяўчыну за руку, асцярожна праводзіць іншай зверху — і апёкаў нібы не было. Тое самае яна робіць з астатнімі часткамі цела, пакуль дзяўчына моўчкі за ўсім назірае.

— Я Дарына, — нарэшце прадстаўляецца вядзьмарка. — Як мне цябе называць?

— Ася. А зараз можна пытанне? — дзяўчына адказвае, упершыню за гэты дзень.

— Дай здагадваюся, як я гэта зрабіла? — Дарына загадзя ведала, што Ася спытае яе пра гэта. — Я чараўніца. І нас такіх шмат. А зараз спі. Пасля ўздзеяння магічнай энэргіі можа быць дрэннавата, але гэта вартае таго. Без мяне ты б месяц лекавала гэтыя апекі і абавязкова засталіся б шнары. А так, зараз адаспішся і жывая-здаровая пойдзеш дадому.

— Ну тады, верагодна, дзякуй, — Ася апусціла вочы ў коўдру і толькі тады Дарына дазволіла сабе яе разгледзець. Дзяўчына была прыгажуняй і нават, калі б засталіся шнары, яны б не сапсавалі б яе прыгажосці. Валасы яе русыя доўгія, амаль да паясніцы, зараз былі раскіданы па падушцы і пераліваліся ад сонечнага святла, вочы блакітныя сарамліва глядзелі ў падлогу, а руку з тонкімі доўгімі пальцамі ўсё яшчэ ляжалі ў руках Дарыны. Яны былі надзвычайна цёплымі, і вядзьмарка не ведала, ці заўсёды яны такія ў людзей ці гэта ад того, што апёкі. — Калі ласка, можна папіць?

— О, пачаўся адхадняк… — Дарына ўсміхнулася, — Зараз ты будзеш адчуваць сябе так, быццам учора выпіла ўсё спіртное ў Менску, але гэта з’ява нармальная. Давай зраблю табе гарбаты. Таксама можа ванітаваць, я прынясу тазік. І нікуды не адпушчу, пакуль не палепшае. Дарэчы можаш зваць мяне проста Дары.

На самай справе у магічным сусвеце не існавала простых людскіх імёнаў, Дарыну на самай справе звалі Дары, але, ўжо пасяліўшыся ў Менску, яна вырашыла ўзяць сабе падобнае да свайго, але больш прывычнае для людзей імя.

Яна думала пра тое, навошта выратавала гэтую дзяўчыну, робячы ёй гарбату, пасля думала пра тое ж, выносячы таз з ванітамі. Не магла знайсці лагічнага тлумачэння, але ніводнай секунды не шкадавала. Яна нячаста так рабіла — апошні раз амаль семдзесят гадоў таму. Яна выратавала хлопца без яго жадання, літаральна выцягнула з-пад поезда. Ён потым нічога не памятаў, але гэта і было добра — не прышлося нічога тлумачыць.

А дагэтуль было яшчэ адно здарэнне, менавіта тое, праз якое Дары даведалася, што можа лекаваць і без зёлак. Сто сорак пяць год таму. Ішла пятая магічная вайна. Дарына была зусім маладзенькай вядзьмаркай, таму не прымушана была ісці на поле боя — заставалася на посце медыцынскай дапамогі і лекавала раненых зёлкавыми напоямі. Яе вартаваў малады чараўнік, які нядаўна был паранены, рана амаль загаілася, але ўсё яшчэ не давала спакою. Дары праходзіла міма, але патрапіла ў магічную сетку, якая была нацягнута вакруг паста, бо была не вельмі ўважлівай. І проста ўпала. Упала на хлопца, далонню дакрануўшыся яго хворай рукі. Яна спачатку нічога не зразумела, пасля адчула такую ж энергію, як адчувала ад сваіх зёлак. Дар працаваў, яна многіх вылекавала пры дапамозе сваёй сілы падчас той вайны. Але з цягам часу сіла аслабла і Дары вырашыла адпачыць, сышла з дому, пасялілася ў горадзе і колькі часу пражыла там. Гэта быў яшчэ не Менск — сюды яна прыехала толькі пасля Другой сусветнай вайны. Так Дарына зразумела, што карыстаюцца магічнай энэргіяй часта нельга, бо гэта спустошыць яе і яна страціць магчымасць лекаваць.

— Дары… — ціхенька паўтарыла дзяўчына імя, нібы спрабуючы яго на смак, — мне халодна.

— У мяне няма больш коўдраў, — вядзьмарка пакапалася ў шафе, — Ты і так пад трыма. Хочаш, я лягу побач, але верагодна ты зварышся, бо мы больш гарачыя за людзей.

— Лажыся, — усміхнулася Ася, — мабыць адагрэюся.

І чараўніца легла, абхапіўшы дзяўчыну рукою. Так яны абедзве заснулі, але Дары часта ўставала, прыносіла Асі ваду ці гарбату, кранала далонню лоб, каб даведацца, што жар робіцца крыху меншым. І толькі, калі Дарына разумела, што ўсё адносна нармальна, яна дазваляла сабе легчы спаць далей. Дзяўчына шукала яе ў сне, пакуль тая рабіла гарбату на невялічкай куханьцы. Цудадзейны напой паніжаў тэмпературу і рабіў так званы «адхадняк» ад магічнага ўздзеяння крыху меншым.

Пасля гэтай ночы штосьці змянілася ўнутры Дарыны. Яна адчула сябе не настолькі адзінокай, прынёсшы гэтую дзяўчыну дадому. Чамусьці зараз ёй хацелася, каб яна засталася тут. Проста так, без патрэбы, без хваробы, каб навучыць яе збіраць зёлкі, каб спаць з ёй у адным ложку, каб абдымацца, як гэтай ноччу, каб так, як зараз было заўсёды.

Яна зрабіла памылку, якую трэба было выпраўляць. Яна расказала чалавеку пра чараўніцтва. Яна адкрылася дзяўчыне, якую нават не ведала. Яна дазволіла сабе крышачку пяшчоты і цяпла, якое зараз хацела зрабіцца адыкцыяй. Гэта было нечым падобным да наркотыкаў — адной паспрабуешь и больш не зможаш спыніцца. У Дарыны пяшчоты не было амаль семдзесят гадоў — канечне ёй хацелася дбаць пра кагосьці і жыць дзеля яго. Яна канечне змірылася са сваёй усечасовай адзінотай, але зараз невялічкі агеньчык унутры яе душы загарэўся і ўсё мацней разгараўся, пакуль Ася была побач.

Дары ўжо загадзя ведала, што выратаваная дзяўчына проста так з яе хаты не сыдзе. Яна палучыць у падарунак гарбату, кулончык з канцэнтраванай магічнай энэргіяй, які чараўніца будзе рабіць усю апошнюю ноч, пакуль Ася тут спіць. Дарына не стрымаецца той раніцай, калі дзяўчыне трэба будзе сыходзіць. Скажа адно:

— Застанься.

І Ася застанецца, сама не ведаючы чаму.

— Давай паспрабуем даведацца нешта адна пра адну, а потым вырашым, што з гэтым рабіць… — дзяўчына не памыліцца дазволіўшы вядзьмарцы клапаціцца пра сябе. Яна атрымае самае трапяткое каханне, на якое звычайны чалавек проста не здольны. Яна зможа стаць шчаслівай і зрабіць шчаслівай Дары. Сваю Дары. Сваю асабістую чараўніцу.

Дары таксама не памыліцца і зробіць усё так, каб абедзве сталі шчаслівымі, а напрыканцы жыцця аддасць свае магічныя здольнасці, каб памерці разам з найлепшай дзяўчынай у цэлым сусвеце. Аддасць тысячы гадоў жыцця дзеля ўсяго аднаго чалавека. Чалавека, які зрабіў яе шчаслівай.

Report Page