Заснавальнік BYSOL Стрыжак: Расчараванне людзей не абыйшло нас бокам

Заснавальнік BYSOL Стрыжак: Расчараванне людзей не абыйшло нас бокам

Позірк. Навіны пра Беларусь

Надлом у структурах грамадзянскай супольнасці і палітычных сіл, успрыманне часткай грамадства ўстановак расійскай прапаганды, "казус Гайко" — заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак у інтэрв'ю "Позірку" падводзіць несуцяшальныя вынікі 2022 года. І прызнае: перабудоўвацца на звышмарафонскай дыстанцыі прыйшлося і яго камандзе.

"Спакойна ўспрымаем рашэнне людзей не працаваць далей у такім аб'ёме з чужым горам"

— Што змянілася ў 2022 годзе ў BYSOL і ў палітычнай эміграцыі?

— У BYSOL ідзе рэструктурызацыя, а ўся дэмакратычная тусоўка цяпер у вялікім крызісе, і гэта не сакрэт. Прычына ў тым, што да 2021 года адсеяліся спрынтэры. Людзі зразумелі, што гэта доўгая дыстанцыя і бегчы трэба марафон. А да канца 2022 года тыя, хто бег марафон, сталі разумець, што дыстанцыя гэтая зусім не 42 км. Вось у сувязі з такой неабмежаванай далёкасцю нашага шляху, нявызначанымі перспектывамі, сітуацыяй з вайной ды іншым адбыўся сур'ёзны надлом у структурах грамадзянскай супольнасці і палітычных сіл.

Мы бачым усе канкрэтныя сітуацыі, якія толькі паглыбляюць расчараванне і неагляднасць перспектывы. BYSOL гэтая сітуацыя не абыйшла бокам. У нас таксама ёсць пэўныя змены ўнутры каманды. Людзям трэба выдыхнуць, таму што працаваць у такім рэжыме нон-стоп два гады — гэта выпаліць і псіхіку, і "фізіку", і што заўгодна.

Так што мы спакойна ўспрымаем рашэнне людзей не працаваць далей у такім аб'ёме з чужым горам і няшчасцем кожны дзень. Цяпер ідзе абнаўленне нашай структуры. Наколькі гэта ўплывае на ўстойлівасць працы і дапамогі? У стратэгічным плане не ўплывае ўвогуле. Могуць быць нейкія "правісы" на тактычным узроўні, перамяшчацца тэрміны, але агулам прыярытэты засталіся ранейшымі. Арганізацыя працуе і будзе надалей дапамагаць людзям і ў Беларусі, і тым, хто ўжо выехаў.

— Хто ў беларускай палітыцы зараз галоўны марафонец?

— Святлана Ціханоўская, безумоўна. Я бачу, што вакол яе ўвесь час з'яўляюцца новыя людзі. Нехта сыходзіць, нехта прыходзіць, але агулам яна застаецца стрыжневым элементам. Калі будзе працаваць яна, будуць з'яўляцца і структуры вакол яе, няхай гэта будзе пераходны кабінет, офіс ці яшчэ нейкія фарматы. У любым выпадку ўсё будуецца вакол яе пэрсоны, яе легітымнасці, якую прызнаюць на Захадзе.

— Як выглядаюць прыярытэты цяпер, якая канкрэтна дапамога надаецца?

— Галоўны фокус для нас — дапамога вызваленым палітвязням. Іх усё больш. У 2020 годзе быў папулярны слоган "Яны не будуць сядзець свае тэрміны". На жаль, людзі тэрміны свае адседжваюць і выходзяць на волю з разбураным ментальным і фізічным здароўем, з разбуранымі сацыяльнымі сувязямі. Распадаюцца сем'і, людзі пазбаўляюцца магчымасці працаваць і зарабляць, вымушаны пакідаць краіну. Ва ўсіх гэтых нюансах мы імкнемся дапамагаць наколькі можам.

На дадзеным этапе ў нас ёсць сродкі на аднаразовую выплату. Яна не вельмі вялікая, але па беларускіх мерках не такая ўжо і маленькая — 300 еўра. Плюс цыкл з 10 бясплатных псіхалагічных сесій і візавая падтрымка. У перспектыве плануем надаваць яшчэ і медыцынскую дапамогу, шукаем рэсурсы на гэтыя мэты. У бліжэйшы час будзе выходзіць дастаткова вялікая колькасць людзей — першая хваля 2020 года, калі давалі дастаткова "вегетарыянскія" тэрміны.

У кожнай групе тых, хто вызваліцца, будуць свае патрэбы. У студэнтаў, напрыклад, хутчэй за ўсё будзе жаданне працягнуць вучобу, таму мы імкнемся кансалідаваць намаганні розных структур.

Мы сёння размаўляем у Берліне, і гэтая кааперацыя паміж рознымі дыяспарамі вельмі важная, бо з'яўляюцца магчымасці, якія не заўсёды відавочныя. З прадстаўнікамі нямецкай дыяспары мы дамовіліся аб супрацоўніцтве па пытаннях гуманітарных віз для тых, хто едзе ў Германію. Усе нашыя нейронавыя сувязі ў беларускай супольнасьці за мяжой пастаянна пашыраюцца за кошт новых кантактаў, і чым іх больш, тым лепш.

"Частка грамадства ўспрыняла наратывы расійскай імперскай прапаганды"

— Што адбываецца са стаўленнем да беларусаў пасля пачатку вайны?

— Ёсць два падыходы, якія выкрышталізаваліся за дзесяць месяцаў вайны. Першы: беларусы ні ў чым не вінаватыя. Ён працягвае несці ідэю "97х3", паводле якой Лукашэнку падтрымліваюць 3%, а ўсе беларусы супраць вайны. Другі: не ўсе беларусы не вінаватыя, ёсць дастаткова вялікая колькасць людзей, якія падтрымліваюць агрэсію, расійскія імперскія наратывы.

Я як рэаліст, які працуе ад практыкі, прыхільнік другога падыходу. Варта прызнаць, што частка грамадства ўспрыняла наратывы расійскай імперскай прапаганды, паўтарае іх і абсалютна спакойна ўспрымае ідэю знішчэння цывільнага насельніцтва ва Украіне пад маркай барацьбы з міфічнымі нацыстамі. Але гэта не значыць, што людзі, якія выступалі супраць, выходзілі на вуліцы, сядзелі ў турмах, былі збітыя, павінны браць на сябе частку гэтай віны. На нас гэтай віны няма.

Мы дакладна артыкулюем сваю пазіцыю: Украіна павінна перамагчы, Carthago delenda est (Карфаген павінен быць разбураны. — BPN.). Пакуль Расійская Фэдэрацыя існуе ў цяперашняй форме, яна пагроза для ўсіх суседзяў. Як ні паварочвай сітуацыю, праз 20-30 гадоў мы вернемся ў тую ж кропку. Выйсцем можа быць толькі дэімперыялізацыя. Калі гэта прывядзе да дэфрагментацыі краіны, гэта таксама адно з рашэнняў. Зразумела, гэта парушыць стабільнасць на кантыненце, але гэта, паўтаруся, адзін з магчымых сцэнарыяў.

Мы павінны па-ранейшаму, як і ўвесь цывілізаваны свет, працягваць падтрымку Украіны ў сілу сваіх магчымасцяў: медыйна, фінансава, вайсковай сілай у выглядзе добраахвотнікаў, але пры гэтым не забывацца на сябе. Не трэба станавіцца ў пазіцыю ахвяры: маўляў, мы ні на што не ўплываем, а Лукашэнка ўсіх падмяў. Падобныя настроі бачу ў расійскіх калег, калі яны кажуць: "А што мы можам, мы ўсе жылі ў сваіх цудоўных маскоўскіх кватэрах спакойным жыццём, займаліся самаразвіццём, пісалі раманы аб тым, як вакол усё дрэнна, хадзілі на Балотную". Але так яно не працуе, нажаль. Ты заўсёды ў працэсе і ва ўсім удзельнічаеш.

Для мяне вельмі важны прыклад — сітуацыя з Верхнім Ларсам на расійска-грузінскай мяжы, калі масава выязджалі людзі, якія падтрымлівалі Пуціна на канапе, але ў выніку вырашылі, што канапа — добра, а акоп — дрэнна. На мяжы іх былі тысячы і тысячы, але не сфармавалася ніводнай структуры, якая на месцы дапамагала б з вадой, рассяленнем, бытавымі рэчамі. Там было ўвасабленне сітуацыі "чалавек чалавеку воўк" — я сам гэта бачыў. Нават тая невялікая магчымасць, якая з'явілася ў тых, хто бег з Расіі ад прызыву, узнікла дзякуючы нашай гарачай лініі. Беларусы ўзялі на сябе гэтую функцыю.

— Наколькі вырасла колькасць званкоў пасля абвяшчэння мабілізацыі ў РФ, якую дапамогу вы надавалі тым, хто бяжыць ад яе?

— Аб'ём зваротаў па дапамогу ў эвакуацыі вырас у 7-10 разоў. Тыднёвая норма да гэтага была прыкладна 100-150 зваротаў, у асноўным ад беларусаў і часткова ад украінцаў. Пасля пачатку мабілізацыі да нас за паўтара дня прыйшло 1.500 заявак ад рускіх. У нас простая пазіцыя: мы арганізацыя, якая ў сваім мандаце прадугледжвае дапамогу беларусам і ўкраінцам. Дапамогу матэрыяльную, лагістычную, кансультацыйную і іншую.

У фармаце гарачай лініі мы з самага пачатку вайны працавалі і з расіянамі, якія былі не згодныя з ёй і жадалі пакінуць сваю краіну. Мы не вызначалі асобны напрамак працы з пачатку мабілізацыі. У нас ёсць гарачая лінія, дзе дакладна прапісаны скрыпты, ёсць мануал, і гэтая інфармацыя выдаецца па званку. Мы не глядзім у пашпарт, не запытваем, адкуль чалавек, ніякую фінансавую нагрузку мы не нясем, але па факце гэта рэальная дапамога ў выглядзе кансультацыі.

"Як толькі ты здзейсніў думказлачынства, цябе знойдуць і пакараюць. А табе пофіг"

— Як цяпер з вамі змагаецца дзяржава?

— Вельмі актыўна змагаецца і марнуе вялікія бюджэты на фармаванне негатыўнага іміджу. У першую чаргу, каб выклікаць страх у людзей, адбіваць жаданне ўзаемадзейнічаць з намі. Робіцца гэта шляхам буйных штрафаў, турэмных тэрмінаў, стыгматызацыі і выключэння чалавека з грамадскага жыцця. Але вельмі шмат рэчаў, якія дзяржава прагаворвае, ужо не прымаюцца на веру. Бо яны столькі разоў хлусілі, калі казалі: вось мы ўсіх адсочым і ўсіх пазнаем.

Калі ты ўвесь час чалавека душыш і трымаеш у страху, у яго прытупляецца гэтае пачуццё. Як у Оруэла: як толькі ты здзейсніў думказлачынства, цябе знойдуць і пакараюць. А табе пофіг, таму што ты ўжо пайшоў гэтым шляхам.

Вядома, у нас яшчэ не дайшло да татальнага кантролю грамадства, але тое, што адбываецца з беларускай школай, з дзяржструктурамі, паказвае: там дзяржава спрабуе ўлезці не проста ў халадзільнік, а пад коўдру, каб увесь час ведаць, што ты робіш. Але з улікам рэсурсаў, якія ёсць у Лукашэнкі, гэта фікцыя. Трэба мець як мінімум кітайскую сістэму кіравання і тэхналогіі, каб дамагчыся такога кантролю.

— Наколькі бяспечна, асабліва ў святле сітуацыі з "Чорнай кнігай Беларусі", звяртацца да вас па дапамогу?

— Мы ў гэтую сітуацыю не патрапілі. Калі да нас гэты чалавек спрабаваў уцерціся ў давер, я спытаў: а навошта нам яшчэ адзін "бяспечнік"? У нас на той момант ужо былі выдатныя спецыялісты ў сферы лічбавай і персанальнай бяспекі, якія могуць і верыфікаваць, і падстрахаваць. Мы адмовіліся ад супрацоўніцтва, таму Гайко не меў ніякага доступу не толькі да нашай інфармацыі, але і да нашых супрацоўнікаў.

З іншага боку, "казус Гайко" — гэта ўсяго толькі адзін асобны выпадак, які паказвае, што ўлада гатовая выдаткоўваць вялікія рэсурсы, спрабуючы ўкараніцца дзеля доступу да інфармацыі. Любое тэхнічнае рашэнне мае слабыя кропкі. Час ад часу ўзнікаюць багі, а значыць, ужо няма стоадсоткавай гарантыі бяспекі. Разам з тым чалавек, знаходзячыся ў Беларусі, у любым выпадку ставіць сябе пад вялікую небяспеку, калі ён быў грамадзянскім актывістам. Таму ніколі не ведаеш, дзе і на кім можа абарвацца ланцужок бяспекі.

Я заўсёды заклікаю: сядзьце і ацаніце свае ўчынкі з 2020-га па 2022 год. Калі вы ўспомніце, што выходзілі на плошчу, фатаграфаваліся са сцягамі або бачылі, што людзі вакол фатаграфуюцца, былі пад камерамі, ваш тэлефон "прабіваўся" па білінгу, вы былі без маскі, данацілі, дапамагалі камусьці справай — вы ў групе рызыкі. На жаль, зараз няма больш адэкватнага спосабу засцерагчыся, чым выехаць з краіны.

Гэта адзіная гарантыя, што вас не пасадзяць. Звяртацца да нас трэба. Мы са свайго боку робім усё, каб контур сувязі быў бяспечным, каб інфармацыя была недасягальная для спецслужбаў, але мы ніколі не ведаем, якія ў іх магчымасці. Мы глядзім па практыцы, і з нашага боку ніякіх стратэгічных праколаў не было.

"Пасіянарная меншасць у патрэбны момант зноў паспрабуе змяніць сітуацыю ў краіне"

— Чаго не варта рабіць беларусам, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі?

— З эмігрантамі працуе прамая залежнасць: чым даўжэй мы знаходзімся за мяжой, тым менш нас вернецца ў Беларусь. Людзі абрастаюць сувязямі, сем'ямі, працай. Яны ўжо не вельмі жадаюць думаць аб вяртанні. Але працэс гэты не настолькі катастрафічны. Успомнім, што адбылося ў 2020 годзе. Гэта было спалучэнне беларусаў унутры краіны і беларусаў дыяспары ў адной вялікай камандзе — усе адчулі дачыненне да свабоднай Беларусі без Лукашэнкі.

Тыя, хто зараз з'ехаў па палітычных матывах, зноў аб'яднаюцца, калі ўзнікне новы імпульс — як і ў 2020 годзе, каб у краіне адбыліся перамены. Тыя, хто пачаў асімілявацца і знайшоў сваё месца на Захадзе, не страчаны для краіны. Яны вернуцца калі не фізічна, то ў выглядзе інвестыцый, бізнэсу, досведу, навыкаў, напрацаваных за мяжой. Яны спатрэбяцца для рэформаў унутры краіны. Галоўнае, каб людзі захоўвалі ўзаемасувязь і памяталі краіну, з якой усе яны выйшлі.

Важна захоўваць сувязь паміж тымі, хто застаўся і хто выехаў. Наш адрыў ад унутрыбеларускіх рэалій уплывае на тое, як мы транслюем бачанне сучаснасці і будучыні краіны на міжнародных партнёраў. Мы паступова становімся такімі ж людзьмі, якія жывуць тут і не да канца разумеюць, што адбываецца ўнутры. Разыходжанне ва ўспрыманні таго, што адбываецца, на жаль, заўсёды будзе ўздзейнічаць негатыўна.

Чаго дакладна не варта рабіць беларусам — вучыць адзін аднаго жыць. Тым, хто застаўся, і тым, хто з'ехаў. Не павінна быць узаемных прэтэнзій. Кожны робіць тое, што можа. Узаемная падтрымка, дапамога палітвязням і тым, хто вызваліўся: вакол гэтага можа фармавацца супольнасць. Гарызантальныя сувязі паміж беларусамі ўсяго свету дазволяць стварыць пасіянарную меншасць, якая ў патрэбны момант у чарговы раз паспрабуе змяніць сітуацыю ў краіне. Магчыма, спроба стане больш ўдалай.

Report Page