Зараслава Камінская “Калядны стол. Некулінарная кніга” (Галіяфы, 2019 г.), 4/5.

Зараслава Камінская “Калядны стол. Некулінарная кніга” (Галіяфы, 2019 г.), 4/5.

t.me/bellitra

Перад Новым годам мне напісала Зараслава і прапанавала даслаць два асобнікі яе новай кнігі: адзін для мяне, другі для розыгрышу ў тэлеграм-канале. Кнігу я разыграла і пачала чытаць сама.

Першая кніга Камінскай “Русалкі клічуць”, якая выйшла ў 2017 годзе, была вельмі ўдалым дэбютам маладой аўтаркі. За яе Зараслава і атрымала прэмію “Дэбют” у намінацыі проза. Таму ў мяне былі вялікія спадзяванні на другую, і яны цалкам апраўдаліся, хоць кніга атрымалася зусім не такой, як дэбютная.

“Калядны стол” не дарэмна мае падзагаловак “некулінарная кніга”. Сапраўды, гэта не зборнік рэцэптаў, а зборнік апавяданняў пра ежу і ўспаміны. Вельмі часта розныя прыемныя моманты з нашага жыцця маюць не толькі нейкую візуалізацыю карцінкамі ў галаве, а яшчэ і асацыююцца з нейкімі пахамі ці нават смакам. Напрыклад, для Зараславы дзяцінства мае пах рондаля з бульбай, над якім даводзілася дыхаць, калі хварэеш.

Атрымліваецца, што “Калядны стол” — аўтабіяграфічная кніга, якая будзе цікавая нават тым, хто нічога не ведае пра аўтарку. Ежа — гэта тое, што нас аб’ядноўвае, збірае за вялікім сталом сваякоў, суседзяў, сяброў. Кожны мае свае харчовыя прывычкі, у кожнай сям’і свае традыцыі, звязаныя з ежай. Яны могуць быць падобнымі, як, напрыклад, аліўе на Новы год. Але ж нават рэцэпт аліўе ў кожнай сям’і адрозніваецца, і тым цікавей.

Гэта прыгожае выданне ў цвёрдай вокладцы з прыемнай крэмавай паперай. Цёплыя і смачныя ілюстрацыі зрабіла Вера Драздова. На іх боршч, тварожны пірог, слоікі з сочывам і іншыя апетытныя стравы. Таму калі ў снежні будзеце думаць, што падарыць сваім блізкім на зімовыя святы, то вельмі раю звярнуць увагу на гэтую кнігу. 


Купіць кнігу: http://halijafy.by/krama/zaraslava-kaminskaya-kalyadny-stol-nekulinarnaya-kniga/


Report Page