Забытае свята 11 ліпеня - "Дзень незалежнасці" ў даваеннай БССР

Забытае свята 11 ліпеня - "Дзень незалежнасці" ў даваеннай БССР

https://t.me/belaruskipioner

Першае вызваленне Менска ці з чаго ўсё пачалося

У даваенныя гады ў СССР было два асноўныя святы, якія адзначаліся на агульнасаюзным узроўні. Гэта дзень працы 1 траўня і ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Але акрамя гэтых двух дат амаль кожная рэспубліка саюза мела свае нацыянальныя святы. Так, у БССР у 1920-я, 1930-я гады святочнымі былі дні 1 студзеня - дзень абвяшчэння БССР і 11 ліпеня - дзень вызвалення Савецкай Беларусі ад белапалякаў. Апошняя дата, па сутнасці, стала своеасаблівым "днём незалежнасці" для маладой савецкай рэспублікі і адзначалася з размахам параўнальным са святкаваннем Дня незалежнасці ў сучаснай Беларусі.

Свята 11 ліпеня было звязана з падзеямі Савецка-Польскай вайны 1919-21 гадоў. У жніўні 1919 года войскі Польскай Рэспублікі выбілі з Менска бальшавікоў і занялі горад. З гэтай нагоды польскія вайскоўцы прайшлі парадам па цэнтры Менска. Горад знаходзіўся ва ўладзе палякаў амаль год, да таго моманту, калі летам 1920 года падчас паспяховай наступальнай кампаніі Чырвонай Арміі Менск зноў быў узяты бальшавікамі.

Чырвонаармейская ўлётка аб вызваленні Менска ад 12 ліпеня 1920 года.

Пасля вызвалення Мінска Чырвоная Армія не спынілася і пайшла паходам на Варшаву. У бальшавікоў былі грандыёзныя планы па саветызацыі Польшчы і ўсёй Еўропы, але расцягнутыя і разрозненыя сілы чырвонаармейцаў пад камандаваннем Тухачэўскага пацярпелі паражэнне на подступах да польскай сталіцы і фронт разваліўся, а ад ідэй "сусветнай рэвалюцыі" прыйшлося адмовіцца. Паводле заключанай у 1921 годзе Рыжскай мірнай дамовы палова беларускіх земляў адышла Польскай Рэспубліцы, а новая мяжа размясцілася ўсяго ў 30 кіламетрах ад вызваленага Менска.

Тым не менш, фактычная параза ў Савецка-Польскай вайне і вялікія страты беларускай тэрыторыі не перашкодзілі ідэолагам савецкай Беларусі святкаваць 11 ліпеня як «дзень вызвалення ад белапалякаў». Дарэчы, з выбарам гэтай даты ёсць цікавыя паралелі з сучасным днём незалежнасці: за дзень вызвалення Беларусі была ўзятая дата вызвалення сталіцы 11 ліпеня, хаця на беларуска-польскую мяжу Чырвоная Армія выйшла толькі 26 ліпеня 1920 года, а сам урад БССР перабраўся ў Мінск толькі 31 ліпеня. У той жа дзень 31 ліпеня была абвешчана незалежнасць ССРБ - адбылося так званае "другое абвяшчэнне БССР", але ні 26, ні 31 ліпеня не святкаваліся так шырока, як 11 ліпеня.

Пачатак святкавання і асноўныя героі вызвалення

У першыя гады савецкай улады дзень 11 ліпеня не меў статуса свята, гэта была памятная дата, да якой імкнуліся прымеркаваць важныя мерапрыемствы. Так, напрыклад, 11 ліпеня 1921 года ў мінскім гарадскім тэатры адбылося ўрачыстае пасяджэнне прысвечанае адкрыццю Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта. Афіцыйным дзяржаўным святам і непрацоўным днём 11 ліпеня стала ў 1923 годзе, прычым першапачаткова гэта свята мела назву "дзень вызвалення Менска ад белапалякаў". Пазней да пачатку 1930-х угодак набудзе ўсебеларускі размах і стане афіцыйна называцца «дзень вызвалення Савецкай Беларусі ад белапалякаў».

Старонка з "Беларускага сялянскага календара на 1924 год" з пералікам непрацоўных дзён у ліпені. 11 ліпеня тут яшчэ дзень вызвалення Менска.
Табель-каляндар на 1930 год. 11 ліпеня ўжо "дзень вызвалення Савецкай Беларусі ад белапалякаў".

Як і любое савецкае свята "дзень вызвалення ад белапалякаў" аброс сваімі традыцыямі, легендамі і героямі. Раздзел Беларусі на савецкую і польскую часткі, які склаўся пасля Рыжскага міру, даў у рукі савецкіх агітатараў магутную ідэалагічную зброю. Беларусам у БССР з усіх трыбун, газет і кніг расказвалася пра цяжкае жыццё беларускіх рабочых і сялян пад панскім абцасам у Польскай Рэспубліцы. Антыпольская рыторыка ўзрастала менавіта да дня "вызвалення Савецкай Беларусі ад белапалякаў". Маўляў, глядзіце, які жах і прыгнёт тамака за мяжой, а ў нас жывецца хоць і цяжка (аднаўляем краіну разбураную акупантамі), але вольна, скажыце дзякуй партыі за вызваленне. Сялянам жа Заходняй Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, расказвалася пра заможнае жыццё ў Савецкай Беларусі, тым самым падбіваючы іх на паўстанне супраць польскай улады.

Да 11 ліпеня ў газетах і часопісах БССР выходзілі разгорнутыя матэрыялы з успамінамі аб жахах белапольскай акупацыі, аб падпольшчыках і партызанах, якія дзейнічалі ў тыле белапалякаў і аб мужных чырвонаармейцах, якія вызвалялі рэспубліку. Самым распаўсюджаным матэрыялам былі ўспаміны відавочцаў пра зверствы белапольскіх акупантаў: "спальвалі гарады і вёскі", "адбіралі апошняе", "катаванні і здзекі над камсамольскай моладдзю" - вось некаторыя загалоўкі з савецкай перыёдыкі 1920-х, 1930-х гадоў. Многія матэрыялы суправаджаліся здымкамі знявечаных цел і пакаранняў смерцю.

Артыкулы з часопіса “Беларуская работніца і сялянка” за 1925-1937 гады, прысвечаныя ўспамінам відавочцаў пра часы белапольскай акупацыі.

Карціны гвалту размяшчаліся нават у дзіцячых выданнях. Так, напрыклад, у часопісе "Беларускі піонэр" 1928 года ў артыкуле пра гадавіну вызвалення быў размешчаны здымак сцэны павешання. На вокладках чэрвеньскіх нумароў дзіцячых часопісаў “Беларускі піонэр” і “Іскры Ільліча” таксама размяшчаліся малюнкі са сцэнамі збіцця польскімі салдатамі беларускіх сялян. Наогул, савецкая прапаганда ў адносінах да дзяцей у міжваеннай БССР працавала з не меншай (а можа нават і большай) сілай, чым у адносінах да рабочых і сялян.

Дзіцячыя часопісы БССР аб "дне вызвалення Беларусі ад белапалякаў".

Асобным пунктам ішлі апавяданні аб разбурэннях, прычыненых беларускім гарадам польскімі войскамі пры адступленні. Фатаграфіі з руінамі на месцы Мінска, Барысава, Мазыра вандравалі з выдання ў выданне.

Разбураны Мінск на здымках ліпеня 1920 года (частка фота памылкова падпісана чэрвенем).

Героямі вызвалення сталі партызаны і падпольшчыкі. Асаблівую ўвагу ў міжваеннай БССР удзялялі гісторыі партызан Ігуменскага і Мінскага павета. Партызанскі падпольны камітэт планаваў у маі 1920 года наладзіць паўстанне супраць палякаў, але змову раскрылі і кіраўнікоў партызанскага руху арыштавалі. 17 траўня недалёка ад вёскі Дукора польскімі вайскоўцамі былі расстраляныя 11 партызан, яшчэ 5 партызан памерлі ў турме ад катаванняў. Пасля 11 ліпеня 16 дукорскіх партызан сталі героямі вызвалення Савецкай Беларусі. На месцы расстрэлу ў 1920-я гады быў пастаўлены помнік, дукорская школа-сямігодка стала насіць імя «16 дукорскіх партызан», такую ​​ж назву атрымаў мясцовы калгас.

Школа імя 16 дукорскіх партызан размяшчалася ў былым палацы сядзібы Ашторпаў. У гады ўжо нямецкай акупацыі тут знаходзіўся нямецкі штаб, у 1944 годзе будынак быў спалены савецкімі партызанамі.

Па заведзенай савецкай традыцыі ўлады БССР імкнуліся да даты 11 ліпеня прымеркаваць адкрыццё важных аб'ектаў. Напрыклад, 11 ліпеня 1931 года ў Мінску быў афіцыйна адкрыты клінічны гарадок на Барысаўскім тракце (сёння 1-я гарадская клінічная бальніца на праспекце Незалежнасці), пабудаваны па праекце архітэктара Георгія Лаўрова.

Першая старонка ліпеньскага нумара часопіса "Чырвоная Беларусь" 1931 года з фатаграфіяй з адкрыцця клінічнага гарадка да 11-годдзя вызвалення БССР.

На 10 гадавіну вызвалення ад белапалякаў быў пабудаваны і адкрыты новы гарадскі стадыён на тады яшчэ паўночна-ўсходняй ускраіне Мінска (сёння гэта раён палаца воднага спорту на вул. Сурганава). Новая пабудова атрымала афіцыйную назву "Усебеларускі стадыён імя 10-годдзя вызвалення Беларусі ад белапалякаў". На стадыёне акрамя спартыўных матчаў праводзіліся і шэсці падчас дзяржаўных свят, у тым ліку і 11 ліпеня.

Трыбуны ўсебеларускага стадыёна на фота з часопіса "Чырвоная Беларусь" 1930 года.
Галоўны ўваход на стадыён на здымку 1930-х гадоў.
Усебеларускі стадыён у 1940 годзе. На фоне бачны вялікі будынак друкарні імя Сталіна, дзе цяпер размяшчаецца Беларускі дом друку (праспект Незалежнасці 79/1).

Адным з цікавых фактаў звязаных з ушанаваннем даты 11 ліпеня ў міжваеннай Беларусі з'яўляецца тое, што сімволіка вызвалення была адлюстравана нават на дзяржаўным гербе БССР, зацверджаным у 1927 годзе. У апісанні да герба гаварылася: "прамяні ўзыходзячага сонца падзелены на 7 аднолькавых пучкоў, гэтыя 7 пучкоў азначаюць тое, што герб зацвярджаецца ў 7-ю гадавіну ўмацавання савецкай улады ў БССР пасля вызвалення яе ад белапалякаў".

Тры круглыя гадавіны: 1925, 1930, 1935

З пачатку 1930-х гадоў гадавіна 11 ліпеня стала набываць рысы галоўнага свята Савецкай Беларусі. Нягледзячы на ​​існаванне афіцыйнай даты абвяшчэння БССР 1 студзеня 1919 года, шмат якія выданні ў артыкулах прысвечаных святу вялі адлік беларускай савецкай дзяржаўнасці менавіта ад 1920 года і даты 11 ліпеня. Калі ў сярэдзіне 1920-х свята яшчэ атаясамлівалася з днём вызвалення Менска ад белапалякаў, то да сярэдзіны 1930-х у прэсе сталі натуральнымі фармулёўкі ў духу "15 гадоў Савецкай Беларусі" ў 1935 годзе.

Найбольш шырока свята 11 ліпеня, як водзіцца, адзначалася на круглыя ​​даты 5, 10 і 15 гадоў вызвалення. Але менавіта ў 1935 годзе размах святкаванняў дасягнуў свайго апагею. Справа ў тым, што на 15-годдзе вызвалення Беларусі кіраўніцтвам СССР было прынятае рашэнне даць рэспубліцы ордэн Леніна за заслугі ў сельскай гаспадарцы. Урачыстая цырымонія ўручэння адбывалася 11 ліпеня падчас юбілейнай сесіі ЦВК БССР у Доме ўрада. Уручаць ордэн з Масквы прыехаў Міхаіл Калінін старшыня ўсесаюзнага ЦВК фармальна першы чалавек у кіраўніцтве СССР.

Фотаздымкі з урачыстай сустрэчы Калініна на вакзале і прывакзальнай плошчы ў Менску.

Менавіта ў 1935 годзе на дзень вызвалення Беларусі ад белапалякаў 11 ліпеня па вуліцы Савецкай перад Домам урада прайшлі ўрачыстыя шэсці працоўных і фізкультурных калектываў прадпрыемстваў з усёй БССР.

Урачыстая дэманстрацыя з праходам фізкультурніц беларускіх прадпрыестваў (фіцебскай фабрыкі імя КІМ і менскай Камунаркі) ля Дома ўрада ў Мінску 11 ліпеня 1935 года.

На трыбуне ля помніка Леніну прысутнічаў сам Калінін, а таксама члены вышэйшага кіраўніцтва БССР, у тым ліку старшыня ЦВК і фактычны кіраўнік краіны - Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў.

Трыбуна перад Домам урада: крайні злева Міхаіл Калінін, за ім у белай фуражцы - Аляксандр Чарвякоў.

Само свята вызвалення і ўручэнне рэспубліцы ордэна Леніна шырока асвятляліся ў прэсе.

Святочныя выпускі часопіса "Работніца і калгасніца Беларусі" ў ліпені 1935 года.

11 ліпеня ў мастацтве

Само сабой такі дзень, як 11 ліпеня, не мог не знайсці адлюстравання ў беларускім мастацтве тых гадоў. Да памятнай даты пісаліся вершы і апавяданні, ставіліся п'есы, нават здымалася кіно. Летам 1926 года пад Мінскам праводзіліся здымкі першага мастацкага фільма на тэрыторыі Беларусі "Лясная быль" паводле аповесці Міхася Чарота "Грышка-свінапас" аб барацьбе беларускіх сялян супраць польскіх акупантаў і аб вызваленні Менска Чырвонай Арміяй.

Афіша фільма "Лясная быль", які выйшаў на экраны напрыканцы 1926 года.

У 1927 годзе выйшлі ажно два літаратурныя зборнікі, прысвечаныя дню вызвалення Беларусі ад белапалякаў, вокладку аднаго з іх афармляў фінскі мастак Аляксандэры Ахола-Вало. На старонках гэтых кніг былі апублікаваны вершы і апавяданні Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Чарота і іншых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Таксама вершы на тэму звычайна публікаваліся ў часопісах і газетах, у выпусках прысвечаных гадавіне 11 ліпеня.

Вокладкі літаратурных зборнікаў і вершы са старонак беларускіх часопісаў.

У 1936 годзе ў БССР быў аб'яўлены мастацкі конкурс на праект помніка ў гонар вызвалення Беларусі. Конкурс выйграла праца скульптара А.Глебава. Гэты помнік планавалася паставіць у Барысаве, але мясцовы выканкам зацягнуў з аплатай работ, і статуя да пачатку вайны так і не была ўсталявана.

Статуя "Вызваленне Беларусі ад белапольскай акупацыі" ў майстэрні скульптара. Калі б быў помнік усталяваны, ён стаў бы першай коннай статуяй у БССР.

Не адставалі ад скульптараў і жывапісцы. Да канца 1930-х гадоў было створана некалькі манументальных палотнаў на тэму вызвалення, у тым ліку дзве карціны з аднолькавай назвай "Уступленне Чырвонай Арміі ў Менск" мастакоў Я.Зайцава і М.Манасзона.

Палотны Зайцава і Манасзона на тэму вызвалення Менска.

Забыццё

Калі 11 ліпеня святкавалі ўлетку 1939 года, то ніхто не мог уявіць, што крыху больш чым праз два месяцы пачнецца падзея, якая прадвызначыць лёс свята - 17 верасня Чырвоная Армія пяройдзе мяжу Польскай Рэспублікі, пачаўшы так званы вызваленчы паход пасля якога да БССР была далучана Заходняя Беларусь.

Святочная выстава ў парку Горкага ў Менску, прысвечаная 19-й гадавіне вызвалення Беларусі ад белапалякаў.

Пасля ўз'яднання БССР старая дата вызвалення краіны ад белапалякаў стала неактуальнай. У 1940 годзе Беларусь 11 ліпеня яшчэ адзначылі, тым больш была круглая дата - "двацаццігоддзе разгрома белапалякаў" - як пісала тады "Звязда". Але ў восень таго ж года ўзышла зорка новага свята - краіна масава адзначала першую гадавіну уз'яднання - 17 верасня.

А ў 1941 годзе ўжо было не да свят - Менск на тры гады апынуўся пад акупацыяй, на гэты раз нямецкай. Вызваленне сталіцы БССР 3 ліпеня 1944 года падчас аперацыі "Баграціён" канчаткова выкрасліла дату 11 ліпеня з пантэона дзяржаўных святаў БССР.

Report Page