Забойства Тарайкоўскага: погляд праз прыцэл

Забойства Тарайкоўскага: погляд праз прыцэл

Дзяніс Марціновіч для @by_culture

Рэцэнзія Дзяніса Марціновіча на спекталь "Error 403" па п'есе Мікалая Халезіна

Фота: vabalava.ee

У беларускім тэатры прынята рэфлексаваць над падзеямі доўгія гады, калі не дзесяцігоддзі. За мяжой тое праходзіць хутчэй. Забойства Аляксандра Тарайкоўскага адбылося 10 жніўня 2020-га ля мінскай станцыі метро “Пушкінская”. У сакавіку наступнага года драматург Мікалай Халезін паставіў кропку ў п’есе, напісанай на падставе гэтых падзей, а ўжо ў маі пераўвасобіўся ў рэжысёра і сам (разам з калегай ды жонкай Наталляй Калядой) паставіў яе ў тэатры Vaba Lava ў Эстоніі. Днямі, менш чым праз год пасля прэм’еры, спектакль даехаў да Вільні, дзе яго змаглі паглядзець як літоўцы, так і беларусы. “Error 403” – спектакль на эстонскай мове, для яго паказу на сцэне Літоўскага нацыянальнага тэатра падрыхтавалі бягучы радок на беларускай і літоўскай мовах.

Трэйлер спектакля

У такой аператыўнасці заўжды існуе небяспека: трапіць у палон эмоцый занадта лёгка, бо перажыванні яшчэ вельмі моцныя, каб абстрагавацца ад іх. Мікалай Халезін знайшоў небанальнае выйсце: уласна Тарайкоўскага сярод персанажаў п’есы няма, як адсутнічае ў спектаклі і сцэна забойства. Галоўны герой – супрацоўнік “Алмаза” Мікіта, які націснуў курок на “Пушкінскай”. Аднак п’еса Халезіна – твор недакументальны, маналогі героя і яго размовы з іншымі асобамі – мастацкая фантазія драматурга.

Фота: vabalava.ee

Сюжэт п’есы можа падацца досыць простым, лінейным. Мікіту ненадоўга адпускаюць дадому ўжо пасля падзеі Х: ён мусіць вярнуцца ў часць перад чарговым гарачым вечарам. Герой марыць адпачыць, але ўсе яго суразмоўцы – імі па чарзе становяцца жонка, сын, каханка, калегі ды начальнік – не даюць пераключыцца. Кожнага хвалююць пытанні пра будучыню. А яшчэ ўсе хочуць ведаць, што адбылося на “Пушкінскай” і хто ўласна забіў Тарайкоўскага. Урэшце герой пачынае размову сам з сабой.

Фота: vabalava.ee

Апошні выраз ужыты не ў пераносным сэнсе. Вобраз Мікіты – як, дарэчы, і яго камандзіра – па чарзе ўвасабляюць два акцёры. Пры такім рашэнні можна дазволіць другому Мікіту падаваць іранічныя рэплікі, а таксама інтэрпрэтаваць такі ход як змаганне дзвюх сіл у яго душы.

Фота: vabalava.ee

Зрэшты, яркімі метафарамі “Error 403” небагаты. Найбольш нечаканая з іх – баксёрская груша, якая з рэчы для трэніровак пачынае выконваюць ролю кола гісторыі. Спачатку герой – гаспадар. Неўзабаве ён з лёгкасцю, а пасля і з цяжкасцю пачынае хавацца ад яе цяжкой няспыннай хады. Напрыканцы ж становіцца яе ахвярай.

Фота: vabalava.ee

Але моцны бок спектакля ў іншым. Перад намі прафесійна пастаўленая псіхалагічная гісторыя з элементамі трылеру, якая трымае ўвагу гледачоў цягам усяго дзеяння. Стваральнікі спектакля не даюць волю празмерным эмоцыям. “Error 403” вытрыманы ва ўсіх аспектах: гукавым (кампазітар Johannes Valdma), візуальным (аўтар сцэнаграфіі і відэапраекцыі Раман Любы), сэнсавым. Гледача не агітуюць, яго пераконваюць. Наіўныя пытанні сына галоўнага героя (напрыклад, ён удакладняе ці затрымаюць яго, як і знаёмых, калі яны будуць выходзіць з крамы) і рэплікі каханкі (пра памер заробку яе былога мужа-айцішніка) прымушаюць галоўнага героя задумацца, а нейтральных гледачоў – калі такія выпадкова трапяць на паказ – засумнявацца ў сваіх перакананнях.

Фота: vabalava.ee

Не самы моцны бок пастаноўкі – празмерна высокая палітычная планка: у спектаклі шмат падрабязнасцяў, а іх могуць ведаць і пазнаваць далёка не ўсе еўрапейцы. У “Error 403” згадваюцца былы ўкраінскі прэзідэнт Віктар Януковіч (не ўпэўнены, што ўсе памятаюць чалавека, які сёння жыве ў расійскім Растове), спецпадраздзяленне “Беркут”, якое разганяла у Кіеве Майдан (потым яго байцам давялося бегчы ў Расію). Бадай, з кантэксту агульная логіка зразумелая, ды і частка аўдыторыі добра палітызаваная. Але непадрыхтаванаму гледачу ў гэтых фрагментах можа быць цяжкавата.

Да таго ж з агульнага бесстаронняга ракурсу, абранага Халезіным, крыху выбіваецца фінальны маналог. У ім сын галоўнага героя цытуе фрагмент лермантаўскага рамана “Герой нашага часу”. Разважанні пра бессэнсоўнасць такога жыцця ўспрымаюцца як прысуд з боку наступнага пакалення, але ўсё выглядае занадта публіцыстычна і просталінейна. 

Фота: vabalava.ee

Зрэшты, фінал прымусіць сэрца любога скептыка сціснуцца. Па экране бясконцай стужкай бяжыць спіс палітвязняў: вока толькі і паспявае выхопліваць то адно, то другое знаёмае прозвішча. У гэтым кантэксце такі ход выглядае куды мацнейшым за лермантаўскія словы. 

А ўжо на паклонах, на якія выходзіць цудоўны ансамбль эстонскіх акцёраў, – такое ўражанне, што замест іх ігралі беларусы, якія перажылі ўсе падзеі на ўласнай скуры – гучыць песня Nizkiz “Правілы”:

Мы выйшлi на вулiцу,

і кожны з нас 

Не ведаў, куды iсцi

Напэўна, праз

Гадзiну згубiлicя б

Але ж хтосць уздыме сцяг. 

Каля траціны залі застаецца іх даслухаць да канца – найлепшы тэст на вызначэнне, колькі тут беларусаў. 

Спектакль Мікалая Халезіна арыентаваны на дзве розныя аўдыторыі. Беларусам ён дазваляе пазнаць сябе і сваё жыццё, адрэфлексаваць падзеі ўласнай гісторыі, зазірнуць у свядомасць учарашніх сяброў ці колішніх знаёмых, якія (не)чакана апынуліся па іншыя бакі барыкадаў. Жахарам іншых краін – даведацца пра падзеі 2020 года або актуалізаваць для сябе беларускі парадак дня, які непазбежна адыходзіць на другі план на фоне ўкраінскіх падзей. Абедзве задачы “Error 403” выконвае.

Report Page