Жыццё i смерць на мяжы з Рэйхам: юнак пайшоy працаваць на чыгунку па заданнi партызан, цудам выйшаy з турмы СД, а загiнуy у дзень адыходу немцаy з-за памылкi yласнага бацькi

Жыццё i смерць на мяжы з Рэйхам: юнак пайшоy працаваць на чыгунку па заданнi партызан, цудам выйшаy з турмы СД, а загiнуy у дзень адыходу немцаy з-за памылкi yласнага бацькi

@nn_by

У страшныя гады вайны людзям цяжка адрозніць праўду ад прапаганды, шчырасць — ад правакацыі, сваіх — ад чужых. Як нечакана перапляталіся лёсы беларускіх партызан, нямецкіх салдат і калабарацыяністаў, піша гісторык Антон Рудак.

Улада зноў мяняецца

У 1939 годзе Леаніду Якубеню з хутара Медухава на Зэльвеншчыне было 16 гадоў. Свой дзённік Лёня вырашыў пачаць у дзень нападу Германіі на Савецкі Саюз. Ад 22 чэрвеня 1941 года ён запісваў тое, што бачыў: разгром савецкіх аэрадромаў у першыя ж дні вайны, бязладнае адступленне Чырвонай Арміі, марадзёрства мясцовых жыхароў, зверствы нацыстаў…


Польская і савецкая карты мясцовасці наўкол хутара Медухава і чыгуначнага раз'езда Пляцянічы. Фота orda.of.by.

Немцы так падзялілі Беларусь, што Медухава адносілася да Генеральнай акругі Беларусь, а Зэльва была ўжо далучаная да Рэйху. На тэрыторыі Рэйху акупацыйны рэжым быў не такім жорсткім. А вось за яго межамі немцы абвясцілі 13-гадзінны працоўны дзень, і Лёня бедаваў: «Выдадзены немцамі рабочы рэгулямін яшчэ больш жорсткі за савецкі — даходзяць справы да расстрэлу».

Смяротная калекцыя

Да 1939 года Лёня павучыўся ў польскай школе, а да нападу немцаў на СССР — і ў савецкай. Юнак вырас веруючым, таму балюча перажываў бязвер’е, якое запанавала з прыходам Саветаў, а пасля і нацыстаў. Менавіта вера штурхала сумленнага юнака на барацьбу з нацыстамі.

На пачатку 1942-га Лёня занатаваў: «Сёння страляў першы раз з нагана… Зброю расцягваюць пастухі, у мяне сцягнулі ўжо дзве вінтоўкі». Рызыка была відавочнай: «Расстралялі Рудога Колю за рэвальвер і яшчэ двух чалавек… забілі гумамі [гумовымі дубінкамі]… Хаваць пакуль не дазволілі». А былі ж і такія, хто, узяўшы ў рукі зброю, выкарыстоўваў яе для рабунку: «Двое «партызан» адабралі пазаўчора ў Ціхана гадзіннік і 19 марак».

Але Лёня не спыняў збіраць сваю «смяротную», ва ўсіх сэнсах, калекцыю — у пэўны момант яна налічвала некалькі кулямётаў (у тым ліку адзін станковы, максім) і некалькі дзясяткаў вінтовак, не кажучы пра патроны, якія збіраліся скрынямі. Зброю пара было пускаць у ход, і Леанід зрабіўся сувязным брыгады імя Ракасоўскага, якая дзейнічала ў навакольных лясах.

Пастраляць па ворагах яму, аднак, так і не давялося. Па заданні партызанаў Леанід Якубеня ўладкаваўся на чыгунку пуцявым абходчыкам на раз'езд Пляцянічы. Партызанам з Лёневай дапамогай стала лягчэй падабрацца да чыгункі, а часам ён і сам, не выклікаючы падазрэнняў, пераносіў і закладаў міны. Рызыка была смяротная: сярод чыгуначнікаў было поўна нямецкіх агентаў і правакатараў. Прычым хлопец адзначаў, што большасць з іх складалі не мясцовыя, а «ўсходнікі».

Часта бывала, што Лёню даводзілася перш перадаваць ці закладаць міну, а потым рамантаваць рэйкі пасля яе выбуху.

Але аднойчы ўсё-такі хтосьці з калегаў данёс, што бачыў Леаніда на чыгунцы з партызанамі. Хлопца кінулі ў турму — але яму ўдалося выкруціцца.

 

«Чалавек жыве як муха»

Насіла Лёню перадачы і дапамагала збіраць зброю малодшая сястра, Міла. У 1939-м годзе ёй было толькі 12 гадоў, таму савецкі светапогляд больш паўплываў на дзяўчынку, чым на яе брата. Прынамсі, у Бога Міла ўжо не верыла. Жыццё сваё, таксама як і брат, яна апісвала ў дзённіку з першага дня вайны:

«Пачынаю пісаць гэты дзённік з 22 чэрвеня 1941 года, бо ў гэты дзень пачалася савецка-нямецкая вайна.Час цяпер вельмі цікавы. Чалавек жыве як муха. Сёння жыве, заўтра не».

І тут жа Міла апісвае бясконцы рух на ўсход эшалонаў, запоўненых людзьмі, якога не спыніў нават пачатак вайны: «Вязуць людзей, асуджаных на перасяленне ў СССР».

Дзяўчынка перажывае, як бы праз вайну не прапусціць навучальны год. «Людзі кажуць, што як Польшча прастаяла 21 год, Саветы — 21 месяц, а немцы будуць 21 тыдзень».

Жыць падчас вайны цяжка, і час цягнецца марудна: «Чаму, чаму няма мне якіх 5—6 гадоў, пра што б мне тады думаць». А ў лістападзе 1941-га пачаліся дажджы з градам, гнулі дрэвы да зямлі, і Міла занатоўвае: «Старыя прадказваюць, што падзенне дрэваў — гэта прыкмета строгай вайны. Перад «Першай імперыялістычнай» таксама так было».


Слонімскі вальс

Дзяўчынка з абурэннем апісвае знішчэнне слонімскага гета — а яшчэ больш узрушаная тым, што суседзі паехалі туды і нахапалі дабра, якое засталося ад яўрэяў.

Слонім перад 1940-м. Фота з кнігі Сяргея Чыгрына.

Калі ў ваколіцах праходзіла карная акцыя СС, Лёня сядзеў у турме СД у Слоніме. Уратаваў Лёню ад расстрэлу выпадковы знаёмы, нямецкі афіцэр Філіп дэ Рос, які зрабіўся для Якубеняў сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Ён папярэджваў іх пра карныя акцыі, і сям’я хавалася.

Лёню выпусцілі, але неўзабаве арыштавалі бацьку. Міла зноў пайшла ў Слонім, дзе ёй параілі звярнуцца да перакладчыка гебітскамісарыята Юрыя Пыталя, а таксама да ягонага калегі і цёзкі з СД, Касцюкевіча, каб даць хабар.

Перакладчык гебітскамісарыята, а на самай справе агент падполля Юрый Пыталь (крайні справа) перакладае прамову гебітскамісара Эрэна на першамайскім мітынгу ў Слоніме. 1943 год. Фота з архіва Барыса Данілюка.

Па дарозе з горада Мілу падвёз Сцяпан Лабовіч, «стары кавалер» з вёскі Азярніца. Ён пачаў быў непрыстойныя размовы, але 15-гадовая дзяўчына прыгразіла саскочыць з воза ды пайсці ў завіруху дадому пехам — тады мужчына сумеўся і давёз яе да месца без прыгодаў. Наогул, Міла была баявітая: аднойчы пасварылася з суседам-палякам, які сказаў, што беларускія пісьменнікі кепскія, а мова грубая.

 

Смерць ходзіць навокал

А смерць заўсёды была побач. Лёня збіраў і абменьваў зброю, а Міла, па яго даручэнні, цягала патроны. Страляць у лесе яны вучыліся разам. Ці чыталі Лёня і Міла дзённікі адно аднаго? Сюжэты не могуць не паўтарацца, але ў Мілы ўсё нашмат драматычней. Яна вядзе падлік забітых і палеглых — і нават не на вайне, не ў баі з ворагам.

Вось загінуў на чыгунцы хлопец-рабочы — на Іванаў дзень яшчэ ў абед усе перапіліся самагонкі, і ён не заўважыў набліжэння цягніка. А вось бацька вырашыў, што сын, які тады быў у камандзіроўцы, загінуў, і накінуўся на патруль — яго забілі. А вось сусед-раўнівец стаў біць і ганяць па ўсім доме жонку, якая да вар’яцтва яго кахае. Суседзі паклікалі на дапамогу немцаў, а, калі тыя прыйшлі, ён кінуўся на іх, спрабаваў адабраць зброю — і яго застрэлілі.

На Радаўніцу 1943-га Міла з сяброўкай наводзілі парадак на магілах нямецкіх і савецкіх салдат, якія загінулі ў першыя дні вайны. Падчас вайны ўсё пераблыталася — і ў мёртвых, і ў жывых. У сярэдзіне чэрвеня 1944-га ў вёску прыехала Ніна Лабовіч, якая працавала ў Слоніме на немцаў у лясной управе — і Міла павяла яе… у лес знаёміць з партызанамі.

 

За 5 дзён да вызвалення

Страшнае здарылася ў апошнія дні акупацыі, калі фронт падступаў і вызваленне было такім блізкім.

Усе, хто хацеў сысці з немцамі, сышлі. 5 ліпеня 1944 года з Зэльвы прыйшоў эшалон з паліцыяй і немцамі, які рухаўся ў бок фронту. Двое мужчын у цывільным з цягніка прыйшлі ў дом Якубеняў. Выпіўшы з бацькам Лёні і Мілы гарэлкі, яны пачалі скардзіцца на немцаў. А той вазьмі і ляпні: няма чаго вам рабіць з тымі немцамі, пераходзьце да партызанаў — мой сын вас правядзе.

Як толькі паказаўся Лёня, «цывільных» як падмянілі — яны кінуліся яго хапаць… Апошняе, што бачыла Міла з суседняга пакоя, — як адзін з «гасцей» стрэліў у Лёню з пісталета. Міла і яе маці выскачылі ў акно, ім удалося ўцячы. А вось бацьку з сынам пасля здзекаў выкінулі з эшалона мёртвымі на чыгуначны насып, за кіламетр ад Азярніцы.

 

Такія дзіўныя лёсы

Пасля вызвалення Беларусі Міла спраўдзіць даўнюю мару і вывучыцца ў Мінску на бухгалтарку.

9 мая 1945 года Міла робіць апошні запіс у сваім ваенным дзённіку — пра перамогу і капітуляцыю: «На сэрцы неяк цяжэй, чым калі-небудзь. Жыццё ранейшае, сумнае. Аперацыі на фронце ўжо скончаныя. У палон больш не бяруць». Дзень вызвалення ад нацыстаў для яе назаўжды застанецца азмрочаным гібеллю брата і таты, да якой яна будзе бясконца вяртацца ў думках — і не знаходзіць спакою.

У 1953 годзе Людміла Якубеня скончыла сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, у 1967-м — Ціміразеўскую акадэмію ў Маскве. А як жа склаліся лёсы тых, з кім жыццё звяло Мілу падчас вайны?

Ніна Лабовіч, супрацоўніца лясной управы, якую Міла з рызыкай для свайго жыцця знаёміла з партызанамі, у выніку сышла на Захад з немцамі. Незадоўга перад тым яна выйшла замуж, і напрыканцы 1944-га разам з мужам, які быў жаўнерам працоўнай роты, скончыла разведшколу абвера ў Дальвіцы ва Усходняй Прусіі (цяпер — Калінінградская вобласць Расіі), дзе праходзілі навучанне беларусы — былыя ўдзельнікі арганізаваных немцамі ўзброеных фарміраванняў і арганізацый. Далейшы лёс Ніны дакладна невядомы: паводле адных звестак, яна была дэсантаваная ў Беларусь і затым арыштаваная МГБ, паводле іншых — асуджаная за шпіянаж на карысць СССР у амерыканскай зоне акупацыі Германіі. Зрэшты, адно не выключае другога.

Няўдачлівы кавалер Сцяпан Лабовіч за немцамі нейкі час служыў у паліцыі. У ліпені 1944-га ён паведаміў пра гэты факт пры мабілізацыі ў Чырвоную Армію — але, западозрыўшы нядобрае, перайшоў на нелегальнае становішча. Быў забіты пры спробе затрымання ў 1951 годзе.

Філіп дэ Рос, анёл-ахоўнік Якубеняў, які папярэджваў іх пра карныя аперацыі, загінуў у партызанскай засадзе пад Мінскам у 1944-м, пра гэта стала вядома яшчэ да адыходу немцаў з Беларусі — і Міла плакала па ім.

Перакладчыкі слонімскіх гебітскамісарыята і СД Юрый Пыталь і Юрый Касцюкевіч у лістападзе 1943 года сышлі ў лес і зрабіліся, адпаведна, камісарам і камандзірам савецкіх партызанскіх атрадаў. Аказваецца, у акупаваным Слоніме яны былі агентамі савецкіх спецслужбаў.



Антон Рудак


Report Page