Жонка Аляксандра Фядуты: «Камерныя чытанні» збіраецца надрукаваць у «Народнай Волі»…»

Жонка Аляксандра Фядуты: «Камерныя чытанні» збіраецца надрукаваць у «Народнай Волі»…»

Народная Воля

Марына Шыбко распавяла падрабязнасці свайго другога спаткання з мужам у СІЗА, якое адбылося 5 кастрычніка.

Нагадаем: у мінулым месяцы ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд па справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

На лаве падсудных знаходзіліся палітолаг, журналіст і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст Юрый Зянковіч, супрацоўніца яго мінскага офіса Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук.

У выніку Юрый Зянковіч атрымаў 11 гадоў зняволення, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў – па 10 гадоў, Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч – па 2,5 года пазбаўлення волі.

Адразу пасля суда Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, сустрэлася з мужам у СІЗА, а зараз ёй дазволілі і другое спатканне…

– Муж, безумоўна, імкнецца выглядаць бадзёрым, – кажа Марына Шыбко. – Праўда, ходзіць па-ранейшаму з кіёчкам, з зубамі праблемы.

Крыху адраслі валасы, бо мінулым разам у яго была прычоска пад «кароткі вожык». Распавёў, што рыхтуецца да перасылкі ў калонію.

– Як здароўе Аляксандра Іосіфавіча?

– Хварэе. Ізноў дрэнна з сэрцам. Не можа ляжаць, а гэта значыць, што не можа нармальна спаць. Гэта ўсё паўтараецца, як зімой, хаця зараз пнеўманіі няма. Сашу рабілі і рэнтген, і кардыяграмы, казаў, што нават збіраюцца праводзіць кансіліум.

Але асабіста мне зразумела, што без шпіталізацыі і паўнавартаснага абследавання гэта нічога не дасць, бо ў турме няма кардыёлага. А сардэчны рытм збіты, высокі ціск… Вельмі сумная сітуацыя.

У панядзелак ў чарговы раз буду перадаваць лекі, але ў гэтым плане з перадачамі праблем няма. Прымаюць усё, што перадаю.

– Пра сваю літаратурную творчасць у СІЗА Фядута нешта распавядаў падчас сустрэчы?

– Сказаў, што пакуль пакінуў працу над Бальзакам, а зараз распачаў свой новы літаратурны праект пад назвай «Камерныя чытанні».

11 кастрычніка будзе 18 месяцаў, як Аляксандр знаходзіцца ў СІЗА, і таму пэўны досвед за гэты час ужо займеў. У «Камерных чытаннях» ён хоча апісваць, што чытаюць у камерах розныя вязні. Паведаміў, што перавагу ў публікацыі гэтага твора аддае «Народнай Волі», калі закончыць працаваць. Мяркуе, што яго задумка новая і даволі цікавая для чытачоў.

Іншая справа, як атрымаць затым гэты твор, бо, напрыклад, рукапіс Сашы пра Уладзіміра Караткевіча мне да гэтага часу не аддалі. Хаця творы таго ж журналіста Андрэя Скурко патрапілі на волю.

– Пакуль не вядома, калі Вярхоўны суд будзе разглядаць апеляцыю на прысуд?

– Здаецца, на працягу трох месяцаў павінна разглядацца апеляцыйная скарга. І да гэтага часу, натуральна, Саша будзе знаходзіцца ў СІЗА.

Пакуль ён сядзіць у той жа самай камеры – у ёй 15 чалавек. Я перадала яму тэлевізар, таму агульнае ўяўленне пра тое, што сёння творыцца ў свеце, ён мае.

– Спатканне вам дазволілі без праблем?

– Так, пасля суда дазваляюцца спатканні раз на месяц. Як і месяц таму, пры сустрэчы бадзёрыўся, казаў, што калоніі не баіцца, і стараўся паводзіць сябе як закаранелы турэмны пастаялец…


Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з №80 газеты "Народная воля". Падпісацца на газету.



Report Page