Жонка Алеся Разанава: «Для мяне цяпер паглыбіцца ў тое, што было сэнсам жыцьця Алеся – вялікая радасьць, бо ён са мной»

Жонка Алеся Разанава: «Для мяне цяпер паглыбіцца ў тое, што было сэнсам жыцьця Алеся – вялікая радасьць, бо ён са мной»

Блог «Галасы»

«Сапраўднае ні з чым не спрачаецца, ні перад кім не выстаўляецца, нічога нікому не даказвае і нават параўнаньняў, якое яно, ня мае». Так пісаў Алесь Разанаў (1947 – 2021). З нагоды 75-годзьдзя паэта мы спыталі яго жонку, Галіну Разанаву, якім быў паэт ня перад мікрафонам ці фотакамэрамі, а ў жыцьці.

Алесь Разнаў

– Спадарыня Галіна, гаворачы з вамі сёньня пра паэта Алеся Разанава, мы ўжо бязь лішняй сьціпласьці можам адкінуць эпітэты «таленавіты», «непаўторны», «наватар», а сказаць, што ён – геній. Геній беларускай паэзіі. Але вы выходзілі замуж, пэўна ж, не за генія, а за разумнага і прыгожага хлопца з профілем Дантэ. Раскажыце, калі ласка, якім быў Алесь Разанаў у часы вашага знаёмства. Чым ён вас прывабіў?

– Алесь Сцяпанавіч выкладаў беларускую мову і літаратуру ў нашай Кругельскай сярэдняй школе, што на Камянеччыне. Мы ўсе захапляліся ім як настаўнікам: вельмі цікавыя ўрокі, шмат новага матэрыялу, якога няма ў падручніках, чытаньне на памяць многіх твораў, паважлівае стаўленьне да вучняў як да роўных, усё гэта ўражвала.

А калі я ўжо скончыла школу, прыйшоў ліст ад яго на адрас маіх бацькоў на рускай мове: «Здравствуй, Галя! Ты, наверно, удивлена, что это я вдруг вспомнил о тебе. Я сейчас в Болгарии, скоро буду в Союзе, в Минске. Как живёшь?»

Пачалося ліставаньне, сустрэчы, якія мяне ня надта радавалі, бо пляны былі іншыя. І прыгожым на той момант ён мне не здаваўся. Але ня трапіць у палон яго гіпнатычнай абаяльнасьці было немагчыма. І праз нейкі час я з хваляваньнем чакала лісты, чакала сустрэч.

Алесь быў даволі стрыманым у выказваньні сваіх пачуцьцяў. Часам даводзілася задаваць пытаньні, каб пачуць тое, што хацелася. Але былі іншыя словы, ня менш, а можа больш істотныя і для яго, і для мяне. Неяк я атрымала траўму, рука была ў гіпсе. «Зайздрошчу таму гіпсу, што ўдзень і ўначы аберагае і абдымае тваю руку», – казаў Алесь. Забыць гэта немагчыма.

– А калі вы ўсьвядомілі, што з вамі побач – геній? Валянціна Міхайлаўна, жонка Рыгора Барадуліна, у адным з інтэрвію неяк прызналася, што вершамі свайго каханага на пачатку іх шлюбу зусім не цікавілася і нават іх не чытала. Разуменьне значнасьці ягонай паэзіі прыйшло са сталасьцю.

– Алесь ня надта любіў, калі так яго называлі. Напэўна таму, што не хацеў дражніць іншых, – маё такое адчуваньне. Ён быў вельмі сьціплым чалавекам, яго ня радавалі біркі ці ярлыкі, як ён казаў, важнай была сама зьява, сама творчасьць, і што ў гэтым кірунку зьдзейсьнена.

А жыла я ня зь геніем, не з Алесем Разанавым, а з Сашай і называла яго звычайна Сашенька (рабіў заўвагу, што не па-беларуску, а мне менавіта так хацелася), я ніколі яго Алесем ці па прозьвішчы не назвала.

Калі аднойчы ў яго запыталіся: »Ці разумее ваша жонка тое, што вы пішаце?», адказаў з націскам на другое слова: «Яна мяне разумее».

Публікацыі, кніжкі я чытала заўсёды, але далёка ня ўсё разумела. Выказвала сваё меркаваньне на ўзроўні: падабаецца – не падабаецца. Больш уражвала яго чытаньне, энэргія твора ў спалучэньні з энэргіяй аўтара зачароўвалі. Цяпер перачытваю са значна большай зацікаўленасьцю, знаходжу тое, пра што ён некалі казаў – ты прысутнічаеш ва ўсіх маіх кнігах.

– І ўсё ж як гэта – штодня жыць побач з геніем?

– Ён быў далікатным у адносінах, заўсёды спакойным, вытрыманым у вырашэньні спрэчных пытаньняў, ураўнаважаным. Не дазваляў сабе сказаць слова, пра якое потым бы шкадаваў. Нават просьбу ён фармуляваў як прапанову, або з адпаведнымі камэнтарамі: у цябе гэта лепш атрымаецца… я давяраю твайму густу… з тваіх рук смачней і г.д. Адмовіць яму ў такіх выпадках было немагчыма.

Прапанаваў многа гадоў таму вучыць польскую мову, жаданьня ў мяне не было. Ён знайшоў выйсьце: «Ёсьць вельмі цікавы раман на польскай мове, давай чытаць разам уголас». Засвоіўшы правілы чытаньня, не ўзьнікала цяжкасьцяў і з разуменьнем прачытанага. Азы былі засвоены.

Безумоўна, хатнія клопаты і бытавыя праблемы ў большасьці выпадкаў ляжалі на маіх плячах. Калі ж узьнікала патрэба ў дапамозе – далучаўся.

Мы былі рознымі, кожны займаўся сваёй справай, у кожнага свая дапушчальная прастора свабоды, але абавязкова раіліся, абмяркоўвалі нашы пляны і клопаты, бывала, і спрачаліся, не пагаджаліся. Але раўнавагу захоўваў менавіта ён.

Амаль заўсёды расклад у Алеся быў больш-менш вольны: і тады, калі працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», і ў часопісе «Крыніца» не трэба было штодня адбываць пэўныя гадзіны. Але была даволі строгая самаарганізацыя, ленавацца сабе ён не дазваляў.

Калі б жыцьцё склалася па-іншаму і Алесь ня стаў тым, кім ён стаў, ён быў бы ў любой прафэсіі адным з лепшых: ці то будаўнік, ці лекар, ці вучоны. Бо ўкладваўся ў любую справу, якой займаўся, цалкам. Ня ўмеў хлусіць, і давярала я яму больш, чым сабе. Гэта праўда.

Алесь вельмі любіў дачку, ласкава называў яе Танюля, нават калі яна вырасла. У іх было поўнае ўзаемапаразуменьне. Бывала, я зьвярталася да яе з просьбай: «Скажы тату…», бо ведала, што ён ня зможа ёй адмовіць, паслухаецца яе. Захоўваў дзіцячыя малюнкі. «Усе мы моцна зьвязаны і самапачуваньне аднаго кранае астатніх» – яго словы.

У Алеся не было звычкі надакучаць дзецям тэлефоннымі званкамі: калі, дзе, як…, гэта рабіла я. Але не праходзіла і дня, каб не запытаў: «Танюля тэлефанавала? Як яны? Калі прыедуць?». Час ад часу ён пасылаў ім лісты на электронны адрас, перасылаў цікавую і вартую ўвагі, на яго погляд, інфармацыю.

Ягоныя ад’езды ўспрымала як неабходнасьць, каб жыць і тварыць, і была ўпэўнена, што гэта часова. Мы былі заўсёды разам, толькі ён там, а мы тут.

«Ты гаворыш, што мне аднаму, бяз вас, лягчэй, а вам – наадварот: цяжэй. Мабыць, так яно і ёсьць. Але калі-нікалі мне ахвота ваўком завыць, уцячы ў вашую цеплыню ад гэтых пустых сьценаў», – пісаў Алесь у адным з лістоў.

– Цяпер вы – захавальніца архіву Алеся Разанава. Ці ўдалося вам яго ўжо хаця б часткова спарадкаваць? Ці шмат з ненадрукаванага знайшлі? Які лёс ягонай творчай спадчыны? І ці ёсьць ідэі выданьня поўнага збору ягоных твораў?

– Алесь Сьцяпанавіч любіў парадак у справах. Спарадкаваныя па жанрах і выдадзеныя ў выдавецтве Логвінава кнігі – хай сабе і ня поўны, але збор яго твораў. І мне вельмі лёгка было працаваць, калі разам з Ганнай Кісьліцынай складалі кнігу «Выбраныя творы», бо ўсё знаходзіцца ў адпаведных папках.

Пакуль раблю тое, што магу, можа бессыстэмна і ня вельмі мэтанакіравана. Архіў раскладзены па скрынках (але не апрацаваны), парадкую ліставаньне, якое захоўвалася ў электронным варыянце. Нашу перапіску Алесь захаваў, я была зьдзіўлена, як акуратна запакаваныя, асобна ад іншых захоўваліся нашы лісты, пра якія я даўно забылася. А паколькі ад’езды былі частымі, то і лістоў сабралася даволі шмат. «Хачу пісаць бяз знакаў прыпынку па адчуваньні па любові», – пісаў ён у адным з лістоў да мяне.

Засталася даволі вялікая бібліятэка. У асноўным гістарычная, філязофская, лінгвістычная літаратура.

Спадзяюся, настане час, і спадчынай Алеся Разанава зацікавяцца, а для мяне цяпер паглыбіцца ў тое, што было сэнсам жыцьця Алеся – вялікая радасьць, бо ён са мной.

– Згаданая ўжо жонка Рыгора Барадуліна не напісала сваіх успамінаў. Кароткія вусныя ейныя згадкі пра жыцьцё з паэтам занатаваў і надрукаваў Сяргей Шапран. Валянціна Браніславаўна, жонка Ўладзімера Караткевіча, памерла раней за яго, і не пасьпела пакінуць нічога, калі і хацела гэта зрабіць. Выглядае наогул, што ў беларускай літаратурнай мэмуарыстыцы няма такой традыцыі, як дзёньнікі, успаміны, лісты жонак выбітных пісьменьнікаў. А гэта ж, згадзіцеся, абядняе іх асобу, пазбаўляе чалавечай цеплыні, робіць забранзавелымі. Ці могуць чытачы спадзявацца зазірнуць у таямніцу творчасьці Алеся Разанава праз вашы мэмуары?

– Жаданьне ўшанаваць памяць дарагога мне чалавека ўзьнікла неўзабаве пасьля яго сыходу. Сабрала кнігу ўспамінаў людзей, якія ведалі яго. Адгукнуліся каля 70 чалавек, я вельмі ўдзячна ўсім, бо кожны расказваў пра свайго Разанава, а я бачыла вельмі трапныя і дакладныя рысы, якія дадаваліся і дапаўнялі партрэт. Нават любімы колер Адаму Глобусу удалося вызначыць, вылічыць – фіялетавы. Дзёньнік Алесь Сьцяпанавіч ня вёў, засталіся нататнікі, дзе запісы ён рабіў сваім бісэрным почыркам алоўкам. Прачытаць іх складана. Ці здолею напісаць кнігу – не магу пакуль сказаць, маю яшчэ і службовыя абавязкі, але хацелася б. Штодня ўзгадваю яго, усплываюць розныя эпізоды нашага сумеснага жыцьця – трэба занатоўваць.

Report Page